Ераміі 38 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І пачулі Сафація, сын Матана, Гадалія, сын Пасура, і Юкал, сын Сэлеміі, і Пасур, сын Мэльхіі, словы, якія прамаўляў Ярэмія да ўсяго народа, кажучы:
І пачулі Шэфатыя, сын Матана, і Гедалія, сын Пашхура, і Юхаль, сын Шэлеміі, і Пашхур, сын Малькіі, слова, якое прамовіў Ярэмія да ўсяго народу, кажучы:
«Гэта кажа Госпад: “Хто застанецца ў гэтым горадзе, памрэ ад меча, голаду і пошасці, хто ж пяройдзе да халдэяў, застанецца жыць, і душа яго будзе здабычаю яму, і будзе жыць”.
«Гэта кажа ГОСПАД. Хто застанецца ў горадзе гэтым, памрэ ад мяча, голаду і заразы. А хто пяройдзе да Халдэйцаў, застанецца жыць, і будзе для яго душа ягоная, як здабыча, і будзе жыць.
Гэта кажа Госпад: “Дакладна, горад гэты будзе выдадзены ў рукі войска цара Бабілона, і ён здабудзе яго”».
Гэта кажа ГОСПАД. Горад гэты выдаваньнем будзе выдадзены ў рукі войска валадара Бабілонскага, і ён здабудзе яго».
Дык князі сказалі цару: «Мы прасілі забіць гэтага чалавека, бо ён наўмысна аслабляе рукі ваяроў, якія засталіся ў гэтым горадзе, і рукі ўсяго народа, калі да іх гаворыць падобныя словы. Чалавек гэты не шукае спакою для гэтага народа, але няшчасця!»
І сказалі князі валадару: «Няхай памрэ, просім, чалавек гэты, бо ён аслабляе рукі ваяроў, якія засталіся ў горадзе гэтым, і рукі ўсяго народу, калі да іх прамаўляе падобныя словы. Бо чалавек гэты не шукае супакою для народу гэтага, але толькі ліха!»
І сказаў цар Сэдэцыя: «Вось, ён у вашых руках! Не можа бо цар ні ў чым вам запярэчыць».
І сказаў валадар Сэдэкія: «Вось, ён у руках вашых! Бо валадар ня можа нічога зрабіць супраць слова вашага».
І ўзялі яны Ярэмію, і ўкінулі яго ў яму Мэльхія, сына цара, якая знаходзілася на вартавым панадворку. І спусцілі Ярэмію на вяроўках. І не было ў яме вады, адно балота; і, такім чынам, трапіў Ярэмія ў бруд.
І яны ўзялі Ярэмію, і ўкінулі яго ў яму Малькіі, сына валадара, якая [была] на панадворку вартоўні, і спусьцілі [туды] Ярэмію на вяроўках. А ў яме не [было] вады, але толькі балота; і загруз Ярэмія ў балоце.
І пачуў Абэд-Мэлек з Этыёпіі, адзін з еўнухаў, што быў у доме цара, што Ярэмію кінулі ў яму, а цар сядзеў акурат у браме Бэньяміна,
І пачуў Эбэд-Мэлек з Кушу, адзін з эўнухаў, які быў у доме валадара, што Ярэмія ўкінуты ў яму, а валадар сядзеў у Браме Бэн’яміна.
і выйшаў Абэд-Мэлек з дома цара, і прамовіў цару, кажучы:
І выйшаў Эбэд-Мэлек з дому валадара, і сказаў валадару, кажучы:
«Валадару мой, цар! Гэтыя людзі зрабілі благое ўва ўсім, што ўчынілі прароку Ярэмію, укідваючы яго ў яму. Бо памрэ ж ён з голаду там, тым больш што няма ўжо хлеба ў горадзе!»
«Пане мой, валадару! Людзі гэтыя ўчынілі зло ў-ва ўсім, што зрабілі Ярэміі прароку, якога ўкінулі ў яму. І ён памрэ з голаду ў месцы гэтым, бо няма ўжо хлеба ў горадзе!»
