Ераміі 35 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Слова, якое было Ярэміі ад ГОСПАДА ў дні Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, кажучы:
Слова, якое было Ерамію ад Госпада ў дні Ёакіма, сына Ісаі, цара Юдэйскага:
«Ідзі ў дом Рэхавічаў, і паразмаўляй з імі, і прывядзі іх у Дом ГОСПАДА ў адзін з пакояў, і дай ім піць віно».
ідзі ў дом Рэхавітаў і пагавары зь імі, і прывядзі іх у дом Гасподні, у адзін пакой, і дай ім піць віна.
І я ўзяў Яазанію, сына Ярэміі, сына Хабацыніі, і братоў ягоных, і ўсіх сыноў ягоных, і ўвесь дом Рэхавічаў,
Я ўзяў Язанію, сына Ераміі, сына Авацыніі, і братоў ягоных, і ўсіх сыноў ягоных і ўвесь дом Рэхавітаў,
і ўвёў іх у Дом ГОСПАДА, у пакой сыноў Ханана, сына Ігдаліі, чалавека Божага, які блізка пакою князёў, над пакоем Маасэі, сына Шальлюма, які пільнаваў парог.
і прывёў іх у дом Гасподні, да сына Анана, сына Гадаліі, чалавека Божага, у пакой, які — каля пакоя князёў, над пакоем Маасэі, сына Сэлумавага, вартаўніка каля ўваходу;
І я паставіў перад абліччам сыноў дому Рэхава начыньні, напоўненыя віном, і келіхі, і сказаў ім: «Піце віно!»
і паставіў перад сынамі дома Рэхавітаў поўныя чары віна і шклянкі і сказаў ім: «пеце віно».
А яны сказалі: «Ня будзем піць віна, бо Ёнадаў, сын Рэхава, бацька наш, загадаў нам, кажучы: “Ня будзеце піць віна ані вы, ані сыны вашыя на вякі.
Але яны сказалі: «мы віна ня п’ём, бо Ёнадаў, сын Рэхаваў, бацька наш, даў нам запаведзь, сказаўшы: ня пеце віна ні вы, ні дзеці вашы давеку;
І ня будзеце вы будаваць дамоў, ня будзеце сеяць насеньне, ня будзеце садзіць вінаграднікі і ня будзеце мець іх, але будзеце жыць у намётах усе дні вашыя, каб жылі вы шмат дзён на абліччы зямлі, на якой вы вандруеце”.
і дамоў ня будуйце і насеньня ня сейце, і вінаграднікаў не разводзьце і ня майце іх, а жывеце ў вашых намётах ва ўсе дні жыцьця вашага, каб вам доўга пражыць на той зямлі, дзе вы вандруеце.
І мы паслухаліся голасу Ёнадава, сына Рэхава, бацькі нашага, у-ва ўсім, што ён загадаў нам, каб мы ня пілі віна ўсе дні нашыя, мы, жонкі нашыя, сыны нашыя і дочкі нашыя,
І паслухаліся голасу Ёнадава, сына Рэхамавага, бацькі нашага, ва ўсім, што ён наказаў нам, каб ня піць віна ва ўсе дні нашыя, — мы і жонкі нашыя, і сыны нашыя і дочкі нашыя, —
і каб мы не будавалі дамоў на пражываньне, і ня мелі ані вінаграднікаў, ані палёў, ані насеньня.
і каб не будаваць дамоў для жыхарства нашага; і ў нас няма ні вінаграднікаў ні палёў ні пасеву;
І мы жывем у намётах, і мы паслухмяныя і ходзім паводле ўсяго, што загадаў нам Ёнадаў, бацька наш.
а жывём у намётах і ва ўсім слухаемся і робім усё, што наказаў нам Ёнадаў, бацька наш.
І сталася, калі Навухаданосар, валадар Бабілонскі, напаў на зямлю гэтую, мы сказалі: “Хадзем, схаваемся ў Ерусаліме перад войскам Халдэйскім і перад войскам Араму!” І мы пасяліліся ў Ерусаліме».
Калі ж Навухаданосар, цар Вавілонскі, прыйшоў у зямлю гэтую, мы сказалі: хадзем, сыдзем у Ерусалім ад войска Халдэяў і ад войска Арамэяў, — і вось, мы жывём у Ерусаліме».
І было слова ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
І было слова Гасподняе Ераміі:
«Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Ідзі і скажы мужам Юды і жыхарам Ерусаліму: “Ці вы не прынялі навучаньня, каб слухацца словаў Маіх? — кажа ГОСПАД.
так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: ідзі і скажы мужчынам Юды і жыхарам Ерусаліма: няўжо вы ня возьмеце з гэтага навуку сабе, каб слухацца словаў Маіх? кажа Гасподзь.
Выкананыя словы Ёнадава, сына Рэхава, у якіх згадаў ён сынам ня піць віна, і яны ня п’юць да дня сёньняшняга, бо яны паслухмяныя загаду бацькі свайго, а Я прамаўляў да вас, устаючы ўначы і прамаўляючы, але вы не паслухалі Мяне!
Слова Ёнадава, сына Рэхамавага, які наказаў сынам сваім ня піць віна, выконваецца, і яны ня п’юць да сягоньня, бо слухаюцца наказу бацькі свайго; а Я бесьперастанку казаў вам, казаў з самай раніцы, — і вы не паслухаліся Мяне.
І Я пасылаў да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, устаючы ўначы і пасылаючы, і кажучы: "Адвярніцеся, прашу, кожны ад шляху свайго ліхога і выпраўце ўчынкі вашыя, і не хадзіце за іншымі багамі, каб служыць ім, і будзеце жыць у зямлі, якую Я даў вам і бацькам вашым". Але вы не прыхілілі вуха сваё і не паслухаліся Мяне.
Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы і казаў: адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і выпраўце паводзіны вашыя і не хадзеце сьледам за іншымі божышчамі, каб служыць ім, — і жыцьмеце на гэтай зямлі, якую Я даў вам і бацькам вашым; але вы ня прыхілілі вуха свайго і не паслухаліся Мяне.
Бо выканалі сыны Ёнадава, сына Рэхава, прыказаньне бацькі свайго, якое ён загадаў ім, а народ гэты не паслухаўся Мяне!
Як бо сыны Ёнадава, сына Рэхамавага, выконваюць наказ бацькі свайго, які ён наказаў ім, а народ гэты ня слухаецца Мяне,
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я навяду на Юду і на ўсіх жыхароў Ерусаліму ўсялякае ліха, якое Я прамовіў супраць іх. Бо Я прамаўляў да іх, а яны ня слухалі, і Я клікаў іх, а яны не адказвалі”».
таму так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я навяду на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерусаліма ўсё тое ліха, якое Я выказаў на іх, бо Я казаў ім, а яны ня слухаліся, клікаў іх, а яны не адказвалі.
А да дому Рэхавічаў сказаў Ярэмія: «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. За тое, што вы былі паслухмянымі прыказаньню Ёнадава, бацькі вашага, і захоўваеце ўсе прыказаньні ягоныя, і ходзіце паводле ўсяго, што ён загадаў вам,
А дому Рэхавітаў сказаў Ерамія: за тое, што вы паслухаліся запавету Ёнадава, бацькі вашага, і захоўваеце ўсе наказы ягоныя і ва ўсім паводзіцеся, як ён наказаў вам, —
дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Не застанецца Ёнадаў, сын Рэхава, бяз мужа, які будзе стаяць перад абліччам Маім праз усе дні”».
за тое, — так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў, не адымецца ў Ёнадава, сына Рэхамавага, муж, які стаіць перад абліччам Маім ва ўсе дні.