Ераміі 50 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Слова, што казаў СПАДАР Ярэмам прарокам праз Бабілён, празь зямлю Хальдэяў:
 
Слова, якое прамовіў Гасподзь пра Вавілон і пра зямлю Халдэяў празь Ерамію прарока:

«Абясьціце меж народаў і агаласіце, і пастанавіце сьцяг, агаласіце, не таіце, кажыце: "Бабілён узяты, Віл паганьбены, Меродах патрышчаны, балваны яго паганьбены, абразы патрышчаны",
 
абвясьцеце і распаўсюдзьце сярод народаў, і падымеце сьцяг, аб’явеце, не хавайце, кажэце: Вавілон узяты, Віл пасаромлены, Мэрадах зламаны, балваны ягоныя пасаромленыя, ідалы яго разьбітыя.

Бо з поўначы ўсходзе народ на яго, каторы надта спустоша зямлю ягоную, не аселіцца там у ёй ніхто ад чалавека да статку, пацягнуцца, пойдуць.
 
Бо з поўначы падняўся супроць яго народ, які зробіць зямлю ягоную пустэльняю, і ніхто ня жыцьме там, ад чалавека да быдла, усе рушаць і сыдуць.

Тых дзён а, таго часу, — агалашае СПАДАР, — сынове Ізраелявы прыйдуць, яны а сынове Юдзіны разам, ідучы й плачучы, прыйдуць і будуць шукаць СПАДАРА, Бога свайго.
 
У тыя дні і ў той час, кажа Гасподзь, прыйдуць сыны Ізраілевыя, яны і сыны Юдавыя разам, будуць хадзіць і плакаць і знойдуць Госпада Бога свайго;

Будуць пытацца дарогі да Сыёну зь відамі, зьверненымі туды, кажучы: "Ідзіма а прылучымася да СПАДАРА змоваю вечнаю не забыванаю".
 
будуць пытацца дарогі да Сіёна і, павярнуўшы да яго твары, будуць казаць: ідзеце і далучэцеся да Госпада спрымірэнствам вечным, якое не забудзецца.

Люд Мой — згубленыя авечкі; пастыры іхныя зьвялі іх на бездараж, зьвярнулі іх на горы; яны йшлі з гары на ўзгорак, забыліся пасьцьбішча свае.
 
Народ Мой быў, як пагіблыя авечкі; пастухі іхнія зьвялі іх з дарогі, разагналі іх па горах; бадзяліся яны з гары на пагорак, забылі лежбішча сваё.

Усі, што знаходзілі іх, жэрлі іх, і праціўнікі іх казалі: "Мы ня вінныя, бо яны ізграшылі супроці СПАДАРА. Сяліба справядлівасьці, надзея айцоў іхных СПАДАР".
 
Усе, што знаходзілі іх, пажыралі іх, і прыгнятальнікі іх казалі: «мы не вінаватыя, бо яны зграшылі перад Госпадам, перад жытлішчам праўды і перад Госпадам, надзеяй бацькоў іхніх».

Падарожжуйце з пасярод Бабілёну і выходзьце ізь зямлі Хальдэйскае, будзьце, як казлы перад стадамі;
 
Уцякайце з асяродзьдзя Вавілона, і сыходзьце з Халдэйскай зямлі, і будзьце, як казлы наперадзе статка авечак.

Бо гля, Я ўзрушу й прывяду на Бабілён збор вялікіх народаў з паўночнага краю, і зладзяцца супроці яго, адгэнуль ён будзе ўзяты; стрэлы ягоныя як навытыраны дужасіл, не зварачаюцца дарма.
 
Бо вось, Я падыму і прывяду на Вавілон зборню вялікіх народаў зь зямлі паўночнай, і разьмесьцяцца насупраць яго, і ён будзе ўзяты: стрэлы ў іх, як у спраўнага воіна, не вяртаюцца марна.

І Хальдэя станецца здабыткам, усі, што будуць глабаць яе, здаволяцца, — агалашае СПАДАР; —
 
І Халдэі зробяцца здабычаю іхняй; і спусташальнікі яе насыцяцца, кажа Гасподзь.

Бо вы весяліліся, бо вы цешыліся, нікбеньнікі спадку Майго, бо вы сыцелі, як цяліца на траве, і раўлі, як быкі.
 
Бо мы весяліліся, вы сьвяткавалі, рабаўнікі спадчыны Маёй; скакалі ад радасьці, як цялушка на траве, і ржалі, як баявыя коні.

