Ераміі 6 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Зьбірайцеся, дзеці Веняміновы, уцякаць з пасярод Ерузаліму, і трубіце ў трубу ў Фекоі, і дайце знак цяплом у Вефгакерыме, бо ліха зьяўляецца з поўначы і вялікае зьнішчэньне.
Уцякайце, сыны Бэн’яміна, з сярэдзіны Ерусаліму і ў Тэкоа трубіце ў трубы, і над Бэт-Гакерэмам падыміце знак, бо з поўначы надыходзіць бяда і спусташэньне вялікае.
Да ўроднае а кунежнае прыраўнаваў Я дачку Сыёну.
Я спустошу дачку Сыёну, прыгожую і далікатную.
Да яе прыйдуць пастухі й народы іхныя, навокал яе расстановяць буданы свае; кажны будзе пасьціць на дзелі сваёй.
Да яе прыйдуць пастухі са статкамі сваімі, паставяць намёты навокал яе, і будуць пасьвіць кожны, дзе хоча.
«Акануйце яе вайне; уставайце, узыйдзіма ў палудзень! Але бяда нам! дзень ужо сьхінаецца да вечара, ужо кідаецца даўгі сьцень вечара.
“Падрыхтуйцеся да вайны супраць яе, устаньце, і нападзем апоўдні”. “Гора нам, бо дзень мінае, бо даўжэйшыя сталі цені вечаровыя!”
Уставайце, і ўзыйдзіма ночы, і разбурыма яе палацы!»
“Устаньце, і мы нападзем уначы і зьнішчым палацы ейныя”.
Бо гэтак агалашае СПАДАР войскаў: «Сячыце дзервы й сыпце наспы каля Ерузаліму: гэта тое места, да каторага надабе даведацца: яно поўнае ліхадзейства ўнутры.
Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Сьсячыце дрэвы і насыпце вал кругом Ерусаліму. Гэты горад мае быць пакараны, усякая поскудзь у сярэдзіне яго.
Як вылівае крыніца ваду сваю, так яно вылівае ізь сябе нягоднасьць: усілствы а глабаньні чутны ў ім, перад Імною бязупынку хвароба а раны.
Як крыніца вылівае ваду сваю, так ён вылівае крывадушнасьць сваю. Гвалт і ўціск чуваць у ім, раны і хвароба заўсёды перад абліччам Маім.
Будзь зазыраны, Ерузаліме, каб не адышла душа Мая ад цябе, каб Я не зрабіў цябе пустынёю, зямлёю незаселенай».
Будзь навучаны, Ерусаліме, каб не адвярнулася душа Мая ад цябе, каб Я не замяніў цябе ў пустэчу, зямлю бязьлюдную”.
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Супоўна бяруць, як віно, астачу Ізраеля; зьвярні руку сваю, як зьбіраньнік віна ў кашы».
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Абіраючы, абяруць, як вінаград, рэшту Ізраіля. Выцягні руку тваю, як вінаградар да гронак”.
Да каго імне гукаць і перасьцерагчы, каб слухалі? Гля, вуха іхнае неабрэзана, і яны ня могуць слухаць; гля, слова СПАДАРОВА ў іх улегцы, ня хочуць яго.
Да каго я маю казаць і каго перасьцерагаць, каб паслухаў? Вось, неабрэзанае вуха іхняе, і ня могуць яны чуць. Вось, слова ГОСПАДА сталася для іх у насьмешку, і яны не жадаюць яго.
Затым я поўны гневу СПАДАРОВАГА, я стамаваўся, узьдзержуючы яго. «Выльлю яго на дзеці вонках і на збор моладзежы разам; бо нават муж із жонкаю будуць узяты, старыя з поўным дзён.
І я поўны гневу ГОСПАДА, я змучыўся, стрымліваючы [яго]. Выльлю яго на дзяцей на вуліцы і на сход юнакоў! Бо будуць забраныя муж разам з жонкаю, стары і чалавек у гадах пажылых.
І пярэйдуць дамы іхныя да іншых, полі а жонкі разам, бо Я выцягну руку Сваю на жыхараў гэтае зямлі, — агалашае СПАДАР, —
І пяройдуць дамы іхнія да іншых, падобна як палі і жанчыны, бо Я выцягваю руку Маю на жыхароў зямлі гэтай, кажа ГОСПАД.
Бо ад найменшага зь іх аж да найбольшага зь іх кажны аддаўся гальлівасьці, і ад прарокі аж да сьвятара тарнуе ашуку.
Бо ад найменшага аж да найбольшага ахапіла ўсіх прагнасьць зыску, ад прарока аж да сьвятара, усе робяць падман.
Яны лячылі патрышчаньне люду Майго ўлегцы, кажучы: "Супакой, супакой", а няма Супакою.
І яны лечаць рану народу Майго легкадумна, кажучы: “Мір, мір”, а міру няма.
Ці былі яны засароміўшыся, дзеючы брыду? Не, яны ня былі засароміўшыся ані зачырванеліся. Затым яны падуць памеж палых, у часе даведаньня Майго спатыкнуцца», — кажа СПАДАР.
