Ераміі 32 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Слова, якое было Ярэміі ад Госпада ў дзесятым годзе Сэдэцыі, цара Юдэйскага, ён жа — васемнаццаты год Набукаданосара.
 
Слова, што было да Ярэмы ад СПАДАРА дзясятага году Сэдэкі, караля Юдэйскага, каторы асьмінанцаты год Невухаднецара.

Тады войска цара Бабілона трымала ў аблозе Ерузалім, а прарок Ярэмія быў увязнены на вартавым падворку, які быў у палацы цара Юдэйскага.
 
Тады войска караля Бабілёнскага аблягала Ерузалім, і Ярэма прарока быў замкнёны на панадворку старожы, што ў доме караля Юдэйскага.

Памясціў яго туды пад варту Сэдэцыя, цар Юдэйскі, кажучы яму: «Чаму прадказваеш ты, кажучы: “Гэта кажа Госпад: “Вось, Я аддам гэты горад у рукі цара Бабілона, і ён здабудзе яго.
 
Сэдэка, кароль Юдэйскі, замкнуў яго, кажучы: «Нашто ты праракаеш а кажаш: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Гля, Я аддам гэтае места ў руку караля Бабілёнскага, і ён пераможа яго;

А Сэдэцыя, цар Юдэйскі, не ўцячэ з рук халдэяў, але будзе выдадзены ў рукі цара Бабілона, і будзе гаварыць вусны ў вусны з ім, ды вочы яго ўбачаць вочы яго.
 
І Сэдэка, кароль Юдэйскі, не ўцячэць з рукі Хальдэяў, але напэўна будзе адданы ў руку караля Бабілёнскага, і будзе гукаць ізь ім вусны ў вусны, і вока яго да вока пабачыць яго;

І павядзе ён Сэдэцыю ў Бабілон, і ён будзе там, пакуль Я не наведаю яго, — кажа Госпад. — Калі ж будзеце ваяваць з халдэямі, не пашчасціць вам”»?
 
І ён завядзець Сэдэку да Бабілёну, і там ён будзе, пакуль Я даведаюся да яго, — агалашае СПАДАР; — хоць будзеце ваяваць із Хальдэямі, вы ня будзеце мець дасьпеху’"?».

І сказаў Ярэмія: «Было слова Госпада мне, што казала:
 
І сказаў Ярэма: «Было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы:

“Вось жа, Ханамээль, сын Сэлума, дзядзькі твайго, прыйдзе да цябе, кажучы: “Купі сабе маё поле, якое ў Анатоце, бо ты маеш сямейнае права купіць”».
 
"Гля, Ганамэль Шалумёнак, дзядзькавіч твой, прышоў да цябе, кажучы: ’Купі сабе поле мае, што ўв Анафофе, бо з права выкупу належа табе купіць’".

І прыйшоў да мяне, на вартавы падворак, Ханамээль, сын дзядзькі майго, згодна са словам Госпада, і сказаў мне: «Прымі ва ўласнасць маё поле, якое ў Анатоце ў зямлі Бэньяміна, бо ты маеш права спадчыны, а да таго ж ты сваяк, так што можаш завалодаць!» Зразумеў я тады, што гэта было слова Госпада.
 
І Ганамэль дзядзькавіч мой, прышоў, подле слова СПАДАРОВАГА, на панадворак старожы і сказаў імне: "Купі, калі ласка, поле мае, што ўв Анафофе, каторы ў краю Веняміновым, бо права спадку твае й выкуп твой, купі сабе". Я ведаў, што гэта слова СПАДАРОВА.

Дык купіў я поле ад Ханамээля, сына дзядзькі майго, у Анатоце, і адважыў яму срэбра: семнаццаць сікляў срэбранікаў,
 
І я купіў поле Ганамэлява, дзядзькавіча свайго, каторы ўв Анафофе, і адважыў яму срэбра сем сыкляў а дзесяць срэбнікаў.

і напісаў у кнізе, і запячаткаваў, і ўзяў сведкаў, і ўзважыў срэбра на шалях.
 
І напісаў я ліст, і запячатаваў, і ўзяў сьветкі, і адважыў срэбра на вазе.