Вельмі будзе засаромлена маці ваша, спалатнее радзіха вашая; вось, найнегаднейшы з народаў будзе пустынёю, сухою зямлёю а сьцепам;
 
У вялікім сораме будзе маці ваша, пачырванее радзіцелька вашая; вось, будучыня тых народаў — пустэльня, сухая зямля і стэп.

Бо ад гневу СПАДАРОВАГА яна будзе незаселенаю, але чыста спустошанаю: кажны, што пройдзе ля Бабілёну, зумеецца і сьвісьне на ўсі болькі яго.
 
Ад гневу Госпада яна зробіцца няжылою, і ўся яна будзе пустая; кожны, хто будзе праходзіць праз Вавілон, зьдзівіцца і сьвісьне, гледзячы на ўсе пахібы яго.

Зладзьцеся на Бабілён навокал яго; усі, што напінаеце лук, страляйце ў яго, не шчаджайце стрэлаў; бо ён ізграшыў супроці СПАДАРА.
 
Выстрайцеся ў баявы парадак вакол Вавілона; усе, хто напінае лук, страляйце па ім, не шкадуйце стрэлаў, бо ён зграшыў супроць Госпада;

Навокал крычыце на яго; ён апусьціў рукі свае, под ягоны разваліўся, сьцены ягоныя абураны, бо гэта помста СПАДАРОВА; памсьціцеся яму: як ён рабіў, зрабіце яму.
 
падымеце крык супроць яго з усіх бакоў; ён падаў руку сваю; упалі цьвярдыні ягоныя, разваліліся сьцены яго, бо гэта — адплата Госпада; помсьціце яму; як ён рабіў, так і вы рабеце зь ім;

Выгубіце сяўбіта з Бабілёну й таго, хто дзяржыць серп у жніво; бо ад згубнага мяча хай кажны зьвернецца да люду свайго й кажны хай уцячэць да зямлі свае.
 
зьнішчайце ў Вавілоне і сейбіта і жняца ў часе жніва; ад страху пагібельнага меча хай кожны вернецца да народа свайго, і кожны хай бяжыць у зямлю сваю.

Авечка рассыпаная Ізраель; лявы разарвалі яе; перш кароль Асырскі жэр яе, а наапошку гэты Невухаднецар патрышчыў ёй косьці.
 
Ізраіль — расьсеяны статак; ільвы разагналі яго; раней аб’ядаў яго цар Асірыйскі, а гэты апошні, Навухаданосар, цар Вавілонскі, і косьці яго патрушчыў.

Затым гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: "Гля, Я даведаюся да караля Бабілёнскага й да зямлі ягонае, як Я даведаўся да караля Асырскага.
 
Таму так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я наведаю цара Вавілонскага і зямлю яго, як наведаў цара Асірыйскага;

І зьвярну Ізраеля да сялібы ягонае, і ён будзе пасьціцца на Карміле а на Воцры, і на гары Яхрэмавай і ў Ґілеадзе насыціцца душа ягоная.
 
і вярну Ізраіля на пашу ягоную, і будзе ён пасьвіцца на Карміле і Васане, і душа яго насыціцца на гары Яфрэмавай і ў Галаадзе.

Тых дзён і таго часу, — агалашае СПАДАР, — будуць шукаць бяспраўя Ізраелявага, і ня будзе, і грэх Юдзін, і ён ня будзе знойдзены; бо Я дарую тым, каторых пакіну".
 
У тыя дні і ў той час, кажа Гасподзь, будуць шукаць няпраўды Ізраілевай, і ня будзе яе, і грахоў Юды, і ня знойдзецца іх; бо дарую тым, каго пакіну жывога.

Узыйдзі на зямлю Мерафаім а на жыхараў Пекоду, спустош а акануй усе за імі, — агалашае СПАДАР, — і зрабі подле ўсёга, што Я расказаў табе.
 
Ідзі на яе, на зямлю мяцежную, і пакарай жыхароў яе; спусташай і вынішчай усё за імі, кажа Гасподзь, і зрабі ўсё, што Я загадаў табе.

Гук бітвы на зямлі і вялікае забурэньне.
 
Шум бітвы на зямлі і вялікае разбурэньне!

Як адсечаны а разьбіты молат усяе зямлі! як Бабілён стаў спустошаньням меж народаў!
 
Як разьбіты і скрышаны молат усяе зямлі! Як Вавілон зрабіўся жахам сярод народаў!

