Ераміі 35 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Слова, якое было да Ярэміі ад Госпада ў дні Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, што казала:
 
Слова, што было да Ярэмы ад СПАДАРА за дзён Егоякіма Ёсянка, караля Юдэйскага, кажучы:

«Ідзі да сям’і рэхабітаў, і размаўляй з імі, і прывядзі іх у дом Госпада ў адну з залаў ды дай ім піць віно».
 
«Пайдзі да дому Рэхавічаў, памужуй ізь імі і прывядзі іх да дому СПАДАРОВАГА, да аднаго з пакояў, і дай ім віна піць».

Дык узяў я Язанію, сына Ярэміі, сына Хабсаніі, і братоў яго, і ўсіх сыноў яго, і ўсю сям’ю Рэхабітаў
 
Тады я ўзяў Язаню, сына Ярэмы Гавасіненка, і братоў ягоных, і ўсіх сыноў ягоных, і ўвесь дом Рэхавічаў;

і ўвёў іх у дом Госпада, у залу сыноў Ханана, сына Ігдаліі, чалавека Божага, якая была блізка ад залы князёў, над залай Маасіі, сына Сэлума, прыдзверніка.
 
І прывёў іх да дому СПАДАРОВАГА, да пакою сыноў Ганана Іґдалёнка, чалавека Божага, што ля пакою князёў, каторы над пакоям Маасэі Шалумёнка, даглядніка парогу;

І паставіў я перад сынамі дому рэхабітаў пасудзіны, напоўненыя віном, і келіхі, і сказаў ім: «Піце віно!»
 
І пастанавіў перад сынамі дому Рэхавічаў глякі, поўныя віна, і чары, і сказаў ім: «Піце віно».

Яны адказалі: «Не будзем піць віна, бо Ёнадаб, сын Рэхаба, наш бацька, загадаў нам, кажучы: “Не піце віна навек ані вы, ані сыны вашы.
 
Але яны сказалі: «Ня будзем піць віна, бо Ёнадаў Рэхавёнак, айцец наш, расказаў нам, кажучы: "Ня піце віна вы ані сынове вашыя на векі;

І не будзеце вы будаваць дамоў, не будзеце сеяць ніякае насенне, не будзеце садзіць вінаградніку ані мець яго, але будзеце жыць у палатках па ўсіх днях вашых, каб жылі многія дні на зямлі, на якой вы вандроўнікі”.
 
І дамоў не станавіце, і сяўбы ня сейце, і віннага гароду не засаджайце ані майце, але ўсі дні вашы жывіце ў буданох, каб вы жылі шмат дзён на зямлі, ідзе вы падарожжуеце".

І мы паслухаліся голасу Ёнадаба, сына Рэхаба, бацькі нашага, ува ўсім, што ён загадаў нам, так што не п’ём віна па ўсіх днях нашых мы, жанчыны нашы, сыны і дочкі нашы
 
І мы паслухалі голасу Ёнадава Рэхавёнка, айца нашага, у вусім, у чым ён абавязаў нас, каб усі дні нашы ня піць віна нам, жонкам нашым, сыном нашым ані дачкам нашым,

і не будуем дамоў на пражыванне, не маем ані вінаградніку, ані палёў, ані насення,
 
Ані ставіць дамоў сабе, каб жыць у іх, ані мець вінішчаў, ані поля, ані засеяньня, каб ня было ў нас;

але жывем мы ў палатках і, будучы паслухмянымі, чынім паводле ўсяго таго, што загадаў нам Ёнадаб, бацька наш.
 
І мы жылі ў буданох, і слухалі, і рабілі ўсе, што расказаў нам Ёнадаў, айцец наш.

Калі ж Набукаданосар, цар Бабілона, напаў на зямлю, мы сказалі: “Хадзем, схаваемся ў Ерузаліме перад войскам халдэйскім і перад войскам сірыйскім”! І засталіся мы ў Ерузаліме».
 
