Ераміі 3 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

«Калі муж кіне жонку сваю, а яна адыдзе ад яго і пойдзе замуж за іншага мужа, ці ж вернецца ён яшчэ да яе? Ці ж не спаганена жанчына тая? А ты з многімі каханкамі чужаложыла — і вярнешся да Мяне? — кажа Госпад. —
 
Кажуць: калі муж адпусьце жонку сваю, і яна адыйдзе ад яго, і выйдзе за другога, то ці можа ён ўзноў зьвярнуцца да яе? Ці ня чыста ўпаганіцца гэтым тый край? А ты бязуліла із шмат якімі каханкамі; адылі ж усе-тыкі зьвярнулася да Мяне, — агалашае СПАДАР. —

Падымі вочы свае на ўзгоркі і паглядзі: дзе месца, на якім бы ты не ляжала ў распусце? Пры дарогах сядзела ты, чакаючы іх, як араб на пустыні, і спаганіла зямлю сваю распустаю сваёй і ліхотай сваёй.
 
Узьнімі вочы свае на ўзвышшы і глянь, ідзе ты не чужаложыла. На дарогах ты сядзела дзеля іх, як Арабін на пустыні, і ўпаганіла зямлю бязулствам сваім а ліхадзействам сваім.

Дзеля таго спыніліся дажды зімовыя і вясновыя дажджы перасталі; засталося ў цябе чало жанчыны чужаложніцы, і не мела ты сораму.
 
За тое й задзяржаны былі дажджы і ня было познага дажджу; і чало бязульнае жонкі было ў цябе, ты адкінула сорам.

Але і тады, ці не прызывала ты Мяне: “Айцец мой, Ты — правадыр маладосці маёй!
 
Ці не адгэтуль ты будзеш гукаць да Мяне: "Войча Мой! Ты правадыр маладосьці мае.

Ці будзе Ён гневацца вечна або крыўдаваць заўсёды?” Так ты казала, а сама дапускалася ліха, і ў гэтым мела поспех».
 
Ці захавае Ён заўсёды гнеў Свой? будзе да канца дзяржаць яго?" Гля, ты гукала, але рабіла ліха як мага».

І сказаў мне Госпад у дні цара Осіі: «Ці бачыў ты, што зрабіла ізраэльская адступніца? Аддалялася сабе на кожную высокую гару і пад кожнае зялёнае дрэва і распуснічала там.
 
І сказаў СПАДАР імне за дзён караля Ёсі: «Ці абачыў ты, што зрабіла дачка адпорная Ізраелява? Хадзіла яна на кажную высокую гару і пад кажнае зялёнае дзерва, і там бязуліла.

І сказаў Я: “Калі ўсё гэта зрабіла Ізраэль адступніца, то вернецца да Мяне”. Але яна не вярнулася. І ўгледзела гэта здрадлівая сястра яе, Юда;
 
І просьле тога, як яна зрабіла ўсе гэта, Я казаў ёй: "Да Мяне зьвярніся"; але яна не зьвярнулася; і бачыла гэта ізрадлівая сястра ейная Юдэя.

І ўбачыла, што за ўсе ўчынкі распусныя, якіх дапусцілася Ізраэль адступніца, Я прагнаў яе і даў ёй пасведчанне аб разводзе. Але не спалохалася здрадніца Юда, сястра яе; але сама таксама пайшла чужаложыць.
 
І пабачыла Юдэя, што за ўсе тое, што чужаложыла адпалая дачка Ізраелява, Я адаслаў яе, і даў ёй разводны ліст; не пабаялася, адылі, ізрадлівая сястра ейная Юдэя, але пайшла й бязуліла таксама яна.

Праз легкадумнасць чужаложніцтва свайго зняславіла яна зямлю і дапусцілася распусты з каменем і дрэвам.
 
І зьдзеялася тое, што распусным бязулствам яна ўпаганіла край, і бязуліла з каменям а дзервам.

“Але і пасля ўсяго гэтага не навярнулася да Мяне здрадлівая сястра яе, Юда, усім сэрцам сваім, але толькі падманна”», — кажа Госпад.
 
Але пры ўсім гэтым не зьвярнулася да Мяне ізрадлівая сястра ейная Юдэя ўсім сэрцам сваім, адно хвальшыва», — аталашае СПАДАР.

Тады Госпад сказаў мне: «Ізраэль адступніца аказалася больш справядлівай, чым здрадлівая Юда.
 
І сказаў імне СПАДАР: «Аправілася душа адпорнага Ізраеля болей, чымся ізрадлівая Юдэя.

Ідзі і абвяшчай наступныя словы на поўнач, і кажы: “Вярніся, адступніца Ізраэль, — кажа Госпад, — Не адвярну аблічча Свайго ад вас, бо Я міласэрны, — кажа Госпад, — і не буду гневацца вечна”.
 
Пайдзі, і абясьці гэтыя словы на поўначы, і скажы: "Зьвярніся, адпалая дачка Ізраелява, — агалашае СПАДАР. — Я ня дам пасьці на вас гневу Свайму, бо Я міласэрны, — агалашае СПАДАР, — ня буду гневацца на векі.

“Толькі прызнай ты віну сваю, што адступілася ты ад Госпада, Бога свайго, і што псавала ты шляхі свае для чужых пад кожным зялёным дрэвам, а голасу Майго не слухала”, — кажа Госпад.
 
