Ераміі 9 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Хто дасць ваду галаве маёй ды крыніцу слёз — вачам маім, і буду плакаць я дзеля забітых дачкі народа майго?
 
Хто дасьць галаве маёй вады і ачом маім — жарало сьлёзаў! дзень і ноч я плакаў бы па забітых дачкі люду майго.

Хто дасць мне прыстанак для падарожнікаў у пустыні, каб мог пакінуць народ свой і адысці ад яго? Бо ўсе яны чужаложнікі, зборышча крывадушнікаў.
 
О, каб я меў на пустыні гасподу падарожных! то я пакінуў бы люд свой і адышоў ад іх; бо ўсі яны чужаложнікі, збор ізраднікаў.

«І напружваюць, быццам лук, яны язык свой: хлусня і няпраўда пануе на зямлі, бо ад ліхоты ідуць да ліхоты, а Мяне не ведаюць, — кажа Госпад. —
 
«Як лук, яны напінаюць язык свой, лук іхны хвальшывы і ня дзеля вернасьці яны дужэюць на зямлі; бо пераходзяць ад ліха да ліха і ня знаюць Мяне, — агалашае СПАДАР.

Высцерагаюцца адзін аднаго, і брат да брата не мае даверу, бо кожны брат ашуквае, ды кожны прыяцель чыніць падступна,
 
Кажны сьцеражыся прыяцеля свайго і на кажнага брата не здавайся, бо кажны брат надта ашукуе, і кажны прыяцель будзе хадзіць із абмовамі.

і чалавек падманвае брата свайго, а праўды не кажа; яны прывучылі язык свой казаць хлусню, ходзяць крывадушна, не хочуць навярнуцца.
 
Адзін аднаго ашукуюць, а праўды ня кажуць; язык свой прывучылі гукаць ману, аж да стомы дзеюць бяспраўе.

Крыўда на крыўдзе, падман на падмане, адмаўляюцца яны ведаць Мяне», — кажа Госпад.
 
Сяліба твая сярод ашукі; з прычыны ашукі яны адмаўляюцца знаць Мяне», — агалашае СПАДАР.

Дзеля таго вось што кажа Госпад Магуццяў: «Вось жа, Я ператаплю і выпрабую іх, бо як жа інакш магу ўчыніць адносна дачкі народа Майго?
 
Затым гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Вось, Я пералітую іх і спрабую іх, бо што маю зрабіць дзеля дачкі люду Свайго?

Язык іх, як страла, якая раніць, вуснамі сваімі прамаўляе ён ашуканства; адзін аднаму жадае супакою, а патаемна ставіць пастку на яго.
 
Язык іхны — сьмяротная страла, гукае ашуку; вуснамі сваімі гукаюць прыяцелю свайму супакой, а ў сэрцу сваім гатуюць яму засаду.

Ці не маю Я іх караць за гэта, — кажа Госпад, — ці народу такому, як гэты, не адпомсціць душа Мая?»
 
Ці не за гэта даведаюся да іх, — агалашае СПАДАР, — ці такому народу ня помсьціць душа Мая?

У гарах пачну я плач і галашэнне, а на пашах стэпавых — нараканне, бо яны спалены, таму ніводны чалавек не праходзіць і не чутна там голасу статкаў; ад птушкі паднебнай аж да жывёлы разбегліся, зніклі.
 
Па тых горах узьніму Я плач а галашэньне і па пасьцьбішчах пустыні галашэльную песьню; бо яны спалены так, што ніхто ня можа знайсьці, ня можа чуць гуку статку: ад птушкі нябёснае аж да зьвера разьбегліся, пайшлі.

«Я замяню Ерузалім на кучу камянёў і лежышча шакалаў, а гарады юдэйскія замяню на пустэчу, таму не будзе там жыхароў».
 
І Я зраблю Ерузалім кучамі, логвам шакалаў, і месты юдэйскія аддам на спустошаньне, будуць бяз жыхараў».

Хто ёсць чалавек разумны, каб мог зразумець гэта? Ды каму прызначана слова вуснаў Госпада, каб абвясціць гэта: чаму загінула зямля, спалена яна, як пустыня, так што няма каму хадзіць па ёй?
 
Ці ё такі мудрэц, што сьцяміў бы гэта? І што кажуць яму вусны СПАДАРОВЫ — зьясьніў бы, за што загінуў край і спалены, як пустыня, што ніхто ня ходзе па ім?

І сказаў Госпад: «Бо яны пакінулі закон Мой, які Я даў ім, і не слухалі голасу Майго, і не жылі паводле яго;
 
І СПАДАР кажа: «Бо пакінулі Права Мае, што Я даў ім, і ня слухалі голасу Майго, і ня йшлі за ім;

але пайшлі за ўпартасцю сэрца свайго і за Баалам, чаму навучыліся ад бацькоў сваіх».
 
