Ераміі 8 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

«У той час, — кажа Госпад, — выкінуць з магіл іх косці цароў юдэйскіх ды косці князёў іх, косці святароў, косці прарокаў, косці жыхароў Ерузаліма;
 
Таго часу, — агалашае СПАДАР, — выбяруць косьці каралёў Юды, і косьці князёў іхных, і косьці сьвятароў, і косьці прарокаў, і несьці жыхараў Ерузаліму — з грабоў іхных;

і раскладуць іх для сонца, месяца ды ўсяго войска нябеснага, якіх яны любілі ды якім служылі, за якімі хадзілі, якіх шукалі і якім пакланяліся.
 
І разложаць іх перад сонцам а месяцам а перад усім войскам нябёсным, каторых яны любілі, каторым служылі і за каторымі хадзілі, каторых шукалі й каторым кланяліся; не зьбяруць іх і не пахаваюць, а будуць на гной, на зьверху зямлі.

І будуць выбіраць лепш смерць, чым жыццё, усе, хто застанецца з гэтага племені ліхога па ўсіх месцах, у якія Я выганю іх, — кажа Госпад Магуццяў.
 
І валей будуць выбіраць сьмерць, чымся жыцьцё, усі засталыя зь іх, што застануцца ад гэтае ліхое радзімы, каторыя застануцца ў вусіх іншых месцах, куды Я разагнаў іх, — агалашае СПАДАР войскаў.

І ты скажаш ім: гэта кажа Госпад: “Ці ж не падымецца той, хто падае? Або ці не вернецца той, хто адвярнуўся?
 
І ты скажаш ім: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Хіба, паваліўшыся, не ўстаюць, і зьбіўшыся з дарогі, не Зварачаюцца?

Чаму тады адвярнуўся гэты народ, Ерузалім, у адступніцтве трывалым? Ухапіліся за падман і не хочуць навярнуцца”.
 
Дык чаму ж адвярнуўся люд гэты ерузалімскі адвярненьням вечным? яны моцна дзяржацца ашукі, адмаўляюцца навярнуцца.

Я зважаў і слухаў. Ніхто не гаворыць тое, што добрае, няма нікога, хто б каяўся дзеля ліхоты сваёй, кажучы: “Што ж я зрабіў?” Усе паварочваюць у сваім напрамку, як конь, які шпарка нясецца ў бітве.
 
Я зьвярнуў увагу й слухаў; але ніхто ня гукае пасьцівага, ніхто ня каецца за нягоднасьць сваю, кажучы: "Што я зрабіў?" кажны аддаўся імкненьню свайму, як конь, што стрым галаву кінуўся ў бітву.

Нават бусел у небе ведае свой час, туркаўка, ластаўка і журавель пільнуюць час свайго прылёту, а народ Мой не ведае прысуду Госпадава.
 
Нават бусел пад небам знае прызначаны час свой; галуба, ластаўка а жораў заховуюць пару прылёту свайго, але люд Мой ня знае суду СПАДАРОВАГА.

Як жа вы кажаце: “Мы — мудрыя, і закон Госпада — з намі”? Сапраўды, падманнае пяро пісараў зрабіла яго хлуснёю.
 
Як вы кажаце: "Мы мудрыя, і Права СПАДАРОВА з намі"? Запраўды вось, на ману зрабіла манлівае пяро кніжнікаў.

Мудрыя асаромлены, спалоханы і схоплены, бо адкінулі яны слова Госпада і няма ў іх ніякай мудрасці.
 
Мудрыцы засарамочаны, спалоханы, злоўлены: абач, яны адхінулі слова СПАДАРОВА; што за мудрасьць у іх?

Дзеля таго жонак іх Я аддам чужаземцам, палі іх — заваёўнікам, бо ад найменшага да найбольшага ўсе яны дбаюць пра карысць; ад прарока да святара ўсе дапускаюцца падману.
 
За тое жонкі іхныя Я аддаў іншым, полі іхныя — спадкаемцам; бо ад найменшага аж да найбольшага сусім чыста аддаўшыся гальлівасьці; ад прарокі аж да сьвятара ўсі яны робяць ашуку.

