Ераміі 17 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Грэх Юды запісаны жалезным пяром, высечаны дыяментавым лязом на табліцы сэрцаў іх і на рагах ахвярнікаў іх,
Грэх Юды запісаны разцом жалезным, вастрыём дыямантавым высечаны на табліцы сэрцаў іхніх і на рагах ахвярнікаў іхніх,
каб памяталі сыны іх пра ахвярнікі свае і пра ідалаў сваіх каля дрэў зялёных на высокіх узгорках, на гарах у полі.
каб памяталі сыны іхнія пра ахвярнікі іхнія і пра астартаў іхніх каля дрэваў зялёных на ўзгорках высокіх, на гары ў полі.
«Багацце тваё, усе скарбы твае Я аддам на разрабаванне, і вышыні твае — за грахі ва ўсіх межах тваіх.
Багацьце тваё, усе скарбы твае Я аддам на рабунак, [зьнішчу] ўзвышшы твае за ўсе грахі твае ў-ва ўсіх межах тваіх.
І пакінеш ты спадчыну тваю, якую даў Я табе; і ўчыню, каб служыў ты ворагам сваім, у зямлі, якой не ведаеш, бо вы распалілі агонь у сэрцы Маім, і будзе ён гарэць вечна».
І ты згубіш спадчыну тваю, якую Я даў табе; і Я зраблю, што ты будзеш служыць у ворагаў тваіх, у зямлі, якой ня ведаеш, бо вы распалілі агонь гневу Майго, і ён будзе гарэць вечна».
Гэта кажа Госпад: «Пракляты чалавек, які спадзяецца на чалавека і які робіць цела апораю сваёй, а ад Госпада адварочваецца сэрца яго!
Гэта кажа ГОСПАД: «Пракляты чалавек, які спадзяецца на чалавека і які цела робіць рамяном [сваім], а ад ГОСПАДА адварочваецца сэрца ягонае!
Ён будзе падобны да тамарыска на пустэчы, і не ўбачыць ён, калі прыходзіць дабро. Ён будзе жыць на сухім месцы ў пустыні, на зямлі салёнай і бязлюднай.
І ён будзе як хмызьняк у стэпе, і ня ўбачыць ён, калі прыходзіць добрае. Ён будзе жыць у месцы сухім у пустыні, на зямлі салёнай і бязьлюднай.
Дабраславёны чалавек, які спадзяецца на Госпада; і Госпад будзе надзеяй яго;
Дабраслаўлёны чалавек, які спадзяецца на ГОСПАДА, і ГОСПАД — надзея ягоная!
і будзе ён падобны да дрэва, якое пасаджана над вадою, якое пускае карані свае да струменяў, і не будзе баяцца, калі прыйдзе спякота, і лістота яго будзе зялёнай, і ў год засухі не будзе непакоіцца, і не перастане даваць плады».
І ён як дрэва, якое пасаджана над вадою і да струмянёў пускае карані свае, і ня будзе бачыць яно, калі прыйдзе спякота, і лісьце ягонае будзе зялёным, і ў год засухі ня будзе журыцца, і не перастане даваць плады.
«Сэрца чалавека здрадлівае больш за ўсё астатняе і не даецца вылечыць, хто спазнае яго?
Сэрца [чалавека] больш здрадлівае, чым усё [астатняе], і невылечнае; хто спазнае яго?
Я, Госпад, даследую сэрца і прасочваю ныркі, Я даю кожнаму паводле шляху яго і паводле пладоў учынкаў яго».
Я, ГОСПАД, дасьледую сэрца і выпрабоўваю ныркі, каб аднагародзіць кожнаму паводле шляхоў ягоных і паводле пладоў учынкаў ягоных.
«Курапатка выседжвае яйкі, якіх не знесла, такі ж самы і той, хто збірае багацце няпраўдаю. У сярэдзіне дзён сваіх ён пакіне яго, і ў апошнія дні свае стане неразумным.
Курапатка выседжвае [яйкі], якіх ня зьнесла, і [такі самы] той, хто набывае багацьце няпраўдаю. У сярэдзіне дзён сваіх ён пакіне яго, і пры канцы сваім станецца дурнем».
Пасад славы, узвышаны спрадвеку, — месца святыні нашай!
«Пасад славы, узвышаны спрадвеку — гэта месца сьвятыні нашай!
Надзея Ізраэля, Госпадзе, усе, што Цябе пакідаюць, — асаромяцца, а тыя, што адварочваюцца ад Цябе, будуць запісаныя на зямлі, бо пакінулі Госпада, крыніцу жывое вады.
Надзея Ізраіля, ГОСПАДЗЕ! Усе, якія пакідаюць Цябе, будуць асаромленыя. Тыя, якія адварочваюцца ад Цябе, будуць запісаныя на зямлі, бо яны пакінулі ГОСПАДА, крыніцу вады жывой.
Аздараві мяне, Госпадзе, і стануся здаровым, збаў мяне, і буду збаўлены! Бо Ты — слава мая!»
Аздараві мяне, ГОСПАДЗЕ, і буду аздароўлены! Збаў мяне, і буду збаўлены! Бо Ты — хвала мая!
Вось, тыя кажуць мне: «Дзе слова Госпада? Хай яно прыйдзе».
Вось, яны кажуць мне: “Дзе слова ГОСПАДА? Няхай яно прыйдзе”.
