Ераміі 16 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
І было слова Госпада да мяне, і казала:
І было да мяне слова СПАДАРОВА, кажучы:
«Не возьмеш ты жонкі і не будзе ў цябе сыноў і дачок у гэтым месцы».
«Не бяры сабе жонкі, і няхай ня будзе ў цябе сыноў альбо дачок на месцу гэтым»;
Бо вось што кажа Госпад пра сыноў і дачок, якія нараджаюцца на гэтым месцы, ды пра мацерак іх, якія народзяць іх, і пра бацькоў іх, з пакалення якіх нарадзіліся яны на гэтай зямлі:
Бо гэтак кажа СПАДАР праз сыноў а праз дачкі, што нарадзіліся на месцу гэтым, і праз маткі іхныя, што нарадзілі іх у зямлі гэтай:
«Паўміраюць яны ад смяротных хвароб, будуць яны не аплаканыя і не пахаваныя, будуць яны, як гной на полі, ды будуць вынішчаны мечам і голадам, і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і звярам палявым».
«Балючымі сьмерцямі памруць яны; ня будуць па іх мець жалобы ані будуць іх хаваць, будуць як тый гной на відзе зямлі; і ад мяча а галадові загінуць яны, і трупы іхныя будуць жырам птуству нябёснаму і зьверу земнаму»;
Бо гэтак сказаў Госпад: «Не ўваходзь у дом смутку, і не ідзі на галашэнне, і не шкадуй іх, бо ўхіліў Я супакой Мой ад гэтага народа, — кажа Госпад, — міласэрнасць і спагаднасць.
Бо гэтак кажа СПАДАР: «Ня ўходзь да дому плачу і ня йдзі галасіць ані цешыць іх, бо Я адняў ад гэтага люду супакой Свой, — агалашае СПАДАР, — нават міласэрдзе а спагадлівасьць.
І паўміраюць вялікія і малыя на гэтай зямлі, не будуць яны пахаваныя, і ніхто не будзе па іх плакаць, ніхто не зробіць дзеля іх нарэзаў і не будзе стрыгчыся.
І памруць вялікія й малыя на гэтай зямлі; ня будуць пахаваны, і ня будуць плакаць па іх ані рэзацца, ані зробяць сабе лысіны па іх.
І не будуць ламаць хлеба для таго, хто ў жалобе, каб пацешыць па памерлым, і не пададуць яму чашы пацехі па яго бацьку і маці.
І ня будуць ім ламіць хлеб у жалобе, каб пацешыць яго па нябошчыку, і не пададуць ім піць чару пацяшэньняў па айцу ягоным і па маці ягонай.
Не ўваходзь таксама ў дом банкетавання, каб сесці з імі з’есці і выпіць».
Не хадзі таксама да дому чэсьці, каб сядзець ізь імі, есьці а піць»;
Бо вось гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Вось, Я спыню на гэтым месцы на вашых вачах ды ў вашых днях голас весялосці і голас радасці, голас жаніха і голас нявесты.
Бо гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: «Гля, Я зраблю, што перастане на месцу гэтым на ачох вашых і за дзён вашых голас радасьці а голас весялосьці, голас князя маладога а голас княгіні маладое.
А калі абвесціш гэтаму народу ўсе гэтыя словы і скажуць табе: “Чаму Госпад прызначыў на нас усё гэта вялікае ліха? Што за злачыннасць наша і што за грэх наш, у чым зграшылі мы Госпаду, Богу нашаму?”,
І будзе, як ты абесьціш люду гэтаму ўсі словы гэтыя, і яны скажуць табе: "За што СПАДАР вымавіў на нас усе гэта вялікае ліха? альбо што за бяспраўе ваша? альбо што за грэх наш, каторым мы ізграшылі СПАДАРА, Бога нашага?"
скажаш ім: “Бо пакінулі Мяне бацькі вашы, — кажа Госпад, — і пайшлі следам за багамі чужымі, ды служылі ім, і пакланяліся ім, а ад Мяне адвярнуліся, ды закон Мой не пільнавалі.