Потым узяў я дамову аб уласнасці, запячаткаваную, якая ўтрымлівала пагадненне і пастанову, а таксама [дамову] адкрытую;
 
І ўзяў я ліст куплі, запячатаваны подле права а звычаю, і адкрыты,

і даў я дамову аб уласнасці Баруху, сыну Нэрыі, сына Маасіі, на вачах Ханамээля, сына дзядзькі майго, ды ў прысутнасці сведкаў, якія падпісаліся ў дамове куплі, і на віду ўсіх жыхароў Юдэі, што сядзелі ў вартавым падворку.
 
І даў я ліст куплі Боруху, сыну Ніры Маасэенка, на аччу Ганамэля, дзядзькі свайго, і на ачох сьветак, што падпісалі ліст куплі перад усімі Юдэямі, што сядзелі на панадворку старожы.

І даў я даручэнне Баруху ў іх прысутнасці, кажучы:
 
І абавязаў я Боруха перад імі, кажучы:

гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Вазьмі гэтыя дакументы, гэтую дамову куплі запячаткаваную і гэтую дамову, што адкрыта, ды памясці іх у гліняную пасудзіну, каб маглі яны захоўвацца шмат дзён».
 
"Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: ’Вазьмі лісты гэтыя, — гэты запячатаваны ліст куплі і гэны адкрыты, — і палажы іх у гліняную судзіну, каб яны трывалі даўгія дні’;

Бо гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Будуць яшчэ ў гэтай зямлі набываць дамы, палі і вінаграднікі».
 
Бо гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: ’Дамы а полі а вінішчы ізноў будуць купляны ў гэтай зямлі’".

І маліўся я да Госпада пасля таго, як аддаў дамову аб уласнасці Баруху, сыну Нэрыі, кажучы:
 
І маліўся я СПАДАРУ, як я падаваў ліст куплі Боруху Ніранку, кажучы:

«О Госпадзе Божа, вось, Ты стварыў неба і зямлю вялікаю сілаю Тваёю і плячом узнятым Тваім. Нічога няма для Цябе немагчымага!
 
"Ах, Спадару СПАДАРУ! Ты ўчыніў неба й зямлю вялікаю сілаю Сваёю й цаўём выцягненым, нямаш нічога немагчымага Табе;

Ты чыніш міласэрнасць тысячам і аддаеш за грахі бацькоў ва ўлонне сыноў іх пасля іх; Божа вялікі і магутны, імя Якога — Госпад Магуццяў!
 
Ты выказуеш дабрыню тысячамі і адплачуеш бяспраўі бацькоў у вулоньне дзяцей іхных просьле іх. Божа вялікі, магучы, СПАДАР войскаў імя Ягонае,

Вялікі ў рашэннях і магутны ў справах, вочы Твае адкрыты на ўсе шляхі сыноў Адама, каб аддаць кожнаму паводле шляхоў яго і паводле пладоў учынкаў яго.
 
Вялікі ў радзе й магучы ў вучынках, бо вочы Твае адчынены на ўсі дарогі сыноў людзкіх, даваць кажнаму подле дарогаў ягоных і подле пладоў учынкаў ягоных;

Ты чыніў знакі і цуды ў зямлі Егіпецкай і аж да сёння ў Ізраэлі ды сярод людзей і зрабіў Сабе імя, якое маеш сёння.
 
Каторы зьдзеяў знакі а чудосы ў зямлі Ягіпецкай, і дагэтуль у Ізраелю і памеж людзёў, і ўчыніў сабе імя, як цяпер,

І вывеў Ты народ Свой, Ізраэль, з зямлі Егіпецкай знакамі і цудамі, і рукою магутнаю, і плячом узнятым між трывогі вялікай.
 
І вывеў люд Свой Ізраеля ізь зямлі Ягіпецкае знакамі а чудосамі а рукою дужою а цаўём выцягненым а вялікім жахам;

І даў Ты ім гэту зямлю, якою прысягнуў бацькам іх, што дасі ім яе, зямлю, што ацякае мёдам і малаком.
 
І даў ім зямлю гэтую, каторую прысягнуў айцом іхным даць ім, зямлю, што цячэць малаком а мёдам.

І прыйшлі яны, і ўзялі яе ва ўласнасць, але не слухаліся голасу Твайго, не жылі паводле закону Твайго і не спаўнялі ўсяго таго, што Ты ім загадаў, каб спаўнялі. І навёў Ты на іх усе гэтыя беды.
 
