Ераміі 46 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Вось якое было слова Госпада да Ярэміі прарока супраць народаў.
Слова СПАДАРОВА, што было Ярэме, прароку, праз народы:
Супраць Егіпта, супраць войска фараона Нэкао, цара Егіпецкага, якое было каля ракі Эўфрат у Каркамісе, і якое пабіў Набукаданосар, цар Бабілона, у чацвёртым годзе Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага:
Празь Ягіпет а праз войска фараона Нехо, караля Ягіпецкага, каторы быў ля ракі Еўфрату ў Кархемішу, каторага Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, зразіў чацьвертага году Егоякіма Ёсянка, караля Юдэйскага:
«Прыгатуйце шчыты і дзіды, ды ідзіце ў бой!
«Прыгатуйце панцыр а шчыт і бліжчася да бітвы.
Запрагайце коней і сядайце на коней, вершнікі; станьце ў строй у шаломах, навастрыце дзіды і адзеньце панцыры!
Запрагайце коні і ўсьсядайце конна, коньнікі, выступайце із шоламамі, паліруйце дзіды й адзявайце панцыры.
Што такое? Бачу іх напалоханых, адыходзячых, волаты іх пабітыя, уцякаюць у страху, не азіраюцца! Жах вакол, — кажа Госпад. —
Чаму бачу Я, што яны зьлякаліся й бягуць назад? і дужасілы іхныя разьбіты, і борзда ўцяклі, і не азіраюцца; страх навокал», — кажа. СПАДАР. —
Хай не ўцякае найжвавейшы і найдужэйшы не думае ўратавацца; на поўначы, на беразе ракі Эўфрат, спатыкаюцца яны і падаюць.
Не ўцячэць шыбкі, не ўратуецца дужасіл; на поўначы, ля рэкі Еўфрату, спатыкнуцца а паваляцца.
Хто гэта падымаецца, як Ніл, а воды яго хвалююцца, як воды рэк?
Хто гэта ўзьнімаецца, як паводка, чые воды хвалююцца, як рэкі?
Егіпет падымаецца, як Ніл, а хвалі яго бушуюць, як рэкі, і кажа ён: “Падняўшыся, пакрыю зямлю, знішчу горад і жыхароў яго”.
Ягіпет узьнімаецца, як паводка, і воды яго хвалююцца, як рэкі, і кажа: "Узьнімуся, пакрыю зямлю, зьнішчу места й жыхараў яго".
Імчыце, коні, ляціце, калясніцы, і хай выступяць мужныя, Этыёпія і Пут, трымаючы шчыты, і лудыйцы, нацягваючы лук і пускаючы стрэлы.
Усьсядайце на коні, і шалейце, цялежкі, няхай выйдуць дужасілы, Ефіопляне а Пуцяне, што дзяржаць шчыты, і Людзяне, што дзяржаць і напінаюць лук;
Гэта дзень Госпада, Бога Магуццяў, дзень помсты, каб учыніў помсту ворагам Сваім: і меч будзе есці, і пад’есць, і ап’янее ад крыві іх, бо гэта ахвяра Госпаду, Богу Магуццяў, на зямлі паўночнай каля ракі Эўфрат.
Бо дзень гэты ў СПАДАРА, Бога войскаў, дзень помсты, каб памсьціцца праціўнікам Сваім, і меч будзе жэрці, і насыціцца, і ўп’ецца крывёю іхнаю, бо аброк Спадара СПАДАРА войскаў у паўночным краю, ля ракі Еўфрату.
Пайдзі ў Галаад і прынясі бальзам, дзяўчына, дачка Егіпта! Дарма ўжываеш ты шмат лекаў, бо рана твая не гоіцца!
Узыходзь да Ґілеаду й вазьмі бальсаму, дзеўка, дачка Ягіпту; дарма ты ўжываеш шмат лекаў, ўздараўленьня няма табе.
Пачулі народы пра ганьбу тваю, і галашэнне тваё запоўніла зямлю, бо волат кінуўся на волата, і абодва ўпалі разам».
Народы пачулі ганьбу тваю, і вык твой напоўніў зямлю, бо дужасіл стыкнуўся з дужасілам, і абодва загінулі разам».
Слова, якое сказаў Госпад Ярэміі прароку аб нашэсці адносна таго, што прыйшоў Набукаданосар, цар Бабілона, каб спустошыць зямлю Егіпецкую:
Слова, што казаў СПАДАР Ярэме, прароку, як Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, прыйдзе зразіць зямлю Ягіпецкую:
«Паведаміце Егіпту і дайце пачуць у Магдоле, і хай загучыць у Мемфісе і Тапнэсе! Скажыце: “Стой і рыхтуйся, бо меч паглынае ўсё тое, што тваё вакол цябе”.
«Накажыце ў Ягіпце й агаласіце ў Міґдоле, і агаласіце ў Нофе а ў Тагпангесе, скажыце: "Стань і прыгатуйся, бо меч пажарэць навокал цябе".