Але сталася, як узышоў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, да зямлі, што мы сказалі: "Хадзіма, ідзіма да Ерузаліму ад войска Хальдэяў і ад войска Арамлян"; дык мы жывем у Ерузаліме».

І было слова Госпада да Ярэміі, што казала:
 
Тады было слова СПАДАРОВА да Ярэмы, кажучы:

«Вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Ідзі і скажы мужам юдэйскім і жыхарам Ерузаліма: “Няўжо вы не прымеце навучання, каб слухацца слоў Маіх?” — кажа Госпад. —
 
«Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: "Пайдзі й скажы мужом Юдэйскім а жыхарам Ерузаліму: ’Ці вы не ўзялі навукі слухаць слоў Маіх? — агалашае СПАДАР. —

Выкананы словы Ёнадаба, сына Рэхаба, у якіх загадаў ён сынам сваім не піць віна, і не пілі яны да гэтага дня, бо паслухаліся загаду бацькі свайго, а Я, падымаючыся зранку і прамаўляючы, гаварыў вам, але вы не паслухалі Мяне!
 
Словы, каторыя Ёнадаў Рэхавёнак расказаў сыном сваім, каб ня пілі віна, споўненыя, і яны ня п’юць дагэтуль, бо паслухалі расказаньня айца свайго; Я, адылі, кажу вам, рана ўстаючы й кажучы, але вы ня слухалі Мяне.

І пасылаў Я да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, падымаючыся на досвітку, пасылаючы і кажучы: “Навярніцеся кожны ад дарогі сваёй ліхой і выпраўце ўчынкі вашыя і не хадзіце за іншымі багамі, не пакланяйцеся ім, і будзеце жыць у зямлі, якую Я даў вам і бацькам вашым”. Але вы не прыхілілі вуха свайго і не паслухаліся Мяне.
 
Я пасылаў да вас усіх слугаў Сваіх прарокаў, рана ўстаючы й пасылаючы, кажучы: "Зьвярніцеся кажны зь ліхое дарогі свае і папраўце ўчынкі свае, і не хадзіце за іншымі багамі, служыць ім, — і вы будзеце жыць у зямлі, каторую Я даў вам і айцом вашым"; але вы не нахінулі вуха свайго і ня слухалі Мяне.

Выканалі, вось, сыны Ёнадаба, сына Рэхаба, загад бацькі свайго, што загадаў ім, а гэты народ не паслухаўся Мяне!”
 
Але, сынове Ёнадава Рэхавёнка споўнілі расказаньне айца свайго, каторае ён расказаў ім, але люд гэты не паслухаў Мяне’".

Таму вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я навяду на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерузаліма ўсё тое няшчасце, якое Я пастанавіў супраць іх. Бо Я гаварыў ім, а яны не слухалі, і клікаў іх, а яны не адказвалі Мне”».
 
Затым гэтак кажа СПАДАР, Бог войскаў, Бог Ізраеляў: "Гля, Я навяду на Юдэю а на ўсіх жыхараў Ерузаліму ўсе ліха, што Я вымавіў супроці іх, бо Я гукаў да іх, але яны ня слухалі, і Я гукаў іх, але яны не адказалі"».

А да сям’і рэхабітаў сказаў Ярэмія: «Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “За тое, што вы былі паслухмянымі загаду Ёнадаба, бацькі вашага, і спаўнялі ўсе яго прыказанні, і чынілі ўсё, што ён вам загадаў,
 
А дому Рэхавічаў сказаў Ярэма: «Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: "За тое, што вы паслухалі расказаньня Ёнадава, айца свайго, і паўнілі ўсі навукі ягоныя, і рабілі подле ўсёга, што ён расказаў вам;

дзеля таго кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: не забракуе чалавека з роду Ёнадаба, сына Рэхаба, які будзе стаяць перада Мною па ўсіх днях”».
 
За тое гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: ’У Ёнадава Рэхавёнка ніколі ня будзе адцяты, каторы стаіць перад Імною’"».