Ераміі 52 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Сэдэку было дваццаць адзін год, як ён загаспадарстваваў, і гаспадарстваваў адзінанцаць год у Ерузаліме; а імя маці ягонае Гамуталь Ярэмішка, зь Ліўны.
 
Сэдэкія меў дваццаць адзін год, калі заваладарыў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Хамуталь, дачка Ярэміі з Лібны.

І ён рабіў ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ, подле ўсёга, што Егоякім рабіў;
 
І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, усё так, як рабіў Егаякім.

За тое ад гневу СПАДАРОВАГА сталася ў Ерузаліме а ў Юдэі, што ажно Ён адхінуў іх ад віду Свайго; і збунтаваўся Сэдэка супроці караля Бабілёнскага.
 
Бо сталася гэта з прычыны гневу ГОСПАДА на Ерусалім і Юду, бо Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго. І збунтаваўся Сэдэкія супраць валадара Бабілонскага.

І сталася дзявятага году дзяржавы ягонае, дзясятага месяца, на дзясяты дзень месяца, што прышоў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, ён а ўсе войска ягонае, на Ерузалім, і абляглі яго, і насыпалі наспы навокал яго.
 
І сталася ў дзявятым годзе валадараньня ягонага, у дзясятым месяцы, у дзясяты [дзень] месяца прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, ён і ўсё войска ягонае, да Ерусаліму і аблажыў яго, і пабудаваў кругом яго валы.

І было места ў ваблозе да адзінанцатага году караля Сэдэкі.
 
І горад быў у аблозе аж да адзінаццатага году валадара Сэдэкіі.

І чацьвертага месяца, дзявятага дня месяца, павялічылася галадоў у месьце, што ня было хлеба люду зямлі;
 
У чацьвёртым месяцы, у дзявяты [дзень] месяца запанаваў голад у горадзе, і не было хлеба для народу зямлі.

Тады пралом быў зроблены ў месьце, і ўсі ваюны ўцяклі, і вышлі зь места ночы пераз браму памеж дзьвюх сьцен, што ля каралеўскага гароду, і пайшлі дарогаю раўніны; а Хальдэі былі навокал места.
 
І быў зроблены вылом у муры гораду, і ўсе ваяры ўцяклі і выйшлі з гораду ўначы праз браму між падвойным мурам, які каля саду валадара, а Халдэйцы былі вакол гораду. І выйшлі яны дарогай у бок Арабы.

Але войска Хальдэйскае пагналася за каралём, і насьпелі Сэдэку на раўніне Ерыхонскай, а ўсе войска ягонае разьбеглася ад яго.
 
І войска Халдэйскае гналася за валадаром, і дагналі Сэдэкію ў стэпе каля Ерыхону, і ўсё войска ягонае рассыпалася ад яго.

І нялі караля, і прывялі яго да караля Бабілёнскага да Рыўлы ў зямлі Гамаф, ідзе ён выдаў рассудак на яго.
 
І схапілі валадара, і завялі яго ў Рыўлю ў зямлі Хамат да валадара Бабілонскага, і ён выдаў на яго прысуд.

І зарэзаў кароль Бабілёнскі сыноў Сэдэчыных перад ачыма ягонымі, і таксама ўсіх князёў юдэйскіх ён зарэзаў у Рыўле;
 
І забіў валадар Бабілонскі сыноў Сэдэкіі на вачах ягоных, а таксама ўсіх князёў Юды пазабівалі ў Рыўлі.

І вочы Сэдэку зрабіў нявіснымі, спутаў яго мядзянымі ланцугамі; і прывёў яго кароль Бабілёнскі да Бабілёну, і аддаў яго ў вязьніцу аж да дня сьмерці ягонае.
 
І [Навухаданосар] вырваў вочы Сэдэкіі і закаваў яго ў кайданы, і завёў яго валадар Бабілонскі ў Бабілон, і ўкінуў у вастрог аж да дня сьмерці ягонай.

Пятага месяца, дзясятага дня месяца, каторы дзевятнанцаты год Невухаднецара, караля Бабілёнскага, прышоў да Ерузаліму Невузар-Адан, начэльнік катаў, што станавіўся перад каралём Бабілёнскім.
 
