Ераміі 35 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Слова, што было да Ярэмы ад СПАДАРА за дзён Егоякіма Ёсянка, караля Юдэйскага, кажучы:
 
Слова, якое было Ерамію ад Госпада ў дні Ёакіма, сына Ісаі, цара Юдэйскага:

«Пайдзі да дому Рэхавічаў, памужуй ізь імі і прывядзі іх да дому СПАДАРОВАГА, да аднаго з пакояў, і дай ім віна піць».
 
ідзі ў дом Рэхавітаў і пагавары зь імі, і прывядзі іх у дом Гасподні, у адзін пакой, і дай ім піць віна.

Тады я ўзяў Язаню, сына Ярэмы Гавасіненка, і братоў ягоных, і ўсіх сыноў ягоных, і ўвесь дом Рэхавічаў;
 
Я ўзяў Язанію, сына Ераміі, сына Авацыніі, і братоў ягоных, і ўсіх сыноў ягоных і ўвесь дом Рэхавітаў,

І прывёў іх да дому СПАДАРОВАГА, да пакою сыноў Ганана Іґдалёнка, чалавека Божага, што ля пакою князёў, каторы над пакоям Маасэі Шалумёнка, даглядніка парогу;
 
і прывёў іх у дом Гасподні, да сына Анана, сына Гадаліі, чалавека Божага, у пакой, які — каля пакоя князёў, над пакоем Маасэі, сына Сэлумавага, вартаўніка каля ўваходу;

І пастанавіў перад сынамі дому Рэхавічаў глякі, поўныя віна, і чары, і сказаў ім: «Піце віно».
 
і паставіў перад сынамі дома Рэхавітаў поўныя чары віна і шклянкі і сказаў ім: «пеце віно».

Але яны сказалі: «Ня будзем піць віна, бо Ёнадаў Рэхавёнак, айцец наш, расказаў нам, кажучы: "Ня піце віна вы ані сынове вашыя на векі;
 
Але яны сказалі: «мы віна ня п’ём, бо Ёнадаў, сын Рэхаваў, бацька наш, даў нам запаведзь, сказаўшы: ня пеце віна ні вы, ні дзеці вашы давеку;

І дамоў не станавіце, і сяўбы ня сейце, і віннага гароду не засаджайце ані майце, але ўсі дні вашы жывіце ў буданох, каб вы жылі шмат дзён на зямлі, ідзе вы падарожжуеце".
 
і дамоў ня будуйце і насеньня ня сейце, і вінаграднікаў не разводзьце і ня майце іх, а жывеце ў вашых намётах ва ўсе дні жыцьця вашага, каб вам доўга пражыць на той зямлі, дзе вы вандруеце.

І мы паслухалі голасу Ёнадава Рэхавёнка, айца нашага, у вусім, у чым ён абавязаў нас, каб усі дні нашы ня піць віна нам, жонкам нашым, сыном нашым ані дачкам нашым,
 
І паслухаліся голасу Ёнадава, сына Рэхамавага, бацькі нашага, ва ўсім, што ён наказаў нам, каб ня піць віна ва ўсе дні нашыя, — мы і жонкі нашыя, і сыны нашыя і дочкі нашыя, —

Ані ставіць дамоў сабе, каб жыць у іх, ані мець вінішчаў, ані поля, ані засеяньня, каб ня было ў нас;
 
і каб не будаваць дамоў для жыхарства нашага; і ў нас няма ні вінаграднікаў ні палёў ні пасеву;

І мы жылі ў буданох, і слухалі, і рабілі ўсе, што расказаў нам Ёнадаў, айцец наш.
 
а жывём у намётах і ва ўсім слухаемся і робім усё, што наказаў нам Ёнадаў, бацька наш.

Але сталася, як узышоў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, да зямлі, што мы сказалі: "Хадзіма, ідзіма да Ерузаліму ад войска Хальдэяў і ад войска Арамлян"; дык мы жывем у Ерузаліме».
 
