Ераміі 14 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Вось якое было слова Госпада да Ярэміі пра засуху:
Было слова СПАДАРОВА Ярэме з прыгоды сухмяню:
«Смутак ахапіў Юдэю, і брамы яе поўныя жалобы, пахіліліся сумна да зямлі, ды падымаецца галашэнне Ерузаліма.
«У жалобе Юдэя, і брамы яе кволеюць, шчарнелі як зямля, і галашэньне Ерузаліму ўзышло.
Магнаты іх пасылаюць слуг сваіх па ваду; прыходзяць яны да вадаёмаў і не знаходзяць вады. Прыносяць яны назад збаны свае пустыя; асаромленыя і збянтэжаныя, і закрываюць галовы сабе.
Панове іхныя пасылаюць сваю моладзеж вады; яны прыходзяць да ямаў, не знаходзяць вады; зварачаюцца з пустым судзьдзям сваім, яны засароміўшыся, і чырванеюць, і накрываюць галавы свае.
З прычыны запусцення зямлі, бо не падае дождж на зямлю, сумныя земляробы, пакрылі свае галовы.
Затым што зямля патрэскалася, бо ня было дажджу на зямлі, ралейнікі засароміўшыся, яны накрываюць галавы свае.
Нават аленіха родзіць на полі і пакідае свайго малога, бо няма травы.
Нават лань на полю родзе й пакідае, бо няма травы.
І дзікія аслы стаяць на ўзгорках і хапаюць паветра, як шакалы; вочы іх мутнеюць, бо няма травы».
Дзікія аслы стаяць на ўзгорках, глытаюць паветра, як шакалы; зацьмелі вочы іхныя, бо няма травы.
«Калі нават нашы грахі сведчаць супраць нас, Госпадзе, Ты ўчыні дзеля імя Твайго, бо шматлікія нашы праступкі, зграшылі мы супраць Цябе.
Хоць бяспраўі нашы сьветчаць на нас, СПАДАРУ, чыні дзеля імені Свайго; бо адступніцтваў нашых шмат, супроці Цябе ізграшылі мы.
Надзея Ізраэля, Збаўца яго ў часе трывогі, чаму Ты — быццам чужынец у краіне ды быццам падарожнік, які збочвае на начлег?
Надзея Ізраелява й Спасе ягоных у часе бяды! чаму Ты, як чужы, на зямлі гэтай, як падарожны, што прытуліўся, каб пераначаваць?
Чаму Ты — быццам чалавек разгублены, як волат, які не можа ратаваць? Ты ж паміж нас, Госпадзе, і імя Тваё прызываюць у нас, не пакідай нас!»
Чаму Ты — як людзіна зумеўшыся, як дужасіл, каторы ня можа ратаваць? Ты, СПАДАРУ, адылі, сярод нас, і імям Тваім мы завемся: не пакідай нас».
Так кажа Госпад гэтаму народу: «Любяць яны надта вандраваць, ног сваіх не шкадуюць і Госпаду не падабаюцца. Цяпер Ён прыгадаў злачынствы іх і за іх грахі карае».
Гэтак кажа СПАДАР люду гэтаму: «Яны любяць блудзіць і ня ўдзержуюць ног сваіх, за тое СПАДАР ня прыяе ім, і цяпер успамінае бяспраўе іхнае, і карае іх за грахі».
І сказаў Госпад мне: «Не прасі дабра гэтаму народу.
І сказаў імне СПАДАР: «Ты не маліся за гэты люд на дабро яму.
Калі б нават посціліся яны, не выслухаю просьбы іх; ды калі б складалі цэласпаленні і ахвяры з ежы, не прыму іх, бо буду вынішчаць іх мечам, голадам і пошасцю».
Як яны будуць поставаць, Я не паслухаю галашэньня іхнага; і як абракуць усепаленьні а хлебныя аброкі, Я не папрыяю ім, але мячом а галадоўю а ліпучкаю Я выгублю іх».
А я сказаў: «О Госпадзе, Божа, вось жа, прарокі кажуць ім: “Не ўгледзіце меча, і голаду не пакаштуеце, але сапраўдны супакой дасць Ён вам на гэтым месцы”».
І я сказаў: «Ах Спадару СПАДАРУ! вось, прарокі кажуць ім: "Вы не абачыце мяча, і галадові ня будзе ў вас, бо запраўдны мір Я дам вам на гэтым месцу"».
