Ераміі 27 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
На пачатку дзяржавы Сэдэкі Ёсянка, караля Юдэйскага, было слова да Ярэмы ад СПАДАРА, кажучы:
На пачатку цараваньня Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, было слова гэтае Ерамію ад Госпада:
Гэтак кажа СПАДАР імне: «Зрабі сабе гужы а йго і ўзлажы іх сабе на шыю;
Так сказаў мне Гасподзь: зрабі сабе повязі і ярмо і накладзі іх сабе на шыю;
І пашлі да караля Едомскага а да караля Моаўскага а да караля сыноў Амонавых а да караля Тырскага а да караля Сыдонскага пасламі, што прышлі да Ерузаліму да Сэдэкі, караля Юдэйскага;
і пашлі такія самыя цару Ідумэйскаму і цару Маавіцкаму, і цару сыноў Амонавых і цару Тыра і цару Сідона, праз паслоў, якія прыйшлі ў Ерусалім да Сэдэкіі, цара Юдэйскага;
І раскажы ім сказаць сваім гаспадаром: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: гэтак скажыце вы гаспадаром сваім:
і накажы ім сказаць спадарам іхнім: так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: так скажэце гаспадарам вашым:
’Вялікаю сілаю Сваёю і выцягненым цаўём Сваім Я ўчыніў зямлю, чалавека а жывёлу, каторыя на віду зямлі, і даў яе таму, хто пасьцівы ў ваччу Маім.
Я стварыў зямлю, чалавека і жывёлы, якія на ўлоньні зямлі, вялікай магутнасьцю Маёй і прасьцёртаю мышцай Маёю, і аддаў яе, каму Мне заўгодна было.
І цяпер Я аддаў усі землі гэтыя ў руку Невухаднецара, караля Бабілёнскага, слугі Свайго; і таксама зьвяры палявыя Я аддаў яму, служыць яму.
І сёньня я аддаю ўсе землі гэтыя ў руку Навухаданосару, цару Вавілонскамму, рабу Майму, і нават зьвяроў польных аддаю яму на слугаваньне.
І ўсі народы будуць служыць яму а сыну ягонаму а сыну сына ягонага, пакуль не настане час ягонай зямлі і таксама ягоны; і будуць служыць яму шмат народаў і вялікія каралі.
І ўсе народы будуць служыць яму і сыну ягонаму і сыну сына яго, пакуль ня прыйдзе час яго і ягонай зямлі і яму самому; і будуць служыць яму народы многія і цары вялікія.
І станецца, што калі які народ або гаспадарства ня будуць служыць яму, Невухаднецару, каралю Бабілёнскаму, і хто не падстанове шыі свае пад іго караля Бабілёнскага, то мячом а галадоўю а ліпучкаю Я даведаюся да народу таго, — агалашае СПАДАР, — аж пакуль ня вынішчу іх рукою ягонага.
І калі які народ і царства не захоча служыць яму, Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ня схіліць шыі сваёй пад ярмо цара Вавілонскага, — гэты народ Я пакараю мечам, голадам, пошасьцю і згубным паморкам, кажа Гасподзь, пакуль ня вынішчу іх рукою ягонай,
Затым вы ня слухайце сваіх прарокаў ані сваіх варажбітоў, ані сваіх сьненьнікаў, ані сваіх чараўнікоў, ані сваіх вяшчуноў, каторыя гукаюць вам, кажучы: "Вы ня будзеце служыць каралю Бабілёнскаму";
і вы ня слухайце сваіх прарокаў і сваіх варажбітоў, і сваіх мройнікаў і сваіх чараўнікоў і сваіх зьвездароў, якія кажуць вам: «ня будзеце служыць цару Вавілонскаму».
Бо ману яны праракаюць вам, каб аддаліць вас із зямлі вашае, і каб Я выпіхнуў вас, і вы загінулі.
Бо яны прарочаць вам няпраўду, каб выдаліць вас зь зямлі вашай, і каб Я прагнаў вас і вы загінулі.
Але народ, што падстанове шыю сваю пад іго караля Бабілёнскага й будзе служыць яму, то Я пакіну яго ў зямлі ягонай, — агалашае СПАДАР, — і яны будуць рабіць яе й жыць у ёй’"».
А народ, які схіліць шыю сваю пад ярмо цара Вавілонскага і пачне служыць яму, Я пакіну на зямлі Сваёй, кажа Гасподзь, і ён будзе ўрабляць яе і жыць на ёй.
