Ераміі 50 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Слова, што казаў СПАДАР Ярэмам прарокам праз Бабілён, празь зямлю Хальдэяў:
 
Слова, якое прамовіў ГОСПАД пра Бабілон і пра зямлю Халдэйскую праз рукі Ярэміі прарока:

«Абясьціце меж народаў і агаласіце, і пастанавіце сьцяг, агаласіце, не таіце, кажыце: "Бабілён узяты, Віл паганьбены, Меродах патрышчаны, балваны яго паганьбены, абразы патрышчаны",
 
«Паведаміце сярод народаў і абвяшчайце, узьніміце сьцяг, абвяшчайце, не хавайце, кажыце: “Здабыты Бабілон! Асаромлены Бэль! Зламаны Мэрадах! Асаромлены балваны іхнія, паразьбіваныя ідалы іхнія!”

Бо з поўначы ўсходзе народ на яго, каторы надта спустоша зямлю ягоную, не аселіцца там у ёй ніхто ад чалавека да статку, пацягнуцца, пойдуць.
 
Бо ідзе супраць яго народ з поўначы. Ён пераменіць зямлю іхнюю ў пустэчу, і ніхто ня будзе жыць у ёй, ад чалавека да жывёлы, [усе] ўцякуць і адыйдуць [адтуль].

Тых дзён а, таго часу, — агалашае СПАДАР, — сынове Ізраелявы прыйдуць, яны а сынове Юдзіны разам, ідучы й плачучы, прыйдуць і будуць шукаць СПАДАРА, Бога свайго.
 
У тыя дні і ў той час, кажа ГОСПАД, прыйдуць сыны Ізраіля разам з сынамі Юды, ідучы і плачучы, і пойдуць, і будуць шукаць ГОСПАДА, Бога свайго.

Будуць пытацца дарогі да Сыёну зь відамі, зьверненымі туды, кажучы: "Ідзіма а прылучымася да СПАДАРА змоваю вечнаю не забыванаю".
 
Яны будуць пытацца пра шлях на Сыён, і [зьвернуць] абліччы свае да яго: “Хадземце, злучымся з ГОСПАДАМ запаветам вечным, якога не забудзем”.

Люд Мой — згубленыя авечкі; пастыры іхныя зьвялі іх на бездараж, зьвярнулі іх на горы; яны йшлі з гары на ўзгорак, забыліся пасьцьбішча свае.
 
Народ Мой як авечкі заблуканыя, пастыры іхнія завялі іх бадзяцца па гарах; ад гары да ўзгорку яны хадзілі, і забыліся пра месца адпачынку свайго.

Усі, што знаходзілі іх, жэрлі іх, і праціўнікі іх казалі: "Мы ня вінныя, бо яны ізграшылі супроці СПАДАРА. Сяліба справядлівасьці, надзея айцоў іхных СПАДАР".
 
Усе, якія знаходзілі іх, зьядалі іх, і прыгнятальнікі іхнія казалі: “Не вінававтыя мы, бо яны саграшылі супраць ГОСПАДА, Пашы праведнасьці і надзеі бацькоў іхніх, ГОСПАДА”.

Падарожжуйце з пасярод Бабілёну і выходзьце ізь зямлі Хальдэйскае, будзьце, як казлы перад стадамі;
 
Уцякайце з Бабілону, выходзьце з зямлі Халдэйскай, і будзьце як казлы перад авечкамі.

Бо гля, Я ўзрушу й прывяду на Бабілён збор вялікіх народаў з паўночнага краю, і зладзяцца супроці яго, адгэнуль ён будзе ўзяты; стрэлы ягоныя як навытыраны дужасіл, не зварачаюцца дарма.
 
Бо вось, Я абуджу і прывяду на Бабілон грамаду народаў вялікіх з зямлі паўночнай; і яны пашыхтуюцца супраць яго і адтуль здабудуць яго. Стрэлы іхнія — як у спраўнага волата, не вяртаюцца дарэмна.

І Хальдэя станецца здабыткам, усі, што будуць глабаць яе, здаволяцца, — агалашае СПАДАР; —
 
І станецца Халдэя здабычаю, і насыцяцца ўсе, хто пустошыць яе, кажа ГОСПАД.

Бо вы весяліліся, бо вы цешыліся, нікбеньнікі спадку Майго, бо вы сыцелі, як цяліца на траве, і раўлі, як быкі.
 
Радуйцеся і цешцеся, рабаўнікі спадчыны Маёй! Бо вы скачаце, як цяляты па траве, і іржыцё, як жарэбчыкі.

