Ераміі 27 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

На пачатку валадарання Сэдэцыі, сына Осіі, цара Юдэйскага, было слова гэтае ад Госпада Ярэміі, што казала:
 
На пачатку цараваньня Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, было слова гэтае Ерамію ад Госпада:

«Гэта сказаў Госпад: “Зрабі сабе путы і ярмо і ўскладзі іх сабе на шыю.
 
Так сказаў мне Гасподзь: зрабі сабе повязі і ярмо і накладзі іх сабе на шыю;

Потым пашлі іх цару Эдома і цару Мааба, і цару аманіцян, і цару Тыра, і цару Сідона праз іх пасланцоў, якія прыбылі ў Ерузалім да Сэдэцыі, цара Юдэйскага”.
 
і пашлі такія самыя цару Ідумэйскаму і цару Маавіцкаму, і цару сыноў Амонавых і цару Тыра і цару Сідона, праз паслоў, якія прыйшлі ў Ерусалім да Сэдэкіі, цара Юдэйскага;

І загадай ім, каб перадалі сваім уладарам: гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Так маеце сказаць сваім уладарам:
 
і накажы ім сказаць спадарам іхнім: так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: так скажэце гаспадарам вашым:

“Гэта Я стварыў зямлю, чалавека і жывёлу, якія ёсць на паверхні зямлі, Сваёй вялікай сілай і Сваёй узнятай рукой; і Я даю яе таму, каму Мне спадабаецца.
 
Я стварыў зямлю, чалавека і жывёлы, якія на ўлоньні зямлі, вялікай магутнасьцю Маёй і прасьцёртаю мышцай Маёю, і аддаў яе, каму Мне заўгодна было.

І вось цяпер даў Я ўсе гэтыя землі ў рукі Набукаданосара, цара Бабілона, Майго паслугача, аддаю яму нават палявых звяроў, каб яму служылі.
 
І сёньня я аддаю ўсе землі гэтыя ў руку Навухаданосару, цару Вавілонскамму, рабу Майму, і нават зьвяроў польных аддаю яму на слугаваньне.

І будуць служыць яму ўсе народы, і сыну яго, і сыну яго сына, пакуль не прыйдзе час таксама і на саму яго зямлю; і будуць служыць яму вялікія народы і вялікія цары.
 
І ўсе народы будуць служыць яму і сыну ягонаму і сыну сына яго, пакуль ня прыйдзе час яго і ягонай зямлі і яму самому; і будуць служыць яму народы многія і цары вялікія.

Народ і царства, якія не хацелі б служыць Набукаданосару, цару Бабілона, і якія не схілілі шыі сваёй пад ярмо цара Бабілона, Я наведаю голадам і мечам, і заразай, — кажа Госпад, — пакуль не аддам іх у яго рукі.
 
І калі які народ і царства не захоча служыць яму, Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ня схіліць шыі сваёй пад ярмо цара Вавілонскага, — гэты народ Я пакараю мечам, голадам, пошасьцю і згубным паморкам, кажа Гасподзь, пакуль ня вынішчу іх рукою ягонай,

Вы ж не слухайце вашых прарокаў, ані чараўнікоў, ані варажбітоў, ані шаптуноў, ані вешчуноў, якія гавораць вам: “Не будзеце вы служыць цару Бабілона”,
 
і вы ня слухайце сваіх прарокаў і сваіх варажбітоў, і сваіх мройнікаў і сваіх чараўнікоў і сваіх зьвездароў, якія кажуць вам: «ня будзеце служыць цару Вавілонскаму».

бо прадказваюць яны вам няпраўду, каб вас выдаліць з вашай зямлі, і каб Я вас выгнаў, і каб вы загінулі.
 
Бо яны прарочаць вам няпраўду, каб выдаліць вас зь зямлі вашай, і каб Я прагнаў вас і вы загінулі.

Што ж да народа, які схіліць шыю сваю пад ярмо цара Бабілона і будзе яму служыць, то Я пакіну яго ў сваёй зямлі, — кажа Госпад, — і будзе ён абрабляць яе і на ёй пражываць”».
 
А народ, які схіліць шыю сваю пад ярмо цара Вавілонскага і пачне служыць яму, Я пакіну на зямлі Сваёй, кажа Гасподзь, і ён будзе ўрабляць яе і жыць на ёй.

Да Сэдэцыі, цара Юдэйскага, прамаўляў я згодна з гэтымі ўсімі словамі, так кажучы: «Скарыце шыі свае пад ярмо цара Бабілона, служыце яму і народу яго, і будзеце жыць.
 