І яны прышлі, і спала яна ім, але яны ня слухалі голасу Твайго і не хадзілі ў праве Тваім, — усяго таго, што Ты расказаў ім рабіць, яны не рабілі; за тое Ты ўчыніў, каб настала ўсе гэтае ліха ім.

Вось жа, валы нагрувашчаны перад горадам, каб яго здабыць, і горад аддадзены ў рукі халдэяў, якія ваююць супраць яго, на пажыву меча, голаду і пошасці. І тое, што Ты казаў, здзяйсняецца, як Ты Сам гэта бачыш!
 
Гля, нашы бліжэюць да места, узяць яго; і места аддана ў руку Хальдэяў, што ваююць ізь ім мячом, галадоўю а ліпучкаю; і, што Ты казаў, сталася, і вось, Ты бачыў гэта.

А Ты, Госпадзе Божа, кажаш мне: “Купі поле за срэбра і пакліч сведкаў, у той час як горад будзе аддадзены ў рукі халдэяў!”»
 
І ты сказаў імне, Спадару СПАДАРУ: ’Купі сабе поле за срэбра й вазьмі сьветкі’, хоць места аддана ў руку Хальдэяў"».

І было слова Госпада да Ярэміі, што казала:
 
Тады было слова СПАДАРОВА да Ярэмы, кажучы:

«Вось, Я — Госпад, Бог кожнага цела; ці ж можа быць для Мяне штосьці цяжкім?
 
«Вось, Я СПАДАР, Бог кажнага цела, ці ё што немагчымае Імне?»

Таму гэта кажа Госпад: “Вось, Я аддам гэты горад у рукі халдэяў ды ў рукі цара Бабілона, і ён здабудзе яго.
 
Затым гэтак кажа СПАДАР: «Гля, Я аддаю гэтае места ў руку Хальдэяў і ў руку Невухаднецара, караля Бабілёнскага, і ён зваюе яго.

І ўвойдуць халдэі, што ваююць супраць гэтага горада, і падкладуць агонь пад яго, і спаляць яго дамы, на дахах якіх складалі ахвяры Баалу і лілі вадкасці ў ахвяру іншым багам, каб Мяне зняважыць”.
 
І прыйдуць Хальдэі, што ваююць із гэтым местам, запаляць гэтае места цяплом і спаляць яго з дамамі, на каторых стрэхах кадзілі Ваалу й рабілі ўзьліваньні іншым багом, каб гнявіць Мяне;

Бо ад сваёй маладосці сыны Ізраэля і сыны Юды рабілі толькі ліхоту на віду ў Мяне, сыны Ізраэля, якія аж да сёння раздражнялі Мяне ўчынкамі рук сваіх, — кажа Госпад. —
 
Бо дзеці Ізраелявы а дзеці Юдзіны толькі рабілі ліха ў ваччу Маім з маладосьці свае; бо дзеці Ізраелявы адно гнявілі Мяне ўчынкамі рук сваіх, — агалашае СПАДАР; —

“Бо прычынай гневу і абурэння Майго стаўся для Мяне гэты горад ад дня, калі пабудавалі яго, аж да гэтага дня, калі забіраецца ён з-пад аблічча Майго,
 
Бо на гнеў Мой а на абурэньне Мае было гэтае места імне адгэнуль, як было збудавана, дагэтуль, каб Я аддаліў яго ад віду Свайго,

дзеля ўсёй злачыннасці сыноў Ізраэля і сыноў Юды, якой дапускаліся яны, каб выклікаць Мой гнеў, яны, цары іх, князі іх, святары іх і прарокі іх, жыхары Юдэі і жыхары Ерузаліма.
 
За ўсе ліха дзяцей Ізраелявых а дзяцей Юдзіных, каторае яны рабілі, каб квяліць Мяне да гневу, яны, каралі іхныя, князі іхныя, сьвятары іхныя а прарокі іхныя а мужы Юдэі а жыхары Ерузаліму.

І павярнуліся яны да Мяне спінаю, а не тварам, хаця Я вучыў іх, падымаючыся на досвітку і навучаючы, ды яны не хацелі слухаць, каб успрыняць навучанне.
 
І яны абярнуліся да Мяне завыйкам, а ня відам; дарма што Я навучаў іх, рана ўстаючы а навучаючы, яны, адылі, ня слухалі, каб прыняць навуку.

І паставілі сваіх ідалаў у доме, над якім прызывана імя Маё, каб зневажаць яго.
 
