Ераміі 30 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:
 
Слова, якое было Ерамію ад Госпада:

«Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Напішы ў кнізе ўсе словы, якія Я прамовіў да цябе.
 
так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: напішы сабе ўсе словы, якія Я казаў табе, у кнігу,

Бо вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я вярну з выгнаньня народ Мой, Ізраіля і Юду, кажа ГОСПАД, і прывяду іх у зямлю, якую Я даў бацькам іхнім, і яны возьмуць яе на ўласнасьць».
 
бо вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі Я вярну з палону народ Мой, Ізраіля і Юду, кажа Гасподзь; і прывяду іх зноў у тую зямлю, якую даў бацькам іхнім, і яны будуць валодаць ёю.

А гэта словы, якія прамовіў ГОСПАД да Ізраіля і Юды:
 
І вось — тыя словы, якія сказаў Гасподзь пра Ізраіля і Юду.

«Гэта кажа ГОСПАД. Пачулі мы голас страху і трывогі, і няма супакою.
 
Так сказаў Гасподзь: голас трывогі і жудасьці чуем мы, а ня міру.

Спытайцеся, прашу, і паглядзіце, ці можа нараджаць мужчына? Чаму ж Я бачу ўсіх мужчынаў з рукамі на сьцёгнах іхніх, як у той, якая нараджае, і ўсе абліччы зьбялелі?
 
Спытайцеся і разважце: ці родзіць мужчына? Чаму ж Я бачу ў кожнага мужчыны рукі на сьцёгнах ягоных, як у жанчыны ў родах, і твары ва ўсіх бледныя?

Гора, бо вялікі той дзень, няма падобнага яму! Будзе гэта час прыгнёту Якуба, але ён будзе збаўлены ад яго.
 
О, гора! вялікі той дзень, ня было падобнага да яго; гэта — бядотны час у Якава, але ён будзе ўратаваны ад яго.

І будзе ў той дзень, кажа ГОСПАД, Я скрышу ярмо на шыі іхняй і путы іхнія парву, і ня будуць больш зьневаляць яго чужынцы.
 
І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Саваоф: паламаю ярмо ягонае, якое на шыі тваёй, і повязі твае парву; і ня будзе ўжо служыць чужаземцам,

І будуць яны служыць ГОСПАДУ, Богу свайму, і Давіду, валадару свайму, якога Я пастаўлю для іх.
 
але будуць служыць Госпаду Богу свайму і Давіду свайму, якога Я пастаўлю ім.

А ты ня бойся, слуга Мой, Якуб, кажа ГОСПАД, і не палохайся, Ізраіль, бо вось, Я вызвалю цябе з [зямлі] далёкай і насеньне тваё — з зямлі палону іхняга. І вернецца Якуб, і адпачне, і будзе ў бясьпецы, і ніхто ня будзе трывожыць [яго].
 
І ты, рабе Мой Якаве, ня бойся, кажа Гасподзь, і не палохайся, Ізраіле; бо вось, Я ўратую цябе з далёкай краіны і племя тваё зь зямлі палону іхняга; і вернецца Якаў і будзе жыць спакойна і мірна, і ніхто ня будзе палохаць яго,

Бо Я з табою, кажа ГОСПАД, каб збавіць цябе. Бо Я зраблю канец усім народам, сярод якіх Я расьцярушыў цябе, але табе не зраблю канца, аднак пакараю цябе паводле суду і не пакіну цябе без пакараньня.
 
бо Я з табою, кажа Гасподзь, каб ратаваць цябе: Я цалкам вынішчу ўсе народы, сярод якіх расьсеяў цябе, а цябе ня зьнішчу; я буду караць цябе ў меру, але непакараным не пакіну цябе.

Бо гэта кажа ГОСПАД: “Невылечны пералом твой, незагойная рана твая,
 
Бо так кажа Гасподзь: рана твая незагойная, пошасьць твая жорсткая;

няма таго, хто рупіцца пра справу тваю, няма лекаў для раны, каб вылячыць цябе.
 
ніхто не клапоціцца пра справу тваю, каб загоіць рану тваю; гаючых лекаў няма для цябе;

Усе, што любілі цябе, забыліся пра цябе, і не шукаюць цябе, бо Я ўдарыў цябе ўдарам варожым, жудаснай карай за шматлікія беззаконьні твае, бо памножыліся грахі твае.
 
