Ераміі 40 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Слова, якое было Ярэміі ад Госпада па вызваленні яго з Рамы Набузарданам, кіраўніком целаахоўнікаў, калі ён вызваў яго, скаванага ланцугамі сярод усіх тых, што выходзілі з Ерузаліма і Юды ды мелі быць выведзеныя ў Бабілон.
 
Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА пасьля таго, як вызваліў яго з Рамы Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, калі ён узяў яго, а ён быў закуты ў кайданы сярод усіх выгнанцаў з Ерусаліму і Юды, якія мелі быць выведзеныя ў Бабілон.

І ўзяў кіраўнік целаахоўнікаў Ярэмію, і сказаў яму: «Госпад, Бог твой, прадказаў такое няшчасце гэтаму месцу;
 
І ўзяў начальнік целаахоўнікаў Ярэмію, і сказаў яму: «ГОСПАД, Бог твой, прамовіў пра ліха гэтае супраць месца гэтага.

і здзейсніў, і зрабіў Госпад, як прадказваў. Саграшылі бо вы супраць Госпада і не паслухаліся Яго голасу, і таму здзейснілася на вас слова гэтае.
 
І зьдзейсьніў, і зрабіў ГОСПАД, як прадказваў, бо вы саграшылі супраць ГОСПАДА і ня слухалі голас Ягоны, і сталася з вамі такая рэч.

Цяпер, вось, я вызваляю цябе з путаў, якія на руках тваіх. Калі здаецца табе добрым ісці са мною ў Бабілон, то ідзі; тады я ўскладу вочы свае на цябе; калі табе здаецца нядобрым ісці са мною ў Бабілон, то заставайся. Вось, уся зямля — перад табою: што выбраў ты і куды табе ісці даспадобы — туды і накіруйся.
 
І цяпер вось, я вызваляю цябе сёньня з путаў, якія на руках тваіх. Калі добра ў вачах тваіх ісьці са мною ў Бабілон, ідзі, і я скірую вочы мае на цябе. А калі дрэнна ў вачах тваіх ісьці са мною ў Бабілон, заставайся. Глядзі, уся зямля перад абліччам тваім, куды добра і слушна ў вачах тваіх ісьці, туды ідзі».

Вярніся да Гадаліі, сына Ахікама, сына Сафана, якога цар Бабілона зрабіў кіраўніком над гарадамі юдэйскімі, і жыві з ім сярод народа, або ідзі туды, куды табе захочацца пайсці». І даў яму кіраўнік целаахоўнікаў харчоў і падарункі і адпусціў яго.
 
І калі ён яшчэ не павярнуўся, [сказаў]: «Вярніся да Гедаліі, сына Ахікама, сына Шафана, якога валадар Бабілонскі прызначыў над гарадамі Юды, і жыві з ім сярод народу, або ідзі туды, куды слушна ў вачах тваіх». І даў яму начальнік целаахоўнікаў харчоў і падарункі, і адпусьціў яго.

І прыйшоў Ярэмія да Гадаліі, сына Ахікама, у Міцпу, і абжыўся з ім сярод народа, які застаўся ў краіне.
 
І пайшоў Ярэмія да Гедаліі, сына Ахікама, у Міцпу, і жыў з ім сярод народу, які застаўся ў зямлі [Юды].

Калі пачулі ўсе кіраўнікі войскаў, якія былі раскінуты па ваколіцах, яны самі і іх людзі, што цар Бабілона зрабіў кіраўніком над краінаю Гадалію, сына Ахікама, і што даручыў яму мужчын і жанчын, дзяцей і тых з убогіх зямлі, якія не былі пераселены ў Бабілон,
 
І пачулі ўсе князі войскаў, якія [былі] ў полі, яны самі і людзі іхнія, што валадар Бабілонскі вызначыў над краем Гедалію, сына Ахікама, і што даручыў яму мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і ўбогіх зямлі, якія не былі выгнаныя ў Бабілон.

то прыйшлі да Гадаліі ў Міцпу: Ізмаэль, сын Натаніі, Ёханан і Ёнатан, сыны Карэя, Сарая, сын Тангумэта, ды сыны Опі, якія былі з Нэтофы, Езанія, сын Мааха, яны самі і людзі іх.
 