Вельмі будзе засаромлена маці ваша, спалатнее радзіха вашая; вось, найнегаднейшы з народаў будзе пустынёю, сухою зямлёю а сьцепам;
 
Зьбянтэжылася маці вашая, асаромленая тая, якая вас нарадзіла. Вось, яна будзе апошняй з народаў, пустыняй, сухою [зямлёй] і стэпам.

Бо ад гневу СПАДАРОВАГА яна будзе незаселенаю, але чыста спустошанаю: кажны, што пройдзе ля Бабілёну, зумеецца і сьвісьне на ўсі болькі яго.
 
Дзеля гневу ГОСПАДА ня будзе ніхто жыць на ёй, але ўся яна станецца пусткаю. Кожны, хто будзе праходзіць праз Бабілон, аслупянее і засьвішча дзеля ўсіх ранаў ягоных.

Зладзьцеся на Бабілён навокал яго; усі, што напінаеце лук, страляйце ў яго, не шчаджайце стрэлаў; бо ён ізграшыў супроці СПАДАРА.
 
Пашыхтуйцеся супраць Бабілону навокал усе, якія нацягваеце лукі! Страляйце ў яго, не шкадуйце стрэлаў, бо ён саграшыў супраць ГОСПАДА.

Навокал крычыце на яго; ён апусьціў рукі свае, под ягоны разваліўся, сьцены ягоныя абураны, бо гэта помста СПАДАРОВА; памсьціцеся яму: як ён рабіў, зрабіце яму.
 
Гаманіце супраць яго вакол яго, бо ён падняў руку сваю. Упалі слупы ягоныя, разбураны муры ягоныя, бо гэта помста ГОСПАДА. Адпомсьціце яму. Як ён рабіў, так зрабіце яму.

Выгубіце сяўбіта з Бабілёну й таго, хто дзяржыць серп у жніво; бо ад згубнага мяча хай кажны зьвернецца да люду свайго й кажны хай уцячэць да зямлі свае.
 
Зьнішчыце ў Бабілоне таго, хто сее, і таго, хто трымае серп у час жніва. Перад абліччам мяча забойчага кожны вернецца да народу свайго і кожны ўцячэ ў зямлю сваю.

Авечка рассыпаная Ізраель; лявы разарвалі яе; перш кароль Асырскі жэр яе, а наапошку гэты Невухаднецар патрышчыў ёй косьці.
 
Ізраіль — заблукалая авечка, ільвы пагналі яго. Першы еў яго валадар Асірыйскі, а апошні, Навухаданосар, валадар Бабілонскі, паламаў яму косткі.

Затым гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: "Гля, Я даведаюся да караля Бабілёнскага й да зямлі ягонае, як Я даведаўся да караля Асырскага.
 
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Вось, Я наведаю валадара Бабілонскага і зямлю ягоную, як наведаў валадара Асірыйскага.

І зьвярну Ізраеля да сялібы ягонае, і ён будзе пасьціцца на Карміле а на Воцры, і на гары Яхрэмавай і ў Ґілеадзе насыціцца душа ягоная.
 
І Я прывяду Ізраіль на пашы ягоныя, і ён будзе пасьвіцца на Кармэлю і ў Башане, і на гары Эфраіма, і ў Гілеадзе, і насыціцца душа ягоная”.

Тых дзён і таго часу, — агалашае СПАДАР, — будуць шукаць бяспраўя Ізраелявага, і ня будзе, і грэх Юдзін, і ён ня будзе знойдзены; бо Я дарую тым, каторых пакіну".
 
У тыя дні і ў той час, кажа ГОСПАД, будуць шукаць беззаконьне ў Ізраіля, і ня будзе яго, і [шукаць] грахі ў Юды, і ня знойдуць іх, бо Я прабачу тых, якіх пакіну.

Узыйдзі на зямлю Мерафаім а на жыхараў Пекоду, спустош а акануй усе за імі, — агалашае СПАДАР, — і зрабі подле ўсёга, што Я расказаў табе.
 
Выруш супраць зямлі Мэратаім і супраць жыхароў Пэкоду! Руйнуй і зьнішчы з закляцьцем, кажа ГОСПАД, і зрабі ўсё, што Я табе загадаў!

Гук бітвы на зямлі і вялікае забурэньне.
 
Гармідар ваенны ў зямлі і зьнішчэньне вялікае.

Як адсечаны а разьбіты молат усяе зямлі! як Бабілён стаў спустошаньням меж народаў!
 
