Ераміі 43 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І сталася, калі Ярэмія скончыў абвяшчаць народу ўсе словы Госпада, Бога іх, дзеля якіх пасылаў яго Госпад, Бог іх,
І сталася, калі Ярэмія скончыў прамаўляць да ўсяго народу ўсе словы ГОСПАДА, Бога іхняга, якія паслаў да іх ГОСПАД, Бог іхні, усе словы гэтыя,
сказалі Азарыя, сын Асаі, і Ёханан, сын Карэя, і ўсе людзі дзёрзкія Ярэміі так: «Няпраўду ты гаворыш! Не паслаў цябе Госпад, Бог наш, каб ты казаў: “Не ідзіце ў Егіпет, каб там качаваць!”
сказалі Азарыя, сын Гашаі, і Ёханан, сын Карэаха, і ўсе людзі дзёрзкія, кажучы да Ярэміі: «Хлусьню ты гаворыш! Не пасылаў цябе ГОСПАД, Бог наш, кажучы: “Не ідзіце ў Эгіпет, каб там пасяліцца!”
Але Барух, сын Нэрыі, падгаворвае цябе супраць нас, каб выдаць нас у рукі халдэяў, каб яны павялі ў Бабілон».
Бо Барух, сын Нэрыі, намовіў цябе супраць нас, каб выдаць нас у рукі Халдэйцаў, каб забіць нас або выгнаць нас у Бабілон».
І Ёханан, сын Карэя, і ўсе кіраўнікі войска ды ўвесь народ не паслухалі голасу Госпада, каб заставацца ў зямлі Юдэйскай.
І Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войска, і ўвесь народ не паслухалі голасу ГОСПАДА, каб жыць у зямлі Юды.
І Ёханан, сын Карэя, і ўсе кіраўнікі войска сабралі ўсе рэшткі Юды, якія вярнуліся з усіх народаў, да якіх раней былі выгнаныя, каб жыць у зямлі Юдэйскай,
І Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войска ўзялі ўсю рэшту Юды, якія вярнуліся з усіх народаў, куды былі выгнаныя, каб жыць у зямлі Юды,
мужчын, жанчын, дзяцей, дачок царскіх ды ўсіх людзей, якіх Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, пакінуў разам з Гадаліяй, сынам Ахікама, сынам Сафана, і прарока Ярэмію, а таксама Баруха, сына Нэрыі.
мужчынаў, жанчынаў, дзяцей, дочак валадара і кожную душу, якую Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, пакінуў разам з Гедаліем, сынам Ахікама, сынам Шафана, і Ярэмію прарока, і Баруха, сына Нэрыі.
І пайшлі яны ў зямлю Егіпецкую, бо не паслухаліся голасу Госпада, і дайшлі аж да Тапнэса.
І пайшлі яны ў зямлю Эгіпецкую, бо не паслухаліся голасу ГОСПАДА, і прыйшлі ў Тахпанхэс.
І было слова Госпада да Ярэміі ў Тапнэсе такое:
І было слова ГОСПАДА да Ярэміі ў Тахпанхэсе, кажучы:
«Вазьмі ў рукі свае вялікія камяні і ў прысутнасці людзей з Юды схавай іх ў гліне цагельнай пры ўваходзе, які ёсць ля брамы Фараона ў Тапнэсе.
«Вазьмі ў рукі твае камяні вялікія і схавай іх у гліне цагельнай пры ўваходзе ў дом фараона ў Тахпанхэсе на вачах мужоў Юдэйскіх.
І скажы ім: гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я пашлю і вазьму Набукаданосара, цара Бабілона, слугу Майго. І пастаўлю Я яго пасад на гэтых камянях, якія Я схаваў, і паставіць ён свой пасад над імі.
І скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я пашлю і прывяду Навухаданосара, валадара Бабілонскага, слугу Майго. І ён паставіць пасад свой на камянях гэтых, якія Я схаваў, і ён расьцягне намёт свой над імі.
І прыйдзе, і ўдарыць зямлю Егіпецкую, і каго асудзіць на смерць, той пойдзе на смерць, каго на няволю, той пойдзе ў няволю, каго пад меч, той пойдзе пад меч.
І ён прыйдзе, і ўдарыць зямлю Эгіпецкую, і хто прызначаны на сьмерць, [той пойдзе] на сьмерць, хто ў палон, [той пойдзе] ў палон, хто пад меч, [той пойдзе] пад меч.
І запаліць ён агонь у капішчах багоў егіпецкіх, і спаліць іх, а тых забярэ ў палон, і ачысціць зямлю Егіпецкую, як ачышчае пастух ад вашэй адзенне сваё і выходзіць адтуль у супакоі.
І ён падпаліць агонь у дамах багоў Эгіпецкіх, і спаліць іх, і возьме ў палон, і ачысьціць зямлю Эгіпецкую, як чысьціць пастух адзеньне сваё, і выйдзе адтуль у супакоі.
І паломіць ён таксама слупы Бэтсамэса, якія знаходзяцца ў зямлі Егіпецкай, ды капішчы багоў егіпецкіх спаліць агнём”».
І паломіць ён слупы Бэт-Шэмэшу, які ў зямлі Эгіпецкай, і дамы багоў Эгіпецкіх спаліць агнём”».