Ераміі 37 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І пачаў валадарыць цар Сэдэцыя, сын Осіі, замест Ёахіна, сына Якіма; яго паставіў царом Набукаданосар, цар Бабілона, у зямлі Юдэйскай.
 
І замест Хоні Егоякіменка загаспадарстваваў Сэдэка Ёсянок, каторага Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, прызначыў за караля ў зямлі Юдэйскай.

Але ані ён, ані яго паслугачы, ані народ зямлі не слухалі слоў Госпада, якія Ён казаў ім праз прарока Ярэмію.
 
І ня слухаў ён, ані слугі ягоныя, ані люд зямлі слоў СПАДАРОВЫХ, што Ён казаў прарокам Ярэмам.

І паслаў цар Сэдэцыя Юхала, сына Сэлеміі, і Сафонію, сына Маасіі, святара, да прарока Ярэміі, каб сказалі яму:
 
Паслаў, адылі, кароль Сэдэка Егухала Шэлемёнка а Софоню Маасэенка, сьвятара, да прарокі Ярэмы, кажучы: «Памаліся за нас СПАДАРУ, Богу нашаму».

«Памаліся за нас да Госпада, Бога нашага!» А Ярэмія хадзіў свабодна паміж людзей, бо яго яшчэ не кінулі пад ахову ў вязніцу.
 
А Ярэма ўходзіў да люду й выходзіў зь люду, бо ён ня быў пасаджаны ў вязьніцу.

Войска фараона выйшла ў той час з Егіпта. І халдэі, якія аблягалі Ерузалім, пачуўшы такую навіну, адступілі ад Ерузаліма.
 
Тады войска фараонава вышла зь Ягіпту, і як Хальдэі, што аблягалі Ерузалім, пачулі ведамку праз гэта, яны адступілі ад Ерузаліму.

І было такое слова Госпада да Ярэміі прарока:
 
Тады было слова СПАДАРОВА да прарокі Ярэмы, кажучы:

«Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Так скажаце цару Юдэйскаму, які паслаў вас да Мяне па раду: “Вось, войска фараона, якое выйшла вам на дапамогу, вернецца ў сваю зямлю, у Егіпет.
 
«Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Гэтак кажыце каралю Юдэйскаму, што паслаў вас да Мяне папытацца ў Мяне: ’Абач, войска Фараонава, што йдзець памагаць вам, зьвернецца да свае зямлі, да Ягіпту.

А халдэі зноў прыйдуць, і будуць ваяваць супраць гэтага горада, і здабудуць яго, і спаляць яго агнём”.
 
І зьвернуцца Хальдэі, і будуць ваяваць ізь местам гэтым, і возьмуць яго, і спаляць яго цяплом’".

Гэта кажа Госпад: “Не ашуквайце душы свае, паўтараючы: “Напэўна, пойдуць проч і адступяць ад нас халдэі!”, бо не адыдуць яны.
 
Гэтак кажа СПАДАР: "Ня зводзьце душы вашы, кажучы: ’Хальдэі канечне адыйдуць ад нас’, бо яны не адыйдуць;

Нават калі б вы пабілі ўсё войска халдэяў, якія ваююць з вамі, так што засталіся б з іх адно параненыя, то і тады кожны з іх падняўся б са сваёй палаткі і падпалілі б гэты горад агнём”».
 
Бо хоць бы вы разьбілі ўсе войска хальдэйскае, што ваюе з вамі, і засталіся раненыя з памеж іх, яны ўсталі б кажны з будану свайго і спалілі б гэтае места цяплом"».

І калі адступіла войска халдэяў ад Ерузаліма дзеля войска фараона,
 
І сталася, што, як войска хальдэйскае адступіла ад Ерузаліму, бо баялася войска фараонавага,

Ярэмія выйшаў з Ерузаліма, каб ісці ў зямлю Бэньяміна і там падзяліць маёмасць перад народам.
 
