Ераміі 49 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Адносна сыноў Амона. «Гэта кажа ГОСПАД. Хіба няма сыноў у Ізраіля? Хіба няма ў яго спадкаемцы? Навошта Мільком узяў спадчыну Гада, і народ ягоны жыве ў гарадах іхніх?
 
Пра сыноў Амонавых так кажа Гасподзь: хіба ж няма сыноў у Ізраіля? хіба няма ў яго спадкаемцы? Чаму ж Малхом завалодаў Гадам, і народ яго жыве ў гарадах ягоных?

Дзеля гэтага надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і пачуюць гармідар ваенны ў Раббе сыноў Амона, і яна станецца руінаю і пусткаю, і дочкі ейныя будуць спаленыя агнём. І ўспадкаеміць Ізраіль спадчыну сваю, кажа ГОСПАД.
 
Таму вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі ў Раве сыноў Амонавых будзе чуцен крык бітвы, і зробіцца яна грудай руінаў, і гарады яе будуць спалены агнём, і авалодае Ізраіль тымі, якія валодалі ім, кажа Гасподзь.

Галасі, Хешбон, бо зруйнаваны Гай! Лямантуйце, дочкі Раббы, апраніцеся ў зрэбніцу, галасіце і бегайце кругом муроў, бо Мільком пойдзе ў няволю разам са сьвятарамі ягонымі і князямі ягонымі.
 
Галасі, Эсэвоне, бо спустошаны Гай; крычэце, дочкі Равы, аперажэцеся вярэтаю, плачце і бадзяйцеся па гарадах, бо Малхом пойдзе ў палон разам са сьвятарамі і князямі сваімі.

Чаго ты хвалішся далінамі сваімі? Расьцяклася даліна твая, дачка няверная. Ты спадзявалася на скарбы твае [і казала]: “Хто прыйдзе да мяне?”
 
Што хвалішся далінамі? Пацячэ даліна твая крывёю, вераломная дачка, што спадзяешся на скарбы свае, і кажаш: «хто прыйдзе да мяне?»

Вось, Я прывяду на цябе страх, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, ад усіх, хто вакол цябе, і вы паўцякаеце, кожны ў свой бок, і ня будзе каму зьбіраць уцекачоў.
 
Вось, Я навяду на цябе жах з усіх навакольляў тваіх, кажа Гасподзь Бог Саваоф: разьбяжэцеся, хто куды, і ніхто не зьбярэ тых, што паразьбягаліся.

Але потым Я вярну палонных сыноў Амона, кажа ГОСПАД».
 
Але пасьля таго Я вярну палон сыноў Амонавых, кажа Гасподзь.

Адносна Эдому. «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Ці ўжо больш няма мудрасьці ў Тэмане? Хіба спынілася рада разумных, і непатрэбнай сталася мудрасць іхняя?
 
Пра Эдом так кажа Гасподзь Саваоф: хіба няма болей мудрасьці ў Тэмане? Хіба ня стала рады ў разумных? хіба зьбяднела мудрасьць іхняя?

Уцякайце, бяжыце назад, хавайцеся ў ямы, жыхары Дэдану, бо Я прывёў загубу Эзава на яго, час, калі наведваю яго.
 
Уцякайце, павярнуўшыся сьпінаю, хавайцеся ў пячорах, жыхары Дэдана, бо пагібель Ісава Я навяду на яго, — час наведаньня Майго.

Калі зьбіральнікі вінаграду прыйдуць да цябе, яны не пакінуць недазьбіранага, і калі злодзеі [прыйдуць] уначы, яны панішчаць, колькі хочуць.
 
Калі б зборшчыкі вінаграду прыйшлі да цябе, дык напэўна пакінулі б некалькі несабраных ягадзін. І калі б злодзеі прыйшлі ўначы, дык яны захапілі б, колькі ім трэба.

Бо Я агалю Эзава, адкрыю сховы ягоныя, нічога ён схаваць ня зможа. Зьнішчана будзе насеньне ягонае, і браты ягоныя, і суседзі ягоныя, і ня будзе яго.
 
А Я да галечы абяру Ісава, адчыню патайныя мясьціны ягоныя, і схавацца ён ня здолее. Вынішчана будзе племя ягонае, і браты яго і суседзі яго; і ня будзе яго.

Пакінь сіротаў тваіх, Я ўтрымаю [іх] пры жыцьці, і ўдовы твае няхай спадзяюцца на Мяне.
 
Пакінь сіротаў тваіх, Я падтрымаю жыцьцё іхняе, і ўдовы твае хай спадзяюцца на мяне,

Бо гэта кажа ГОСПАД: “Вось, тыя, якім не прысуджана піць келіх [гэты], п’ючы, будуць піць, а ты як застанешся непакараным? Ня будзеш непакараным, але п’ючы, будзеш піць [келіх гэты]”.
 
бо так кажа Гасподзь: вось і тыя, каму не наканавана было піць чару, канечне піцьмуць яе, і ці ж ты застанешся непакараны? Не, не застанешся непакараны, але канечне піцьмеш чару.