Я не спяшаўся быць пастарам у Цябе і не прагнуў дня знішчэння, Ты ведаеш: усё, што выйшла з вуснаў маіх, не было схавана перад Табою.
Але я не ўцякаў, каб быць пастырам у Цябе і ня прагнуў дня зьнішчэньня. Ты ведаеш, тое, што выходзіла з вуснаў маіх, было перад абліччам Тваім.
Не будзь для мяне страхам, Ты, прыстанішча маё ў дзень няшчасця!
Ня будзь для мяне жахам, Ты — прыбежышча маё ў дзень няшчасьця!
Хай будуць пасаромлены тыя, якія пераследуюць мяне, а я хай не буду пасаромлены; хай яны баяцца, а я хай не буду баяцца, спашлі на іх дзень няшчасця ды падвойным уціскам пакарай іх.
Няхай будуць асаромленыя тыя, якія перасьледуюць мяне, а я няхай ня буду асаромлены. Няхай яны будуць зьбянтэжаны, а я няхай ня буду зьбянтэжаны. Спашлі на іх дзень ліхі, і падвойным ударам удар іх».
Гэта Госпад сказаў мне: «Ідзі і стой у браме сыноў народа, праз якую ўваходзяць цары Юды і выходзяць, ды ва ўсіх брамах Ерузаліма.
Гэта сказаў мне ГОСПАД: «Ідзі і стань у браме сыноў народу, праз якую ўваходзяць валадары Юды і праз якую выходзяць, і ў-ва ўсіх брамах Ерусаліму,
Ды кажы ім: “Слухайце слова Госпада, цары Юды, і ўся Юдэя, і ўсе жыхары Ерузаліма, якія ўваходзіце праз гэтыя брамы.
і кажы ім: “Слухайце слова ГОСПАДА, валадары Юды, і ўвесь Юда, і ўсе жыхары Ерусаліму, якія ўваходзяць праз брамы гэтыя.
Гэта кажа Госпад: “Пільнуйце душы вашы і не насіце цяжару ў дзень суботы ды не ўносьце праз брамы Ерузаліма.
Гэта кажа ГОСПАД. Сьцеражыцеся, каб [захаваць] душы вашыя, і не насіце цяжараў у дзень суботы, і ня ўносьце іх праз брамы Ерусаліму.
І не выносьце цяжараў з сваіх дамоў у дзень суботы, і не рабіце ніякай работы: святкуйце дзень суботы, як загадаў Я бацькам вашым”».
І не выносьце цяжараў з дамоў вашых у дзень суботы, і не рабіце ніякай работы, але сьвяткуйце дзень суботы, як Я загадаў бацькам вашым”.
«Але яны не слухалі, і не прыхілілі вуха сваё, але зрабілі цвёрдым карак свой, каб не слухаць Мяне і не ўспрымаць павучанне.
Але яны ня слухалі, і не прыхілілі вуха сваё, але зрабілі цьвёрдым карак свой, каб ня слухаць і не прыняць настаўленьня.
І станецца, калі будзеце слухаць Мяне, — кажа Госпад, — каб не ўносілі цяжараў праз брамы горада гэтага ў дзень суботы, і каб святкавалі дзень суботы, ды не рабілі аніякае работы,
І станецца, калі, слухаючы, будзеце слухаць Мяне, кажа ГОСПАД, і ня будзеце ўносіць цяжараў праз брамы гораду гэтага ў дзень суботы, і будзеце сьвяткаваць дзень суботы, і ня будзеце рабіць у гэты [дзень] аніякае работы,
будуць уваходзіць праз брамы гэтага горада цары і князі, якія сядзяць на пасадзе Давіда ды ездзяць на падводах і конях, самі і князі іх, мужы Юдэі і жыхары Ерузаліма, а горад гэты будзе абжыты вечна.
будуць уваходзіць праз брамы гораду гэтага валадары і князі, якія сядзяць на пасадзе Давіда, будуць езьдзіць на калясьніцах і конях яны, князі іхнія, мужы Юды і жыхары Ерусаліму, а горад гэты будзе абжыты на вякі.
І будуць прыходзіць з гарадоў Юды ды з ваколіц Ерузаліма, і з зямлі Бэньяміна, і з Сэфэлі, і з гор, і з Нагэба, прыносячы ахвяры цэласпалення, ахвяры крывавыя, ахвяры хлебныя і кадзіла, і прынясуць ахвяру падзякі ў дом Госпада.
І будуць прыходзіць з гарадоў Юды і з ваколіцаў Ерусаліму, з зямлі Бэн’яміна, з Шэфэлі, з гор і з Нэгеву, прыносячы цэласпаленьні і ахвяры, ахвяры хлебныя і кадзіла і прыносячы ахвяры падзякі ў Дом ГОСПАДА.
А калі Мяне не паслухаеце, каб святкаваць дзень суботы, каб устрымацца ад нясення цяжараў, уваходзячы брамамі Ерузаліма ў дзень суботы, Я запалю агонь у яго брамах, і ён праглыне дамы Ерузаліма ды не згасне».
А калі ня будзеце слухаць Мяне, каб сьвяткаваць дзень суботы, і не насіць цяжараў, уваходзячы праз брамы Ерусаліму ў дзень суботы, Я запалю агонь у брамах ягоных, і ён праглыне палацы Ерусаліму, і ня згасне».