Ераміі 40 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Слова, якое было Ераміі ад Госпада, пасьля таго як Навузардан, начальнік целаахоўцаў, адпусьціў яго з Рамы, дзе ён узяў яго скаванага ланцугамі сярод іншых палонных Ерусалімцаў і Юдэяў, якіх перасялілі ў Вавілон.
Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА пасьля таго, як вызваліў яго з Рамы Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, калі ён узяў яго, а ён быў закуты ў кайданы сярод усіх выгнанцаў з Ерусаліму і Юды, якія мелі быць выведзеныя ў Бабілон.
Начальнік целаахоўцаў узяў Ерамію і сказаў яму: «Гасподзь Бог твой вырак гэта бедства на месца гэтае,
І ўзяў начальнік целаахоўнікаў Ярэмію, і сказаў яму: «ГОСПАД, Бог твой, прамовіў пра ліха гэтае супраць месца гэтага.
і навёў яго Гасподзь і зрабіў тое, што сказаў; бо вы зграшылі перад Госпадам і ня слухаліся голасу Ягонага, за тое і спасьцігла вас гэта.
І зьдзейсьніў, і зрабіў ГОСПАД, як прадказваў, бо вы саграшылі супраць ГОСПАДА і ня слухалі голас Ягоны, і сталася з вамі такая рэч.
Дык вось, я вызваляю цябе сёньня з ланцугоў, якія на руках тваіх: калі табе заўгодна ісьці са мною ў Вавілон, — ідзі, і я мецьму клопат за цябе; а калі незаўгодна табе ісьці са мною ў Вавілон, — заставайся. Вось, уся зямля перад табою; куды табе заўгодна, і куды падабаецца ісьці, туды і ідзі».
І цяпер вось, я вызваляю цябе сёньня з путаў, якія на руках тваіх. Калі добра ў вачах тваіх ісьці са мною ў Бабілон, ідзі, і я скірую вочы мае на цябе. А калі дрэнна ў вачах тваіх ісьці са мною ў Бабілон, заставайся. Глядзі, уся зямля перад абліччам тваім, куды добра і слушна ў вачах тваіх ісьці, туды ідзі».
Калі ён яшчэ не адышоў, сказаў Навузардан: «ідзі да Гадоліі, сына Ахікамавага, сына Сафанавага, якога цар Вавілонскі паставіў над гарадамі Юдэйскімі, і заставайся зь ім сярод народа; альбо ідзі, куды падабаецца табе ісьці». І даў яму начальнік целаахоўцаў прадуктаў і дарунак і адпусьціў яго.
І калі ён яшчэ не павярнуўся, [сказаў]: «Вярніся да Гедаліі, сына Ахікама, сына Шафана, якога валадар Бабілонскі прызначыў над гарадамі Юды, і жыві з ім сярод народу, або ідзі туды, куды слушна ў вачах тваіх». І даў яму начальнік целаахоўнікаў харчоў і падарункі, і адпусьціў яго.
І прыйшоў Ерамія да Гадоліі, сына Ахзікамавага, у Масіфу, і жыў зь ім сярод народа, які заставаўся ў краіне.
І пайшоў Ярэмія да Гедаліі, сына Ахікама, у Міцпу, і жыў з ім сярод народу, які застаўся ў зямлі [Юды].
Калі ўсе ваеначальнікі, якія былі ў полі, яны і людзі іхнія, пачулі, што цар Вавілонскі паставіў Гадолію, сына Ахікамавага, начальнікам над краінаю і даручыў Яму мужчын і жанчын і дзяцей, і тых зь беднякоў краіны, якія ня былі пераселены ў Вавілон,
І пачулі ўсе князі войскаў, якія [былі] ў полі, яны самі і людзі іхнія, што валадар Бабілонскі вызначыў над краем Гедалію, сына Ахікама, і што даручыў яму мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і ўбогіх зямлі, якія не былі выгнаныя ў Бабілон.
тады прыйшлі да Гадоліі ў Масіфу і Ісмаіл, сын Натаніі, і Ёанан і Ёнатан, сыны Карэевыя, і Сэрая, сын Танасмэта, і сыны Офі з Нэтафаты, і Езанія, сын Махаты, яны і дружына іхняя,
Тады яны прыйшлі да Гедаліі ў Міцпу: Ізмаэль, сын Нэтаніі, Ёханан і Ёнатан, сыны Карэаха, Сэрая, сын Танхумэта, сыны Эфая з Нэтофы, Езанія, сын Маахіцяніна, яны самі і людзі іхнія.
