Ераміі 45 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Слова, што Ярэма, прарока, казаў Боруху Ніранку, як ён напісаў з вуснаў Ярэмы ў кнігу словы гэтыя, чацьвертага году Егоякіма Ёсянка, кажучы:
 
Слова, якое прамовіў Ярэмія прарок да Баруха, сына Нэрыі, калі ён запісаў словы гэтыя ў кнігу з вуснаў Ярэміі ў чацьвёртым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, кажучы:

«Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў, празь цябе, Боруша:
 
«Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, да цябе, Барух.

"Ты сказаў: ’Бяда ж імне! бо СПАДАР дадаў смутак да болю майго; я стамаваўся стагнаньнямі сваімі і не знайшоў супакою’"
 
Ты кажаш: “Гора мне, бо ГОСПАД дадае смутку да болю майго. Я змучыўся ад уздыханьняў, не знаходжу супачыну!”

Гэтак ты скажы яму: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Гля, Я бураю тое, што будаваў, і выкараняю, што пасадзіў, і ўсю зямлю гэтую’,
 
Так скажаш яму: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я руйную тое, што пабудаваў, а тое, што пасадзіў, вырываю, усю зямлю гэтую.

А ты шукаеш вялікіх рэчаў сабе? ня шукай, бо гля, Я навяду ліха на кажнае цела, — кажа СПАДАР, — але душу тваю дам табе замест здабытку на ўсіх месцах, куды ты пойдзеш"».
 
А ты шукаеш для сябе вялікага? Не шукай! Бо вось, Я прыводжу ліха на кожнае цела, кажа ГОСПАД, а табе дам душу тваю як здабычу ў кожным месцы, куды ты пойдзеш”».