Але яны пастанавілі агіды свае ў доме, названым імям Маім, каб упаганіць яго.

І збудавалі ўзгоркі Баала, якія ў лагчыне Бэн-Гэном, каб прысвячаць сваіх сыноў і сваіх дачок Малоху. Не загадваў Я ім гэтага, ані на думку Мне гэта не прыйшло, каб рабіць такую брыдоту ды давесці Юду да граху”.
 
І збудавалі ўзвышшы Ваалу, што ў даліне сына Гіномавага, каб вадзіць сыноў сваіх а дачкі свае Молоху, чаго Я не расказаў ім, ані ўдум Імне ня прышло, каб яны рабілі гэткую агіду, уводзячы Юду ў грэх.

І цяпер дзеля гэтага вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля, аб гэтым горадзе, аб якім вы кажаце, што будзе ён выдадзены ў рукі цара Бабілона праз меч, голад ды пошасць:
 
Цяпер, адылі, гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў, узглядам гэтага места, праз каторае вы кажаце, што яно будзе аддана ў руку караля Бабілёнскага мячом, галадоўю а ліпучкаю:

“Вось, Я збяру іх з усіх земляў, у якія Я выгнаў іх у час лютавання Свайго, і гневу свайго, і вялікага абурэння, і вярну іх на гэтае месца, і дазволю ім жыць спакойна.
 
"Вось, Я зьбяру іх з усіх краёў, куды выпіхнуў іх у гневе Сваім, і ў палкім гневе Сваім, і ў вабурэньню Сваім, і прывяду іх назад на гэтае месца, і зраблю, што яны будуць жыць бясьпечна.

І будуць яны Мне народам, а Я буду ім Богам.
 
І яны будуць Імне людам, а Я буду ім Богам.

І дам ім адно сэрца і шлях адзін, каб шанавалі Мяне ва ўсе дні, каб добра было ім і дзецям іх пасля іх.
 
І дам ім адзінае сэрца і адзіную дарогу, каб баяліся Мяне ўсі дні дзеля дабра свайго, дзеля дзяцей сваіх просьле сябе.

І заключу з імі запавет вечны, і не спынюся рабіць дабро ім, і страх Мой ушчаплю ў сэрца іх, каб не адварочваліся ад Мяне.
 
І ўчыню вечную змову зь імі, подле каторай не адхінуся ад іх, каб рабіць ім дабро, але ўлажу боязьнь сваю ў сэрца іхнае, каб яны не адступалі ад Мяне.

І буду цешыцца з іх, калі буду спагадаць ім, і насялю іх на гэтай зямлі стала, ад усяго сэрца Майго і ад усёй душы Маёй”.
 
І буду цешыцца ізь іх, робячы ім дабро; і пасаджу іх на гэтай зямлі ў праўдзе з усёга сэрца Свайго і з усяе душы Свае";

Бо гэта кажа Госпад: “Як навёў Я на гэты народ усё гэта няшчасце вялікае, так спашлю на іх усё дабро, якое выказваю ім.
 
Бо гэтак кажа СПАДАР: "Як Я павёў на люд гэты ўсе гэтае вялікае ліха, так навяду на іх усе дабро, што Я сказаў ім.

І будуць набываць палі ў гэтай зямлі, пра якую вы кажаце, што яна апусцела, бо не засталося людзей і жывёлы, і аддадзена яна ў рукі халдэяў.
 
І будуць купляны полі на зямлі гэтай, праз каторую вы кажаце: ’Яна спустошаная, без чалавека й статку, аддана ў руку Хальдэяў’;

І будуць купляць палі за грошы, і будуць пісаць дамовы, і будуць прыкладаць пячатку, і клікаць сведкаў з зямлі Бэньяміна, у ваколіцах Ерузаліма, у гарадах юдэйскіх, у гарадах горных, у гарадах лагчынных і ў гарадах паўднёвых, бо Я змяню лёс іх,” — кажа Госпад».
 
Будуць купляць полі за срэбра й пісаць у кнігу, і пячатаваць яе, і браць сьветкі ў зямлі Веняміновай, і ў ваколіцах Ерузаліму, і ў местах Юдзйскіх, і ў местах гаравых, і ў местах далінных, і ў местах паўднявых, бо Я зьвярну палон іхны", — агалашае СПАДАР».