Прысягаю на Самога Сябе, кажа ГОСПАД, што Боцра станецца спусташэньнем, і ганьбаю, і пустэчаю, і праклёнам, і ўсе гарады ейныя стануцца руінамі на вякі.
 
Бо, Мною прысягаю, кажа Гасподзь, што жахам, пасьмешышчам, пустэльняю і праклёнам будзе Васор, і ўсе гарады яго зробяцца вечнымі пусткамі.

Я пачуў вестку ад ГОСПАДА, і весьнік пасланы да народаў: “Зьбірайцеся і ідзіце на яго! Падрыхтуйцеся да бою!”
 
Я чуў чутку ад Госпада, і пасьля пасланы да народаў сказаць: зьбярэцеся і ідзеце супроць яго, і падымайцеся на вайну.

Бо вось, Я зраблю цябе малым сярод народаў, пагарджаным між людзьмі.
 
Бо вось, Я зраблю цябе малым сярод народаў, пагарджаным сярод людзей.

Падманула цябе фанабэрыя твая і пыхлівасьць сэрца твайго, цябе, які жывеш у пячорах скальных і трымаешся ўзгоркаў высокіх. Бо хоць ты высока зьвіў гняздо сабе, як арол, Я і адтуль скіну цябе, кажа ГОСПАД.
 
Грозны стан твой і пыхлівасьць сэрца твайго ашукалі цябе, хто жыве ў расколінах скал і займае вяршыні пагоркаў. Але, хоць бы ты як арол высока зьвіў гняздо тваё, і адтуль скіну цябе, кажа Гасподзь.

Эдом станецца пустэчай, і кожны, хто будзе праходзіць праз яго, аслупянее і засьвішча дзеля ўсіх ранаў ягоных.
 
І будзе Эдом жахам; кожны, хто будзе праходзіць міма, зьдзівіцца і сьвісьне, гледзячы на ўсе пахібы яго.

Як пасьля зьнішчэньня Садому і Гаморы і суседзяў іхніх, кажа ГОСПАД, ня будзе жыць там чалавек, і не паселіцца там сын чалавечы.
 
Як скінуты Садома і Гамора і суседнія гарады іхнія, кажа Гасподзь, так і там ніводзін чалавек ня будзе жыць, і сын чалавечы ня спыніцца ў ім.

Вось, ён выходзіць як леў з гушчара над Ярданам на паплавы зялёныя. Я ў момант змушу яго ўцякаць ад іх, а выбранага юнака пастаўлю над імі. Бо хто [падобны] да Мяне, або хто пакліча Мяне [на суд]? І які пастыр устаіць перад абліччам Маім?
 
Вось, узыходзіць ён як леў ад узвышэньня Ярдана на ўмацаваныя селішчы; але я прымушу іх сьпешна адысьці зь Ідумэі, і хто выбраны, таго пастаўлю над ёю. Бо хто падобны на Мяне? і хто спатрабуе адказу ў Мяне? І які пастух стане супроць Мяне?

Дзеля гэтага паслухайце пра намер ГОСПАДА, які Ён мае адносна Эдому, і думкі Ягоныя, якія Ён мае адносна жыхароў Тэману. Выцягнуць нават найменшых авечак, і будуць спустошаны пашы іхнія.
 
Дык вось выслухайце вызначэньне Госпада, якое Ён пастанавіў пра Эдом, і намеры Ягоныя, якія Ён мае на жыхароў Тэмана: сапраўды, самыя малыя са статкаў пацягнуць іх і спустошаць селішчы іхнія.

Ад гуку зьнішчэньня іхняга задрыжыць зямля, і крык будзе чутны над Морам Чырвоным.
 
Ад шуму падзеньня іх здрыганецца зямля, і водгалас крыку іхняга будзе чуцен каля Чэрмнага мора.

Вось, як арол, падымаецца ён, і ўзьлятае, і раскідвае крылы свае над Боцраю, і сэрца волатаў Эдому ў той дзень станецца як сэрца жанчыны, якая нараджае».
 
Вось, як арол, падымецца ён і паляціць, і распусьціць крылы свае над Васорам; і сэрца адважных Ідумэйцаў будзе ў той дзень, як сэрца жанчыны ў родах.

Адносна Дамаску. «Асаромеюцца Хамат і Арпад, бо пачулі яны вестку ліхую, і трывожацца яны, як мора, якое супакоіцца ня можа.
 
Пра Дамаск. — Пасаромлены Эмат і Арпад, бо, пачуўшы журботную вестку, яны ўпалі духам; трывога на моры, супакоіцца ня могуць.

Аслабеў Дамаск, павярнуўся, каб уцякаць, ахапіў яго страх, мучэньні і болі апанавалі яго як жанчыну, якая нараджае.
 
Зьнясьмеліўся Дамаск і кінуўся наўцёкі; страх авалодаў ім; боль і пакуты ахапілі яго, як жанчыну ў родах.

Як ты спустошаны, горад слаўны, горад вясёласьці?
 
