Ераміі 52 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Сэдэцыя меў дваццаць адзін год, калі стаў царом, і цараваў адзінаццаць гадоў у Ерузаліме. І маці яго называлася Аміталь, дачка Ярэміі з Лебны.
Сэдэкія меў дваццаць адзін год, калі заваладарыў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Хамуталь, дачка Ярэміі з Лібны.
І рабіў ён ліхое ў вачах Госпада, падобна ўсяму таму, як рабіў Ёакім,
І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, усё так, як рабіў Егаякім.
бо гнеў Госпада на Ерузалім і Юду быў такі, што Ён адпіхнуў іх ад аблічча Свайго. Тады вось Сэдэцыя адступіўся ад цара Бабілона.
Бо сталася гэта з прычыны гневу ГОСПАДА на Ерусалім і Юду, бо Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго. І збунтаваўся Сэдэкія супраць валадара Бабілонскага.
І сталася ў дзевятым годзе яго царавання, у дзесятым месяцы, у дзесяты дзень месяца, прыйшоў цар Бабілона Набукаданосар, ён і ўсё войска яго, супраць Ерузаліма; і абклалі яго, і збудавалі супраць яго валы наўкола.
І сталася ў дзявятым годзе валадараньня ягонага, у дзясятым месяцы, у дзясяты [дзень] месяца прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, ён і ўсё войска ягонае, да Ерусаліму і аблажыў яго, і пабудаваў кругом яго валы.
І горад быў у аблозе аж да адзінаццатага года цара Сэдэцыі.
І горад быў у аблозе аж да адзінаццатага году валадара Сэдэкіі.
У чацвёртым месяцы, дзевятага дня месяца запанаваў голад у горадзе, і не было ўжо хлеба для народа зямлі.
У чацьвёртым месяцы, у дзявяты [дзень] месяца запанаваў голад у горадзе, і не было хлеба для народу зямлі.
І зроблены быў вылам у муры горада, і ўсе ваяры пабеглі з горада і ўцяклі ноччу праз браму між падвоенымі мурамі, якая вядзе ў царскі сад, а халдэі былі вакол горада. І выйшлі яны дарогай у кірунку да Арабы.
І быў зроблены вылом у муры гораду, і ўсе ваяры ўцяклі і выйшлі з гораду ўначы праз браму між падвойным мурам, які каля саду валадара, а Халдэйцы былі вакол гораду. І выйшлі яны дарогай у бок Арабы.
І войска халдэйскае гналася за царом, і дагналі Сэдэцыю на раўніне каля Ерыхона, а ўсё войска яго разбеглася ад яго.
І войска Халдэйскае гналася за валадаром, і дагналі Сэдэкію ў стэпе каля Ерыхону, і ўсё войска ягонае рассыпалася ад яго.
І схапілі цара, і завялі яго ў Рэблу ў зямлі Эмат да цара Бабілона; і той выдаў на яго прысуд.
І схапілі валадара, і завялі яго ў Рыўлю ў зямлі Хамат да валадара Бабілонскага, і ён выдаў на яго прысуд.
І цар Бабілона забіў сыноў Сэдэцыі на яго вачах, а таксама ўсіх князёў юдэйскіх забіў у Рэблі.
І забіў валадар Бабілонскі сыноў Сэдэкіі на вачах ягоных, а таксама ўсіх князёў Юды пазабівалі ў Рыўлі.
А потым вырваў вочы Сэдэцыі і закаваў у падвоеныя медныя кайданы, і павёў яго цар Бабілона ў Бабілон, і ўкінуў яго ў вязніцу аж да дня яго смерці.
І [Навухаданосар] вырваў вочы Сэдэкіі і закаваў яго ў кайданы, і завёў яго валадар Бабілонскі ў Бабілон, і ўкінуў у вастрог аж да дня сьмерці ягонай.
У пятым месяцы, у дзесяты дзень месяца, а быў гэта дзевятнаццаты год Набукаданосара, цара Бабілона, увайшоў у Ерузалім Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, які стаяў перад царом Бабілона.