І лечаць раны дачкі народа Майго легкадумна, кажучы: “Супакой, супакой”, хаця супакою няма.
 
І яны зьлёгку лячылі рану дачкі люду Майго, кажучы: "Супакой, супакой", а няма супакою.

Сорам ім, бо дапусціліся брыдоты, ды нават у сораме яны не саромеюцца і чырванець не ўмеюць, таму ўпадуць яны паміж заняпалых, прападуць у час наведання іх, — кажа Госпад. —
 
Ці былі яны засарамаціўшыся, як дзеялі агіду? Не, яны ані ня былі засарамаціўшыся, яны ня зналі як чырванець. Затым падуць памеж палых, у часе даведаньня свайго яны спатыкнуцца, — кажа СПАДАР.

Учыню Я збор і буду збіраць іх, — кажа Госпад, — ды няма ні гронкі на галінках, ані фігаў на дрэве фігавым, і лістота звяла».
 
Я канечне зьнішчу іх, — кажа СПАДАР, — ня будзе ягадаў на віне ані фіґаў на фіґавым дзерве, і ліст зьвяне, і, што Я даў ім, мінець’"».

«Чаму ж мы сядзім? Збірайцеся і пойдзем у гарады ўмацаваныя, каб там загінуць, бо Госпад, Бог наш, аддаў нас на загубу, і на піццё даў нам атручаную ваду, бо зграшылі мы перад Госпадам.
 
Чаго мы сядзім тут? зьбірайцеся, пойдзем да абаронных местаў і там змоўкнем; бо СПАДАР, Бог наш, прызначыў нас на маўчэньне і даў вам піць атрутнае вады, бо мы ізграшылі супроці СПАДАРА.

Чакаем супакою, але няма добрага, часу аздараўлення, ды вось — жах!»!
 
Жджэм супакою, але няма дабра, — часу ўздараўленьня, і вось жахі.

«Ад Дана чуецца хрыпенне коней іх, на голас іржання баявых жарабцоў іх дрыжыць уся зямля. І прыйдуць яны, і паглынуць зямлю ды тое, што поўніць яе, горад і жахароў яго.
 
Ад самага Дана чутны хроп коні, і ад ірзаньня дужых коні дрыжыць уся зямля; яны йдуць глынуць зямлю і ўсе, што на ёй, места і жывучых у ім;

Бо, вось, пашлю Я супраць вас васіліскаў, супраць якіх няма замовы, і яны будуць вас кусаць, — кажа Госпад, — і не зможаце лячыцца».
 
«Бо вось, Я пашлю на вас гадзіны, базылішкі, ад каторых няма замовы, і яны будуць кусаць вас», — агалашае СПАДАР.

Весялосць мая зрабілася ўва мне болем, сэрца маё смуткуе.
 
Я сілаваўся ў немарасьць але сэрца мае ў імне баліць.

Вось жа голас ляманту дачкі народа Майго з далёкай зямлі: «Ці ж няма Госпада на Сіёне? Ці ж няма на ім цара Яго?» — «Дык чаму яны абудзілі Мяне да гневу сваімі ідаламі ды марнасцямі чужымі?»
 
Вось, голас крыку дачкі люду майго ізь зямлі далёкае: «Хіба СПАДАРА няма на Сыёне? хіба Караля яго няма там?» «Але чаму яны гнявілі Мяне выразанымі сваімі, чужымі марнасьцьмі?»

«Прайшло жніво, скончылася лета, а мы не збаўлены!»
 
«Мінула жніво, скончылася лета, а нам няма спасеньня».

Заламаны і сумны я дзеля заламання дачкі народа майго; жах ахапіў мяне.
 
З прычыны патрышчаньня дачкі люду майго я патрышчаны; я шчарнеў, жах агарнуў мяне.

Ці няма бальзаму ў Галаадзе, ці няма там лекара? Дык чаму не зацягнулася рана дачкі народа майго?
 
Ціж няма бальсаму ў Ґілеадзе? ціж няма там лекара? дык чаму ж не паправілася ўздараўленьне дачкі люду майго?