Ераміі 49 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Пра сыноў Амонавых так кажа Гасподзь: хіба ж няма сыноў у Ізраіля? хіба няма ў яго спадкаемцы? Чаму ж Малхом завалодаў Гадам, і народ яго жыве ў гарадах ягоных?
 
Праз сыноў Амонавых гэтак кажа СПАДАР: «Ціж няма сыноў у Ізраеля? ціж спадкаемцы няма ў яго? Чаму ж Мілхому спала зямля Ґад, і люд ягоны жывець у местах яе?

Таму вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі ў Раве сыноў Амонавых будзе чуцен крык бітвы, і зробіцца яна грудай руінаў, і гарады яе будуць спалены агнём, і авалодае Ізраіль тымі, якія валодалі ім, кажа Гасподзь.
 
Затым, гля, настаюць дні, — агалашае СПАДАР, — калі Я прычыню чуць ваенны крык у Раўве сыноў Амонавых, і яна будзе спустошанаю гараваткаю, і дачкі яе будуць спалены цяплом, і спадуць Ізраелю тыя, каторым быў стаўшы Ізраель, — кажа СПАДАР. —

Галасі, Эсэвоне, бо спустошаны Гай; крычэце, дочкі Равы, аперажэцеся вярэтаю, плачце і бадзяйцеся па гарадах, бо Малхом пойдзе ў палон разам са сьвятарамі і князямі сваімі.
 
Вый, Гэшбоне, бо Ай аглабаны. Крычыце, дачкі Раўвіны, паперажыцеся зрэбнінаю, будзьце ў жалобе й туляйцеся меж платоў, бо кароль іхны пойдзе ў палон ізь сьвятарамі сваімі а князьмі сваімі разам.

Што хвалішся далінамі? Пацячэ даліна твая крывёю, вераломная дачка, што спадзяешся на скарбы свае, і кажаш: «хто прыйдзе да мяне?»
 
Што ты хвалішся далінамі? даліна твая сьцякае, ізрадлівая дачка, што спадзявалася на скарбы свае, кажучы: "Хто прыйдзе на мяне?"

Вось, Я навяду на цябе жах з усіх навакольляў тваіх, кажа Гасподзь Бог Саваоф: разьбяжэцеся, хто куды, і ніхто не зьбярэ тых, што паразьбягаліся.
 
Гля, Я навяду страх на цябе, — кажа Спадар СПАДАР, Бог войскаў, — з усяе аколіцы твае, і вы будзеце выпіхнены адзін за адным, і ня будзе каму зьбіраць тулякоў.

Але пасьля таго Я вярну палон сыноў Амонавых, кажа Гасподзь.
 
Але просьле гэтага. Я зьвярну з палону сыноў Амонавых», — агалашае СПАДАР.

Пра Эдом так кажа Гасподзь Саваоф: хіба няма болей мудрасьці ў Тэмане? Хіба ня стала рады ў разумных? хіба зьбяднела мудрасьць іхняя?
 
Узглядам Едома гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Ці няма ўжо мудрасьці ў Фемане? загінула рада ў разумных? змарнела іхная мудрасьць?

Уцякайце, павярнуўшыся сьпінаю, хавайцеся ў пячорах, жыхары Дэдана, бо пагібель Ісава Я навяду на яго, — час наведаньня Майго.
 
Уцякайце, абярніцеся назад, хавайцеся глыбака жыць, жыхары Дэдану, бо няшчасьце Есавава навяду на яго ў часе даведаньня да яго.

Калі б зборшчыкі вінаграду прыйшлі да цябе, дык напэўна пакінулі б некалькі несабраных ягадзін. І калі б злодзеі прыйшлі ўначы, дык яны захапілі б, колькі ім трэба.
 
Калі б абіраньнікі вінных ягадаў прышлі да цябе, ці не пакінулі б некатрага неабабранага віна? Калі б злодзеі прышлі ночы, яны зьнішчылі б толькі, колькі ім досыць.

А Я да галечы абяру Ісава, адчыню патайныя мясьціны ягоныя, і схавацца ён ня здолее. Вынішчана будзе племя ягонае, і браты яго і суседзі яго; і ня будзе яго.
 
Але Я абгаліў Есава, адкрыў патайныя месцы ягоныя, і ён ня можа схавацца; паглабана насеньне ягонае а браты ягоныя а суседзі ягоныя, і яго няма.

Пакінь сіротаў тваіх, Я падтрымаю жыцьцё іхняе, і ўдовы твае хай спадзяюцца на мяне,
 
Пакінь усі дзеці — сіроты свае: Я захаваю жывыя; і няхай ўдовы твае спадзяюцца на Мяне»;

бо так кажа Гасподзь: вось і тыя, каму не наканавана было піць чару, канечне піцьмуць яе, і ці ж ты застанешся непакараны? Не, не застанешся непакараны, але канечне піцьмеш чару.
 
