Ераміі 41 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сталася сёмага месяца: Ізмайла, сын Нефані Елішаменка, з каралеўскага насеньня, і князі каралеўскія, ажно дзесяцёх чалавекаў зь ім, прышлі да Ґедалі Агікаменка да Міцпы, і разам елі хлеб там у Міцпе.
 
І было ў сёмы месяц, Ісмаіл, сын Натаніі, сына Элісама зь племя царскага, і вяльможы царовыя і дзесяць чалавек зь ім прыйшлі да Гадоліі, сына Ахікамавага, у Масіфу, і там яны елі разам хлеб у Масіфе.

І ўстаў Ізмайла Нефавёнак і дзесяцёх чалавекаў, што былі зь ім, і выцялі Ґедалю, сына Агікама Шафанёнка мячом, і забілі таго, каго кароль Бабілёнскі быў прызначыўшы за дзяржаўцу ў зямлі.
 
І ўстаў Ісмаіл, сын Натаніі, і дзесяць чалавек, якія былі зь ім, і ўдарылі Гадолію, сына Ахікамавага, сына Сафанавага, мечам і забілі таго, каго цар Вавілонскі паставіў начальнікам над краінаю.

І зразіў Ізмайла ўсіх Гэбрэяў, што былі зь ім, з Ґедалям, у Міцпе, і Хальдэяў, што апынуліся там, вояў.
 
Таксама забіў Ісмаіл і ўсіх Юдэяў, якія былі зь ім, з Гадоліем, у Масіфе, і былых там Халдэяў, людзей вайсковых.

І сталася, назаўтрае па забіцьцю Ґедалі, і ніхто ня ведаў,
 
На другі дзень пасьля забойства Гадоліі, калі ніхто ня ведаў пра гэта,

І прышлі людзі із Шыхему, із Шыла а із Самары, асьмідзясят чалавекаў, з аголенымі барадамі й разьдзертым адзецьцям, і парэзаўшыся, з дарамі а кадзілам у руках, каб прынесьці да дому СПАДАРОВАГА.
 
прыйшлі зь Сіхема, Сілома і Самарыі восемдзесят чалавек з паголенымі бародамі і ў падранай вопратцы, і параніўшы сябе, з дарункамі і ліванам у руках для прынясеньня іх у дом Гасподні.

І вышаў Ізмайла Нефанёнак зь Міцпы наўпярэймы ім, і, ідучы, плакаў, і, як стрэў іх, сказаў ім: «Ідзіце да Ґедалі Агікаменка».
 
Ісмаіл, сын Натаніі, выйшаў з Масіфы насустрач ім, ідучы і плачучы, і спаткаўшыся зь імі, сказаў ім: «ідзеце да Гадоліі, сына Ахікамавага».

І, як яны прышлі ў сярэдзіну места, Ізмайла Нефанёнак зарэзаў іх і кінуў у сярэдзіну ямы, ён а людзі, што былі зь ім.
 
І як толькі яны ўвайшлі ўсярэдзіну горада, Ісмаіл, сын Натаніі перабіў іх і ўкінуў у роў, ён і былыя зь ім людзі.

Было, адылі, меж іх дзесяцёх чалавекаў, што сказалі Ізмайлу: «Не забівай, бо мы маем скарбы ў полю, пшонку а ячмень а аліву а мёд»; дык ён узьдзержаўся й не забіў іх памеж братоў іхных.
 
Але знайшліся сярод іх дзесяць чалавек, якія сказалі Ісмаілу: «не забівай нас, бо ў нас ёсьць у полі схаваныя скарбы з пшаніцаю і ячменем, і алеем і мёдам». І ён утрымаўся і не забіў іх зь іншымі братамі іхнімі.

Яма ж, у каторую Ізмайла ўкінуў трупы забітых ім людзёў дзеля Ґедалі, была тая, каторую кароль Аса выкапаў ад Ваашы, караля Ізраельскага; Ізмайла Нефанёнак напоўніў яе забітымі.
 
А роў, куды кінуў Ісмаіл усе трупы людзей, якіх ён забіў за Гадолію, быў той самы, які выкапаў цар Аса, баючыся Ваасы, цара Ізраільскага; яго напоўніў Ісмаіл, сын Натаніі, забітымі.

