Ераміі 44 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Слова, якое было Ерамію пра ўсіх Юдэяў, якія жылі ў зямлі Егіпецкай і пасяліліся ў Магдоле і Тафнісе, і ў Нофе, і ў зямлі Патрос:
 
Слова, што было да Ярэмы праз усіх Юдэяў, што жывуць у зямлі Ягіпецкай, што жывуць у Міґдоле а ў Тагпангесе а ў Нофе а ў краю Пафрос:

Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вы бачылі ўсё бедства, якое Я навёў на Ерусалім і на ўсе гарады Юдэйскія; вось, яны цяпер пустыя, і ніхто ня жыве ў іх,
 
«Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: "Вы бачылі ўсе ліха, што Я навёў на Ерузалім а на ўсі месты Юдэйская; і вось, яны цяпер спустошаныя, і ніхто ня жывець у іх,

за бязбожнасьць іхнюю, якую яны чынілі, гневаючы Мяне, ходзячы кадзіць і служыць іншым божышчам, якіх ня ведалі ні яны, ні вы, ні бацькі вашыя.
 
За нягоднасьць іхную, каторую яны зьдзеялі, каб гнявіць Мяне тым, што пашлі кадзіць а служыць іншым багом, каторых яны ня зналі, яны ані вы, ані айцове вашы.

Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы, каб сказаць: «не рабеце гэтае агіднае справы, якую Я ненавіджу».
 
І пасылаў Я да вас усіх слугаў Сваіх, прарокаў, рана ўстаючы й пасылаючы, кажучы: ’Ані не рабіце агіднае рэчы гэтае, каторае Я ненавіджу’.

Але яны ня слухаліся і не прыхілілі вуха свайго, каб адвярнуцца ад сваёй бязбожнасьці, не кадзіць іншым багам.
 
Але яны ня слухалі ані нахінулі вуха свайго, каб адвярнуцца ад нягоднасьці, каб не кадзіць іншым багом.

І вылілася лютасьць Мая і гнеў Мой і разгарэлася ў гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма; і яны зрабіліся развалінамі і пустыняю, як бачыце сёньня.
 
І вылілася абурэньне Мае а гнеў Мой, і загарэўся ў местах Юдэі а на вуліцах Ерузаліму, і яны былі спустошаны а апушчаны, як цяпер.

І сёньня так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: навошта вы робіце гэта вялікае зло душам вашым, вынішчаючы ў сябе мужчын і жанчын, дарослых дзяцей і немаўлят з асяродзьдзя Юдэі, каб не пакінуць у сябе астатку,
 
І цяпер гэтак кажа СПАДАР, Бог войскаў, Бог Ізраеляў: ’Нашто вы дзееце вялікае ліха супроці душаў сваіх, каб адцяць у вас мужчын а жанкі, дзецяняты а сысуна з пасярод Юдэі, каб не засталося астачы?

гневаючы Мяне вырабам рук сваіх, каджэньнем іншым багам у зямлі Егіпецкай, куды вы прыйшлі жыць, каб загубіць сябе і зрабіцца праклёнам і паганьбеньнем ва ўсіх народаў зямлі?
 
Нашто вы гнявіце Мяне ўчынкамі рук сваіх, кадзячы іншым багом у зямлі Ягіпецкай, куды вы прышлі жыць, каб загубіць самых сябе і каб вы былі праклёнам а ганьбаю ў вусіх народаў зямлі?

Хіба вы забылі бязбожнасьць бацькоў вашых і бязбожнасьць цароў Юдэйскіх, вашу ўласную бязбожнасьць і бязбожнасьць жанчын вашых, якую яны чынілі ў зямлі Юдэйскай і на вуліцах Ерусаліма?
 
Ціж вы забыліся нягоднасьць айцоў сваіх і нягоднасьць каралёў Юдэйскіх, і нягоднасьць жонак іхных, і нягоднасьць сваю, і нягоднасьць жонак сваіх, каторую яны зьдзеялі ў зямлі Юдэйскай і на вуліцах Ерузаліму?

Ня зьмірыліся яны да сёньняшняга дня, і не баяцца і ня ўчыняюць паводле закона Майго і паводле пастановаў Маіх, якія Я даў вам і бацькам вашым.
 
Яны не ўкарыліся дагэтуль, не пабаяліся, не хадзілі ў Праве Маім ані ў вуставах Маіх, што Я ўстанавіў вам а айцом вашым’".

Таму так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: вось, Я павярну супроць вас аблічча Маё на пагібель і на вынішчэньне ўсёй Юдэі
 
Затым гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: "Вось, Я зьвярну від Свой супроці вас на ліха й адатну ўсю Юдэю.

і вазьму рэшту Юдэяў, якія павярнулі аблічча сваё, каб ісьці ў зямлю Егіпецкую і жыць там, і ўсе яны будуць вынішчаны, загінуць у зямлі Егіпецкай; мечам і голадам будуць вынішчаны; ад малога і да старога памруць ад меча і голаду, і будуць праклёнам і жахам, асудаю і паганьбеньнем.
 
