Ераміі 26 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
На пачатку дзяржавы Егоякіма Есянка, караля Юдэйскага, было слова ад СПАДАРА, кажучы:
На пачатку валадараньня Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, было слова гэтае ад ГОСПАДА, кажучы:
«Гэтак кажа СПАДАР: "Стань на панадворку дому СПАДАРОВАГА і кажы ўсім местам Юдэі, каторыя прыходзяць кланяцца ў доме СПАДАРОВЫМ, усі словы, што Я расказаў табе казаць ім; не адбаў ані слова.
«Гэта кажа ГОСПАД. Стань на панадворку Дому ГОСПАДА і прамаўляй да [жыхароў] усіх гарадоў Юды, якія прыходзяць у Дом ГОСПАДА пакланіцца, усе словы, якія Я загадаў табе казаць, не абміні ані слова!
Можа яны паслухаюць а зьвернуцца зь ліхое дарогі свае, і Я пажалею ліха, што думаю зрабіць ім за ліхія ўчынкі іхныя".
Можа, яны паслухаюць і адвернуцца кожны ад шляху свайго ліхога, і Я пашкадую [ўчыніць] зло, якое Я задумаў зрабіць ім з прычыны ліхоты ўчынкаў іхніх.
І скажы ім: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Калі вы не паслухаеце Мяне, каб хадзіць у праве Маім, каторае Я ўстанавіў перад вамі,
І скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД. Калі вы не паслухаеце Мяне, каб хадзіць паводле Закону Майго, які Я паставіў перад абліччам вашым,
Слухаць словаў слугаў Маіх прарокаў, каторых Я пасылаю да вас, рана ўстаючы а пасылаючы, але вы ня слухалі;
каб слухаць словы слугаў Маіх прарокаў, якіх Я пасылаў да вас, устаючы ўначы і пасылаючы, але вы ня слухалі.
Дык я зраблю гэтаму дому, як Шыле, і аддам места гэтае на праклён усім народам зямлі’"».
І Я зраблю з домам гэтым, як з Шыло, і горад гэты дам на праклён усім народам зямлі”».
І слухалі сьвятарове а прарокі а ўвесь люд, як Ярэма мовіў гэтыя словы ў доме СПАДАРОВЫМ.
І чулі сьвятары, і прарокі, і ўвесь народ Ярэмію, які прамаўляў словы гэтыя ў Доме ГОСПАДА.
І сталася, як Ярэма скончыў мовіць усе, што СПАДАР расказаў мовіць да ўсяго люду, то схапілі яго сьвятарове а прарокі а ўвесь люд, кажучы: «Ты сьмерцю памрэш.
І сталася, калі Ярэмія скончыў прамаўляць усё, што загадаў яму ГОСПАД прамовіць да ўсяго народу, схапілі яго сьвятары, і прарокі, і ўвесь народ, кажучы: «Ты сьмерцю памрэш!
Чаму ты праракаў імям СПАДАРОВЫМ, кажучы: "Як Шыло, будзе дом гэты, і гэтае места будзе пустое, бяз жыхараў?"» І зьберся ўвесь люд да Ярэмы ў доме СПАДАРОВЫМ.
Навошта ты прарочыў у імя ГОСПАДА, кажучы: “Як Шыло будзе Дом гэты, і горад гэты будзе зруйнаваны і [будзе] бязьлюдным”?» І ўвесь народ сабраўся супраць Ярэміі ў Доме ГОСПАДА.
І пачулі князі юдэйскія гэтыя словы, і ўзышлі з дому каралеўскага да дому СПАДАРОВАГА, і селі ў варотах новае брамы СПАДАРОВАЕ.
І пачулі князі Юды словы гэтыя, і выйшлі з дому валадара ў Дом ГОСПАДА, і селі каля ўваходу Новай Брамы [ў Доме] ГОСПАДА.
І казалі сьвятарове а прарокі князём а ўсяму люду, кажучы: «Рассудак сьмерці людзіне гэтай, бо ён праракаў супроці места гэтага, як вы чулі сваімі вушамі».
І сказалі сьвятары і прарокі да князёў і да ўсяго народу, кажучы: «Прысуд сьмерці для чалавека гэтага, бо ён прарочыў супраць гораду гэтага, як [гэта] вы чулі ў вушах вашых».
І гукаў Ярэма да ўсіх князёў а да ўсяго люду, кажучы: «СПАДАР паслаў мяне праракаць супроці дому гэтага а супроці места гэтага ўсі словы, што вы чулі.
І сказаў Ярэмія да ўсіх князёў і да ўсяго народу: «ГОСПАД паслаў мяне, каб прарочыць супраць Дому гэтага і супраць гораду гэтага ўсе словы, якія вы чулі.
Дык цяпер папраўце дарогі свае а ўчынкі свае і слухайце голасу СПАДАРА Бога свайго, і СПАДАР пажалее таго ліха, што Ён вымавіў супроці вас.
