Ераміі 24 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
СПАДАР паказаў імне: і вось, два кашы фіґаў пастаноўлены перад палацам СПАДАРОВЫМ, просьле тога як Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, павёў палоненіка Ехоню Егоякіменка, караля Юдэйскага, і князёў Юдэйскіх, цесьляў а кавалёў зь Ерузаліму і прывёў іх да Бабілёну.
Гасподзь паказаў мне: і вось, два кашы са смоквамі пастаўлены перад храмам Гасподнім, — пасьля таго, як Навухаданосар, цар Вавілонскі, вывеў зь Ерусаліма палоннымі Еханію, сына Ёакімавага, цара Юдэйскага, і князёў Юдэйскіх зь цесьлямі і кавалямі і прывёў іх у Вавілон:
Адзін кош вельма добрых фіґаў, як фіґі раньнія; другі кош вельма благіх фіґаў, каторых нельга есьці зь негадзячасьці.
адзін кош быў са смоквамі вельмі добрымі, якімі бываюць смоквы раньнія, а другі кош — са смоквамі вельмі благімі, якіх зь нягоднасьці іхняй нельга есьці.
Тады сказаў СПАДАР імне: «Што бачыш ты, Ярэма?» І я сказаў: «Фіґі: добрыя фіґі — вельма добрыя, а благія — вельма благія, што нельга есьці зь негадзячасьці».
І сказаў мне Гасподзь: што бачыш ты, Ерамія? я сказаў: смоквы, смоквы добрыя — вельмі добрыя, а благія — вельмі благія, так што іх нельга есьці, бо яны вельмі кепскія.
Ізноў было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы:
І было мне слова Гасподняе:
«Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Як гэтыя добрыя фіґі, так Я прызнаю выгнаньне Юдэі, каторую Я выслаў з гэтага месца да зямлі хальдэйскае, за дабро;
так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: падобна, як гэтыя смоквы добрыя, Я прызнаю добрымі перасяленцаў Юдэйскіх, якіх Я паслаў з гэтага месца ў зямлю Халдэйскую;
І зьвярну на іх вочы Свае на дабро, і зьвярну іх да гэтае зямлі, і збудую іх, а не абуру, і пасаджу, а ня вырву;
я зьвярну на іх вочы Мае на дабро ім і вярну іх у зямлю гэтую, і ўладжу іх, а ня зруйную, і пасаджу іх, а ня выкарчую;
І дам ім сэрца знаць Мяне, што Я — СПАДАР; і яны будуць Імне людам, і Я буду ім Богам; бо яны зьвернуцца да Мяне ўсім сэрцам сваім.
і дам ім сэрца, каб ведалі Мяне, што Я — Гасподзь, і яны будуць Маім народам, а Я буду іхнім Богам; бо яны абернуцца да Мяне ўсім сэрцам сваім.
Бо гэтак кажа СПАДАР: — Як благія фіґі, каторых нельга есьці зь негадзячасьці, так Я ўчыню із Сэдэкам, каралём Юдэйскім, і з князьмі ягонымі, і із засталымі зь Ерузаліму, што застаюцца ў зямлі гэтай, і з тымі, што жывуць у зямлі Ягіпецкай;
А пра благія смоквы, якіх і есьці нельга за няпрыдатнасьць іх, так кажа Гасподзь: такім Я зраблю Сэдэкію, цара Юдэйскага, і князёў ягоных і іншых Ерусалімцаў, што застаюцца ў зямлі гэтай і жывуць у зямлі Егіпецкай;
І Я даў іх на дрыжэньне да ўсіх гаспадарстваў зямлі, на ганьбу а прыказь, наругі а кляцьбу ў вусіх месцах, куды я выжану іх.
і аддам іх на азлобу і на ліхія пакуты ва ўсіх царствах зямных, на паглум, на перагуды, на пакепства і праклён ва ўсіх мясьцінах, куды Я выганю іх.
І пашлю на іх меч, галадоў а ліпучку, пакуль ня выгублю іх ізь зямлі, што Я даў ім а айцом іхным"».
І пашлю на іх меч, голад і паморак, пакуль ня вынішчу іх зь зямлі, якую Я даў ім і бацькам іхнім.