А ў пятым месяцы, у дзясяты [дзень] месяца, а [быў] гэта дзевятнаццаты год Навухаданосара, валадара Бабілонскага, увайшоў у Ерусалім Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, які стаяў перад абліччам валадара Бабілонскага.
І спаліў ён дом Госпада і палац цара, а таксама ўсе дамы ў Ерузаліме, і кожны вялікі дом спаліў агнём.
І спаліў ён Дом ГОСПАДА, і дом валадара, і ўсе дамы ў Ерусаліме, і кожны вялікі дом спаліў агнём.
А ўсё войска халдэйскае, якое было з кіраўніком целаахоўнікаў, разбурыла ўвесь мур вакол Ерузаліма.
І зруйнавала ўвесь мур вакол Ерусаліму войска Халдэйскае, якое [было] з начальнікам целаахоўнікаў.
А частку беднага народа і рэшту люду, што засталася ў горадзе, а таксама частку ўцекачоў, якія перайшлі да цара Бабілона, ды рэшту рамеснікаў Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, перасяліў у няволю.
А галоту народу і рэшту народу, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія перайшлі да валадара Бабілонскага, і рэшту людзей простых выгнаў [у няволю] Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў.
Толькі некаторых з бяднейшых людзей зямлі Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, пакінуў як вінаградараў і земляробаў.
А [некаторых] з галоты народу зямлі пакінуў Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, як вінаградараў і земляробаў.
І паламалі халдэі медныя слупы, якія былі ў святыні Госпада, і падножжы, і меднае мора, што было ў доме Госпада ў святыні, і ўсю медзь іх вывезлі ў Бабілон.
І паламалі Халдэйцы слупы мядзяныя, якія [былі] ў Доме ГОСПАДА, і падставы, і мора мядзянае, якое [было] ў Доме ГОСПАДА, і ўсю медзь вывезьлі ў Бабілон.
І ўзялі яны таксама катлы, лапаткі, нажніцы, крапільніцы, лыжкі і ўвесь медны посуд, якім карысталіся пры служэнні,
І ўзялі яны катлы, лапаткі, нажніцы, крапільніцы, лыжкі і ўвесь посуд мядзяны, якім [карысталіся] пры служэньні.
кіраўнік целаахоўнікаў забраў таксама курыльніцы, крапільніцы, катлы, падсвечнікі, чары і міскі, і што было з чыстага золата, і што было з чыстага срэбра.
І місы, папяльніцы, крапільніцы, збаны, сьвечнікі, келіхі і лыжкі, і што было з золата, [усё] золата, і што было са срэбра, [усё] срэбра забраў начальнік целаахоўнікаў.
І не можна было зважыць медзі з усіх тых рэчаў: з двух слупоў, аднаго мора, дванаццаці медных валоў: яны былі падножжам, якое зрабіў цар Саламон для святыні Госпада.
І два слупы, адно мора, дванаццаць валоў мядзяных, [медзь] ад падставаў, якія зрабіў для Дому ГОСПАДА валадар Салямон, і нельга было зважыць медзі з усіх тых рэчаў.
Слупы мелі васемнаццаць локцяў вышыні кожны, і шнур на дванаццаць локцяў апаясваў іх, а таўшчыня іх — чатыры пальцы, а ў сярэдзіне былі пустыя.
Слупы [былі такія:] васямнаццаць локцяў вышыні адзін слуп, і шнур у дванаццаць локцяў апаясваў яго, таўшчыня ягоная — чатыры пальцы, а ў сярэдзіне — пусты.
На кожным была галавіца з медзі, а вышыня аднае галавіцы была пяць локцяў, і сеціва з яблыкамі граната было кругом галавіцы, ўсё з медзі. А другі слуп быў такі самы.
На ім [была] галавіца з медзі, а вышыня адной галавіцы — пяць локцяў, і сеціва, і яблыкі гранатовыя кругом галавіцы, усё з медзі. І другі слуп быў такі самы, і яблыкі гранатовыя.
І было разам дзевяноста шэсць яблыкаў граната размешчана ўздоўж, а ўсяго было вакол на сеціве сто яблыкаў граната.
І было дзевяноста шэсьць яблыкаў гранатовых уздоўж, а ўсяго было вакол на сеціве сто яблыкаў гранатовых.
