Ераміі 37 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І замест Хоні Егоякіменка загаспадарстваваў Сэдэка Ёсянок, каторага Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, прызначыў за караля ў зямлі Юдэйскай.
Замест Еханіі, сына Ёакімавага, цараваў Сэдэкія, сын Ёсіі, якога Навухаданосар, цар Вавілонскі, паставіў царом у зямлі Юдэйскай.
І ня слухаў ён, ані слугі ягоныя, ані люд зямлі слоў СПАДАРОВЫХ, што Ён казаў прарокам Ярэмам.
Ні ён, ні слугі ягоныя, ні народ краіны ня слухалі словаў Госпада, якія казаў Ён празь Ерамію прарока.
Паслаў, адылі, кароль Сэдэка Егухала Шэлемёнка а Софоню Маасэенка, сьвятара, да прарокі Ярэмы, кажучы: «Памаліся за нас СПАДАРУ, Богу нашаму».
Цар Сэдэкія паслаў Егухала, сына Сэлэміі, і Сафонію, сына Маасэевага, сьвятара, да Ераміі прарока сказаць: «памаліся за нас Госпаду Богу нашаму».
А Ярэма ўходзіў да люду й выходзіў зь люду, бо ён ня быў пасаджаны ў вязьніцу.
Ерамія тады яшчэ свабодна ўваходзіў і выходзіў сярод народа, бо ня ўвязьнілі яго ў цямніцу.
Тады войска фараонава вышла зь Ягіпту, і як Хальдэі, што аблягалі Ерузалім, пачулі ведамку праз гэта, яны адступілі ад Ерузаліму.
Тым часам войска фараонава выступіла зь Егіпта, і Халдэі, якія аблягалі Ерусалім, пачуўшы вестку пра тое, адступілі ад Ерусаліма.
Тады было слова СПАДАРОВА да прарокі Ярэмы, кажучы:
І было слова Гасподняе Ерамію прароку:
«Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Гэтак кажыце каралю Юдэйскаму, што паслаў вас да Мяне папытацца ў Мяне: ’Абач, войска Фараонава, што йдзець памагаць вам, зьвернецца да свае зямлі, да Ягіпту.
так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: так скажэце цару Юдэйскаму, які паслаў вас да Мяне спытацца ў Мяне: вось, войска фараонавае, якое ішло да вас з дапамогаю, вернецца ў зямлю сваю, у Егіпет;
І зьвернуцца Хальдэі, і будуць ваяваць ізь местам гэтым, і возьмуць яго, і спаляць яго цяплом’".
а Халдэі зноў прыйдуць і будуць ваяваць супроць горада гэтага, і возьмуць яго і спаляць яго агнём.
Гэтак кажа СПАДАР: "Ня зводзьце душы вашы, кажучы: ’Хальдэі канечне адыйдуць ад нас’, бо яны не адыйдуць;
Так кажа Гасподзь: не ашуквайце сябе, кажучы: «мусова адыдуць ад нас Халдэі», бо яны не адыдуць;
Бо хоць бы вы разьбілі ўсе войска хальдэйскае, што ваюе з вамі, і засталіся раненыя з памеж іх, яны ўсталі б кажны з будану свайго і спалілі б гэтае места цяплом"».
калі б вы нават разьбілі ўсё войска Халдэяў, якія ваююць супроць вас, і засталіся б у іх толькі параненыя, дык і тыя ўсталі б, кожны з намёту свайго, і спалілі б горад гэты агнём.
І сталася, што, як войска хальдэйскае адступіла ад Ерузаліму, бо баялася войска фараонавага,
У той час, калі войска Халдэйскае адступіла ад Ерусаліма, з прычыны войска фараонавага,
Ярэма вышаў зь Ерузаліму, ісьці да зямлі Веняміновае, каб выкаўзнуцца стуль памеж люду.
Ерамія пайшоў зь Ерусаліма, каб сысьці ў зямлю Веньямінавую, хаваючыся адтуль сярод народа.
Але як ён быў у браме Веняміновай, быў там вартаўнічы імям Ірыя, сын Шэлемы Гананёнка; і няў Ярэму прароку, кажучы: «Да Хальдэяў ты пераходзіш».
Але калі ён быў у браме Веньямінавай, начальнік варты, які там быў, на імя Ірэія, сын Сэлэміі, сына Ананіі, затрымаў Ерамію прарока, сказаўшы: «ты хочаш перабегчы да Халдэяў?».
Ярэма сказаў: «Мана: я не пераходжу да Хальдэяў». Але тый не паслухаў, і Ірыя няў Ярэму, і прывёў яго да князёў.
Ерамія сказаў: гэта — хлусьня; я не хачу перабегчы да Халдэяў. Але ён не паслухаў яго, і ўзяў Ірэія Ерамію і прывёў яго да князёў.
І гневаліся князі на Ярэму, яны білі яго й пасадзілі яго да вязьніцы ў доме Ёнафана, пісара, бо зь яго зрабілі вязьніцу.
Князі раззлаваліся на Ерамію і білі яго, і ўвязьнілі яго ў цямніцу, у дом Ёнатана пісца, бо зрабілі яго цямніцаю.
І вось, Ярэма лучыў да лёху да каморак, і заставаўся там Ярэма шмат дзён.
Калі Ерамія ўвайшоў у цямніцу і ў склеп, і прабыў там Ерамія шмат дзён,
Тады Сэдэка, кароль, паслаў і ўзяў яго, і папытаўся кароль патай у доме сваім, і сказаў: «Ці ё слова ад СПАДАРА?» І Ярэма сказаў: «Ё». Тады ён сказаў: «Ты будзеш адданы ў руку караля Бабілёнскага».
цар Сэдэкія паслаў і ўзяў яго. І пытаўся ў яго цар у доме сваім таемна і сказаў: «ці няма слова ад Госпада?», Ерамія сказаў: «ёсьць», і сказаў: «ты будзеш аддадзены ў рукі цара Вавілонскага».
Адлі Ярэма сказаў каралю Сэдэку: «Чым я ізграшыў супроці цябе альбо супроці слугаў тваіх, альбо супроці люду гэтага, што ты пасадзіў мяне ў вязьніцу?
І сказаў Ерамія цару Сэдэкіі: «чым я зграшыў перад табою і перад слугамі тваімі, і перад народам гэтым, што вы пасадзілі мяне ў цямніцу?
Ідзе цяпер прарокі вашы, што праракалі вам, кажучы: "Кароль Бабілёнскі ня прыйдзе на вас ані на зямлю гэтую"?
і дзе вашыя прарокі, якія прарочылі вам, кажучы: «цар Вавілонскі ня пойдзе супроць вас і супроць зямлі гэтай»?
Дык цяпер слухай жа, малю цябе, спадару мой, каролю, хай падзець жа маленьне мае перад табою: не зварачай мяне да дому Ёнафана пісара, каб я не памер там».
І сёньня паслухай, спадару мой цар, хай упадзе дараваньне маё перад аблічча тваё; не вяртай мяне ў дом Ёнатана пісца, каб мне не памерці там».
Тады расказаў кароль Сэдэка, каб пасадзілі Ярэму на панадворак вязьніцы, і каб давалі яму ўдзень кавалак хлеба з вуліцы пекароў, пакуль ня высіліцца ўвесь хлеб у месьце. Гэтак Ярэма застаўся на панадворку вязьніцы.
І даў загад цар Сэдэкія, каб увязьнілі Ерамію ў двары варты і давалі яму па кавалку хлеба на дзень з вуліцы пекараў, пакуль ня кончыўся ўвесь хлеб у горадзе. І так заставаўся Ерамія ў двары варты.