Ераміі 25 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Слова, што было да Ярэмы праз увесь люд Юдэйскі чацьвертага году Егоякіма Ёсянка, караля Юдэйскага, — гэта першы год Невухаднецара, караля Бабілёнскага, —
 
Слова, якое было Ярэміі пра ўвесь народ Юды ў чацьвёртым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, гэта значыць, у першым годзе Навухаданосара, валадара Бабілону,

Каторае Ярэма прарока гукаў усяму люду Юдэйскаму а ўсім жыхарам Ерузаліму, кажучы:
 
якое Ярэмія прамовіў пра ўвесь народ Юды і пра ўсіх жыхароў Ерусаліму, кажучы:

«З трынанцатага году Ёсі Амонёнка, караля Юдэйскага, аж дагэтуль, гэта дваццаць тры гады, было слова СПАДАРОВА імне, і я гукаў вам, рана ўстаючы, але вы ня слухалі.
 
«Ад трынаццатага году Ёсіі, сына Амона, валадара Юды, аж да дня гэтага, гэта значыць дваццаць тры гады, было слова ГОСПАДА да мяне, і я прамаўляў да вас, устаючы ноччу, прамаўляў, а вы ня слухалі.

І СПАДАР пасылаў да вас усіх слугаў сваіх, прарокаў, рана ўстаючы й пасылаючы, але вы ня слухалі ані нахіналі вуха свайго, слухаць.
 
І паслаў ГОСПАД да вас усіх слугаў Сваіх, прарокаў, устаючы ноччу і пасылаючы, але вы ня слухалі, і не прыхілялі вушэй вашых, каб пачуць.

І казалі: "Зьвярніцеся кажны з благое дарогі свае і ад благіх учынкаў сваіх і жывіце на зямлі, што СПАДАР даў вам а айцом вашым ад веку да веку;
 
І яны казалі: “Адвярніцеся кожны ад шляху свайго ліхога і ад ліхоты ўчынкаў вашых, і жывіце ў зямлі, якую даў ГОСПАД вам і бацькам вашым адвеку і на вякі.

І не хадзіце за іншымі багамі, служыць ім а кланяцца ім, і не гнявіце Мяне ўчынкамі рук сваіх, і я не зраблю вам ліха.
 
І не хадзіце за багамі чужымі, каб служыць ім і пакланяцца ім, і не гнявіце Мяне справамі рук вашых, і Я не прывяду на вас няшчасьце.

Вы, адылі, ня слухалі Мяне, — агалашае СПАДАР, — каб гнявіць Мяне ўчынкамі рук сваіх, на ліха сабе".
 
Але вы не паслухалі Мяне, кажа ГОСПАД, каб не гнявіць Мяне справамі рук вашых на ліха для вас.

Затым гэтак кажа СПАДАР войскаў: "За тое, што вы ня слухалі слоў Маіх,
 
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “За тое, што вы не паслухалі словаў Маіх,

Вось, Я пасылаю й вазьму ўсі радзімы поўначы, — кажа СПАДАР, — і Невухаднецара, караля Бабілёнскага, слугу Свайго, і прывяду іх на зямлю гэтую, і на жыхараў яе, і на ўсі гэтыя акалічныя народы; зьнішчу іх і ўчыню іх зумленьням, сьвістам а вечным разьвярненьням.
 
вось, Я пашлю і зьбяру ўсе плямёны поўначы, кажа ГОСПАД, і Навухаданосара, валадара Бабілону, слугу Майго. І Я прывяду іх на зямлю гэтую, і на жыхароў ейных, і на ўсе народы навокал, і зраблю іх закляцьцем, і ўчыню іх страхоцьцем, і пасьмешышчам, і руінай вечнай.

І ўчыню, каб загінуў у іх голас радасьці і голас весялосьці, голас князя маладога і голас княгіні маладое, гук жорнаў і сьветла сьвечкі.
 
І Я зьнішчу ў іх голас вясёласьці і гоман радасьці, голас жаніха і голас нявесты, грукат жорнаў і сьвятло лямпы.

І гэта цэлая зямля будзе разьвярненьням а зумленьням; і будуць служыць гэтыя народы каралю Бабілёнскаму семдзясят год.
 
І станецца ўся зямля гэтая руінаю і пусткаю, і будзе пакінутая, і будуць служыць народы гэтыя валадару Бабілонскаму семдзясят гадоў.