Бо гэтак кажа СПАДАР: «Вось, калі тыя, што не заслужылі піць чары, канечне будуць піць яе, ціж ты застанешся непакараны? Ты не застанешся непакараны, але канечне будзеш піць;

Бо, Мною прысягаю, кажа Гасподзь, што жахам, пасьмешышчам, пустэльняю і праклёнам будзе Васор, і ўсе гарады яго зробяцца вечнымі пусткамі.
 
Бо Сабою Самым прысягнуў, — агалашае СПАДАР, — што Воцра стане пустынёю, ганьбаю а разьвярненьням а праклёнам, і ўсі месты яе будуць разьвярненьням вечным».

Я чуў чутку ад Госпада, і пасьля пасланы да народаў сказаць: зьбярэцеся і ідзеце супроць яго, і падымайцеся на вайну.
 
Я чуў ведамку ад СПАДАРА, і пасол пасланы да народаў, кажучы: «Зьбярыцеся й ідзіце на яе, і станьце да бітвы;

Бо вось, Я зраблю цябе малым сярод народаў, пагарджаным сярод людзей.
 
Бо, гля, Я ўчыніў цябе малым меж народаў і грэбаваным меж людзёў.

Грозны стан твой і пыхлівасьць сэрца твайго ашукалі цябе, хто жыве ў расколінах скал і займае вяршыні пагоркаў. Але, хоць бы ты як арол высока зьвіў гняздо тваё, і адтуль скіну цябе, кажа Гасподзь.
 
Ляк цябе зьвёў цябе, пыха сэрца твайго, о ты, што жывеш у раськепінах скалы, што займаеш верх узгорку, хоць бы ты зьвіў гняздо свае так высака, як арол, Я зрыну цябе далоў адгэнуль, — агалашае СПАДАР. —

І будзе Эдом жахам; кожны, хто будзе праходзіць міма, зьдзівіцца і сьвісьне, гледзячы на ўсе пахібы яго.
 
Таксама Едом будзе спустошаны; кажны, што пройдзе ля яго, зумеецца а сьвісне з прычыны ўсіх болькаў ягоных.

Як скінуты Садома і Гамора і суседнія гарады іхнія, кажа Гасподзь, так і там ніводзін чалавек ня будзе жыць, і сын чалавечы ня спыніцца ў ім.
 
Як зрыненыя Содома а Ґомора а суседзі іхныя, — кажа СПАДАР, — так ні водная людзіна ня вытрывае там, і сын людзкі ня будзе жыць у ім.

Вось, узыходзіць ён як леў ад узвышэньня Ярдана на ўмацаваныя селішчы; але я прымушу іх сьпешна адысьці зь Ідумэі, і хто выбраны, таго пастаўлю над ёю. Бо хто падобны на Мяне? і хто спатрабуе адказу ў Мяне? І які пастух стане супроць Мяне?
 
Гля, ён увыйдзе як леў ад узьнятага Ёрдану на ўмацаваня сялібы; але зараз Я прысілю яго адбегчы ад яго, і хто абраны, таго Я прызначу над ім; бо хто падобны да Мяне? і хто можа прызначыць рок Імне? які пастыр стане супроці Мяне?»

Дык вось выслухайце вызначэньне Госпада, якое Ён пастанавіў пра Эдом, і намеры Ягоныя, якія Ён мае на жыхароў Тэмана: сапраўды, самыя малыя са статкаў пацягнуць іх і спустошаць селішчы іхнія.
 
Затым слухайце раду СПАДАРОВУ, што Ён пастанавіў на Едома, і думкі Ягоныя, што Ён задумаў на жыхараў Феману: ці ня выцягнуць іх найменшыя з чарады? ці ня спустошаць ім дамовы іхнае?

Ад шуму падзеньня іх здрыганецца зямля, і водгалас крыку іхняга будзе чуцен каля Чэрмнага мора.
 
Ад грукату паду іхнага страсянулася зямля, гук галашэньня іхнага чуваць ля Чырвонага Мора.

Вось, як арол, падымецца ён і паляціць, і распусьціць крылы свае над Васорам; і сэрца адважных Ідумэйцаў будзе ў той дзень, як сэрца жанчыны ў родах.
 
Гля, ён, як арол, узьнімаецца і распусьце крылы свае над Воцраю, і таго дня сэрца адважных Едомлян будзе, як сэрца жонкі ў хваробе ейнай.

Пра Дамаск. — Пасаромлены Эмат і Арпад, бо, пачуўшы журботную вестку, яны ўпалі духам; трывога на моры, супакоіцца ня могуць.
 
Праз Дамашак. «Гамаф а Арпад засаромленыя, бо яны пачулі благія ведамкі, яны замлелі, яны ўзрушаны, як мора, ня могуць супакоіцца.

Зьнясьмеліўся Дамаск і кінуўся наўцёкі; страх авалодаў ім; боль і пакуты ахапілі яго, як жанчыну ў родах.
 
Дамашк кволее, абярнуўся ўцякаць, і дрыгота ахапіла яго, немарасьць а болі схапілі яго, як парадзіху.

