Ераміі 7 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Слова, што было да Ярэмы ад Спадара, кажучы:
 
Слова, якое было Ераміі ад Госпада:

«Стань у браме дому СПАДАРОВАГА, і агаласі там гэтае слова, і скажы: "Слухайце слова СПАДАРОВА, уся Юдэя, што ўходзіце ў гэтыя брамы кланяцца СПАДАРУ"».
 
стань у браме дома Гасподняга і абвясьці там слова гэтае і скажы: слухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія ўваходзяць праз гэтую браму на пакланеньне Госпаду.

Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: «Палепшыце дарогі вашы а ўчынкі вашы, і Я прычыню, што вы будзеце жыць на месцу гэтым.
 
Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: выпраўце шляхі вашыя і дзеі вашыя, і Я пакіну вас жыць на гэтым месцы.

Не здавайцеся на манлівыя словы тых, што кажуць: "Сьвятыня СПАДАРОВА, сьвятліня СПАДАРОВА, сьвятыня СПАДАРОВА гэта".
 
Не спадзявайцеся на словы манлівыя: «тут храм Гасподні, храм Гасподні, храм Гасподні».

Але калі супоўна паправіце дарогі вашы а ўчынкі вашы; калі верна будзеце тарнаваць суд памеж людзіны й суседа ейнага;
 
Але калі зусім выправіце шляхі вашыя і дзеі вашыя, калі будзеце правільна чыніць суд паміж чалавекам і супернікам ягоным,

Калі ня будзеце ўціскаць чужаземца, сіраты а ўдавы, і ня будзеце разьліваць нявіннае крыві на месцу гэтым ані хадзіць за чужымі багамі на шкоду сабе, —
 
ня будзеце прыгнятаць іншаземца, сіраты і ўдавы, і праліваць нявіннай крыві на месцы гэтым, і ня пойдзеце сьледам за іншымі багамі на бяду сабе,

Тады Я пакіну вас жыць на месцу гэтым, на зямлі, што даў Я бацьком вашым на векі а векі.
 
дык я пакіну вас жыць на месцы гэтым, на гэтай зямлі, якую даў бацькам вашым у роды родаў.

Вось, вы спадзяіцеся на манлівыя словы, каторыя бескарысныя.
 
Вось, вы спадзеяцеся на падманлівыя словы, якія не дадуць вам карысьці.

Ці добра, што, крадучы, забіваючы а чужаложачы а хвальшыва прысягаючы а кадзячы Ваалу а ходзячы за чужымі багамі, каторых вы ня знаеце,
 
Як! вы крадзяце, забіваеце і пералюбы чыніце, і божыцеся ў ілжы і кадзіце Ваалу і ходзіце сьледам за іншымі багамі, якіх вы ня ведаеце,

І прыходзіце, і становіцеся перад Імною ў доме гэтым, каторы Я назваў імям Сваім, і кажаце: "Мы спасёны", каб рабіць усі гэтыя агіды?
 
і потым прыходзіце і становіцеся перад абліччам Маім у доме гэтым, над якім названа імя Маё, і кажаце: «мы выратаваны», каб і далей рабіць усе гэтыя мярзоты.

Ціж пячораю разбойнікаў у ваччу вашым стаў дом гэты, каторы Я назваў імям Сваім? Гля, нават Я бачыў, — кажа СПАДАР.
 
Ці не зрабіўся кублом разбойнікаў у вачах вашых дом гэты, над якім названа імя Маё? Вось, Я бачыў гэта, кажа Гасподзь.

Бо йдзіце ж на месца Мае, што ў Шыле, ідзе спачатку Я быў палажыўшы імя Свае, і глядзіце, што зрабіў Я яму за нягоднасьць люду Свайго Ізраеля.
 
Ідзеце ж на месца Маё ў Сілом, дзе Я раней назначыў быць імю Майму, і паглядзеце, што зрабіў Я зь ім за бязбожнасьць народа Майго Ізраіля.