І станецца, як выпаўніцца семдзясят год, што Я даведаюся да караля Бабілёнскага а да гэнага народу а да зямлі хальдэйскае, і абярну яе ў вечную пустыню за бяспраўе іхнае, — агалашае СПАДАР. —
 
І станецца, калі споўніцца семдзясят гадоў, Я пакараю валадара Бабілонскага і народ гэты, кажа ГОСПАД, за беззаконьні іхнія, і зямлю Халдэйцаў, і зраблю яе пустэчай вечнай.

І Я прывяду на гэную зямлю ўсі словы Свае, каторыя Я вымавіў супроці яе, усе, што напісана ў гэтай кнізе, што Ярэма праракаў праз усі народы;
 
І, выконваючы, выканаю на зямлі гэтай усе словы Мае, якія Я прамовіў супраць яе; усё, што напісана ў кнізе гэтай, што прарочыў Ярэмія адносна ўсіх народаў.

Бо іх таксама паняволяць шмат якія народы й вялікія каралі; і я адплачу ім подле ўчынкаў іхных і подле справаў рук іхных"».
 
Бо зьняволяць іх народы шматлікія і валадары вялікія, і Я аднагароджу ім паводле ўчынкаў іхніх, паводле справаў рук іхніх”.

Бо гэтак кажа імне СПАДАР, Бог Ізраеляў: «Вазьмі чару зь віном абурэньня гэтага з рукі Мае й дай піць народам, да каторых Я пасылаю цябе.
 
Бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля да мяне: “Вазьмі з рукі Маёй келіх віна гневу гэтага і дай яго піць усім народам, да якіх Я пасылаю цябе.

І будуць яны піць, і будуць хістацца, і ашалеюць ад мяча, што Я пасылаю меж іх».
 
І яны будуць піць, і будуць хістацца, і ашалеюць перад абліччам мяча, які Я пашлю супраць іх”.

І я ўзяў чару з рукі СПАДАРОВАЕ, і даў піць усім народам, да каторых мяне паслаў СПАДАР:
 
І я ўзяў келіх з рукі ГОСПАДА, і напаіў усе народы, да якіх паслаў мяне ГОСПАД,

Ерузаліму а местам Юдэйскім а каралём яго, князём яго, каб аддаць іх на спустошаньне, зуменьне, сьвіст а праклён, як цяперака,
 
Ерусалім і гарады Юды, валадароў іхніх і князёў іхніх, каб зрабіць іх руінамі, на аслупяненьне, на пасьмешышча і на праклён, як гэта ёсьць сёньня;

Фараону, каралю Ягіпецкаму, а слугам ягоным а ўсяму люду ягонаму
 
фараона, валадара Эгіпецкага, і слугаў ягоных, князёў ягоных і ўвесь народ ягоны,

А ўсёй мешаніне а ўсім каралём зямлі Уз а ўсім каралём зямлі Пілісцкае а Ашкелону а Ґазе а Экрону а астачы Айдоду,
 
і ўсе разнастайныя [народы] і ўсіх валадароў зямлі Уц, усіх валадароў зямлі Філістынскай, Ашкелён, Газу, Экрон, і рэшту Ашдоду,

Едому а Моаву а сыном Амонавым
 
Эдом, Мааў і сыноў Амона,

А ўсім каралём Тыру а ўсім каралём Сыдону а каралём абтоку, што за морам,
 
усіх валадароў Тыру і ўсіх валадароў Сідону, усіх валадароў астравоў, якія на тым баку мора,

Дэдану а Феме а Вузу а ўсім, што адцінаюць бакі,
 
Дэдана і Тэму, Буза і ўсіх, якія стрыгуць валасы на скронях;

Усім каралём Арабы а ўсім каралём мешаніны, што жывуць на пустыні,
 
усіх валадароў Арабіі, усіх валадароў разнастайных народаў, якія жывуць у пустыні;

А ўсім каралём Зымры а ўсім каралём Еламу а ўсім каралём Міды
 
усіх валадароў Зімры, усіх валадароў Эляму і ўсіх валадароў Мадаю,

А ўсім каралём поўначы, блізкім і далёкім адзін ад аднаго, а ўсім каралеўствам сьвету, што на віду зямлі, а кароль Шэшах будзе піць просьле іх.
 
усіх валадароў поўначы, блізкіх і далёкіх, адных за другім; і ўсе валадарствы, якія на абліччы зямлі, а валадар Шэшаху будзе піць пасьля іх.