усе сябры твае забылі цябе, ня шукаюць цябе; бо Я пабіў цябе ўдарамі непрыяцельскімі, жорсткаю караю за мноства беззаконьняў тваіх, бо грахі твае памножыліся.

Чаго ты крычыш пра пералом твой? Невылечны боль твой. За шматлікія беззаконьні твае і [за тое,] што памножыліся грахі твае, Я зрабіў гэта табе.
 
Што ты енчыш пра раны твае, пра жорсткасьць хваробы тваёй? за мноства беззаконьняў тваіх Я зрабіў табе гэта, бо грахі твае памножыліся.

Дзеля гэтага ўсе, што зьядаюць цябе, самі будуць зьедзеныя, і ўсе прыгнятальнікі твае пойдуць у няволю, і тыя, што нішчылі цябе, стануцца здабычай, і ўсіх, што рабавалі цябе, Я аддам на рабаваньне.
 
Але ўсе, хто пажырае цябе, будуць зжэртыя; і ўсе ворагі твае — усе самі пойдуць у палон, і спусташальнікі твае будуць спустошаныя, і ўсіх рабаўнікоў тваіх аддам на рабунак.

Бо Я вярну здароўе тваё і аздараўлю цябе ад ранаў тваіх, кажа ГОСПАД, бо “адкінутым”, “якога ніхто не шукае”, назвалі цябе, Сыёне.
 
Я абкладу цябе пластырам і вылечу цябе ад ранаў тваіх, кажа Гасподзь. Цябе называлі адкідам, кажучы: «вось Сіён, пра які ніхто ня пытаецца».

Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я зноў вярну з няволі намёты Якуба і зьлітуюся над сялібамі ягонымі. І будзе адбудаваны горад на ўзгорку сваім, і палац будзе стаяць на месцы сваім.
 
так кажа Гасподзь: вось, вярну палон намётаў Якава і селішчы ягоныя памілую, — і горад зноў будзе пабудаваны на пагорку сваім, і храм уладкуецца як раней.

І выйдзе з яго падзяка і голас тых, якія радуюцца, і Я памножу іх, і ня будуць зьмяншацца, і Я праслаўлю іх, і ня будуць пагарджаныя.
 
І ўзьнясуцца зь іх падзяка і голас разьвяселеных; і Я памножу іх, і ня будуць меншыцца, і праслаўлю іх, і ня будуць прыніжаныя.

І будуць сыны ягоныя як даўней, і сход ягоны будзе моцны перад абліччам Маім, і Я наведаю ўсіх, якія ўціскаюць яго.
 
І сыны ягоныя будуць, як раней, і гурт ягоны будзе стаяць перад Мною, і пакараю ўсіх уціскальнікаў ягоных.

І будзе з яго Магутны ягоны, і Пан ягоны паўстане спасярод яго. І Я набліжу яго да Сябе, і ён наблізіцца да Мяне, бо хто ёсьць той, хто адважыцца ў сэрцы сваім наблізіцца да Мяне? — кажа ГОСПАД.
 
І будзе правадыр ягоны зь яго самога, і валадар ягоны будзе паходзіць з асяродзьдзя яго; і Я набліжу яго і ён падступіцца да Мяне; бо хто наважыцца сам па сабе наблізіцца да Мяне? кажа Гасподзь.

І вы будзеце для мяне народам, а Я буду для вас Богам.
 
І вы будзеце Маім народам, і Я буду вам Богам.

Вось, віхура ад ГОСПАДА, гнеў [Ягоны] прыходзіць, віхура страшэзная спадзе на галовы бязбожнікаў.
 
Вось, лютая віхура ідзе ад Госпада, віхура грозная; яна ідзе на галаву бязбожнікаў.

Ня спыніцца полымя гневу ГОСПАДА, пакуль Ён ня споўніць і ня зьдзейсьніць намераў сэрца Свайго. У апошнія дні зразумееце гэта.
 
Палымяны гнеў Госпада не адвернецца, пакуль Ён ня зьдзейсьніць і ня спраўдзіць намераў сэрца Свайго. У апошнія дні зразумееце гэта.