Чаму ўпаў асілак твой? Не ўстаяў ён, бо Госпад паваліў яго.
Чаму твой адважнік вымецены? — Не стаіць, бо СПАДАР адпіхнуў яго.
Ён памножыў падаючых, і ўпаў чалавек на блізкага свайго, і гаварылі: “Падыміся, і вернемся да народа свайго і ў зямлю нараджэння нашага, далёка ад меча бязлітаснага”.
Ён памножыў падаючых; але, валяцца адзін на аднаго й кажуць: "Устань, зьвярнімася да люду свайго й да роднае зямлі свае ад мяча ўцісканьніка".
Назавіце імя фараона, цара Егіпецкага: Гармідар, які прапусціў час адпаведны.
Крычаць там: "Фараон, кароль Ягіпецкі, крыксун, ён прапусьціў прызначаны час".
Я жывы, — кажа Валадар, Госпад Магуццяў імя Яго, — бо як Табор сярод гор і як Кармэль на беразе мора, прыйдзе ён.
Жыў Я, — агалашае Кароль, — СПАДАР войскаў імя Ягонае: — напэўна, як Табор меж гораў і як Карміл ля мора, прыйдзе ён.
Прыгатуй сабе начынне на выгнанне, жыхарка, дачка Егіпта, бо Мемфіс стане пустыняй і будзе зруйнаваны і не будзе ў ім жыхароў.
Снадзі палону зрабі сабе, жыхарка, дачка Ягіпту, бо Ноф стане пустынёю, спалены, бяз жыхара.
Егіпет — ялаўка ладная і прыгожая; але авадзень з поўначы наляцеў на яе.
Ягіпет — пазорная цяліца; але зыкаўка з поўначы лётма прыляцела на яе.
Найміты яго, якія круціліся каля яго, як цяляты кормныя, адвярнуліся і ўцяклі разам, не змаглі вытрымаць, бо прыйшоў на іх дзень загубы іх, час наведання іх.
Таксама найміты сярод яго, як укормленыя валы, але яны — таксама зьвярнуліся назад, уцяклі разам, не стаялі, бо дзень няшчасьця іхнага прышоў на іх, пара даведаньня да іх.
Голас яго падобны да сыку змяі, бо наблізяцца яны з войскам і прыйдуць да яго з сякерамі, як дрывасекі.
Голас ягоны будзе сіпець, як гадзіны, бо яны йдуць із войскам, ізь сякірамі прыйдуць на яго, як секачы.
“І ссякуць яны лес яго, — кажа Госпад, — якога злічыць ніхто не можа; бо іх больш за саранчу, і няма ім ліку.
Высякуць лес яго, — агалашае СПАДАР, — дарма што нельга яго палічыць, бо іх болей чымся шаранчы, няма ім ліку.
Асаромлена дачка Егіпта і аддадзена ў рукі народа паўночнага”».
Паганьбена дачка Ягіпту, аддана ў руку люду паўночнага».
Вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Вось, Я пакараю Амона з Но, і фараона, і Егіпет, і багоў яго, і цароў яго, фараона і тых, што спадзяюцца на яго.
Кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: «Гля, Я даведаўся да Амона з Но а да фараона а да Ягіпту з багамі іхнымі і з каралямі іхнымі, да фараона й тых, што спадзяюцца на яго.
І Я аддам іх у рукі тых, што цікуюць на іх душу, у рукі Набукаданосара, цара Бабілона, і ў рукі паслугачоў яго, а пасля таго будзе ён абжыты, як у дні старадаўнія, — кажа Госпад. —
І аддам іх у руку тых, што шукаюць душаў іхных, і ў руку Невухаднецара, караля Бабілёнскага, і ў руку слугаў ягоных; а просьле гэтага ён будзе населены, як у дні старыя, — агалашае СПАДАР.
А ты, паслугач Мой Якуб, не бойся, і ты, Ізраэль, не палохайся, бо Я, вось, выбаўлю цябе з далёкае зямлі і патомства тваё з зямлі палону іх. І вернецца Якуб, і супачыне, і будзе бяспечны, і не будзе нікога, хто б патрывожыў яго!
А ты ня бойся, слуга мой Якаве, і не лякайся, Ізраелю, бо вось, я вывальню цябе здалеку і насеньне твае ізь зямлі палону іхнага; і Якаў зьвернецца, і сьцішыцца, і супакоіцца, і няма палохаючага.
Не бойся, паслугач Мой Якуб, — кажа Госпад, — бо Я з табою, бо Я знішчу ўсе народы, да якіх выгнаў цябе, а цябе не знішчу, але пакараю цябе справядліва, непакараным не пакіну цябе».
Ня бойся ты, слуга Мой Якаве, — агалашае СПАДАР; — бо Я з табою, бо Я ўчыню канец усім народам, куды Я выгнаў цябе, але ня ўчыню канца табе, але мерна буду казьнерыць цябе, але за ані нявіннага ня буду мець цябе».