Гадолія, сын Ахікамаў, сына Сафанавага, запрысягнуўся ім, кажучы: «ня бойцеся служыць Халдэям, заставайцеся на зямлі і служэце цару Вавілонскаму, і будзе вам добра;
І Гедалія, сын Ахікама, сына Шафана, запрысягнуў ім і людзям іхнім, кажучы: «Ня бойцеся служыць Халдэйцам! Заставайцеся ў зямлі гэтай і служыце валадару Бабілонскаму, і будзе вам добра.
А я застануся ў Масіфе, каб стаяць перад абліччам Халдэяў, якія будуць прыходзіць да нас; а вы зьбірайце віно і летнія плады і алей і зьбірайце ў посуд ваш, і жывеце ў гарадах вашых, якія занялі».
А я вось, буду жыць у Міцпе, каб заступацца перад абліччам Халдэйцаў, якія прыйдуць да нас, а вы зьбірайце віно, плады і алей, і складайце ў пасудзіны вашыя, і жывіце ў гарадах, якія вы маеце на ўласнасьць».
Таксама і ўсе Юдэі, якія былі ў зямлі Маавіцкай і сярод сыноў Амона і ў Ідумэі, і ва ўсіх краінах, пачулі, што цар Вавілонскі пакінуў частку Юдэяў і паставіў над імі Гадолію, сына Ахікамавага, сына Сафанавага;
І таксама ўсе Юдэі, якія [былі] ў Мааве і сярод сыноў Амона, і ў Эдоме, і ў-ва ўсіх землях, пачулі, што валадар Бабілонскі пакінуў рэшту [людзей] у Юдзе і паставіў над імі Гедалію, сына Ахікама, сына Шафана.
і вярнуліся ўсе гэтыя Юдэі з усіх мясьцінаў, куды былі выгнаны, і прыйшлі ў зямлю Юдэйскую да Гадоліі ў Масіфу, і сабралі віна і летніх пладоў вельмі шмат.
І вярнуліся ўсе жыхары Юдэі з усіх месцаў, у якія былі расьцярушаныя, і прыйшлі ў зямлю Юды да Гедаліі ў Міцпу, і сабралі віно і пладоў вельмі багата.
Тым часам Янан, сын Карэеў, і ўсе вайсковыя начальнікі, якія былі ў полі, прыйшлі да Гадоліі ў Масіфу
А Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войскаў, якія [былі] ў полі, прыйшлі да Гедаліі ў Міцпу
і сказалі яму: «ці ведаеш ты, што Вааліс, цар сыноў Амонавых, прыслаў Ісмаіла, сына Натаніі, каб забіць цябе»? Але Гадолія, сын Ахікамаў, не паверыў ім.
і сказалі яму: «Ці табе вядома, што Бааліс, валадар сыноў Амона, паслаў Ізмаэля, сына Нэтаніі, каб забіць цябе?» Але не паверыў ім Гедалія, сын Ахікама.
Тады Янан, сын Карэеў, сказаў Гадоліі патайна ў Масіфе: «дазволь мне, і я пайду і заб’ю Ісмаіла, сына Натаніі, і ніхто не даведаецца; навошта дапускаць, каб ён забіў цябе, і каб усе Юдэі, што сабраліся да цябе, расьсеяліся, і каб загінула рэшта Юдава»?
А Ёханан, сын Карэаха, сказаў патаемна Гедаліі ў Міцпе, кажучы: «Я пайду і заб’ю Ізмаэля, сына Нэтаніі, і ніхто ня будзе ведаць. Навошта ён мае забраць душу тваю, і ўсе Юдэі, якія зараз сабраўшыся пры табе, расьцярушацца, і загіне рэшта Юды?»
Але Гадолія, сын Ахікамаў, сказаў Янану, сыну Карэеваму: «не рабі гэтага, бо ты няпраўду кажаш пра Ісмаіла».
І сказаў Гедалія, сын Ахікама, Ёханану, сыну Карэаха: «Не рабі гэтай рэчы, бо хлусьню ты гаворыш пра Ізмаэля».