Ці засаромеліся яны, што брыдоту рабілі? Але сорамам яны не саромеюцца і чырванець ня ўмеюць. Дзеля таго яны ўпадуць сярод тых, якія падаюць, і ў час, калі Я наведаю іх, спатыкнуцца, кажа ГОСПАД.
Гэтак кажа СПАДАР: «Стойце на дарогах, і глядзіце, і пытайцеся праз старавечныя сьцежкі, ідзе добрая дарога, і хадзіце па ёй, і знойдзеце супачынак душам сваім. Але яны сказалі: "Ня пойдзем".
Гэта кажа ГОСПАД: “Спыніцеся на шляхах, і паглядзіце, і спытайцеся пра сьцежкі старадаўнія, дзе шлях добры, і ідзіце па ім, і знойдзеце супакой душам вашым”. Але яны сказалі: “Ня пойдзем!”
І пастанавіў Я над імі вартаўнікоў, кажучы: "Прыслухайцеся да гуку трубы!" Але яны сказалі: "Ня будзем слухаць".
І Я паставіў вартаўнікоў для вас [кажучы]: “Слухайце голас трубы!” Але яны сказалі: “Ня будзем слухаць!”
Дык слухайце, народы, і ведай, збору, што ё сярод іх.
Дык слухайце, народы, і зразумейце, грамада, што [станецца] з імі.
Слухай, зямля: гля, Я навяду ліха на гэты люд, плод падумкаў іхных; бо яны не прыслухаліся да словаў Маіх ані да Права Майго, і адхінулі яго.
Слухай, зямля! Вось, Я навяду гора на народ гэты, плод намераў іхніх, бо яны не зважалі на словы Мае і Закон Мой адкінулі.
Нашто прыходзе Імне кадзіла із Шэвы і духмяная трысьціна з далёкага краю? Усепаленьні вашыя ня любы, і аброкі вашыя няпрыемныя Імне».
Навошта Мне кадзіла, прывезенае з Шэвы, і трысьнёг пахкі з зямлі далёкай? Цэласпаленьні вашыя недаспадобы [Мне], і ахвяры вашыя не падабаюцца Мне.
Затым гэтак кажа СПАДАР: «Гля, Я палажу пераказы перад людам гэтым, і спатыкнуцца айцове й сынове разам на іх, сусед і прыяцель ягоны загінуць».
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: “Вось, Я дам народу гэтаму перашкоды, аб якія спатыкнуцца бацькі і сыны, таксама сусед і сябар ягоны, гінучы, загінуць”.
Гэтак кажа СПАДАР: «Гля, прыйдзе люд із паўночнага краю, і вялікі народ прачхнецца з краёў зямлі.
Гэта кажа ГОСПАД: “Вось, народ прыходзіць з зямлі паўночнай, і народ вялікі падымаецца з канцоў зямлі.
Яны хапаюць лук а дзіду; яны неміласьціўныя й ня маюць спагады; голас іхны гучыць, як мора; і яны езьдзяць конна, зладжаныя, як чалавек на вайну, з табою, дачка Сыёну!».
Лук і дзіду яны трымаюць, жудасныя яны і ня маюць літасьці, голас іхні як мора шуміць, і яны на конях едуць, пашыхтаваныя, як чалавек да бою супраць цябе, дачка Сыёну!”
Мы пачулі дзейкі празь яго: рукі нашы скволелі, мучэньні схапілі нас, боль, як парадзіхі ў трудненьню.
Мы пачулі вестку пра яго, і самлелі рукі нашыя, трывога ахапіла нас і боль як у той, якая нараджае.
Ня йдзі ў поле, не хадзі па дарозе, бо меч непрыяцеля, страх на кажным баку.
Не выходзьце, выходзячы, у поле і не зьбірайцеся, зьбіраючыся ў дарогу, бо меч ворага і трывога навокал.
Дачка люду майго! паперажыся зрэбнінаю, валяйся ў попеле, плач па сабе, як па адзіным сыну, зрабі сабе гаркую жалобу, бо зьнецікі прыйдзе на нас.
Дачка народу Майго, апраніся ў зрэбніцу і качайся ў попеле; учыні жалобу, як па сыну адзіным, лямантуй горка, бо раптоўна прыйдзе на нас нішчыцель.
«На спробу Я даў цябе сярод люду Майго і на горад, каб ты пазнаў а выпрабаваў дарогу іхную.
Я паставіў цябе як вежу ў народзе Маім і як цьвярдыню, каб ты даведаўся і выспрабаваў шлях іхні.
Усі яны бунтоўныя бунтаўнікі, з абмовамі ходзячыя; медзь а зялеза; усі згубцы яны.
Усе яны — адступнікі з адступнікаў, ходзяць нахабна, усе яны — медзь і жалеза, усе папсаваныя.
Абгарэлі мяхі, і цяпло спаліла волава; дарма літоўнік літаваў, бо нягодныя не аддаліліся.
Разагрэты мяхом кавальскім агонь, зьнікла волава, але надарэмна ператапляе той, які ператапляе, бо ліхія не аддзяляюцца.
Адхіненым срэбрам назавуць іх, бо СПАДАР адхінуў іх».
Называюць іх срэбрам адкінутым, бо адкінуў іх ГОСПАД».