І цяпер выпраўце шляхі вашыя і ўчынкі вашыя, і слухайце голас ГОСПАДА, Бога вашага, і ГОСПАД пашкадуе [ўчыніць] ліха, якое Ён прамовіў супраць вас.
Што да мяне, вось, я ў руццэ вашай, рабіце імне, што добра й што пасьціва ў вачох вашых.
А я, вось, у руках вашых. Рабіце са мной, што добра і справядліва ў вачах вашых.
Адно ведайце напэўна, што калі вы зробіце імне сьмерць, вы напэўна возьмеце нявінную кроў на сябе а на гэтае места а на жыхараў яго, бо запраўды СПАДАР паслаў мяне да вас мовіць усі гэтыя словы ў вушы вашы».
Толькі, ведаючы, ведайце, што калі вы заб’яцё мяне, кроў нявінную вы сьцягнеце на сябе, і на горад гэты, і на жыхароў ягоных, бо сапраўды паслаў мяне ГОСПАД да вас, каб прамовіць да вас усе словы гэтыя».
Тады сказалі князі а ўвесь люд сьвятаром а прарокам: «Ня мае быць гэтай людзіне рассудку сьмерці, бо ён мовіў нам імям СПАДАРА, Бога нашага».
І сказалі князі і ўвесь народ да сьвятароў і да прарокаў: «Не для чалавека гэтага прысуд сьмерці, бо ён прамаўляў да нас у імя ГОСПАДА, Бога нашага».
Тады ўсталі некаторыя із старцоў зямлі і сказалі ўсёй грамадзе люду, кажучы:
І падняліся мужы спаміж старшыняў зямлі, і сказалі ўсёй царкве народу, кажучы:
«Міхей Морэшэцянін праракаў за дзён Гэзэкі, караля Юдэйскага, і сказаў усяму люду юдэйскаму, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Сыён будзе ўзараны, як поле, і Ерузалім станецца кучамі, і гара дому — як вышыні лесавыя’.
«Міхей з Марэшэту прарочыў у дні Эзэкіі, валадара Юды, і ён казаў да ўсяго народу Юды, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Сыён будзе заараны як поле, Ерусалім станецца руінамі, а гара Дому [Божага] — узгоркам лясным”.
Ці пасьмелі забіць яго Гэзэка, кароль Юдэйскі, і ўся Юдэя? ці ён не пабаяўся СПАДАРА? і маліў від СПАДАРОЎ, і СПАДАР пажалеў таго ліха, каторае вымавіў на іх. А мы дзеем вялікае ліха душам нашым"».
Ці сапраўды забіў яго Эзэкія, валадар Юды, і ўвесь Юда? Ці ж не спалохаўся ён ГОСПАДА і ці не маліў аблічча ГОСПАДА, і ГОСПАД пашкадаваў, і [не ўчыніў] зла, якое прамовіў супраць іх. А мы [хочам] учыніць зло вялікае адносна душаў нашых».
І быў там таксама чалавек, што праракаў імям СПАДАРОВЫМ — Ура Шэмаёнак із Кіраф-Еарыму; ён праракаў супроці места гэтага й супроці зямлі гэтае подле ўсіх словаў Ярэміных.
Быў таксама чалавек, які прарочыў у імя ГОСПАДА, Урыя, сын Шэмаі з Кірыят-Ярыму. Ён прарочыў супраць гораду гэтага і супраць зямлі гэтай [словамі], як усе словы Ярэміі.
І пачуў кароль Егоякім, і ўсі дужасілы ягоныя, і ўсі князі словы ягоныя, і шукаў кароль, каб зрабіць яму сьмерць; і пачуў Ура, і зьлякаўся, і ўцёк, і прышоў да Ягіпту.
І пачулі валадар Егаякім і ўсе магнаты ягоныя, і ўсе князі словы ягоныя; і валадар шукаў, каб забіць яго. І пачуў Урыя пра гэта, і спалохаўся, і ўцёк, і прыйшоў у Эгіпет.
І Ягоякім кароль паслаў людзёў да Ягіпту — Елнафана Ахборонка і людзёў ізь ім да Ягіпту.
І паслаў валадар Егаякім у Эгіпет Эльнатана, сына Ахбора, і людзей з ім у Эгіпет.
І вывялі Уру зь Ягіпту, і прывялі яго да караля Егоякіма, і ён паразіў яго мячом, і кінуў мертвае цела ягонае ў грабы сыноў люду.
І яны вывелі Урыю з Эгіпту, і прывялі да валадара Егаякіма, і той ударыў яго мячом, і парэшткі ягоныя ўкінуў у магілу сыноў народу.
Але рука Агікама Шафанёнка была за Ярэму, так што яны не аддалі яго ў руку люду зрабіць яму сьмерць.
Аднак рука Ахікама, сына Шафана, была з Ярэміем, каб ня быў ён аддадзены ў рукі народу, каб забілі яго.