І пайшлі за ўпорлівым сэрцам сваім і за Вааламі, каторых айцове іхныя навучылі іх».

Таму вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Вось жа, Я накармлю народ гэты палыном, і дам ім піць ваду атручаную,
 
Затым гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: «Вось, Я дам есьці ім, гэтаму люду, палын, і дам піць атрутную ваду;

і расцярушу іх сярод народаў, якіх не ведалі яны і бацькі іх, і пашлю ўслед за імі меч, аж пакуль не згінуць».
 
І разьвею іх таксама меж народаў, каторых ня зналі яны, ані айцове іхныя, і пашлю за імі меч, аж пакуль ня выгублю іх».

Гэта кажа Госпад Магуццяў: «Увага! Паклічце плачак, хай яны прыйдуць ды пашліце за тымі, хто наймудрэйшыя, хай прыйдуць хутчэй,
 
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Разважча й гукніце галашэньніцы, каб яны прышлі; пашліце па мудрыя жанкі, каб яны прышлі.

хай паспяшаюцца ды пачнуць дзеля нас галасіць: хай з вачэй нашых пацякуць слёзы ды з павек нашых паліецца вада.
 
Няхай яны пабарзьдзяць і падыймуць галашэньне па нас, каб із ачэй нашых паліліся сьлёзы, і з павеялак вашых цякла вада.

Бо голас галашэння чуецца з Сіёна: “Як жа знішчаны мы ды спаганены моцна, бо пакідаем зямлю ды пакінуты нашы паселішчы!”
 
Бо голас галашэньня чутны із Сыёну: "Як мы аглабаны, вельма паганбены, бо мы пакінулі зямлю, бо яны раськінулі гасподы нашы"».

Жанчыны! Паслухайце ж слова Госпада, і хай прымуць вушы вашы слова вуснаў Яго, ды навучыце дачок вашых галашэнням, а адна адну — песням жалобным.
 
Але слухайце, жанкі, слова СПАДАРОВА, і няхай вуха вашае прыйме слова вуснаў Ягоных: вучыце дачкі вашы галашэньня і кажная суседку сваю — галашэльнае песьні;

Бо смерць прабралася праз нашы вокны, увайшла ў дамы нашы, каб знішчыць дзяцей на вуліцах, і юнакоў — на плошчах.
 
Бо сьмерць узышла ў вокны нашы, прышла ў палацы нашы, каб адцяць сысуноў звонку, моладзеж із вуліцаў.

Гавары: гэта кажа Госпад: “І будзе ляжаць труп чалавечы, як гной на полі ды як снапы за жняёю, і няма каму збіраць іх”.
 
Гукай: «Гэтак кажа СПАДАР: "Трупы людзкія паваляцца, як гной на адкрытым полю, і як снапоўе адзаду жняі, і няма каму зьбіраць іх"».

Гэта кажа Госпад: “Хай не выхваляецца мудры мудрасцю сваёй, і хай не выхваляецца асілак сілаю сваёй, ды хай не ўзносіцца багаты багаццем сваім,
 
Гэтак кажа СПАДАР: «Няхай ня хваліцца мудры мудрасьцяй сваёй, няхай ня хваліцца дужы дужасьцяй сваёй, няхай ня хваліцца багаты багацьцям сваім.

але хто хваліцца, хай хваліцца тым, што знае і ведае Мяне, што Я — Госпад, Я чыню міласэрнасць, закон і справядлівасць на зямлі; і гэта вось падабаецца Мне”, — кажа Госпад.
 
Але гэтым хай хваліцца, хто хваліцца, што разумее а знае Мяне, што Я СПАДАР, Каторы чыне міласэрдзе, суд а справядлівасьць на зямлі; бо гэта Я любую», — агалашае СПАДАР.

“Вось жа, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я правяду суд над кожным, у каго абрэзаны край цела,
 
«Вось, дні прыходзяць, — агалашае СПАДАР, — што Я даведаюся да кажнага абрэзанага й неабрэзанага:

над Егіптам і над Юдэяй, над Эдомам і над сынамі Амона, над Маабам і над усімі, якія падразаюць валасы і пражываюць у пустыні, бо ўсе народы — неабрэзаныя, а ўвесь дом Ізраэля — з неабрэзаным сэрцам”».
 
Да Ягіпту а Юдэі а Едому а да сыноў Амонавых а Моава а да ўсіх, із адцятымі бакамі; бо ўсі гэтыя народы неабрэзаныя, але ўвесь дом Ізраеляў неабрэзанага сэрца».