І Сэдэку, каралю Юдэйскаму, казаў я подле ўсіх гэтых слоў, кажучы: «Падстаноўце шыі свае пад іго караля Бабілёнскага, і служыце яму а люду ягонаму, і жывіце.
І Сэдэкію, цару Юдэйскаму, я казаў усімі гэтымі словамі і сказаў: схілеце шыю пад ярмо цара Вавілонскага і служэце яму і народу ягонаму — і будзеце жывыя.
Нашто паміраць табе а люду твайму ад мяча, галадові а ліпучкі, як казаў СПАДАР праз народ, што ня будзе служыць каралю Бабілёнскаму?
Навошта паміраць табе і народу твайму ад меча, голаду, паморку і згубнай пошасьці, як сказаў Гасподзь пра той народ, які ня будзе служыць цару Вавілонскаму?
І ня слухайце словаў прарокаў, што праракаюць вам, кажучы: "Вы ня будзеце служыць каралю Бабілёнскаму", бо ману яны праракаюць вам;
І ня слухайце слоў прарокаў, якія кажуць вам: «ня будзеце служыць цару Вавілонскаму»; бо яны прарочаць няпраўду.
Бо Я не пасылаў іх, — кажа СПАДАР, — яны, адылі, манліва праракаюць імям Маім, каб Я выпіхнуў вас, і каб вы загінулі, вы а прарокі, што праракаюць вам».
Я не пасылаў іх, кажа Гасподзь; і яны фальшыва прарочаць імем Маім, каб я выгнаў вас, і каб вы загінулі, — вы і прарокі вашыя, якія прарочаць вам.
І сьвятаром а ўсяму люду гэтаму казаў я, кажучы: «Гэтак кажа СПАДАР: ня слухайце слоў прарокаў сваіх, што праракаюць вам, кажучы: "Вось, спрат дому СПАДАРОВАГА неўзабаве будзе зьвернены з Бабілёну", бо ману праракаюць яны вам.
І сьвятарам і ўсяму народу гэтаму я казаў: так кажа Гасподзь: ня слухайце слоў прарокаў вашых, якія прарочаць вам і кажуць: «вось, неўзабаве вернуты будзе з Вавілона посуд дома Гасподняга»; бо яны прарочаць вам няпраўду.
Ня слухайце іх, служыце каралю Бабілёнскаму й жывіце; нашто гэтаму месту стацца спустошаным?
Ня слухайце іх, служэце цару Вавілонскаму і жывеце; навошта даводзіць горад гэты да спусташэньня?
Калі прарокі яны, і калі слова СПАДАРОВА ё зь імі, няхай прычыняцца ж у СПАДАРА войскаў, каб не пашоў да Бабілёну спрат, што застаўся ў доме СПАДАРОВЫМ, і ў доме караля Юдэйскага, і ў Ерузаліме;
А калі яны — прарокі і калі ў іх ёсьць слова Гасподняе, дык няхай хадайнічаюць перад Госпадам Саваофам, каб посуд, які застаецца ў доме Гасподнім і ў доме цара Юдэйскага і ў Ерусаліме, не прайшоў у Вавілон.
Бо гэтак кажа СПАДАР войскаў праз стаўпы а праз мора а праз падстаноўкі а праз засталы спрат, што застаўся ў гэтым месьце,
Бо так кажа Гасподзь Саваоф пра слупы і пра меднае мора, і падножжы і іншыя рэчы, якія засталіся ў гэтым горадзе,
Каторых ня ўзяў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, як ён перасяліў Ехоню Егоякіменка, караля Юдэйскага, і ўсіх паноў Юдэі а Ерузаліму да Бабілёну;
якіх Навухаданосар, цар Вавілонскі ня ўзяў, калі Еханію, сына Ёакіма, цара Юдэйскага, і ўсіх знакамітых Юдэяў і Ерусалімлян вывеў зь Ерусаліма ў Вавілон,
Бо гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў, што да спрату, засталага ў доме СПАДАРОВЫМ а ў доме караля Юдэйскага а ў Ерузаліме:
бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў, пра посуд, які застаўся ў доме Гасподнім і ў доме цара Юдэйскага і ў Ерусаліме:
"Яны будуць перавезены да Бабілёну і там будуць датуль, пакуль Я даведаюся да іх, — агалашае СПАДАР, — тады Я ўзьвяду іх і зьвярну іх на гэтае месца"».
ён будзе занесены ў Вавілон і там застанецца да таго дня, калі Я наведаю іх, кажа Гасподзь, і выведу іх і вярну іх на месца гэтае.