Ераміі 17 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Грэх Юды напісаны зялезным пяром, войстрым канцом дыямэнту, выразаны на табліцах сэрца іхнага і на рагох аброчнікаў вашых;
Грэх Юдаў напісаны жалезным разцом, алмазным вастрыём накрэсьлены на скрыжалі сэрца іхняга і на рагах ахвярнікаў іхніх.
Затым помняць сынове іхныя аброчнікі свае й гаі свае ля кажнага зялёнага дзерва на высокіх узгорках.
Як пра сыноў сваіх, успамінаюць яны пра ахвярнікі свае і дубровы свае каля зялёных дрэў, на высокіх пагорках.
Гара Мая на полю, маемасьць тваю, усі скарбы твае на глабаньне аддам, узвышшы твае — за грахі ў вусіх граніцах тваіх.
Гару Маю ў полі, маёмасьць тваю і ўсе скарбы твае аддам на рабунак, і ўсе вышыні твае — за грахі ва ўсіх межах тваіх.
І ты, нават ты сам аддасі спадак свой, каторы Я даў табе; і Я ўчыню, што ты будзеш служыць непрыяцелям сваім у зямлі, каторай ты ня знаў; бо ўгарэлася цяпло гневу Майго, на векі будзе гарэць.
І ты празь сябе пазбудзешся спадчыны тваёй, якую Я даў табе, і аддам цябе ў рабства ворагам тваім, у зямлю, якое ты ня ведаеш, бо вы запалілі агонь гневу Майго; ён будзе гарэць вечна.
Гэтак кажа, СПАДАР: «Праклятая тая людзіна, што спадзяецца на чалавека і робе цела цаўём сваім, а ад СПАДАРА адварачаецца сэрца ейнае.
Так кажа Гасподзь: пракляты чалавек, які спадзяецца на чалавека і плоць робіць сваёю апораю, і сэрца якога аддаляецца ад Госпада.
Яна будзе — як яленец на пустыні, і не абача прыходзячага дабра, і аселіцца на выпятралых месцах, на пустыні, у зямлі салонай а незаселенай.
Ён будзе — як верас у пустыні і ня ўбачыць, калі прыйдзе добрае, і паселіцца ў мясьцінах скварных у стэпе, на зямлі неўрадлівай, неабжытай.
Дабраславёная людзіна, што спадзяецца на СПАДАРА, і каторае надзея СПАДАР;
Дабраславёны чалавек, які спадзяецца на Госпада, і чыя надзея — Гасподзь.
Бо яна, як дзерва, пасаджанае ля вады й пускаючае карэньне свае ля цур’я, і не баіцца, як настане вар; лісьцё яго зелянее, і ў сухі год яно ня журыцца і не перастаець даваць плады.
Бо ён будзе як дрэва, якое пасаджана каля водаў і пускае сваё карэньне каля патока; ня ведае яно, калі настае сьпёка; лісьце ў яго зялёнае, і ў засушлівы час яно не баіцца і не перастае радзіць плады.
Найзваднейшае за ўсе сэрца й небясьпечнае: хто пазнае яго?
Падступнае сэрца чалавечае найбольш і да краю сапсаванае; хто спазнае яго?
Я, СПАДАР, скумаю сэрца, правую ныркі, каб даць кажнаму подле дарогаў ягоных, подле пладоў учынкаў ягоных.
Я, Гасподзь, пранікаю ў сэрца і выпрабоўваю ўсярэдзіне, каб даць кожнаму паводле шляху ягонага і паводле плёну дзеяў ягоных.
Курапата нясецца, але ня выседжуе, так тый, хто прыдбаець багацьце ня згодна з правам: ён страце яго ў палавіцы дзён сваіх і дурням будзе на канцу сваім».
Курапатка садзіцца на яйкі, якіх ня несла; такі той, хто набывае багацьце няпраўдаю: ён пакіне яго на палове дзён сваіх, дурнем застанецца пры канцы сваім.
Славуты пасад на вышыні — здаўна ё месца сьвятыні нашае.
Трон славы, узвышаны ад пачатку, ёсьць месца асьвячэньня нашага.
СПАДАРУ, надзея Ізраелява! усі, што пакідаюць Цябе, будуць засаромлены; тыя, што адвярнуліся ад Цябе, будуць запісаны на зямлі, бо яны пакінулі жарало жывых водаў, СПАДАРА.
Ты, Госпадзе, — надзея Ізраілева; усе, хто пакідае Цябе, пасаромяцца. «Тыя, што адступаюцца ад Мяне, будуць напісаны на пыле, бо пакінулі Госпада, крыніцу вады жывое»,
Уздараві мяне, СПАДАРУ, і я буду здаровы; спасі мяне, і я буду спасёны; бо Ты хвала мая.
Ацалі мяне, Госпадзе, — і ацалёны буду; уратуй мяне — і ўратаваны буду; бо Ты — хвала мая.
Вось, яны кажуць імне: «Ідзе слова СПАДАРОВА? Хай жа яно прыйдзе».
Вось, яны кажуць мне: «дзе слова Гасподняе? няхай яно прыйдзе!»