Калі ж Навухаданосар, цар Вавілонскі, прыйшоў у зямлю гэтую, мы сказалі: хадзем, сыдзем у Ерусалім ад войска Халдэяў і ад войска Арамэяў, — і вось, мы жывём у Ерусаліме».

Тады было слова СПАДАРОВА да Ярэмы, кажучы:
 
І было слова Гасподняе Ераміі:

«Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: "Пайдзі й скажы мужом Юдэйскім а жыхарам Ерузаліму: ’Ці вы не ўзялі навукі слухаць слоў Маіх? — агалашае СПАДАР. —
 
так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: ідзі і скажы мужчынам Юды і жыхарам Ерусаліма: няўжо вы ня возьмеце з гэтага навуку сабе, каб слухацца словаў Маіх? кажа Гасподзь.

Словы, каторыя Ёнадаў Рэхавёнак расказаў сыном сваім, каб ня пілі віна, споўненыя, і яны ня п’юць дагэтуль, бо паслухалі расказаньня айца свайго; Я, адылі, кажу вам, рана ўстаючы й кажучы, але вы ня слухалі Мяне.
 
Слова Ёнадава, сына Рэхамавага, які наказаў сынам сваім ня піць віна, выконваецца, і яны ня п’юць да сягоньня, бо слухаюцца наказу бацькі свайго; а Я бесьперастанку казаў вам, казаў з самай раніцы, — і вы не паслухаліся Мяне.

Я пасылаў да вас усіх слугаў Сваіх прарокаў, рана ўстаючы й пасылаючы, кажучы: "Зьвярніцеся кажны зь ліхое дарогі свае і папраўце ўчынкі свае, і не хадзіце за іншымі багамі, служыць ім, — і вы будзеце жыць у зямлі, каторую Я даў вам і айцом вашым"; але вы не нахінулі вуха свайго і ня слухалі Мяне.
 
Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы і казаў: адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і выпраўце паводзіны вашыя і не хадзеце сьледам за іншымі божышчамі, каб служыць ім, — і жыцьмеце на гэтай зямлі, якую Я даў вам і бацькам вашым; але вы ня прыхілілі вуха свайго і не паслухаліся Мяне.

Але, сынове Ёнадава Рэхавёнка споўнілі расказаньне айца свайго, каторае ён расказаў ім, але люд гэты не паслухаў Мяне’".
 
Як бо сыны Ёнадава, сына Рэхамавага, выконваюць наказ бацькі свайго, які ён наказаў ім, а народ гэты ня слухаецца Мяне,

Затым гэтак кажа СПАДАР, Бог войскаў, Бог Ізраеляў: "Гля, Я навяду на Юдэю а на ўсіх жыхараў Ерузаліму ўсе ліха, што Я вымавіў супроці іх, бо Я гукаў да іх, але яны ня слухалі, і Я гукаў іх, але яны не адказалі"».
 
таму так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я навяду на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерусаліма ўсё тое ліха, якое Я выказаў на іх, бо Я казаў ім, а яны ня слухаліся, клікаў іх, а яны не адказвалі.

А дому Рэхавічаў сказаў Ярэма: «Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: "За тое, што вы паслухалі расказаньня Ёнадава, айца свайго, і паўнілі ўсі навукі ягоныя, і рабілі подле ўсёга, што ён расказаў вам;
 
А дому Рэхавітаў сказаў Ерамія: за тое, што вы паслухаліся запавету Ёнадава, бацькі вашага, і захоўваеце ўсе наказы ягоныя і ва ўсім паводзіцеся, як ён наказаў вам, —

За тое гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: ’У Ёнадава Рэхавёнка ніколі ня будзе адцяты, каторы стаіць перад Імною’"».
 
за тое, — так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў, не адымецца ў Ёнадава, сына Рэхамавага, муж, які стаіць перад абліччам Маім ва ўсе дні.