Ераміі 27 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
На пачатку дзяржавы Сэдэкі Ёсянка, караля Юдэйскага, было слова да Ярэмы ад СПАДАРА, кажучы:
На пачатку валадараньня Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
Гэтак кажа СПАДАР імне: «Зрабі сабе гужы а йго і ўзлажы іх сабе на шыю;
«Гэта сказаў мне ГОСПАД. Зрабі сабе путы і ярмо, і ўзлажы сабе на шыю.
І пашлі да караля Едомскага а да караля Моаўскага а да караля сыноў Амонавых а да караля Тырскага а да караля Сыдонскага пасламі, што прышлі да Ерузаліму да Сэдэкі, караля Юдэйскага;
І пашлі іх да валадара Эдому, і валадара Мааву, і валадара сыноў Амона, і валадара Тыру, і валадара Сідону праз рукі пасланцоў, якія ўвайшлі ў Ерусалім да Сэдэкіі, валадара Юды.
І раскажы ім сказаць сваім гаспадаром: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: гэтак скажыце вы гаспадаром сваім:
І загадаеш ім [перадаць] для паноў іхніх, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Так маеце сказаць панам вашым:
’Вялікаю сілаю Сваёю і выцягненым цаўём Сваім Я ўчыніў зямлю, чалавека а жывёлу, каторыя на віду зямлі, і даў яе таму, хто пасьцівы ў ваччу Маім.
"Я ўчыніў зямлю, чалавека і жывёлу, якія на абліччы зямлі, сілай Маёй вялікай і рамяном Маім узьнятым; і Я даю яе таму, хто правы ў вачах Маіх.
І цяпер Я аддаў усі землі гэтыя ў руку Невухаднецара, караля Бабілёнскага, слугі Свайго; і таксама зьвяры палявыя Я аддаў яму, служыць яму.
І цяпер Я аддаў усе землі гэтыя ў рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, слугі Майго. Я аддаю яму таксама зьвяроў палявых, каб служылі яму.
І ўсі народы будуць служыць яму а сыну ягонаму а сыну сына ягонага, пакуль не настане час ягонай зямлі і таксама ягоны; і будуць служыць яму шмат народаў і вялікія каралі.
І будуць служыць усе народы яму, і сыну ягонаму, і сыну сына ягонага, пакуль ня прыйдзе час таксама для зямлі ягонай, і зьняволяць яе народы шматлікія і валадары вялікія.
І станецца, што калі які народ або гаспадарства ня будуць служыць яму, Невухаднецару, каралю Бабілёнскаму, і хто не падстанове шыі свае пад іго караля Бабілёнскага, то мячом а галадоўю а ліпучкаю Я даведаюся да народу таго, — агалашае СПАДАР, — аж пакуль ня вынішчу іх рукою ягонага.
І станецца, што валадарствы, якія ня будуць служыць Навухаданосару, валадару Бабілонскаму, і якія ня схіляць карку свайго пад ярмо валадара Бабілонскага, Я наведаю народы гэтыя мячом, голадам і заразай, кажа ГОСПАД, аж пакуль не [ўчыню] канец ім у руках ягоных.
Затым вы ня слухайце сваіх прарокаў ані сваіх варажбітоў, ані сваіх сьненьнікаў, ані сваіх чараўнікоў, ані сваіх вяшчуноў, каторыя гукаюць вам, кажучы: "Вы ня будзеце служыць каралю Бабілёнскаму";
І вы ня слухайце прарокаў вашых, і варажбітоў вашых, і сноў вашых, і прадказальнікаў вашых, і чараўнікоў вашых, якія вам гавораць, кажучы: “Ня будзеце служыць валадару Бабілонскаму”.
Бо ману яны праракаюць вам, каб аддаліць вас із зямлі вашае, і каб Я выпіхнуў вас, і вы загінулі.
Бо яны прарочаць вам хлусьню, каб выгнаць вас з зямлі вашай, і Я вас выганю, і вы пагінеце.
Але народ, што падстанове шыю сваю пад іго караля Бабілёнскага й будзе служыць яму, то Я пакіну яго ў зямлі ягонай, — агалашае СПАДАР, — і яны будуць рабіць яе й жыць у ёй’"».
А народ, які схіліць карак свой пад ярмо валадара Бабілонскага і будзе служыць яму, Я пакіну яго ў зямлі ягонай, кажа ГОСПАД, і ён будзе абрабляць яе і будзе жыць на ёй"”.
