Ераміі 19 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Гэтак кажа СПАДАР: «Ідзі й купі жбан ганчарнага вырабу, і вазьмі із старцоў люду і із старцоў сьвятарскіх,
Так сказаў Гасподзь: ідзі і купі гліняны збанок у ганчара; і вазьмі з сабою старэйшынаў з народу, і са старэйшынаў сьвятарскіх,
І пайдзі на даліну сына Гінномавага, каторая ля брамы Гаршыт, і агаласі там словы, што Я скажу табе,
і выйдзі ў даліну сыноў Эномавых, якая каля брамы Харшыт, і абвясьці там словы, якія Я кажу табе,
І скажы: "Слухайце слова СПАДАРОВА, каралі Юдэйскія а жыхары Ерузаліму: гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: ’Вось, я навяду ліха на гэтае месца, каторае хто пачуе, зазьвініць яму ў вушшу;
і скажы: слухайце слова Гасподняе, цары Юдэйскія і жыхары Ерусаліма! Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я навяду бедства на мясьціну гэтую, — пра якую калі хто пачуе, у таго зазьвініць у вушах, —
Бо яны пакінулі Мяне і зрабілі чужым месца гэтае, кадзячы на ім іншым багом, каторых ня зналі ані яны, ані айцове іхныя, ані каралёве Юдэйскія, і напоўнілі месца гэтае крывёю нявінных,
за тое, што яны пакінулі Мяне, і счужынілі Мне мясьціну гэтую, і кадзяць на ёй іншым божышчам, якіх ня ведалі ні яны, ні бацькі іхнія, ні цары Юдэйскія; напоўнілі мясьціну гэтую крывёю невінаватых
Збудавалі таксама ўзвышшы Ваалу, паліць сыноў сваіх цяплом на ўсепаленьні Ваалу, чаго Я не расказаў ані казаў, ані прыйшло Імне ўдум.
і насыпалі вышыні Ваалу, каб паліць сыноў сваіх агнём на цэласпаленьне Ваалу, чаго Я не загадваў і не казаў, і чаго Мне нават наўме ня было;
За тое, вось, настануць дні, — кажа СПАДАР, — што наперад гэтага месца ня будуць зваць Тофет ані даліною сына Гінномавага, але Даліною Забіўства.
затое вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі мясьціна гэтая ня будзе больш называцца Тафэтам альбо далінаю сыноў Эномавых, а далінаю забойства.
І Я ў нішто абярну раду Юдэі а Ерузаліму на месцу гэтым, і ўчыню, што яны падуць ад мяча перад непрыяцельмі сваімі і ад рукі тых, што шукаюць душаў іхных, і аддам трупы іхныя на жыр птуству нябёснаму а зьверу земнаму.
Я зьнішчу раду Юды і Ерусаліма на месцы гэтым і зваюю іх мечам перад абліччам ворагаў іхніх і рукою шукальнікаў душы іхняй, і аддам трупы іх на ежу птушкам нябесным і зьвярам зямным
І ўчыню места гэтае зуменьням а сьвістам; кажны, што будзе праходзіць, зумеецца а сьвісьне з прычыны ўсіх болькаў яго.
І зраблю горад гэты жахам і пасьмешышчам; кожны хто праходзіцьме празь яго, зьдзівіцца і пасьвішча, гледзячы на ўсе раны ягоныя.
І зраблю, што яны будуць есьці цела сыноў і цела дачок сваіх; і кажны будзе есьці цела прыяцеля свайго ў ваблозе а ў вуціску, каторым сьціснуць іх непрыяцелі іхныя і тыя, што шукаюць душаў іхных’".
І накармлю іхняй плоцьцю сыноў іхніх і плоцьцю дачок іхніх; і будзе кожны есьці плоць свайго блізкага ў аблозе і сьціску, калі сьціснуць іх ворагі іхнія і шукальнікі душы іхняй.
Тады разьбі жбан на аччу мужоў, што пойдуць із табою,
І разьбі збанок на вачах у тых мужоў, якія прыйдуць з табою,
І скажаш ім: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ’Гэтак Я разаб’ю люд гэты й места гэтае, як хто разьбівае судзіну ганчарову, каторае нельга сцаляваць, і будуць хаваць іх у Тофеце, бо няма месца хаваць.
і скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф: так скрышу Я народ гэты і горад гэты, як скрышаны ганчарны посуд, які ўжо ня можа быць адноўлены, і будуць хаваць іх у Тафэце ад недахопу месца пад пахаваньне.
Гэтак зраблю Я месцу гэтаму, — агалашае СПАДАР, — і жыхарам яго; і зраблю гэтае места, як Тофет.
Так зраблю і зь месцам гэтым, кажа Гасподзь, і з жыхарамі яго; і горад гэты зраблю падобным на Тафэт.
І будуць дамы ерузалімскія і дамы каралёў юдэйскіх нячыстыя, як месца Тофет — усі дамы, на каторых стрэхах кадзілі ўсяму войску нябёснаму і ўзьлівалі ўзьліваньне чужым багом’"».
І дамы Ерусаліма і дамы цароў Юдэйскіх будуць, — як месца Тафэт, — нячыстыя, бо на дахах усіх дамоў кадзяць усяму войску нябеснаму і ўчыняюць ахвяраваньні божышчам чужым.
І прышоў Ярэма з Тофету, куды паслаў яго СПАДАР праракаць, і стаў на панадворку дому СПАДАРОВАГА, і сказаў усяму люду:
І прыйшоў Ерамія з Тафэта, куды Гасподзь пасылаў яго прарочыць, і стаў на дварэ дома Гасподняга і сказаў усяму народу:
«Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: "Вось, Я навяду на гэтае места а на ўсі местачкі яго ўсе ліха, што Я вымавіў на яго, бо яны закалянілі завыйкі свае, каб не маглі чуць словаў Маіх"».
Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я навяду на горад гэты і на ўсе гарады яго ўсё тое бедства, якое вымавіў на яго, бо яны — цьвердалобыя і не слухаюць слоў Маіх.