Як не ацалеў горад славы, горад радасьці маёй?
 
Быццам ня мела застацца места славутае, места радасьці Мае!

Дык вось, загінуць юнакі яго на вуліцах ягоных, і ўсе воіны загінуць таго дня, кажа Гасподзь Саваоф.
 
Затым паваляцца дзяцюкі ягоныя на вуліцах ягоных, і ўсі ваюны выгублены будуць таго дня, — агалашае СПАДАР войскаў. —

І запалю агонь у сьценах Дамаска, — і зьнішчыць харомы Вэнадада.
 
І запалю цяпло на сьцяне Дамашку, і пажарэць палацы Вен-Гадада».

Пра Кідар і пра царствы Асорскія, якія разьбіў Навухаданосар, цар Вавілонскі, так кажа Гасподзь: уставайце, выступайце супроць Кідара і спусташайце сыноў усходу!
 
Праз Кідар а каралеўствы Гасорскія, каторыя зразіў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, гэтак сказаў СПАДАР: «Уставайце, ідзіце на Кідар і аглабайце сыноў усходу.

Намёты іхнія і авечак іх возьмуць сабе, і покрывы іхнія і вярблюдаў іхніх возьмуць і будуць крычаць ім: «жудасьць адусюль!»
 
Буданы іхныя й стады іхныя адбяруць, іхныя апоны й усе судзьдзе іхнае, і вярблюды іхныя возьмуць сабе, і будуць крычэць ім: "Страх адусюль!"

Бяжэце, уцякайце хутчэй, схавайцеся ў прорве, жыхары Асора, кажа Гасподзь, бо Навухаданосар, цар Вавілонскі, зрабіў рашэньне пра вас і склаў супроць вас намысел.
 
Уцякайце, цягніцеся далёка, жывіце глыбака, жыхары Гасору, — агалашае СПАДАР, — бо нараджаецца радаю супроці вас Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, і думае думу на вас.

Уставайце, выступайце супроць народу мірнага, які жыве ў бясьпецы, кажа Гасподзь; ні дзьвярэй, ні засавак няма ў яго, жывуць паасобку.
 
Уставайце, узыйдзіце да народу здаволенага, што жывець нядбайна, — агалашае СПАДАР, — што ня мае брамаў ані загадаў, што жывець адзінотна.

Вярблюды іхнія аддадзены будуць у здабычу, і мноства статкаў іхніх — на разбор; і расьсею іх па ўсіх вятрах, гэтых, што стрыгуць валасы на скронях, і з усіх бакоў іх навяду на іх пагібель, кажа Гасподзь.
 
І вярблюды іхныя будуць адданы на здабытак, і множасьць статку на глабаньне, і Я разьвею на кажны вецер тых, што абцінаюць бакі, і адсюль навяду на іх няшчасьце, — агалашае СПАДАР. —

І будзе Асор жытлішчам шакалаў, вечнаю пусткаю; чалавек ня будзе жыць там, і сын чалавечы ня будзе спыняцца ў ім.
 
І будзе Гасор пячораю шакалаў, спустошаньням навекі; не аселіцца там людзіна, і ня будзе жыць там сын людзкі».

Слова Госпада, якое было Ерамію прароку супроць Элама на пачатку цараваньня Сэдэкіі, цара Юдэйскага.
 
Тое слова СПАДАРОВА, што было да Ярэмы, прарокі, празь Елам на пачатку дзяржавы Сэдэкі, караля Юдэйскага, кажучы:

так кажа Гасподзь Саваоф: вось, Я паламаю лук Элама, галоўную сілу іх;
 
«Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Гля, я патрышчу лук Еламу, галоўную моц яго.

і навяду на Элам чатыры вятры ад чатырох краёў неба, і разьвею іх па ўсіх гэтых вятрах, і ня будзе народу, да якога ня прыйшлі б выгнаныя Эламіты;
 
І навяду на Елам чатыры вятры з чатырох канцоў неба, і разьвею іх на ўсі тыя вятры, і ня будзе народу, куды выпхненыя Еламцы ня прыйдуць.

і паб’ю Эламітаў страхам перад ворагамі іхнімі і перад шукальнікамі душы іхняй; і навяду на іх бедства, гнеў Мой, кажа Гасподзь, і пашлю сьледам за імі меч, пакуль ня вынішчу іх;
 
І Я напалохаю Елам перад непрыяцельмі ягонымі й тымі, што шукаюць душы іхнае; і навяду ліха на іх, палкі гнеў Свой, — агалашае СПАДАР, — і пашлю меч за імі, пакуль ня выгублю іх.

і пастаўлю трон Мой у Эламе, і зьнішчу там цара і князёў, кажа Гасподзь.
 
І пастанаўлю пасад Свой у Еламе, і выгублю стуль караля а князёў, — агалашае СПАДАР. —

Але апошнімі днямі вярну палон Элама, кажа Гасподзь.
 
Але станецца ў вапошнія дні, што Я зьвярну палон Елама"», — агалашае СПАДАР.