Ярэма вышаў зь Ерузаліму, ісьці да зямлі Веняміновае, каб выкаўзнуцца стуль памеж люду.

Калі ён прыбыў да брамы Бэньяміна, быў там вартавы брамы на імя Ярыя, сын Сэлеміі, сына Хананіі, і затрымаў ён прарока Ярэмію, кажучы: «Ты перабягаеш да халдэяў».
 
Але як ён быў у браме Веняміновай, быў там вартаўнічы імям Ірыя, сын Шэлемы Гананёнка; і няў Ярэму прароку, кажучы: «Да Хальдэяў ты пераходзіш».

І адказаў Ярэмія: «Няпраўда! Не бягу я да халдэяў!» Але Ярыя яго не слухаў, але схапіў Ярэмію і завёў яго да князёў.
 
Ярэма сказаў: «Мана: я не пераходжу да Хальдэяў». Але тый не паслухаў, і Ірыя няў Ярэму, і прывёў яго да князёў.

І разгневаліся князі на Ярэмію, і білі яго, а потым укінулі ў вязніцу, якая была ў доме Ёнатана, пісара, з якога зрабілі астрог.
 
І гневаліся князі на Ярэму, яны білі яго й пасадзілі яго да вязьніцы ў доме Ёнафана, пісара, бо зь яго зрабілі вязьніцу.

І Ярэмія апынуўся ў лёхах са столлю, і сядзеў там Ярэмія шмат дзён.
 
І вось, Ярэма лучыў да лёху да каморак, і заставаўся там Ярэма шмат дзён.

І паслаў цар Сэдэцыя, каб прывялі яго, і пытаўся ў яго таемна, у сваім доме, і казаў: «Ці маеш ты слова ад Госпада?» І адказаў Ярэмія: «Маю». І сказаў: «Ты будзеш выдадзены ў рукі цара Бабілона».
 
Тады Сэдэка, кароль, паслаў і ўзяў яго, і папытаўся кароль патай у доме сваім, і сказаў: «Ці ё слова ад СПАДАРА?» І Ярэма сказаў: «Ё». Тады ён сказаў: «Ты будзеш адданы ў руку караля Бабілёнскага».

І сказаў Ярэмія цару Сэдэцыю: «Чым правініўся я перад табою, і перад слугамі тваімі, і гэтым народам, што ўкінулі мяне ў вязніцу?
 
Адлі Ярэма сказаў каралю Сэдэку: «Чым я ізграшыў супроці цябе альбо супроці слугаў тваіх, альбо супроці люду гэтага, што ты пасадзіў мяне ў вязьніцу?

Дзе вашы прарокі, якія прадказвалі вам і гаварылі: “Не прыйдзе цар Бабілона супраць вас і супраць гэтай зямлі”?
 
Ідзе цяпер прарокі вашы, што праракалі вам, кажучы: "Кароль Бабілёнскі ня прыйдзе на вас ані на зямлю гэтую"?

Цяпер жа паслухай, калі ласка, гаспадару мой, цар! Хай маленне маё цябе кране! Не адсылай мяне ў дом Ёнатана, пісара, каб я не памёр там».
 
Дык цяпер слухай жа, малю цябе, спадару мой, каролю, хай падзець жа маленьне мае перад табою: не зварачай мяне да дому Ёнафана пісара, каб я не памер там».

І цар Сэдэцыя загадаў трымаць Ярэмію на вартавым панадворку і даваць яму штодзень па булачцы хлеба з вуліцы пекараў, пакуль не скончыўся ўвесь хлеб у горадзе. І заставаўся Ярэмія на вартавым панадворку.
 
Тады расказаў кароль Сэдэка, каб пасадзілі Ярэму на панадворак вязьніцы, і каб давалі яму ўдзень кавалак хлеба з вуліцы пекароў, пакуль ня высіліцца ўвесь хлеб у месьце. Гэтак Ярэма застаўся на панадворку вязьніцы.