І загадаў цар Абэд-Мэлеку з Этыёпіі, кажучы: «Вазьмі сабе адсюль трыццаць чалавек і выцягні прарока Ярэмію з ямы перш, чым ён памрэ».
І загадаў валадар Эбэд-Мэлеку з Кушу, кажучы: «Вазьмі ў руку тваю адсюль трыццаць чалавек і выцягні прарока Ярэмію з ямы перш, чым ён памрэ».
І Абэд-Мэлек, узяўшы з сабою людзей, пайшоў у дом цара, у пакой, што быў пад скарбніцай, узяў адтуль анучы са старога адзення ды лахманы і спусціў іх на вяроўках Ярэмію ў яму.
І Эбэд-Мэлек узяў людзей у руку сваю, і пайшоў у дом валадара пад скарбніцаю, і ўзяў адтуль падзёртую адзежу і зношаныя лахманы, і спусьціў іх на вяроўках да Ярэміі ў яму.
І сказаў Абэд-Мэлек з Этыёпіі Ярэмію: «Падкладзі сабе гэтыя старыя анучы пад пахі і пад вяроўкі». І Ярэмія зрабіў гэтак.
І сказаў Эбэд-Мэлек з Кушу Ярэміі: «Падлажы, прашу, сабе падзёртае адзеньне і зношаныя лахманы пад пахі рук тваіх і пад вяроўкі». І Ярэмія зрабіў гэтак.
І выцягнулі Ярэмію на вяроўках, і дасталі яго з ямы. І сядзеў Ярэмія на панадворку варты.
І пацягнулі Ярэмію на вяроўках, і выцягнулі з ямы. І сядзеў Ярэмія на панадворку вартоўні.
Тады цар Сэдэцыя паслаў прывесці прарока Ярэмію да яго, да трэцяга ўваходу, які быў у доме Госпада. І сказаў цар Ярэмію: «Папытаюся ў цябе пра адну рэч, і ты не ўтойвай нічога ад мяне!»
І паслаў валадар Сэдэкія, і ўзяў Ярэмію прарока да сябе, да трэцяга ўваходу, які ў Доме ГОСПАДА. І сказаў валадар Ярэміі: «Спытаюся ў цябе пра адну рэч, і ты не схавай нічога ад мяне!»
І сказаў Ярэмія Сэдэцыі: «Калі прадкажу табе, хіба не заб’еш мяне? А калі дам табе раду, не паслухаеш мяне».
І сказаў Ярэмія Сэдэкіі: «Калі я распавяду табе, ты, забіваючы, заб’еш мяне. А калі я дам табе раду, ты не паслухаеш мяне».
І прысягнуў цар Сэдэцыя патаемна Ярэмію гэтымі словамі: «Жывы Госпад, Які даў нам гэтую душу, не заб’ю цябе і не выдам цябе ў рукі людзей, тых, якія цікуюць на тваю душу!»
І прысягнуў валадар Сэдэкія патаемна Ярэміі, кажучы: «Як жывы ГОСПАД, Які зрабіў нам душу нашую, не заб’ю цябе, і ня выдам у рукі людзей, якія шукаюць душу тваю».
Тады Ярэмія сказаў Сэдэцыі: «Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля. Калі ты добраахвотна выйдзеш да князёў цара Бабілона, то будзе жыць душа твая, і горад гэты не будзе спалены агнём, і ты будзеш жыць, і дом твой.
І сказаў Ярэмія Сэдэкіі: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Калі ты, выходзячы, выйдзеш да князёў валадара Бабілонскага, будзе жыць душа твая, і горад гэты ня будзе спалены агнём, і ты будзеш жыць, і дом твой.
Калі ж не выйдзеш да князёў цара Бабілона, то горад гэты трапіць у рукі халдэяў, і спаляць яго агнём, і сам ты не ўхаваешся ад рукі іх».
А калі ня выйдзеш да князёў валадара Бабілонскага, тады горад гэты будзе выдадзены ў рукі Халдэйцаў, і яны спаляць яго агнём, і сам ты не ўцячэш ад рукі іхняй».