Як пабіты і зламаны молат усёй зямлі! Як стаўся пустэчаю Бабілон сярод народаў!

Я пастанавіў пасадку на цябе, і ты злоўлены, Бабілёне, і ты ня ведаў; ты знойдзены а таксама схоплены, бо ты ходаўся із СПАДАРОМ».
 
Я паставіў на цябе сіло, і ты схоплены, Бабілон, а ты ня ведаў. Ты знойдзены і схоплены, бо ты паўстаў супраць ГОСПАДА.

Адчыніў СПАДАР скарб свой і вынес зброю абурэньня Свайго, бо справа ў Спадара, СПАДАРА войскаў, у зямлі Хальдэйскай.
 
Адкрыў ГОСПАД скарбніцу Сваю і дастаў начыньні гневу Свайго, бо справу мае Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, у зямлі Халдэйскай.

Ідзіце на яе з канца, адамкніце сьвірны ейныя, тапчыце яе, як стагі, і зьнішчыце яе, хай ня будзе ў яе астачы.
 
Прыходзьце да яе з канцоў [зямлі], адкрыйце ўсе клуні ейныя, і раскідайце яе як снапы, і зрабіце яе закляцьцем, няхай ніхто не застанецца ў ёй.

Забіце ўсі валы ейныя, няхай яны йдуць на зарэз; бяда ім! бо прышоў дзень іхны, пара даведаньня да іх.
 
Пазабівайце ўсіх валоў ейных, няхай ідуць яны на зарэз. Гора ім, бо надыйшоў дзень іхні, час наведваньня іхняга.

Чутны голас тых, што ўцякаюць і ратуюцца ізь зямлі Бабілёнскае, наказаць у Сыёне помсту СПАДАРА, Бога нашага, помсту за палац Ягоны.
 
Голас тых, якія ўцякаюць, і тых, якія выйшлі з зямлі Бабілонскай, каб абвясьціць на Сыёне пра помсту ГОСПАДА, Бога нашага, пра помсту за сьвятыню Ягоную.

«Згукайце на Бабілён шмат, усіх, што напінаюць лук, аблягайце яго навокал, хай ня будзе ўцекаў; адплаціце яму подле ўчынку ягонага; подле ўсёга, што ён рабіў, зрабіце яму; бо ён быў пыхаты да СПАДАРА, да Сьвятога Ізраелявага.
 
Склічце лучнікаў супраць Бабілону. Вы ўсе, якія нацягваеце лукі, станьце табарам вакол яго, няхай ніхто не ўцячэ. Аднагарадзіце яму паводле справаў ягоных і тое, што ён вам рабіў, зрабіце яму, бо ён выхваляўся супраць ГОСПАДА, супраць Сьвятога Ізраіля!

За тое маладзёны падуць на вуліцах, і ўсі мужы-воі загінуць таго дня, — кажа СПАДАР.
 
Дзеля гэтага пападаюць юнакі ягоныя на плошчах ягоных; і ўсе ваяры ягоныя змоўкнуць у той дзень, кажа ГОСПАД.

Гля, Я на цябе, пыхаты, — агалашае СПАДАР, — Бог войскаў, бо настаў дзень твой, час даведаньня да цябе.
 
Вось, Я супраць цябе, пыхлівец, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, бо прыйшоў дзень твой, час наведваньня твайго.

І спатыкнецца пыхаты, і паваліцца, і ніхто не падыйме яго; і запалю цяпло ў местах ягоных, і яно пажарэць усе навокал яго».
 
І спатыкнецца пыхлівец, і ўпадзе, і ня будзе каму яго падняць, і Я запалю агонь у-ва ўсіх гарадах ягоных, і ён спаліць усё навокал.

Гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Уцісьненыя сынове Ізраелявы а сынове Юдзіны разам, і ўсі, што ўзялі іх палоненікамі, моцна дзяржаць іх, адмаўляюцца выпусьціць іх.
 
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Уцісканыя сыны Ізраіля і сыны Юды разам з імі, і ўсе, якія зьняволілі іх, трымаюць іх і ня хочуць адпусьціць іх.

Іх адкупіцель моцны — СПАДАР войскаў імя Ягонае; канечне абароне справу іхную, каб супакоіць зямлю, і выжане жыхараў Бабілёну.
 
Адкупіцель іхні магутны. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае. Баронячы, Ён будзе бараніць справу іхнюю, каб даць супакой зямлі і ўстрывожыць жыхароў Бабілону”.

Меч на Хальдэяў, — агалашае СПАДАР, — і на жыхараў Бабілёну, і на князёў, і на мудрыцоў ягоных.
 