Як не ацалеў горад славы, горад радасьці маёй?

Таму ўпадуць юнакі ягоныя на плошчах ягоных, і ўсе ваяры змоўкнуць у той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
 
Дык вось, загінуць юнакі яго на вуліцах ягоных, і ўсе воіны загінуць таго дня, кажа Гасподзь Саваоф.

І Я распалю агонь на мурах Дамаску, і ён спаліць палацы Бэн-Гадада».
 
І запалю агонь у сьценах Дамаска, — і зьнішчыць харомы Вэнадада.

Адносна Кедару і валадарства Хацор, якія пабіў Навухаданосар, валадар Бабілонскі. «Гэта кажа ГОСПАД: “Устаньце, ідзіце на Кедар і нішчыце сыноў Усходу!”
 
Пра Кідар і пра царствы Асорскія, якія разьбіў Навухаданосар, цар Вавілонскі, так кажа Гасподзь: уставайце, выступайце супроць Кідара і спусташайце сыноў усходу!

Забяруць намёты іхнія і авечак іхніх, і накрыцьці іхнія, і ўсе начыньні іхнія, павядуць вярблюдаў іхніх сабе і будуць крычаць на іх: “Жах навокал”.
 
Намёты іхнія і авечак іх возьмуць сабе, і покрывы іхнія і вярблюдаў іхніх возьмуць і будуць крычаць ім: «жудасьць адусюль!»

Уцякайце, выходзьце хутчэй, хавайцеся ў ямы, жыхары Хацору, кажа ГОСПАД, бо супраць вас радзіць раду Навухаданосар, валадар Бабілонскі, і задумаў супраць вас намер.
 
Бяжэце, уцякайце хутчэй, схавайцеся ў прорве, жыхары Асора, кажа Гасподзь, бо Навухаданосар, цар Вавілонскі, зрабіў рашэньне пра вас і склаў супроць вас намысел.

“Устаньце і ідзіце на народ спакойны, які жыве бясьпечна, кажа ГОСПАД, няма ў іх брамаў, і няма засавак, і жывуць яны самотна”.
 
Уставайце, выступайце супроць народу мірнага, які жыве ў бясьпецы, кажа Гасподзь; ні дзьвярэй, ні засавак няма ў яго, жывуць паасобку.

І стануцца вярблюды іхнія здабычаю, а мноства чародаў іхніх — на рабунак. І Я расьцярушу іх на ўсе вятры, тых, якія падразаюць [валасы] на скронях, і з усіх бакоў прывяду загубу на іх, кажа ГОСПАД.
 
Вярблюды іхнія аддадзены будуць у здабычу, і мноства статкаў іхніх — на разбор; і расьсею іх па ўсіх вятрах, гэтых, што стрыгуць валасы на скронях, і з усіх бакоў іх навяду на іх пагібель, кажа Гасподзь.

І станецца Хацор прыстанішчам цмокаў і пусткаю на вякі. Ня будзе жыць там чалавек, і не паселіцца там сын чалавечы».
 
І будзе Асор жытлішчам шакалаў, вечнаю пусткаю; чалавек ня будзе жыць там, і сын чалавечы ня будзе спыняцца ў ім.

Слова ГОСПАДА, якое было да Ярэміі прарока адносна Эляму на пачатку валадараньня Сэдэкіі, валадара Юды, кажучы:
 
Слова Госпада, якое было Ерамію прароку супроць Элама на пачатку цараваньня Сэдэкіі, цара Юдэйскага.

«Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Вось, Я зламлю лук Эляму, пачатак сілы ягонай.
 
так кажа Гасподзь Саваоф: вось, Я паламаю лук Элама, галоўную сілу іх;

І прывяду на Элям чатыры вятры з чатырох канцоў неба, і расьцярушу іх на ўсе вятры гэтыя. І ня будзе такога народу, да якога ня прыйдуць выгнанцы з Эляму.
 
і навяду на Элам чатыры вятры ад чатырох краёў неба, і разьвею іх па ўсіх гэтых вятрах, і ня будзе народу, да якога ня прыйшлі б выгнаныя Эламіты;

І Я напужаю Элям перад абліччам ворагаў іхніх і перад абліччам тых, якія шукаюць душу іхнюю. І прывяду на іх ліха і лютасьць гневу Майго, кажа ГОСПАД, і пашлю за імі меч, пакуль ня [вынішчу] іх да канца.
 
і паб’ю Эламітаў страхам перад ворагамі іхнімі і перад шукальнікамі душы іхняй; і навяду на іх бедства, гнеў Мой, кажа Гасподзь, і пашлю сьледам за імі меч, пакуль ня вынішчу іх;

І Я пастаўлю пасад Мой у Эляме, і выкіну адтуль валадара і князёў, кажа ГОСПАД.
 
і пастаўлю трон Мой у Эламе, і зьнішчу там цара і князёў, кажа Гасподзь.

Але будзе ў будучых днях, Я вярну палонных Эляму, кажа ГОСПАД».
 
Але апошнімі днямі вярну палон Элама, кажа Гасподзь.