Ераміі 34 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Слова, якое было Ерамію ад Госпада, калі Навухаданосар, цар Вавілонскі, і ўсё войска ягонае і ўсе царствы зямлі, падуладныя руцэ ягонай, і ўсе народы ваявалі супроць Ерусаліма і супроць усіх гарадоў ягоных:
 
Слова, што было да Ярэмы ад СПАДАРА, як Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, і ўсе войска ягонае, і ўсі каралеўствы зямлі, пад уладай рукі ягонае, і ўсі люды ваявалі зь Ерузалімам і з усімі местамі яго:

так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: ідзі і скажы Сэдэкію, цару Юдэйскаму, і скажы яму: так кажа Гасподзь: вось, я аддаю горад гэты ў рукі цару Вавілонскаму, — і ён спаліць яго агнём;
 
«Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Пайдзі й скажы Сэдэку, каралю Юдэйскаму, і скажы яму: "Гэтак кажа СПАДАР: "Гля, Я аддаю места гэтае ў руку караля Бабілёнскага, і ён спале яго цяплом.

і ты не ўцячэш ад рукі ягонай, а непазьбежна будзеш узяты і перададзены ў рукі яго, і вочы твае ўбачаць цара Вавілонскага, і вусны яго будуць гаварыць тваімі вуснамі, і пойдзеш у Вавілон.
 
І ты не ўцячэш ад рукі ягонае, але канечне будзеш схоплены й адданы ў руку яму, і вочы твае будуць глядзець у вочы каралю Бабілёнскаму, і ён будзе гукаць вуснамі ў вусны і ты пойдзеш да Бабілёну""’.

Зрэшты, слухай слова Гасподняе, Сэдэкія, цару Юдэйскі! так кажа Гасподзь пра цябе: ты не памрэш ад меча;
 
Слухай, адылі, слова СПАДАРОВА, Сэдэка, каролю Юдэйскі: гэтак кажа СПАДАР празь цябе: "Ты не памрэш ад мяча;

ты памрэш у міры, і як бацькам тваім, — ранейшым царам, якія былі да цябе, — палілі пры пахаваньні пахошчы, так спаляць і табе і аплачуць цябе: «на жаль, спадару», бо Я вымавіў гэтае слова, кажа Гасподзь.
 
Ты памрэш у супакою, і як палілі айцом тваім, бытым каралём, што былі перад табою, так будуць паліць табе і галасіць будуць па табе: ’Ах, гаспадару!’" бо Я вымавіў гэтае слова», — агалашае СПАДАР.

Ерамія прарок усе гэтыя словы пераказаў Сэдэкію, цару Юдэйскаму, у Ерусаліме.
 
І казаў Ярэма прарока ўсі гэтыя словы Сэдэку, каралю Юдэйскаму, у Ерузаліме.

Тым часам войска цара Вавілонскага ваявала супроць Ерусаліма і супроць усіх гарадоў Юдэйскіх, якія яшчэ заставаліся, супроць Лахіса і Азэкі; бо з гарадоў Юдэйскіх толькі гэтыя заставаліся, як гарады ўмацаваныя.
 
Прымеж тога войска караля Бабілёнскага ваявала зь Ерузалімам а з усімі местамі Юдэйскімі, што былі застаўшыся, з Лахішам а з Азэкаю, бо гэтыя засталіся зь местаў Юдэйскіх местамі абароннымі.

Слова, якое было Ерамію ад Госпада пасьля таго як цар Сэдэкія заключыў запавет з усім народам, што быў у Ерусаліме, каб абвясьціць свабоду,
 
Слова, што было да Ярэмы ад СПАДАРА просьле тога, як Сэдэка ўчыніў змову з усім людам, каторы ў Ерузаліме, абясьціць волю ім,

каб кожны адпусьціў на волю свайго раба і сваю рабыню, Габрэя і Габрэйку, каб ніхто зь іх ня трымаў у рабстве Юдэя, брата свайго.
 
Каб кажны адпусьціў на волю слугу свайго і кажны нявольніцу сваю, Гэбрэя альбо Гэбрэйку, каб ніхто зь іх не няволіў брата свайго, Юдэя.

І паслухаліся ўсе князі і ўвесь народ, якія ўступілі ў запавет, каб адпусьціць кожнаму раба свайго і кожнаму рабыню сваю на волю, каб ня трымаць іх наперад у рабах, — і паслухаліся і адпусьцілі:
 
І паслухалі ўсі князі а ўвесь люд, што ўступіў у змову, адпусьціць на волю кажны слугу свайго й кажны нявольвіцу сваю, каб балей не няволіць іх; і паслухалі і адпусьцілі.

але пасьля таго, перадумаўшы, пачалі браць назад рабоў і рабынь, якіх адпусьцілі на волю, і прымусілі іх быць рабамі і рабынямі.
 