І Сэдэку, каралю Юдэйскаму, казаў я подле ўсіх гэтых слоў, кажучы: «Падстаноўце шыі свае пад іго караля Бабілёнскага, і служыце яму а люду ягонаму, і жывіце.
І да Сэдэкіі, валадара Юды, Я прамовіў паводле ўсіх словаў гэтых, кажучы: “Скарыце каркі свае пад ярмо валадара Бабілонскага, і служыце яму і народу ягонаму, і будзеце жыць.
Нашто паміраць табе а люду твайму ад мяча, галадові а ліпучкі, як казаў СПАДАР праз народ, што ня будзе служыць каралю Бабілёнскаму?
Дзеля чаго вы маеце паміраць, ты і народ твой, ад мяча, голаду і заразы, як гэта прамовіў ГОСПАД пра народ, які ня будзе служыць валадару Бабілонскаму?
І ня слухайце словаў прарокаў, што праракаюць вам, кажучы: "Вы ня будзеце служыць каралю Бабілёнскаму", бо ману яны праракаюць вам;
І ня слухайце словы прарокаў, якія кажуць: “Ня будзеце служыць валадару Бабілонскаму”, бо яны прарочаць вам хлусьню.
Бо Я не пасылаў іх, — кажа СПАДАР, — яны, адылі, манліва праракаюць імям Маім, каб Я выпіхнуў вас, і каб вы загінулі, вы а прарокі, што праракаюць вам».
Бо Я не пасылаў іх, кажа ГОСПАД, і яны прарочаць у імя Маё хлусьню, каб Я выгнаў вас, і пагінеце вы і прарокі, якія прарочаць вам [гэта]”.
І сьвятаром а ўсяму люду гэтаму казаў я, кажучы: «Гэтак кажа СПАДАР: ня слухайце слоў прарокаў сваіх, што праракаюць вам, кажучы: "Вось, спрат дому СПАДАРОВАГА неўзабаве будзе зьвернены з Бабілёну", бо ману праракаюць яны вам.
І да сьвятароў і да народу гэтага Я прамовіў, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Ня слухайце словы прарокаў вашых, якія прарочаць вам: “Вось, начыньне Дому ГОСПАДА цяпер вернецца хутка з Бабілону”, бо яны прарочаць вам хлусьню.
Ня слухайце іх, служыце каралю Бабілёнскаму й жывіце; нашто гэтаму месту стацца спустошаным?
Ня слухайце іх, служыце валадару Бабілонскаму, і будзеце жыць. Навошта горад гэты мае стацца руінамі?
Калі прарокі яны, і калі слова СПАДАРОВА ё зь імі, няхай прычыняцца ж у СПАДАРА войскаў, каб не пашоў да Бабілёну спрат, што застаўся ў доме СПАДАРОВЫМ, і ў доме караля Юдэйскага, і ў Ерузаліме;
А калі яны [сапраўды] прарокі і слова ГОСПАДА з імі, няхай яны заступаюцца ў ГОСПАДА Магуцьцяў, каб начыньне, якое засталося ў Доме ГОСПАДА, і ў доме валадара Юды, і ў Ерусаліме, не перайшло ў Бабілон.
Бо гэтак кажа СПАДАР войскаў праз стаўпы а праз мора а праз падстаноўкі а праз засталы спрат, што застаўся ў гэтым месьце,
Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў пра слупы, пра мора мядзянае, пра падставы і пра рэшту начыньня, якое засталося ў горадзе гэтым,
Каторых ня ўзяў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, як ён перасяліў Ехоню Егоякіменка, караля Юдэйскага, і ўсіх паноў Юдэі а Ерузаліму да Бабілёну;
якое не забраў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, калі павёў у няволю з Ерусаліму ў Бабілон Ехонію, сына Егаякіма, валадара Юды, і ўсіх шляхетных Юды і Ерусаліму.
Бо гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў, што да спрату, засталага ў доме СПАДАРОВЫМ а ў доме караля Юдэйскага а ў Ерузаліме:
Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, пра начыньне, якое засталося ў Доме ГОСПАДА, і ў доме валадара Юды, і ў Ерусаліме:
"Яны будуць перавезены да Бабілёну і там будуць датуль, пакуль Я даведаюся да іх, — агалашае СПАДАР, — тады Я ўзьвяду іх і зьвярну іх на гэтае месца"».
"Будзе яно перанесена ў Бабілон і там будзе аж да дня, у які Я наведаю іх, кажа ГОСПАД. І Я вазьму яго, і вярну на месца гэта"”».