Меч на Халдэйцаў, кажа ГОСПАД, і на жыхароў Бабілону, і на князёў ягоных, і на мудрацоў ягоных!

Меч на хвалькоў, і яны здурнеюць; меч на дужасілаў ягоных, і яны зьлякаюцца;
 
Меч на варажбітоў, і яны стануцца дурнямі; меч на волатаў ягоных, і яны напужаюцца!

Меч на коні іхныя, і на цялежкі іхныя, і на ўвесь мешаны люд, што сярод яго, і яны стануць жанкамі; меч на скарбы ягоныя, і яны будуць паглабаны.
 
Меч на коней ягоных і на калясьніцы ягоныя, і на ўсю мешаніну [людзей], якая пасярод яго, і будуць яны, як жанчыны; меч на скарбы ягоныя, і будуць яны разрабаваныя.

Сухмень на воды ягоныя, і яны высахнуць; бо гэта зямля выразаных, і балванамі сваімі яны хваляцца.
 
Меч на воды ягоныя, і яны высахнуць, бо гэта зямля ідалаў, яны хваляцца балванамі сваімі.

За тое будуць жыць там дзікія зьвяры пустыняў а абтокаў, і савяняты будуць жыць на ёй, і ня будзе ўжо населена навекі, і ня будуць жыць на ёй ад пакаленьня аж да пакаленьня.
 
Дзеля гэтага будуць жыць у ім зьвяры пустыні, і шакалы, і страусы, і ня будзе больш ніколі ён абжыты, і ніхто там не паселіцца з пакаленьня ў пакаленьне.

Як СПАДАР абурыў Содому а Ґомору а суседнія месты іх, — агалашае СПАДАР, — так ні водная людзіна ня вытрывае там, і ніякі сын людзкі ня будзе жыць у ёй.
 
Як збурыў Бог Садом і Гамору і суседнія гарады, кажа ГОСПАД, ня будзе жыць там чалавек і не паселіцца там сын чалавечы.

Гля, з поўначы прыходзе люд, і вялікі народ, і шмат якія каралі ўзрушаны з украінаў зямлі.
 
Вось, прыходзіць народ з поўначы, народ вялікі, і шматлікія валадары паўстаюць з канцоў зямлі.

Лук а дзіду яны будуць дзяржаць; яны неміласьціўныя і не пажалеюць; голас іхны будзе раўсьці, як мора; будуць езьдзіць конна, зладзяцца, як муж на вайну, супроці цябе, дачка Бабілёну.
 
Яны трымаюць лук і дзіду, яны жорсткія і бязьлітасныя. Голас іхні — нібыта шуміць мора, і яны едуць на конях, яны пашыхтаваныя як адзін чалавек да бою супраць цябе, дачка Бабілону!

Пачуў кароль Бабілёнскі ведамку празь іх, і рукі ягоныя скволелі; мука схапіла яго, боль, як трудненьне парадзіхі.
 
Пачуў валадар Бабілону вестку пра іх, і аслабелі рукі ягоныя, жах ахапіў яго і боль як тую, якая нараджае.

Гля, узыходзе як леў ад узьнятага Ёрдану на ўмацаваныя сялібы; але якга Я прысілю іх адбегчы ад яго, і абранага прызначу над ім; бо хто падобны да Мяне? і хто прызнача рок Імне? які пастыр стане супроці Мяне?»
 
Вось, ён выходзіць як леў з гушчару над Ярданам на паплавы зялёныя. Я ў момант змушу яго ўцякаць ад іх, а выбранага юнака пастаўлю над імі. Бо хто [падобны] да Мяне? І хто пакліча Мяне [на суд]? І які пастыр устаіць перад абліччам Маім?

Затым слухайце раду СПАДАРОВУ, што Ён пастанавіў на Бабілён, і замеры Ягоныя, што Ён замерыў на зямлю Хальдэяў: ці ня выцягнуў іх найменшыя з чарады? ці ня спустоша ім дамовы іхнае?
 
Дзеля гэтага паслухайце пра намер ГОСПАДА, які Ён мае супраць Бабілону, і думкі Ягоныя, якія Ён мае адносна зямлі Халдэйскай. Выцягнуць нават найменшых авечак, і будуць спустошаны пашы іхнія.

Ад гуку пры ўзяцьцю Бабілёну зямля здрыганулася, і галашэньне пачута меж народаў.
 
На вестку, што здабыты Бабілон, задрыжыць зямля, і крык будзе чутны сярод народаў.