І сказаў Госпад мне: «Прарокі абвяшчаюць ілжыва ў імя Маё. Я не пасылаў іх, і не даваў ім загадаў, і не прамаўляў да іх. Падманнае бачанне і прадказанне, ашуканства ды аблуднасць сэрца свайго прарочаць яны вам».
Тады СПАДАР сказаў імне: «Прарокі праракаюць ману імям Маім: Я не пасылаў іх, не расказаў ім ані гукаў да іх; яны праракаюць хвальшывыя відзені а варожбы а рэчы бязвартыя, хвальшы сэрца свайго яны праракаюць вам».
Таму вось што кажа Госпад супраць прарокаў: «Яны праракуюць у імя Маё, але Я іх не пасылаў. Яны кажуць: “Меча і голаду не будзе ў гэтай зямлі”, але ад меча і голаду прападуць прарокі тыя,
Затым гэтак кажа СПАДАР праз прарокаў: «Яны праракаюць імям Маім, як Я не пасылаў іх, і яны гукаюць: "Мяча а галадові ня будзе на гэтай зямлі": мячом а галадоўю будуць выгублены прарокі гэтыя.
а людзі, якім яны праракуюць, будуць выкінуты на вуліцы Ерузаліма на голад і на меч, і не будзе каму пахаваць іх; самі яны і жонкі іх, сыны і дочкі іх; — і вылью на іх ліхоту іх.
І люд, катораму яны праракаюць, выкінены будзе на вуліцы Ерузаліму ад галадові а мяча, і ня будзе каму хаваць іх, — іх, жонкі іхныя, і сыноў іхных, і дачкі іхныя; бо Я выльлю на іх нягоднасьць іхную.
І ты скажаш ім гэтае слова: “Хай вочы мае выліваюць слёзы ноччу і днём без перапынку, бо вялікай пакутай спакутавана дзяўчына, дачка майго народа, няшчасце дужа вялікае.
І кажы ім гэтае слова: "Вочы мае ліце сьлізу дзень і ноч і не пераставайце; бо вялікім патрышчаньням патрышчана дзеўка, дачка люду майго, вельма балючаю ранаю.
Калі выйду ў палі, — вось, там забітыя мечам! І калі ўвайду ў горад, — вось, там замучаныя голадам! Нават прарок і святар ходзяць па зямлі, нічога не разумеючы”».
Калі йду на поле, во забітыя мячом; уходжу ў места, і во змоглыя з галадові; нават прарока а сьвятар цягаюцца па зямлі, ды ня ведаючы, што рабіць"».
«Ці сапраўды адпіхнуў Ты Юду, або, можа, Сіёнам абрыдзілася душа Твая? Чаму Ты крануў нас плягаю без магчымасці аздараўлення? Спадзяваліся мы на супакой, але добрага няма; час вылечыцца — і вось, трывога!
Хіба Ты чыста адхінуў Юду? хіба душа Твая збрыдзіла Сыён? Нашто Ты выцяў нас так, што няма ачуняньня? Спадзяемся супакою — і дабра няма; часу ачуняньня — і вось жах.
Прызнаём, Госпадзе, свае злачынствы, злачынствы бацькоў нашых, бо зграшылі мы супраць Цябе!
Ведаеш, СПАДАРУ, нягоднасьць нашу, бяспраўе айцоў нашых; бо мы ізграшылі перад Табою.
Не аддавай нас на ганьбу дзеля імя Твайго, не чыні абразы пасаду славы Тваёй! Памятай, не разрывай запавету Свайго з намі!
Дзеля імені Свайго не пабрыдзься і не засаром пасаду славы Свае: успомні, ня ўзрушай змовы Свае з намі.
Ці ёсць сярод багоў паганскіх такія, што маглі б паслаць дождж? Ці, можа, нябёсы самі могуць даць ліўні? Ці ж не Ты — Госпад, Бог наш, Якога мы чакаем? Ты ж учыніў усё гэта».
Ціж ё меж марнот народаў, што могуць учыніць дождж? альбо могуць нябёсы даць лівуны? ці ня Ты гэта, СПАДАРУ, Божа наш? І мы спадзяемся на Цябе, бо Ты ўчыніў усе гэта.