І Сэдэкію, цару Юдэйскаму, я казаў усімі гэтымі словамі і сказаў: схілеце шыю пад ярмо цара Вавілонскага і служэце яму і народу ягонаму — і будзеце жывыя.

Нашто паміраць вам, табе і народу твайму, ад меча, голада і заразы, як гэта прадказаў Госпад аб народзе, які не хацеў бы служыць цару Бабілона?
 
Навошта паміраць табе і народу твайму ад меча, голаду, паморку і згубнай пошасьці, як сказаў Гасподзь пра той народ, які ня будзе служыць цару Вавілонскаму?

Не слухайце слоў прарокаў, якія кажуць вам: “Не будзеце служыць цару Бабілона”, бо яны гавораць вам хлусню.
 
І ня слухайце слоў прарокаў, якія кажуць вам: «ня будзеце служыць цару Вавілонскаму»; бо яны прарочаць няпраўду.

“Не пасылаў Я іх, — кажа Госпад, — і яны праракуюць у імя Маё няпраўду, каб Я выкінуў вас і каб вы пагінулі там, як тыя прарокі, што прадказваюць вам”.
 
Я не пасылаў іх, кажа Гасподзь; і яны фальшыва прарочаць імем Маім, каб я выгнаў вас, і каб вы загінулі, — вы і прарокі вашыя, якія прарочаць вам.

А да святароў і да гэтага народа я прамаўляў, кажучы: “Гэта кажа Госпад: “Не слухайце слоў вашых прарокаў, якія праракуюць вам, кажучы: “Вось, пасудзіны дома Госпада вернуцца хутка цяпер з Бабілона”. Бо праракуюць яны вам няпраўду.
 
І сьвятарам і ўсяму народу гэтаму я казаў: так кажа Гасподзь: ня слухайце слоў прарокаў вашых, якія прарочаць вам і кажуць: «вось, неўзабаве вернуты будзе з Вавілона посуд дома Гасподняга»; бо яны прарочаць вам няпраўду.

Не слухайце ж іх, і будзьце пакорныя цару Бабілона, і будзеце жыць. Навошта пераўтвараць гэты горад у пустыню?
 
Ня слухайце іх, служэце цару Вавілонскаму і жывеце; навошта даводзіць горад гэты да спусташэньня?

І калі яны сапраўды прарокі і ў іх ёсць слова Госпада, хай бы яны прыйшлі да Госпада, каб посуд, які застаўся ў доме Госпада, у палацы цара Юды і ў Ерузаліме, не адышоў у Бабілон”».
 
А калі яны — прарокі і калі ў іх ёсьць слова Гасподняе, дык няхай хадайнічаюць перад Госпадам Саваофам, каб посуд, які застаецца ў доме Гасподнім і ў доме цара Юдэйскага і ў Ерусаліме, не прайшоў у Вавілон.

Гэта вось кажа Госпад Магуццяў аб слупах, аб моры і аб падножжах і аб рэшце посуду, якія пакінуты былі ў гэтым горадзе,
 
Бо так кажа Гасподзь Саваоф пра слупы і пра меднае мора, і падножжы і іншыя рэчы, якія засталіся ў гэтым горадзе,

якія не забраў Набукаданосар, цар Бабілона, калі павёў з Ерузаліма ў Бабілон Ёахіна, сына Ёакіма, цара Юдэйскага, разам з усімі вяльможамі Юдэі і Ерузаліма.
 
якіх Навухаданосар, цар Вавілонскі ня ўзяў, калі Еханію, сына Ёакіма, цара Юдэйскага, і ўсіх знакамітых Юдэяў і Ерусалімлян вывеў зь Ерусаліма ў Вавілон,

Бо гэта вось кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля, пра посуд, што застаўся ў доме Божым і ў палацы цара Юдэйскага ў Ерузаліме:
 
бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў, пра посуд, які застаўся ў доме Гасподнім і ў доме цара Юдэйскага і ў Ерусаліме:

«Будзе ён перанесены ў Бабілон і там застанецца аж да дня наведання яго, у якім Я паруплюся аб ім, — кажа Госпад. — І Я зраблю так, што яно з’явіцца, і Я вярну на гэтае месца».
 
ён будзе занесены ў Вавілон і там застанецца да таго дня, калі Я наведаю іх, кажа Гасподзь, і выведу іх і вярну іх на месца гэтае.