І вазьму астачу Юдэяў, каторыя зьвярнулі віды свае, каб ісьці да Ягіпту жыць там, і яны будуць усі вынішчаны, загінуць у зямлі Ягіпецкай, падуць ад мяча, загінуць з галадові; ад найменшага аж да найбольшага ад мяча а з галадові памруць і стануць брыдою а жахам а праклёнам а ганьбаю.

Наведаю тых, што жывуць у зямлі Егіпецкай, як Я наведаў Ерусалім, мечам і голадам, паморкам і згубнай пошасьцю,
 
Бо Я пакараю жывучых у зямлі Ягіпецкай, як пакараў Ерузалім, мячом, галадоўю а ліпучкаю,

і ніхто ня ўнікне і не ацалее з рэшты Юдэяў, што прыйшлі ў зямлю Егіпецкую, каб пажыць там і потым вярнуцца ў зямлю Юдэйскую, куды яны ўсёю душою хочуць вярнуцца, каб жыць там; ніхто ня вернецца, акрамя тых, якія ўцякуць адтуль.
 
Ажно ня будзе ўцеклага ані засталага з астачы Юдэяў, каторыя прышлі да зямлі Ягіпецкае жыць там, каб зьвярнуцца да зямлі Юдэйскае, да каторае лятуціць душа іхная, каб зьвярнуцца жыць там; бо ніхто ня зьвернецца, адно ўцеклыя"».

І адказвалі Ерамію ўсе мужчыны, якія ведалі, што жонкі іхнія кадзяць іншым багам, і ўсе жанчыны, што стаялі там у вялікім мностве, і ўвесь люд, які жыў у зямлі Егіпецкай, у Патросе, і сказалі:
 
Тады ўсі мужы, каторыя ведалі, што жонкі іхныя кадзяць багом іншым, і ўсі жонкі, што стаялі вялікім грудам, нават увесь люд, што жыў у зямлі Ягіпецкай у Пафросе, адказалі Ярэме, кажучы:

«словы, якія ты казаў нам імем Госпада, мы ня слухаем ад цябе;
 
«Слова, што ты гукаў нам імям СПАДАРОВЫМ, мы ня слухаем у цябе;

але канечне будзем рабіць усё тое, што выйшла з вуснаў нашых, каб кадзіць багіні неба і выліваць ёй выліваньні, як мы рабілі, мы і бацькі нашыя, цары нашыя і князі нашыя, у гарадах Юдэі і на вуліцах.
 
Але мы канечне будзем рабіць усе, што выходзе з вуснаў нашых, кадзіць караліцы нябёс і рабіць узьліваньні ёй, як мы рабілі, мы а айцове нашы, каралі нашы а князі нашы ў местах Юдэйскіх а на вуліцах Ерузаліму; мы тады сыціліся хлебам, і нам было добра, і не дазваналі ліха.

А з таго часу, як перасталі мы кадзіць багіні неба і выліваць ёй выліваньне, церпім ва ўсім нястачу і гінем ад меча і голаду.
 
Бо адгэнуль, як мы перасталі кадзіць караліцы нябёс і ўзьліваць узьліваньні ёй, не стаець нам усяго, і гінем ад мяча а галадові.

І калі мы кадзілі багіні неба і вылівалі ёй выліваньні, дык хіба бязь ведама мужоў нашых рабілі мы ёй піражкі з выяваю яе і вылівалі ёй выліваньні»?
 
І як мы кадзілі караліцы нябёс і ўзьлівалі ўзьліваньні ёй, то ці бяз нашых мужоў рабілі мы гэта ёй: пяклі перапечкі з абразом ейным і ўзьлівалі ўзьліваньні ёй?»

Тады сказаў Ерамія ўсяму люду, мужчынам і жанчынам, і ўсяму люду, які так адказаў яму:
 
Тады Ярэма сказаў усяму люду, мужом а жанкам а ўсяму люду, што даў яму гэты адказ, кажучы:

«ці ж ня гэта каджэньне, якое чынілі вы ў гарадах Юдэйскіх і на вуліцах Ерусаліма, вы і бацькі вашыя, цары вашыя і князі вашыя, і народ краіны, спамянуў Гасподзь? І ці не яно ўзышло Яму на сэрца?
 
«Ці ня гэна кадзеньне, што кадзілі ў местах юдэйскіх а на вуліцах Ерузаліму вы а айцове вашы, каралі вашы а князі вашы а люд зямлі, ўспомнеў СПАДАР, ці не яно прышло Яму ўдум?

Гасподзь ня мог болей трываць ліхіх дзеяў вашых і гідотаў, якія вы рабілі; таму і зрабілася зямля ваша пустыняю і жахам, і праклёнам, без жыхароў, як бачыце сёньня.
 