І захапіў Ізмайла ў палон усю астачу люду, што ў Міцпе, дачкі каралеўскія і ўвесь люд, што застаўся ў Міцпе, каторых Невузар-Адан, начэльнік катаў, паручыў Ґедалі Агікаменку; дыкжэ іх узяў у палон Ізмайла Нефанёнак і пашоў, каб перайсьці да сыноў Амонавых.
 
І захапіў Ісмаіл усю рэшту народа, што быў у Масіфе, дачок царовых і ўсю рэшту людзей у Масіфе, якіх Навузардан, начальнік целаахоўцаў, даручыў Гадоліі, сыну Ахікамаваму, і захапіў іх Ісмаіл, сын Натаніі, і выправіўся да сыноў Амонавых.

І пачуў Ёганан Карэажонак а ўсі вайводцы, што зь ім, праз усе ліха, што зрабіў Ізмайла Нефанёнак,
 
Але калі Ёанан, сын Карэеў і ўсе ваеначальнікі, што былі зь ім, пачулі пра ўсе зладзействы, якія ўчыніў Ісмаіл, сын Натаніі,

І ўзялі ўсіх людзёў, і пайшлі біцца з Ізмайлам Нефанёнкам, і знайшлі яго ля вялікіх водаў, што ў Ґівеоне.
 
узялі ўсіх людзей і пайшлі на бітву зь Ісмаілам, сынам Натаніі, і дагналі яго каля вялікіх водаў, у Гаваоне.

І сталася, як увесь люд, што быў зь Ізмайлам, абачыў Ёганана Карэажонка а ўсіх вайводцаў зь ім, тады яны ўзрадаваліся.
 
І калі ўвесь народ, які быў у Ісмаіла, угледзеў Ёанана, сына Карэевага, і ўсіх ваенных начальнікаў, што былі зь ім, — узрадаваўся;

Дык увесь люд, што Ізмайла ўзяў у палон зь Міцпы, адвярнуўся ад яго, і навярнуліся й пашлі да Ёганана Карэажонка.
 
і адвярнуўся ўвесь люд, які Ісмаіл зьвёў у палон з Масіфы, і павярнуўся і пайшоў да Ёанана, сына Карэевага,

Але Ізмайла Нефанёнак ўцёк ад Ёганана з асьма чалавекамі і пайшоў да сыноў Амовавых.
 
а Ісмаіл, сын Натаніі, уцёк ад Ёанана з васьмю людзьмі і пайшоў да сыноў Амонавых.

І ўзяў Ёгаван Карэажонак а ўсі вайводцы, што былі зь ім, астачу люду, каторую ён зьвярнуў ад Ізмайлы Нефанёнка зь Міцпы, просьле тога як ён забіў Ґедалю Агікаменка: дужасілаў, людзёў ваенных а жанкі а дзеці а легчанцоў, каторыя ён зьвярнуў зь Ґівеону.
 
Тады Ёанан, сын Карэеў, і ўсе ваенныя начальнікі, што былі зь ім, узялі з Масіфы ўсю рэшту люду, які ён вызваліў ад Ісмаіла, сына Натаніі, пасьля таго як той забіў Гадолію, сына Ахікамавага, мужчын, ваенных людзей і жанок і дзяцей, і еўнухаў, якіх ён вывеў з Гаваона;

І пашлі, і жылі ў сялібе Хімгам ля Бэтлеему, каб ісьці а прысьці да Ягіпту
 
і пайшлі і спыніліся ў селішчы Хімам, непадалёк ад Віфляема, каб пайсьці ў Егіпет

Ад Хальдэяў, бо баяліся іх, бо Ізмайла Нефанёнак забіў Ґедалю Агікаменка, каторага кароль Бабілёнскі прызначыў за дзяржаўцу ў зямлі.
 
ад Халдэяў, бо яны баяліся іх, бо Ісмаіл, сын Натаніі, забіў Гадолію, сына Ахікамавага, якога цар Вавілонскі паставіў начальнікам над краінаю.