Я пастанавіў пасадку на цябе, і ты злоўлены, Бабілёне, і ты ня ведаў; ты знойдзены а таксама схоплены, бо ты ходаўся із СПАДАРОМ».
 
Я раскінуў сеткі на цябе, і ты злоўлены, Вавілоне, не прадбачачы таго; ты знойдзены і схоплены, бо паўстаў супроць Госпада.

Адчыніў СПАДАР скарб свой і вынес зброю абурэньня Свайго, бо справа ў Спадара, СПАДАРА войскаў, у зямлі Хальдэйскай.
 
Гасподзь адчыніў сховішча Сваё і ўзяў зь яго посуд гневу Свайго, бо ў Госпада Бога Саваофа ёсьць справа ў зямлі Халдэйскай.

Ідзіце на яе з канца, адамкніце сьвірны ейныя, тапчыце яе, як стагі, і зьнішчыце яе, хай ня будзе ў яе астачы.
 
Ідзеце на яе з усіх краёў, адчыняйце засекі яе, тапчэце яе як снапы, зусім зьнішчыце яе, каб нічога ад яе не засталося;

Забіце ўсі валы ейныя, няхай яны йдуць на зарэз; бяда ім! бо прышоў дзень іхны, пара даведаньня да іх.
 
забівайце ўсіх валоў яе, хай ідуць на закол; гора ім! бо прыйшоў дзень іхні, час наведваньня іх.

Чутны голас тых, што ўцякаюць і ратуюцца ізь зямлі Бабілёнскае, наказаць у Сыёне помсту СПАДАРА, Бога нашага, помсту за палац Ягоны.
 
Чуцен голас тых, што бягуць і ратуюцца зь зямлі Вавілонскай, каб узьвясьціць на Сіёне пра помсту Госпада Бога нашага, пра помсту за храм Яго.

«Згукайце на Бабілён шмат, усіх, што напінаюць лук, аблягайце яго навокал, хай ня будзе ўцекаў; адплаціце яму подле ўчынку ягонага; подле ўсёга, што ён рабіў, зрабіце яму; бо ён быў пыхаты да СПАДАРА, да Сьвятога Ізраелявага.
 
Склічце супроць Вавілона лучнікаў; усе, хто напінае лук, вакол яго, каб ніхто не ўратаваўся зь яго, аддайце яму паводле дзеяў яго, каб ніхто не ўратаваўся зь яго, аддайце яму паводле дзеяў яго; як ён учыняў, так учынеце і зь ім, бо ён узьнёсься супроць Госпада, супроць Сьвятога Ізраілевага.

За тое маладзёны падуць на вуліцах, і ўсі мужы-воі загінуць таго дня, — кажа СПАДАР.
 
За тое загінуць юнакі ягоныя на вуліцах яго, і ўсе воіны яго зьнішчаны будуць у той дзень, кажа Гасподзь.

Гля, Я на цябе, пыхаты, — агалашае СПАДАР, — Бог войскаў, бо настаў дзень твой, час даведаньня да цябе.
 
Вось, Я — на цябе, гардзея, кажа Гасподзь Бог Саваоф; бо прыйшоў дзень твой, час наведваньня твайго

І спатыкнецца пыхаты, і паваліцца, і ніхто не падыйме яго; і запалю цяпло ў местах ягоных, і яно пажарэць усе навокал яго».
 
І спатыкнецца гардыня і ўпадзе, і ніхто не падыме яго; і распалю агонь у гарадах ягоных, — і зжарэ ўсё вакол яго.

Гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Уцісьненыя сынове Ізраелявы а сынове Юдзіны разам, і ўсі, што ўзялі іх палоненікамі, моцна дзяржаць іх, адмаўляюцца выпусьціць іх.
 
Так кажа Гасподзь Саваоф: прыгнечаны сыны Ізраіля, як і сыны Юды, і ўсе, што запаланілі іх, моцна трымаюць іх і ня хочуць адпусьціць іх.

Іх адкупіцель моцны — СПАДАР войскаў імя Ягонае; канечне абароне справу іхную, каб супакоіць зямлю, і выжане жыхараў Бабілёну.
 
Але Адкупнік іхні дужы, Гасподзь Саваоф — імя Яго; Ён разьбярэ справу іхнюю, каб супакоіць зямлю і навесьці трымценьне на жыхароў Вавілона.

Меч на Хальдэяў, — агалашае СПАДАР, — і на жыхараў Бабілёну, і на князёў, і на мудрыцоў ягоных.
 