І ня мог СПАДАР даўжэй цярпець з прычыны нягоднасьці ўчынкаў вашых і агідаў, што вы рабілі; затым зямля ваша стала пустынёю, жахам а праклёнам, бяз жыхара, як цяпер.

Як бо вы, учыняючы тое курэньне, грашылі перад Госпадам і ня слухаліся голасу Госпада, і не паводзіліся паводле закона Ягонага і паводле пастановаў Ягоных, і паводле загадаў Ягоных, дык і спасьцігла вас гэтая бяда, як бачыце сёньня».
 
За тое, што вы хадзілі а грашылі супроці СПАДАРА, і ня слухалі голасу СПАДАРОВАГА, і не хадзілі ў Праве Ягоным, ані ў вуставах Ягоных, ані ў сьветчаньнях Ягоных, за тое й стрэла вас ліха, як цяпер».

І сказаў Ерамія ўсяму народу і ўсім жанчынам: слухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія ў зямлі Егіпецкай:
 
І сказаў Ярэма ўсяму люду а ўсім жонкам: «Слухайце слова СПАДАРОВА, уся Юдэя, што ў зямлі Ягіпецкай:

Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вы і жонкі вашыя, што вуснамі сваімі гаварылі тое і рукамі сваімі рабілі; вы кажаце: «будзем выконваць зарокі нашыя, якія мы давалі, каб кадзіць багіні неба і паліваць ёй паліваньне», — цьвёрда трымайцеся зарокаў вашых і дакладна выконвайце зарокі вашыя.
 
Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў, кажучы: "Вы а жонкі вашы гукалі вуснамі сваімі й паўнілі рукамі сваімі, кажучы: "Мы канечне будзем праўдзіць абятніцы свае, каторыя мы абяцалі, каб кадзіць караліцы нябёс і ўзьліваць узьліваньні ёй’: вы напэўна споўніце абятніцы вашыя й супоўна досыць учыніце ім".

Затое выслухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія жывуць у зямлі Егіпецкай: вось, Я запрысягнуўся вялікім імем Маім, кажа Гасподзь, што ня будзе ўжо на ўсёй зямлі Егіпецкай вымаўляцца імя Маё вуснамі якога-небудзь Юдэя, які кажа: «жывы Гасподзь Бог!»
 
Затым, усі Юдэі, што жывіце ў зямлі Ягіпецкай: "Вось, Я прысягнуў вялікім імям Сваім, — кажа СПАДАР, — што наперад імя Мае ня будзе менавана вуснамі людзіны Юдэі ў вусёй зямлі Ягіпецкай, кажучы: "Жыў Спадар СПАДАР!’

Вось Я буду сачыць за вамі на пагібель, а не на дабро; і ўсе Юдэі, якія ў зямлі Егіпецкай, будуць гінуць ад меча і голаду, пакуль зусім ня вынішчацца.
 
Гля, Я буду чукавы ўзглядам іх на ліха, а не на дабро; і ўсі мужы Юдэі, што ў зямлі Ягіпецкай, загінуць ад мяча а галадові, пакуль ня будуць зьнішчаны.

Толькі невялікі лік тых, што пазьбегнуць меча, вернуцца зь зямлі Егіпецкай у зямлю Юдэйскую, і даведаюцца ўсе пазасталыя Юдэі, якія прыйшлі ў зямлю Егіпецкую, каб пажыць там, чыё слова збудзецца, Маё, ці іхняе.
 
Малы лік уцеклых ад мяча зьвернецца ізь зямлі Ягіпецкае да зямлі Юдэйскае, і даведаюцца ўсі засталыя Юдэі, што прышлі да зямлі Ягіпецкае, жыць там, чые словы спраўдзяцца, Мае ці іхныя.

І вось вам азнака, кажа Гасподзь, што Я наведаю вас на гэтым месцы, каб вы ведалі, што збудуцца словы Мае пра вас на пагібель вам.
 
І во, — агалашае СПАДАР, — знак вам, што Я даведаюся да вас на гэтым месцу, каб вы даведаліся, што словы Мае напэўна спраўдзяцца на ліха вам:

Так кажа Гасподзь: вось, Я аддам фараона Вафрыя, цара Егіпецкага, у рукі ворагам ягоным і ў рукі шукальнікам душы ягонай, як аддаў Сэдэкію, цара Юдэйскага, у рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, ворагу ягонаму і шукальніку душы ягонай.
 
Гэтак кажа СПАДАР: ’Гля, Я аддам фараона Гофра, караля Ягіпецкага, у руку непрыяцеляў ягоных і ў руку тых, што шукаюць жыцьця ягонага, як Я аддаў Сэдэку, караля Юдэйскага, у руку Невухаднецара, караля Бабілёнскага, непрыяцеля ягонага, каторы таксама шукаў жыцьця ягонага’"».