Адно пазнай бяспраўе свае, што супроці СПАДАРА, Бога свайго, ты выступіла й раськідала дарогі свае чужаземцам пад кажным зялёным дзервам, і ня слухалі голасу Майго, — агалашае СПАДАР. —

“Навярніцеся, сыны, якія адвярнуліся ад Мяне, — кажа Госпад, — бо Я — Госпад ваш; і Я вазьму вас, аднаго з горада і двух з роду, і завяду вас на Сіён.
 
Зьвярніцеся да Мяне, дзеці адступнікі, — агалашае СПАДАР, — бо Я ваш гаспадар, і вазьму вас па адным ізь места, па двух із радзімы, і прывяду вас на Сыён".

І дам вам пастыраў паводле сэрца Майго, і будуць яны пасвіць вас разумна і разважліва.
 
І дам вам пастыроў подле сэрца Свайго, каторыя будуць пасьціць вас ведаю а розумам.

А калі вы размножыцеся і разрасцецеся на зямлі, у тыя дні, — кажа Госпад, — ніхто не скажа больш “каўчэг запавету Госпадавага” і ніхто ўжо яго не прыгадае, ніхто не ўспомніць, не стане ў ім патрэбы, і больш яго не будзе.
 
І будзе, як вы памножыцеся а расплодзіцеся на зямлі, тых дзён, — агалашае СПАДАР, — ня скажуць ужо: ’Скрыня змовы СПАДАРОВАЕ’, ані прыйдзе гэта ўдум, ані ўспомняць праз гэта, ані будуць ужо давядацца да яе, ані будуць рабіць што-колечы болей.

У той час Ерузалім назавуць Пасадам Госпада. І збяруцца да яго ўсе народы ў імя Госпада ў Ерузалім; ды не будуць ужо ісці следам за сапсаванасцю сэрца свайго ліхотнага.
 
Таго часу назавуць Ерузалім пасадам СПАДАРОВЫМ, і ўсі народы зьбяруцца да яго, да імені СПАДАРОВАГА, да Ерузаліму, і наперад за ўпорлівасьцяй ліхога сэрца свайго ня будуць хадзіць.

У тыя дні пойдзе дом Юды да дому Ізраэля, і выйдуць разам з зямлі паўночнай у зямлю, якую Я аддаў ва ўласнасць бацькам вашым”.
 
Тых дзён прыйдзе дом Юдзін да дому Ізраелявага, і абодва разам пойдуць із паўночнае зямлі да краю, каторы Я даў на спадак бацьком вашым.

Я ж сказаў: “Як прыняць Мне цябе ў сыны і даць табе пажаданую зямлю, найпрыгажэйшую спадчыну сярод народаў?” І казаў Я: “Айцом будзеце называць Мяне і не адвернецеся ад Мяне.
 
І сказаў Я: "Як залічыць цябе памеж сыноў і даць табе жаданую зямлю, добры спадак множасьці народаў?" і Я казаў: "Ты назавеш Мяне: ’Войча мой’, і не адвернешся ад Мяне".

Але як жанчына здраджвае каханаму свайму, так вы здрадзілі Мне, дом Ізраэля”», — кажа Госпад.
 
Запраўды, як іншая жонка ізраджае мужа свайго, так ізрадзіў Мяне ты, доме Ізраеляў», — агалашае СПАДАР.

Пачуўся голас на ўзгорках, плач і маленне сыноў Ізраэля, бо спаганілі яны дарогу сваю, забыліся пра Госпада, Бога свайго.
 
Голас быў чутны на высокіх месцах, плач, маленьне дзяцей Ізраелявых, бо яны скрывілі дарогі свае, забыліся СПАДАРА, Бога свайго.

«Навярніцеся, сыны, якія адвярнуліся ад Мяне, і Я вылечу адступніцтва ваша». — «Вось жа, мы прыходзім да Цябе, бо Ты — Госпад, Бог наш».
 
«Зьвярніцеся, адпалыя сынове: Я ўздараўлю вашы адпады». — «Гля, мы прышлі да цябе, бо Ты — СПАДАР, Бог наш.

Сапраўды, падманныя тыя ўзгоркі і гоман на гарах. Сапраўды, у Госпадзе, Богу нашым, збаўленне Ізраэля.
 
Запраўды, здарма спадзявацца на ўзгоркі а на множасьць гораў; адно ў СПАДАРУ, Богу вашым, спасеньне Ізраеля.

Баал ад юнацтва нашага з’ядаў працу бацькоў нашых, дробную жывёлу іх і буйную, сыноў іх і дачок іх.
 
Але сорам пажэр працу бацькоў нашых з маладосьці нашае: драбны статак іхны, буйны статак іхны, сыноў іхных а дачкі іхныя.

Будзем спаць у ганьбе нашай і пакрые нас сорам наш, бо зграшылі мы супраць Госпада, Бога нашага, мы і бацькі нашы, ад юнацтва нашага аж да гэтага дня, і не слухалі мы голасу Госпада, Бога нашага.
 
Мы ляжым у сораме сваім, і сумятня наша пакрывае нас, бо супроці СПАДАРА, Бога свайго, мы ізграшылі, мы й бацькі нашыя, з маладосьці свае аж дагэтуль, і ня слухалі голасу СПАДАРА, Бога свайго».