І цяпер, за тое, што вы рабілі ўсе гэта, — агалашае СПАДАР, — і казаў вам, устаючы нараніцы й кажучы, а вы ня слухалі, Я гукаў вас, а вы не адказавалі;
 
І сёньня, як бо вы робіце ўсё гэта, кажа Гасподзь, і Я казаў вам з самае раніцы, а вы ня слухалі, і клікаў вас, а вы не адказвалі,

То ўчыню гэтаму дому, што завецца імям Маім, на каторы спадзяіцеся, і гэтаму месцу, што даў Я вам а бацьком вашым, як Я ўчыніў із Шылом.
 
дык Я так зраблю з домам гэтым, над якім названа імя Маё, на які вы спадзеяцеся, і зь месцам, якое Я даў вам і бацькам вашым, як зрабіў зь Сіломам.

І адкіну вас ад віду Свайго, як адкінуў Я ўсіх братоў вашых, усе насеньне Яхрэмава.
 
І адкіну вас ад аблічча Майго, як адкінуў усіх братоў вашых, усё семя Яфрэмавае.

А ты не маліся за гэты люд, і ня ўзьнімай за іх галашэньня ані малітвы, ані прычыняйся ў Мяне; бо Я не пачую цябе.
 
А ты не прасі за народ гэты і ня ўзнось за іх малітвы і просьбы, і не хадайнічай перад Мною, бо Я не пачую цябе.

Хіба ты ня бачыш, што яны робяць у местах Юдэі і нават на вуліцах Ерузаліму?
 
Ці ж ня бачыш, што яны робяць у гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма?

Сынове зьбіраюць дровы, а бацькі кладуць цяпло, жонкі месяць цеста, каб зрабіць перапечкі караліцы неба, ільлюць выліваньні багом чужым, каб гнявіць Мяне.
 
Дзеці зьбіраюць дровы, а бацькі разводзяць агонь, і жанчыны месяць цеста, каб рабіць піражкі багіні неба і ўчыняць выліваньні іншым багам, каб засмуціць Мяне.

Але ці Мяне гневяць? — агалашае СПАДАР; — ці ня дзеюць супроці сябе самых дзеля паганьбеньня віду свайго?»
 
Але ці Мяне засмучаюць яны? кажа Гасподзь: ці не саміх сябе сабе на сорам?

Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Вось гнеў Мой і гарачы гнеў Мой на месца гэтае, на чалавека й на статак, на дзервы палявыя а на плады зямлі; ён узгарыцца і не пагасьне».
 
Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, выліваецца гнеў Мой і лютасьць Мая на месца гэтае, на людзей і на быдла, і на дрэвы польныя і на плады зямлі, і загарыцца і не патухне.

Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: «Усепаленьні вашы дадайце да аброкаў вашых і ежча мяса;
 
Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: цэласпаленьні вашыя дадавайце да ахвяраў вашых і ежце мяса;

Бо не казаў Я айцом вашым і не расказаў ім усепаленьні а аброкі таго дня, каторага вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае.
 
бо бацькам вашым Я не казаў і не даваў ім запаведзі ў той дзень, у які Я вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, пра цэласпаленьне і ахвяру;

Я адно расказаў ім наступное, кажучы: "Слухайце голасу Майго, і Я буду вашым Богам, а вы будзеце Маім людам, і хадзіце па кажнай дарозе, па каторай Я расказаў вам хадзіць, каб вам было добра".
 
а такую запаведзь даў ім: слухайцеся голасу Майго, і Я буду вашым Богам, і вы будзеце Маім народам, і хадзеце па ўсякім шляху, які Я запавядаю вам, каб вам было добра.

Але яны ня слухалі ані нахінулі вуха свайго, але хадзілі подле радаў, подле ўпорліваеьці ліхога сэрца свайго, і пайшлі назад, а не наперад.
 