І сказаў цар Сэдэцыя Ярэміі: «Я баюся жыхароў Юдэі, якія перайшлі да халдэяў, каб яны часам не выдалі мяне ў іх рукі і каб не здзекаваліся з мяне».
І сказаў валадар Сэдэкія Ярэміі: «Я баюся людзей Юды, якія перайшлі да Халдэйцаў, каб яны часам ня выдалі мяне ў рукі іхнія і каб тыя ня зьдзекваліся з мяне».
Ярэмія адказаў: «Не выдадуць яны цябе. Паслухай, калі ласка, голасу Госпада ў справе, аб якой я табе кажу, і выйдзе табе гэта на добрае, і будзе жыць душа твая.
І сказаў Ярэмія: «Ня выдадуць. Паслухай, прашу, голаса ГОСПАДА [адносна таго], што я кажу табе, і будзе табе добра, і будзе жыць душа твая.
Калі ж адмовішся выйсці, вось слова, якое паказаў мне Госпад:
А калі ты адмовішся выйсьці, вось слова, якое паказаў мне ГОСПАД.
“Вось, усе жанчыны, якія засталіся ў доме цара Юды, вядуцца да князёў цара Бабілона і крычаць: “Падманулі цябе і ашукалі цябе сябры твае; ногі твае ўгразлі ў балоце, а яны ўцяклі ад цябе.
І вось, усе жанчыны, якія засталіся ў доме валадара Юды, ведзеныя да князёў валадара Бабілонскага, і яны галосяць: “Падманулі цябе і ашукалі цябе сябры твае; ногі твае ўгразьлі ў балоце, а яны ўцяклі”.
І ўсе жонкі твае, і сыны твае будуць заведзены да халдэяў, і ты не ўцячэш ад рук іх, але будзеш схоплены рукою цара Бабілона; і горад гэты будзе спалены агнём”».
І ўсе жонкі твае і сыны твае будуць заведзены да Халдэйцаў, і ты не ўцячэш ад рук іхніх, бо схопіць цябе рука валадара Бабілонскага, і горад гэты будзе спалены агнём».
І сказаў Сэдэцыя Ярэміі: «Хай ніхто не ведае гэтых слоў, і ты не памрэш!
І сказаў Сэдэкія Ярэміі: «Няхай ніхто ня ведае пра словы гэтыя, і ты не памрэш!
Калі ж пачуюць князі, што я гаварыў з табой, прыйдуць яны да цябе і скажуць табе: “Скажы нам, аб чым гаварыў ты з царом? Нічога не хавай перад намі, тады не заб’ём цябе! Дык што табе казаў цар?”
А калі пачуюць князі, што я гаварыў з табой, і прыйдуць яны да цябе, і скажуць: “Скажы нам, што ты гаварыў да валадара? Нічога не хавай перад намі, і мы не заб’ем цябе! Дык што табе гаварыў валадар?”,
Тады ты скажаш ім: “Я ўзносіў свае маленні да цара, каб ён не загадаў зноў вярнуцца мне ў дом Ёнатана, бо там я памру”».
тады ты скажаш ім: “Я прынёс маленьне маё перад аблічча валадара, каб мяне не вярнулі ў дом Ёнатана, каб я не памёр там”».
І сапраўды прыйшлі да Ярэміі ўсе князі і запыталіся ў яго. І ён адказаў ім згодна з усім тым, што загадаў яму цар, і пакінулі яго ў супакоі, бо ніхто нічога не пачуў, пра што яны гаварылі.
І прыйшлі да Ярэміі ўсе князі, і спыталіся яго. І ён адказаў ім паводле ўсіх тых словаў, якія загадаў яму валадар, і яны моўчкі [адыйшлі] ад яго, бо не пачулі словаў тых.
І сядзеў Ярэмія далей на панадворку варты аж да дня, калі быў здабыты Ерузалім.
І сядзеў Ярэмія на панадворку вартоўні аж да дня, калі быў здабыты Ерусалім. І сталася, што быў здабыты Ерусалім.