Але просьле гэтага зьвярнуліся да пярэдняга і зьвярнулі да сябе слугаў а нявольнікі, каторых пусьцілі на волю, і прынукалі іх быць слугамі а нявольніцамі.

І было слова Гасподняе Ерамію ад Госпада:
 
І было слова СПАДАРОВА да Ярэмы ад СПАДАРА, кажучы:

Так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я заключыў запавет з бацькамі вашымі, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства, і сказаў:
 
«Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Я ўчыніў змову з айцамі вашымі таго дня, калі вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае, з дому нявольнікаў, кажучы:

«у канцы сёмага года адпускайце кожны брата свайго, Габрэя, які прадаў сябе табе; хай ён працуе табе шэсьць гадоў, а потым адпусьці яго ад сябе на волю»; але бацькі вашыя не паслухаліся Мяне і не прыхілілі вуха свайго.
 
’У канцу сямёх год адпушчайце кажны брата свайго, Гэбрэя, што праданы табе і служыў табе шэсьць год; ты адпусьці яго ад сябе на волю’; прымеж тога айцове вашы не паслухалі Мяне й не нахінулі вуха свайго.

Вы сёньня навярнуліся і зрабілі справядліва перад вачыма Маімі, даўшы кожны свабоду свайму блізкаму, і заключылі перад Мною запавет у доме, над якім названа імя Маё;
 
І вы цяпер пакаяліся, і справядліва зрабілі ў ваччу Маім, абясьціўшы кажны вольнасьць прыяцелю свайму, і ўчынілі змову перад Імною ў доме, пазваным імям Маім;

але потым перадумалі — і зьняславілі імя Маё — і вярнулі да сябе кожны раба свайго і кожны рабыню сваю, якіх адпусьцілі на волю, куды іхняй душы заўгодна, і прымушаеце іх быць у вас рабамі і рабынямі.
 
Але вы зьмяніліся, і збудзенілі імя Мае, і зьвярнулі кажны слугу свайго й кажны нявольніцу сваю, каторых вы адпусьцілі на волю подле жаданьня іх, і прысілілі іх быць вам за слугаў а за нявольніцы".

Таму так кажа Гасподзь: вы не паслухаліся Мяне ў тым, каб кожны абвясьціў свабоду брату свайму і блізкаму свайму; за тое вось Я, кажа Гасподзь, абвяшчаю вам свабоду падупасьці мечу, згубнай пошасьці і голаду, і аддам вас на азлабеньне ва ўсе царствы зямлі;
 
Затым гэтак кажа СПАДАР: "Вы не паслухалі мяне, каб абясьціць вольнасьць кажны брату свайму й кажны прыяцелю свайму: вось, Я абяшчаю вольнасьць на вас, — агалашае СПАДАР, — мячу, ліпучцы а галадові, і ўчыню, што вы будзеце аддалены да ўсіх каралеўстваў зямлі.

і аддам адступнікаў ад запавету Майго і няўстойлівых у словах запавету, які яны заключылі перад абліччам Маім, калі расьсеклі цяля напалам і прайшлі паміж расьсечанымі часткамі яго,
 
І Я аддам мужоў, каторыя ўзрушылі змову Маю, каторыя ня спраўдзілі слоў змовы, каторую яны зрабілі перад Імною, як яны расьціналі цялё папалам і праходзілі памеж часьцяў яго, —

князёў Юдэйскіх і князёў Ерусалімскіх, еўнухаў і сьвятароў і ўвесь народ зямлі, які праходзіў паміж расьсечанымі часткамі цяляці, —
 
Князёў юдэйскіх а князёў Ерузалімскіх, легчанцоў а сьвятароў а ўвесь люд зямлі, каторыя праходзілі памеж часьцяў цяляці,

аддам іх у рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікаў душы іхняй, — і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным.
 
І аддам іх у руку непрыяцеляў іхных, і ў руку тых, што шукаюць жыцьця іхнага, і трупы іхныя будуць на жыр птуству нябёснаму і зьверу земнаму.

І Сэдэкію, цара Юдэйскага, і князёў ягоных аддам у рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікам душы іхняй і ў рукі войску цара Вавілонскага, якое адступіла ад вас.
 
І Сэдэку, караля Юдэйскага, і князёў ягоных аддам у руку непрыяцеляў іхных, і ў руку тых, што шукаюць душы іхнае, і ў руку войска караля Бабілёнскага, што адступіла ад вас.

Вось, Я дам загад, кажа Гасподзь, і вярну іх да гэтага горада, і яны нападуць на яго і возьмуць яго і спаляць яго агнём, і гарады Юдэі зраблю пустыняю неабжытаю.
 
Вось, Я раскажу ім, — агалашае СПАДАР, — і зьвярну іх да гэтага места, і яны будуць ваяваць ізь ім, і возьмуць яго, і спаляць яго цяплом, і месты юдэйскія абярну ў спусьценьне, бяз жыхара"».