А ў пятым месяцы, у дзясяты [дзень] месяца, а [быў] гэта дзевятнаццаты год Навухаданосара, валадара Бабілонскага, увайшоў у Ерусалім Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, які стаяў перад абліччам валадара Бабілонскага.

І спаліў дом СПАДАРОЎ, і дом каралеўскі, і ўсі дамы ерузалімскія, і ўсі дамы вялікія спаліў цяплом.
 
І спаліў ён Дом ГОСПАДА, і дом валадара, і ўсе дамы ў Ерусаліме, і кожны вялікі дом спаліў агнём.

І ўсі сьцены навокал Ерузаліму абурыла войска хальдэйскае, што было з начэльнікам катаў.
 
І зруйнавала ўвесь мур вакол Ерусаліму войска Халдэйскае, якое [было] з начальнікам целаахоўнікаў.

І зь бедных люду, і астачу люду, што засталіся ў месьце, і ўцеклых, уцеклых да караля Бабілёнскага, разам із астачаю ўмелых работнікаў, вывеў палоненікамі Невузар-Адан, начэльнік катаў.
 
А галоту народу і рэшту народу, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія перайшлі да валадара Бабілонскага, і рэшту людзей простых выгнаў [у няволю] Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў.

І Невузар-Адан, начэльнік катаў, пакінуў зь бедных зямлі за гараднічых вінішчаў а за ралейнікаў.
 
А [некаторых] з галоты народу зямлі пакінуў Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, як вінаградараў і земляробаў.

І мядзяныя стаўпы, што ў доме СПАДАРОВЫМ, і падстаноўкі, і мядзянае мора, што было ў доме СПАДАРОВЫМ, зламілі Хальдэі й завезьлі ўсю медзь іх да Бабілёну;
 
І паламалі Халдэйцы слупы мядзяныя, якія [былі] ў Доме ГОСПАДА, і падставы, і мора мядзянае, якое [было] ў Доме ГОСПАДА, і ўсю медзь вывезьлі ў Бабілон.

І казаны, і лапаткі, і нажы, і крапільніцы, і ложкі, і ўвесь мядзяны спрат, каторымі служылі, яны забралі.
 
І ўзялі яны катлы, лапаткі, нажніцы, крапільніцы, лыжкі і ўвесь посуд мядзяны, якім [карысталіся] пры служэньні.

І вазы, канчаранкі, крапільніцы, гаршкі, сьветачы, ложкі, чары да ачышчэньня, што было залатое — у золаце, і што было срэбнае — у срэбру начэльнік катаў забраў;
 
І місы, папяльніцы, крапільніцы, збаны, сьвечнікі, келіхі і лыжкі, і што было з золата, [усё] золата, і што было са срэбра, [усё] срэбра забраў начальнік целаахоўнікаў.

Два стаўпы, адно мора, двананцаць мядзяных валоў, што былі пад падстаноўкамі, каторыя зрабіў кароль Салямон у доме СПАДАРОВЫМ, — ня было вагі медзі і ўсяго гэтага спрату.
 
І два слупы, адно мора, дванаццаць валоў мядзяных, [медзь] ад падставаў, якія зрабіў для Дому ГОСПАДА валадар Салямон, і нельга было зважыць медзі з усіх тых рэчаў.

І стаўпы: увышкі адзін стоўп быў асьмінанцаць локцяў, і пояс двананцацёх локцяў папяразаваў яго, і таўшчыня яго чатыры палцы, ён пусты.
 
Слупы [былі такія:] васямнаццаць локцяў вышыні адзін слуп, і шнур у дванаццаць локцяў апаясваў яго, таўшчыня ягоная — чатыры пальцы, а ў сярэдзіне — пусты.

І апука мядзяная на ім, і вышыня апукі пяць локцяў ізь сеткаю а гранатовымі яблыкамі на апуках навокал, — усе мядзянае; другі стоўп такі самы й гранатовыя яблыкі як на гэтым.
 
На ім [была] галавіца з медзі, а вышыня адной галавіцы — пяць локцяў, і сеціва, і яблыкі гранатовыя кругом галавіцы, усё з медзі. І другі слуп быў такі самы, і яблыкі гранатовыя.

І было гранатовых яблыкаў на старане дзевяцьдзясят шэсьць, усіх гранатовых яблыкаў навокал сеткі — сто.
 
І было дзевяноста шэсьць яблыкаў гранатовых уздоўж, а ўсяго было вакол на сеціве сто яблыкаў гранатовых.