І скажы ім: "За тое, што айцове вашы пакінулі Мяне, — прагалашае СПАДАР, — і хадзілі за іншымі багамі, і служылі ім, і кланяліся ім, а Мяне пакінулі і Права Майго не дзяржалі.
Але і вы паводзілі сябе яшчэ горш за бацькоў вашых, бо, вось, кожны з вас жыве па сапсаванасці сэрца свайго ліхога, каб не слухаць Мяне.
А вы робіце горш, чымся айцове вашы, і вось, кажны з вас ходзе подле ўпорлівасьці ліхога сэрца свайго, каб ня слухаць Мяне.
Дык Я выкіну вас з гэтай зямлі ў зямлю, якой не ведаеце ані вы, ані бацькі вашы, і будзеце вы там служыць багам чужым, днём і ноччу, бо Я не дам вам прабачэння.
І выкіну вас із гэтае зямлі да зямлі, што ня знаеце вы ані айцове вашы; і там будзеце служыць багом іншым дзень і ноч; там Я не зраблю вам ласкі".
Вось таму прыйдуць дні, — кажа Госпад, — калі ўжо не будуць казаць: “Жывы Госпад, Які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі Егіпецкай”,
Затым вось, настаюць дні, — агалашае СПАДАР, — і ня будуць казаць ужо: "Жыў СПАДАР, што ўзьвёў сыноў Ізраелявых ізь зямлі Ягіпецкае";
а толькі: “Жывы Госпад, Які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі паўночнай ды з усіх земляў, па якіх Ён іх расцерушыў”. І Я вярну іх зноў у зямлю іх, якую даў бацькам іх.
Але: "Жыў СПАДАР, што ўзьвёў сыноў Ізраелявых із паўночнае зямлі і із усіх земляў, куды Ён прагнаў іх"; бо Я зьвярну іх да зямлі іхнае, каторую Я даў айцом іхным.
Вось, Я пашлю многіх рыбакоў, — кажа Госпад, — і будуць лавіць іх, а пасля гэтага пашлю да іх многіх паляўнічых, і будуць паляваць на іх з кожнай гары і з кожнага ўзгорка і са шчылін скальных.
Вось, Я шлю шмат рыбнікаў, — агалашае СПАДАР, — і выдаваць іх; адлі пашлю шмат паляўнічых, і яны будуць паляваць на іх із кажнае гары, з кажнага ўзгорку і з раськепінаў скалаў;
Бо вочы Мае — на ўсіх шляхах іх: яны не схаваліся ад Мяне, і не ўтоена ліхота іх ад вачэй Маіх.
Бо вочы Мае на ўсіх дарогах іхных: яны ня ўтоены ад віду Майго, і бяспраўе іхныя не схаваны ад аччу Маіх.
І Я аддам ім найперш удвая за ліхоту і за грахі іх, за тое, што апаганілі зямлю Маю трупамі ідалаў сваіх і брыдотай сваёю напоўнілі спадчыну Маю».
І перш удвая адплачу ім за бяспраўі іхныя а за грэх іхны, бо яны збудзенілі зямлю Маю трупамі брыдаў сваіх і агідамі сваімі напоўнілі спадак Мой».
«Госпадзе, цвярдыня мая і абарона мая, і прыстанішча маё ў дзень трывогі; да Цябе прыйдуць народы ад канцоў зямлі і скажуць: “Сапраўды, бацькі нашы атрымалі ў спадчыну няпраўду, марнасць, якая нічым не дапаможа.
СПАДАРУ, сіла мая а горад мой а прытулішча мае ў дзень немарасьці! да Цябе прыйдуць народы з канцоў зямлі й скажуць: «Айцом вашым спала адно мана, марнасьць, і няма ў іх карысьці.
Ці ж можа чалавек зрабіць сабе багоў? А яны ж зусім не багі!”»
Ці можа чалавек сам сабе зрабіць багі? а яны не багі!»
«Дзеля таго, вось, Я пакажу ім гэтым разам, пакажу ім руку Сваю і магутнасць Сваю, каб ведалі, што імя Мне — Госпад!»
«Затым, вось, Я паведамлю гэтым разам, зраблю, што яны пазнаюць руку Маю а Сілу Маю, і яны пазнаюць, што імя Мае: СПАДАР».