Што да мяне: я не сьпяшаўся быць пастыром за Табою, не жадаў небясьпечнага дня, Ты ведаеш; тое, што вышла з вуснаў маіх, было перад Табою.
Я не сьпяшаўся быць пастырам у Цябе і не хацеў бядотнага дня, Ты гэта ведаеш; што выйшла з вуснаў маіх — адкрыта перад абліччам Тваім.
Ня будзь спалохам імне, надзея мая ў дзень ліха!
Ня будзь страшны мне, Ты — надзея мая ў дзень бедства.
Няхай засаромяцца тыя, што перасьлядуюць мяне, а я не засаромлюся; няхай яны лякаюцца, а я ня буду лякацца; навядзі ва іх дзень ліха й патрышчы іх падвойным трышчаньням.
Хай сорам пакрые ганіцеляў маіх, а я ня буду пасаромлены; хай яны затрымцяць, а я не трымцецьму; навядзі на іх дзень бедства і паламай іх двайной ламатою.
Гэтак сказаў імне СПАДАР: «Пайдзі й стань у браме сыноў люду, пераз каторую ўходзяць каралі Юдэйскія і пераз каторую яны выходзяць, і ў вусіх брамах Ерузалімскіх,
Так сказаў мне Гасподзь: ідзі і стань у браме сыноў народу, у якую ўваходзяць цары Юдэйскія і празь якую яны выходзяць, і ва ўсіх брамах Ерусалімскіх,
І скажы ім: "Слухайце слова СПАДАРОВАГА вы, каралі Юдэйскія, і ўся Юдэя, і ўсі жыхары Ерузаліму, што ўходзіце гэтымі брамамі:
і кажа ім: слухайце слова Гасподняе, цары Юдэйскія і ўся Юдэя і ўсе жыхары Ерусаліма, якія ўваходзяць праз гэтыя брамы
Гэтак кажа СПАДАР: ’Рупцеся праз душы свае і не насіце цяжараў у дзень сыботні ані ўносьце іх пераз брамы ерузалімскія;
Так кажа Гасподзь: пільнуйце душы свае і не насеце ношак у суботні дзень, і ня ўносьце іх праз брамы Ерусалімскія.
І ня выносьце цяжараў з дамоў сваіх у дзень сыботні, і ніякае работы не рабіце, але сьвяціце дзень сыботні, як Я расказаў айцом вашым,
І ня выносьце ношак з дамоў вашых у дзень суботні, не рабеце ніякае працы, сьвяткуйце дзень суботні так, як Я наказаў бацькам вашым,
Але яны ня слухалі ані нахінулі вуха свайго, але закалянілі завыек свой, каб ня чуць і ня прыймаць навукі.
якія, зрэшты, не паслухаліся і не прыхілілі вуха свайго, а зрабіліся цьвердалобымі, каб ня слухацца і ня прымаць настаўленьня.
І станецца: калі вы шчыра будзеце слухаць Мяне, — агалашае СПАДАР, — не насіць цяжараў пераз брамы гэтага места ў дзень сыботні, але будзеце сьвяціць сыботні дзень, каб не рабіць ніякае работы ў ім;
І калі вы паслухаецеся Мяне ў тым, кажа Гасподзь, каб не насіць ношак праз брамы гэтага горада ў дзень суботні і каб сьвяткаваць суботу, ня робячы ў гэты дзень ніякае працы:
Тады будуць уходзіць у брамы гэтага места каралі а князі, што сядзяць на пасадзе Давідавым, езьдзіць цялежкамі а конна, яны а князі іхныя, мужы Юдэі а жыхары Ерузаліму, і места гэтае застанецца на векі.
дык праз брамы гэтага горада будуць уваходзіць цары і князі, якія сядзяць на троне Давідавым, езьдзяць на калясьніцах і на конях, яны і князі іхнія, Юдэі і жыхары Ерусаліма, і горад гэты будзе жытлы вечна.
І будуць прыходзіць ізь местаў Юдэйскіх, з аколіцаў Ерузаліму, і ізь зямлі Веняміновае, і зь нізіны, і з гары, і з паўдня, прыносячы ўсепаленьне а аброкі а хлебныя аброкі а кадзіла а аброкі падзякі да дому СПАДАРОВАГА.
І будуць прыходзіць з гарадоў Юдэйскіх і з навакольляў Ерусаліма і зь зямлі Веньямінавай, і з раўніны і з гор і з поўдня, і прыносіць цэласпаленьне і ахвяру, і хлебнае прынашэньне і ліван, і падзякавальныя ахвяры ў дом Гасподні.
Але калі вы не паслухаеце Мяне, каб сьвяціць дзень сыботні і не насіць цяжару, і ня ўходзіць у брамы ерузалімскія ў сыботні дзень, тады Я зацяплю цяпло ў брамах яго, і яно пажарэць палацы ерузалімскія, і не пагасьне’"».
А калі не паслухаецеся Мяне ў тым, каб сьвяткаваць дзень суботні і не насіць ношак, уваходзячы ў брамы Ерусаліма ў суботні дзень, дык запалю агонь у брамах яго, — і ён паглыне харомы Ерусаліма і не патухне.