Тады яны прыйшлі да Гедаліі ў Міцпу: Ізмаэль, сын Нэтаніі, Ёханан і Ёнатан, сыны Карэаха, Сэрая, сын Танхумэта, сыны Эфая з Нэтофы, Езанія, сын Маахіцяніна, яны самі і людзі іхнія.

І Гадалія, сын Ахікама, сына Сафана, склаў ім і людзям іх прысягу, кажучы: «Не бойцеся служыць халдэям! Заставайцеся ў краіне і служыце цару Бабілона, і будзе вам добра.
 
І Гедалія, сын Ахікама, сына Шафана, запрысягнуў ім і людзям іхнім, кажучы: «Ня бойцеся служыць Халдэйцам! Заставайцеся ў зямлі гэтай і служыце валадару Бабілонскаму, і будзе вам добра.

Я, вось, застаюся ў Міцпе, каб заступацца перад халдэямі, якія прыходзяць да нас, а вы збірайце віно, плады і алей, і складайце ў свае пасудзіны, і жывіце ў гарадах сваіх, якія займаеце».
 
А я вось, буду жыць у Міцпе, каб заступацца перад абліччам Халдэйцаў, якія прыйдуць да нас, а вы зьбірайце віно, плады і алей, і складайце ў пасудзіны вашыя, і жывіце ў гарадах, якія вы маеце на ўласнасьць».

Таксама ўсе жыхары Юды, якія былі ў зямлі Маабскай і сярод сыноў Амона, і ў Эдоме, і ва ўсіх краях, пачулі, што цар Бабілона пакінуў частку людзей у Юдэі і паставіў над імі начальнікам Гадалію, сына Ахікама, сына Сафана.
 
І таксама ўсе Юдэі, якія [былі] ў Мааве і сярод сыноў Амона, і ў Эдоме, і ў-ва ўсіх землях, пачулі, што валадар Бабілонскі пакінуў рэшту [людзей] у Юдзе і паставіў над імі Гедалію, сына Ахікама, сына Шафана.

Дык вярнуліся ўсе жыхары Юдэі з усіх месцаў, у якія былі выгнаныя, і прыйшлі ў зямлю Юдэйскую да Гадаліі ў Міцпу, і сабралі віна і пладоў вельмі многа.
 
І вярнуліся ўсе жыхары Юдэі з усіх месцаў, у якія былі расьцярушаныя, і прыйшлі ў зямлю Юды да Гедаліі ў Міцпу, і сабралі віно і пладоў вельмі багата.

А Ёханан, сын Карэя, і ўсе кіраўнікі войскаў, якія былі раскінуты па ваколіцах, прыбылі да Гадаліі ў Міцпу
 
А Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войскаў, якія [былі] ў полі, прыйшлі да Гедаліі ў Міцпу

і сказалі яму: «Ведай, што Бааліс, цар сыноў Амона, паслаў Ізмаэля, сына Натаніі, знішчыць душу тваю». Але не паверыў ім Гадалія, сын Ахікама.
 
і сказалі яму: «Ці табе вядома, што Бааліс, валадар сыноў Амона, паслаў Ізмаэля, сына Нэтаніі, каб забіць цябе?» Але не паверыў ім Гедалія, сын Ахікама.

А Ёханан, сын Карэя, сказаў патаемна Гадаліі ў Міцпе так: «Я пайду і заб’ю Ізмаэля, сына Натаніі, так што ніхто не даведаецца. Навошта мае ён душу тваю знішчыць? Бо ўсе жыхары Юды, якія зараз сабраны пры табе, разбягуцца, і гэтак прападзе рэшта Юды».
 
А Ёханан, сын Карэаха, сказаў патаемна Гедаліі ў Міцпе, кажучы: «Я пайду і заб’ю Ізмаэля, сына Нэтаніі, і ніхто ня будзе ведаць. Навошта ён мае забраць душу тваю, і ўсе Юдэі, якія зараз сабраўшыся пры табе, расьцярушацца, і загіне рэшта Юды?»

І сказаў Гадалія, сын Ахікама, Ёханану, сыну Карэя: «Не рабі гэтак; бо фальшыва гаворыш ты пра Ізмаэля».
 
І сказаў Гедалія, сын Ахікама, Ёханану, сыну Карэаха: «Не рабі гэтай рэчы, бо хлусьню ты гаворыш пра Ізмаэля».