Меч на Халдэяў, кажа Гасподзь, і на жыхароў Вавілона, і на князёў яго і на мудрых яго;

Меч на хвалькоў, і яны здурнеюць; меч на дужасілаў ягоных, і яны зьлякаюцца;
 
на спакушальнікаў, і яны звар’яцеюць; меч на воінаў ягоных, і яны зьнясьмеляцца;

Меч на коні іхныя, і на цялежкі іхныя, і на ўвесь мешаны люд, што сярод яго, і яны стануць жанкамі; меч на скарбы ягоныя, і яны будуць паглабаны.
 
меч на коней яго і на калясьніцы яго і на ўсе рознапляменныя народы сярод яго, і яны будуць як жанчыны; меч на скарбы яго, і яны будуць разрабаваны;

Сухмень на воды ягоныя, і яны высахнуць; бо гэта зямля выразаных, і балванамі сваімі яны хваляцца.
 
суш на воды яго, і яны перасохнуць; бо гэта зямля балваноў, і яны зьнеразумяцца ад ідальскіх страшыдлаў.

За тое будуць жыць там дзікія зьвяры пустыняў а абтокаў, і савяняты будуць жыць на ёй, і ня будзе ўжо населена навекі, і ня будуць жыць на ёй ад пакаленьня аж да пакаленьня.
 
І паселяцца там стэпавыя зьвяры з шакаламі, і жыцьмуць на ёй страўсы, і ня будзе абжытая вавекі і заселеная ў роды родаў.

Як СПАДАР абурыў Содому а Ґомору а суседнія месты іх, — агалашае СПАДАР, — так ні водная людзіна ня вытрывае там, і ніякі сын людзкі ня будзе жыць у ёй.
 
Як развалены Богам Садома і Гамора і суседнія гарады іх, кажа Гасподзь, так і тут ніводзін чалавек ня жыцьме, і сын чалавечы ня будзе спыняцца.

Гля, з поўначы прыходзе люд, і вялікі народ, і шмат якія каралі ўзрушаны з украінаў зямлі.
 
Вось, ідзе народ з поўначы, і народ вялікі, і многія цары падымаюцца з краёў зямлі;

Лук а дзіду яны будуць дзяржаць; яны неміласьціўныя і не пажалеюць; голас іхны будзе раўсьці, як мора; будуць езьдзіць конна, зладзяцца, як муж на вайну, супроці цябе, дачка Бабілёну.
 
трымаюць у руках лук і дзіду; яны жорсткія і неміласэрныя; голас іх шумны, як мора; імчацца на конях, выстраіліся як адзін чалавек, каб пабіцца з табою, дачка Вавілона!

Пачуў кароль Бабілёнскі ведамку празь іх, і рукі ягоныя скволелі; мука схапіла яго, боль, як трудненьне парадзіхі.
 
Пачуў цар Вавілонскі вестку пра іх, і рукі ў яго апусьціліся; скруха ахапіла яго, пакуты — як жанчыну пры родах.

Гля, узыходзе як леў ад узьнятага Ёрдану на ўмацаваныя сялібы; але якга Я прысілю іх адбегчы ад яго, і абранага прызначу над ім; бо хто падобны да Мяне? і хто прызнача рок Імне? які пастыр стане супроці Мяне?»
 
Вось, узыходзіць ён як леў з вышыняў Ярдана на ўмацаваныя селішчы; але Я прымушу іх сьпешна сысьці зь яго; і хто выбраны, таму даверу яго, бо хто падобны на Мяне? і хто спатрабуе зь Мяне адказу? І які пастух стане супроць мяне?

Затым слухайце раду СПАДАРОВУ, што Ён пастанавіў на Бабілён, і замеры Ягоныя, што Ён замерыў на зямлю Хальдэяў: ці ня выцягнуў іх найменшыя з чарады? ці ня спустоша ім дамовы іхнае?
 
Дык вось, выслухайце вызначэньне Госпада, якое ён пастанавіў пра Вавілон, і намеры Яго, якія Ён мае пра зямлю Халдэйскую; сапраўды самыя малыя са статкаў пацягнуць іх; сапраўды, ён спустошыць селішчы іхнія зь імі.

Ад гуку пры ўзяцьцю Бабілёну зямля здрыганулася, і галашэньне пачута меж народаў.
 
Ад шуму ўзяцьця Вавілона затрасецца зямля, і лямант будзе чуцен сярод народаў.