І ўзяў начэльнік катаў Сэраю, галоўнага сьвятара, і Софоню, другога сьвятара, і трох вартаўнікоў парогу.
 
І схапіў начальнік целаахоўнікаў Сэраю, галоўнага сьвятара, і сьвятара-намесьніка Цэфанію, і трох прыдзьвернікаў.

Узяў таксама зь места легчанца, што меў нагляд над ваюнамі, і сямёх чалавекаў, што бачылі від каралёў, каторых знайшлі ў месьце, і галоўнага пісара вайсковага, што запісаваў людзёў зямлі, і шасьцьдзясят чалавекаў зь люду зямлі, каторых знайшлі сярод места.
 
А ў горадзе схапіў ён аднаго эўнуха, які быў начальнікам войска, і сем чалавек, якія бачаць аблічча валадара, якіх знайшлі ў горадзе, і пісара начальніка войска, які рабіў попіс народу зямлі, і шэсьцьдзясят людзей простых, якіх знайшлі ў горадзе.

І ўзяў іх Невузар-Адан, начэльнік катаў, і завёў іх да караля Бабілёнскага да Рыўлы.
 
І ўзяў іх Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, і завёў іх да валадара Бабілонскага ў Рыўлю.

І кароль Бабілёнскі зразіў іх, і зрабіў ім сьмерць у Рыўле ў зямлі Гамаф. Гэтак Юда быў выведзены палоненікамі ізь зямлі свае.
 
І забіў іх валадар Бабілонскі, і замардаваў іх у Рыўлі ў зямлі Хамат. І быў выгнаны Юда з зямлі сваёй.

Во люд, што Невухаднецар вывеў палоненікамі: сёмага году тры тысячы дваццаць тры Юдэі;
 
Вось народ, які выгнаў [у няволю] Навухаданосар: у сёмым годзе — тры тысячы дваццаць тры Юдэі;

Асьмінанцатага году Невухаднецар вывеў палоненікамі зь Ерузаліму асьмісот трыццаць двух чалавекаў;
 
у васямнаццатым годзе Навухаданосара — васемсот трыццаць дзьве душы з Ерусаліму;

Дваццаць трэйцяга году Невухаднецара Невузар-Адан, начэльнік катаў, вывеў палоненікамі Юдэяў сямсот сорак пяць душаў; усяго чатыры тысячы шасьцьсот.
 
у дваццаць трэцім годзе Навухаданосара Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, выгнаў [у няволю] семсот сорак пяць душаў Юдэяў. Усіх [разам] — чатыры тысячы шэсьцьсот душаў.

І сталася трыццаць сёмага году палону Егоякіма, караля Юдэйскага, двананцатага месяца, дваццаць пятага дня месяца: Евіл-Меродах, кароль Бабілёнскі, першага году дзяржавы свае павышыў Егоякіма, караля Юдэйскага, і вывеў яго зь вязьніцы;
 
І сталася ў трыццаць сёмым годзе выгнаньня Егаяхіна, валадара Юды, у дванаццатым месяцы, у дваццаць пяты [дзень] месяца, Эвіль-Мэрадах, валадар Бабілонскі, у год, калі заваладарыў, падняў галаву Егаяхіну, валадару Юды, і вывеў яго з вязьніцы.

І гутарыў зычліва да яго, і пастанавіў пасад ягоны вышэй за пасад каралёў, што былі зь ім у Бабілёне;
 
І ён прамаўляў да яго добра, і ўзьняў пасад ягоны па-над пасады валадароў, якія [былі] з ім у Бабілоне.

І адмяніў вязьнічныя адзецьці ягоныя, і даў кажначасна есьці хлеб ізь ім усі дні жыцьця ягонага.
 
І зьняў Егаяхін шаты свае вязьнічныя, і еў хлеб заўсёды перад абліччам ягоным у-ва ўсе дні жыцьця свайго.

І што да ежы, то была кажначасна давана яму ежа ад караля Бабілёнскага, кажны дзень дзель аж да дня сьмерці ягонае, усі дні жыцьця ягонага.
 
І [адносна] ежы ягонай, ежа заўсёды давалася яму ад валадара Бабілонскага дзень у дзень аж да сьмерці ягонай у-ва ўсе дні жыцьця ягонага.