Кіраўнік целаахоўнікаў узяў таксама Сараю, першасвятара, і Сафонію, другога святара, поруч трох прыдзвернікаў.
І схапіў начальнік целаахоўнікаў Сэраю, галоўнага сьвятара, і сьвятара-намесьніка Цэфанію, і трох прыдзьвернікаў.
А з горада ўзяў ён аднаго еўнуха, які быў кіраўніком войска, і сем чалавек з ліку тых, якія бачылі аблічча цара, якіх знайшлі ў горадзе, і пісара кіраўніка войскаў, які запісваў у войска людзей зямлі, а таксама шэсцьдзесят чалавек з людзей зямлі, якіх знайшлі ў горадзе.
А ў горадзе схапіў ён аднаго эўнуха, які быў начальнікам войска, і сем чалавек, якія бачаць аблічча валадара, якіх знайшлі ў горадзе, і пісара начальніка войска, які рабіў попіс народу зямлі, і шэсьцьдзясят людзей простых, якіх знайшлі ў горадзе.
І ўзяў іх Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, і завёў іх да цара Бабілона ў Рэблу.
І ўзяў іх Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, і завёў іх да валадара Бабілонскага ў Рыўлю.
І цар Бабілона забіў іх, і замардаваў іх у Рэблі, у зямлі Эмат. І быў выселены Юда з зямлі сваёй.
І забіў іх валадар Бабілонскі, і замардаваў іх у Рыўлі ў зямлі Хамат. І быў выгнаны Юда з зямлі сваёй.
Вось той народ, які вывеў у няволю Набукаданосар: у сёмым годзе — тры тысячы дваццаць тры юдэі;
Вось народ, які выгнаў [у няволю] Навухаданосар: у сёмым годзе — тры тысячы дваццаць тры Юдэі;
у васемнаццатым годзе Набукаданосара — восемсот трыццаць дзве душы з Ерузаліма.
у васямнаццатым годзе Навухаданосара — васемсот трыццаць дзьве душы з Ерусаліму;
У дваццаць трэцім годзе Набукаданосара кіраўнік целаахоўнікаў Набузардан завёў у няволю семсот сорак пяць душ юдэяў. Усіх разам чатыры тысячы шэсцьсот.
у дваццаць трэцім годзе Навухаданосара Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, выгнаў [у няволю] семсот сорак пяць душаў Юдэяў. Усіх [разам] — чатыры тысячы шэсьцьсот душаў.
І сталася ў трыццаць сёмым годзе па высяленні ў няволю Ёахіна, цара Юдэйскага, у дванаццаты месяц, дваццаць пятага дня месяца, Эвілмэрадах, цар Бабілона, у год, у які пачаў цараваць, узняў галаву Ёахіну, цару Юдэйскаму, і вывеў яго з вязніцы.
І сталася ў трыццаць сёмым годзе выгнаньня Егаяхіна, валадара Юды, у дванаццатым месяцы, у дваццаць пяты [дзень] месяца, Эвіль-Мэрадах, валадар Бабілонскі, у год, калі заваладарыў, падняў галаву Егаяхіну, валадару Юды, і вывеў яго з вязьніцы.
І ён гаварыў з ім ласкава, і паставіў яго пасад па-над пасадамі цароў, якія былі з ім у Бабілоне.
І ён прамаўляў да яго добра, і ўзьняў пасад ягоны па-над пасады валадароў, якія [былі] з ім у Бабілоне.
І памяняў Ёахін свае шаты вязнічныя, і еў заўсёды перад царом ува ўсе дні жыцця свайго.
І зьняў Егаяхін шаты свае вязьнічныя, і еў хлеб заўсёды перад абліччам ягоным у-ва ўсе дні жыцьця свайго.
І ўтрыманне яго, утрыманне пастаяннае, было дадзена яму царом Бабілона трывала на кожны дзень, аж да дня смерці яго, ва ўсе дні жыцця яго.
І [адносна] ежы ягонай, ежа заўсёды давалася яму ад валадара Бабілонскага дзень у дзень аж да сьмерці ягонай у-ва ўсе дні жыцьця ягонага.