Але яны не паслухаліся і ня прыхілілі вуха свайго, і жылі паводле намовы і ўпартасьці ліхога сэрца свайго, і сталі да Мяне плячыма, а ня тварам.

Адгэнуль, як бацькі вашыя вышлі ізь зямлі Ягіпецкае, аж дагэтуль пасылаў Я да вас усіх слугаў Сваіх — прарокаў, што дзень рана ўстаючы й пасылаючы;
 
З таго дня, як бацькі вашыя выйшлі зь зямлі Егіпецкай, да гэтага дня Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх — прарокаў, пасылаў кожны дзень з самае раніцы:

Але яны ня слухалі Мяне, не нахіналі вуха свайго, але закалянілі завыек свой, рабілі горш за айцоў сваіх.
 
але яны ня слухаліся Мяне і не прыхілілі вуха, а зжарсьцьвілі карак свой, рабілі горш за бацькоў сваіх.

Ты будзеш гукаць ім усі гэтыя словы, але яны не паслухаюць цябе; ты будзеш таксама гукаць іх, але яны не адкажуць табе.
 
І калі ты будзеш казаць ім усе гэтыя словы, яны цябе не паслухаюцца: і калі будзеш клікаць іх, яны табе не адкажуць.

Але ты скажаш ім: "Гэта народ, што ня слухае голасу СПАДАРА, Бога свайго, ня прыймае навукі; загінула вернасьць і адцята ад вуснаў іхных".
 
Тады скажы ім: вось народ, які ня слухае голасу Госпада Бога свайго і ня прымае настаўленьняў! Ня стала ў іх ісьціны, — яна адабрана ад вуснаў іх.

Астрыжы валасы на галаве сваёй і кінь іх, і панясі на высокія месцы галашэльную песьню; бо адхінуў СПАДАР і пакінуў род гневу Свайго;
 
Абстрыжы валасы свае і кінь, і падымі плач на горах, бо адкінуў Гасподзь і пакінуў род, які наклікаў гнеў Ягоны.

Бо сынове Юдзіны зьдзеялі ліха ў ваччу Маім, — агалашае СПАДАР: — у доме, каторы Я назваў імям Сваім, пастанавілі агіды, каб упаганіць яго;
 
Бо сыны Юды робяць ліхое перад вачыма Маімі, кажа Гасподзь, паставілі мярзоты свае ў доме, над якім названа імя Маё, каб апаганіць яго;

І збудавалі вышыні Тофет, што ў даліне сына Гінномовага, каб паліць сыноў сваіх і дачкі свае ў цяпле, чаго Я не расказаў ані прыходзіла гэта ўдум Імне.
 
і зладзілі вышыні ў даліне Тафэта, у даліне сыноў Эномавых, каб паліць сыноў сваіх і дачок сваіх у агні, чаго Я не загадваў, і што мне на сэрца ня прыходзіла.

За тое, вось, прыходзяць дні, — агалашае СПАДАР, — што наперад ня будзе казацца Тофет ані даліна сына Гінномавага, але даліна забіўства, бо будуць хаваць у Тофеце, бо няма месца.
 
За тое вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі ня будуць болей называць месца гэтае Тафэтам і далінаю сыноў Эномавых, а далінаю забойства, і ў Тафэце будуць хаваць ад недахопу месца.

І трупы гэтага люду будуць жырам птушкам нябёсным і зьвяром земным, і ніхто ня будзе пудзіць іх.
 
І будуць трупы народа гэтага ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным, і ня будзе каму адганяць іх.

І Я прычыню, каб перастаў у местах Юдзіных і на вуліцах Ерузаліму голас радасьці а голас весялосьці, голас князя маладога а голас княгіні маладое; бо спустошаньням стане зямля.
 
І спыню ў гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма голас перамогі і голас радасьці, голас жаніха і голас нявесты; бо зямля гэтая будзе пустыняю.