«І скажы ім: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: ’Піце а ўпіцеся а вырыгайце а паваліцеся а ўжо ня ўстаньце ад мяча, каторы Я пасылаю меж вас’".
 
І ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Піце, і напівайцеся, і ванітуйце, і падайце, і не ўставайце перад абліччам мяча, які Я пашлю супраць вас”.

І будзе: калі яны будуць адмаўляцца ўзяць чару з рукі твае, каб піць, тады скажы ім: ’Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Вы канечне будзеце піць;
 
І станецца, калі яны ня будуць хацець узяць келіх з рукі тваёй, каб піць, ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. П’ючы, піць будзеце!

Бо гля, Я пачынаю наводзіць ліха на места, названае імям Маім, і ці вы будзеце сусім непакараны? Вы ня будзеце непакараныя, бо Я меч гукаю на ўсіх жыхараў зямлі’", — агалашае СПАДАР войскаў.
 
Бо вось, у горадзе, над якім клікалі імя Маё, Я пачынаю чыніць зло, а вы мелі б застацца без пакараньня? Не застанецеся без пакараньня, бо Я клічу меч супраць усіх жыхароў зямлі, кажа ГОСПАД Магуцьцяў”.

А ты праракай ім усі гэтыя словы і скажы ім: "СПАДАР закрычыць із вышы і ізь сьвятое сялібы Свае падасьць голас Свой, магутна закрычыць на дамову Сваю, загукае, як ціснучыя віно, адкажа ўсім жыхарам зямлі.
 
А ты будзеш прарочыць ім усе словы гэтыя і скажаш ім: “ГОСПАД грыміць з вышыняў, з Сялібы Сваёй сьвятой дае голас Свой, грымотамі грыміць супраць паселішчаў Сваіх, падымае крык, як выціскачы [віна], адказвае да ўсіх жыхароў зямлі.

Прыйдзе гук аж да канцоў зямлі, бо СПАДАР мае справу з народамі, Ён ўходзе на суд із кажным целам, аддаець нягодных пад меч", — агалашае СПАДАР».
 
Даходзіць гармідар аж да канцоў зямлі, бо ГОСПАД вядзе спрэчку з народамі, кліча на суд кожнае цела, злачынцаў аддае пад меч, кажа ГОСПАД”.

Гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Вось ліха йдзець ад народу, і вялікі віхор узьнімаецца ад краёў зямлі.
 
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Вось, гора пераходзіць з народу да народу, і бура вялікая прачынаецца з канцоў зямлі.

І таго дня забітыя СПАДАРОМ будуць ад канца зямлі аж да канца зямлі; ня будуць па іх плакаць ані забіраць, ані хаваць; гноям на віду зямлі яны будуць.
 
І будуць забітыя ГОСПАДАМ у дзень гэты ад канца зямлі да канца зямлі, ніхто ня будзе [па іх] плакаць, ані зьбіраць іх, ані хаваць іх; і стануцца яны, як гной на абліччы зямлі.

Выйце, пастыры, і галасіце; валяйцеся, правадыры стады; бо выпаўніліся дні вашыя на зарэз а разьвеяньне вашае, і зваліцеся, як жаданая судзіна.
 
Лямантуйце, пастыры, і галасіце! Качайцеся ў пыле, пастухі авечак, бо надыйшлі дні зарэзу вашага і расьцярушаньня вашага, і вы ўпадзеце, як начыньне каштоўнае.

І спабудуцца пастыры ўцекаў, і правадыры авец — уцёку.
 
І ня будзе схову для пастыраў, і ня будзе ратунку для пастухоў авечак.

Голас крыку пастыроў, і вык правадыроў авец, бо СПАДАР пустоша пасту іхную.
 
[Чутны] голас крыку пастыраў і лямант пастухоў авечак, бо ГОСПАД пустошыць статак іхні.

Супакойныя пасьцьбішчы спустошаны палкім абурэньням СПАДАРОВЫМ.
 
І нішчацца пашы спакойныя перад абліччам полымя гневу ГОСПАДА.

Ён пакінуў левянё, як будку сваю, зямля іхная стала пустынёю ад гневу ўціснаньніка і ад палкага абурэньня Ягонага».
 
Ён пакінуў як леў сховішча сваё, бо зямля Ягоная сталася пусткаю з прычыны ярасьці прыгнятальніка, з прычыны полымя гневу [Госпада]”».