Ераміі 43 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І сталася, калі Ярэмія скончыў прамаўляць да ўсяго народу ўсе словы ГОСПАДА, Бога іхняга, якія паслаў да іх ГОСПАД, Бог іхні, усе словы гэтыя,
Калі Ерамія перадаў людзям усе словы Госпада Бога іхняга, усе тыя словы, зь якімі Гасподзь Бог іхні паслаў яго да іх,
сказалі Азарыя, сын Гашаі, і Ёханан, сын Карэаха, і ўсе людзі дзёрзкія, кажучы да Ярэміі: «Хлусьню ты гаворыш! Не пасылаў цябе ГОСПАД, Бог наш, кажучы: “Не ідзіце ў Эгіпет, каб там пасяліцца!”
тады сказаў Азарыя, сын Асаіі, і Ёанан, сын Карэеў, і ўсе дзёрзкія людзі сказалі Ерамію: «няпраўду ты кажаш, не пасылаў цябе Гасподзь Бог наш сказаць: «не хадзеце ў Егіпет, каб жыць там»;
Бо Барух, сын Нэрыі, намовіў цябе супраць нас, каб выдаць нас у рукі Халдэйцаў, каб забіць нас або выгнаць нас у Бабілон».
а Варух, сын Нірыін, падбухторвае цябе супроць нас, каб перадаць нас у рукі Халдэям, каб яны забілі нас, альбо завялі нас палоннымі ў Вавілон».
І Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войска, і ўвесь народ не паслухалі голасу ГОСПАДА, каб жыць у зямлі Юды.
І не паслухаўся Ёанан, сын Карэеў, і ўсе ваенныя начальнікі, і ўвесь народ голасу Госпада, каб застацца ў зямлі Юдэйскай.
І Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войска ўзялі ўсю рэшту Юды, якія вярнуліся з усіх народаў, куды былі выгнаныя, каб жыць у зямлі Юды,
І ўзяў Ёанан, сын Карэеў, і ўсе ваенныя начальнікі ўсю рэшту Юдэеў, якія вярнуліся з усіх народаў, куды яны былі выгнаныя, каб жыць ў зямлі Юдэйскай,
мужчынаў, жанчынаў, дзяцей, дочак валадара і кожную душу, якую Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, пакінуў разам з Гедаліем, сынам Ахікама, сынам Шафана, і Ярэмію прарока, і Баруха, сына Нэрыі.
мужоў і жонак і дзяцей, і дачок цара і ўсіх тых, каго Навузардан, начальнік целаахоўцаў, пакінуў з Гадоліем, сынам Ахікамавым, сына Сафанавага, і Ерамію прарока, і Варуха, сына Нірыінага;
І пайшлі яны ў зямлю Эгіпецкую, бо не паслухаліся голасу ГОСПАДА, і прыйшлі ў Тахпанхэс.
і пайшлі ў зямлю Егіпецкую, бо не паслухаліся голасу Гасподняга, і дайшлі да Тафніса.
І было слова ГОСПАДА да Ярэміі ў Тахпанхэсе, кажучы:
І было слова Гасподняе Ерамію ў Тафнісе:
«Вазьмі ў рукі твае камяні вялікія і схавай іх у гліне цагельнай пры ўваходзе ў дом фараона ў Тахпанхэсе на вачах мужоў Юдэйскіх.
вазьмі ў рукі свае вялікія камяні і схавай іх у пакамячанай гліне пры ўваходзе ў дом фараона ў Тафнісе, на вачах у Юдэяў,
І скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я пашлю і прывяду Навухаданосара, валадара Бабілонскага, слугу Майго. І ён паставіць пасад свой на камянях гэтых, якія Я схаваў, і ён расьцягне намёт свой над імі.
і скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я пашлю і вазьму Навухаданосара, цара Вавілонскага, раба Майго, і пастаўлю трон ягоны на гэтых камянях, схаваных Мною, і раскіне ён над ім цудоўны намёт свой
І ён прыйдзе, і ўдарыць зямлю Эгіпецкую, і хто прызначаны на сьмерць, [той пойдзе] на сьмерць, хто ў палон, [той пойдзе] ў палон, хто пад меч, [той пойдзе] пад меч.
і прыйдзе, і паб’е зямлю Егіпецкую: хто асуджаны на сьмерць, той аддадзены будзе сьмерці; і хто ў палон, пойдзе ў палон; і хто пад меч, — пад меч.
І ён падпаліць агонь у дамах багоў Эгіпецкіх, і спаліць іх, і возьме ў палон, і ачысьціць зямлю Эгіпецкую, як чысьціць пастух адзеньне сваё, і выйдзе адтуль у супакоі.
І запалю агонь у капішчах божышчаў Егіпцянаў; і ён спаліць іх, а гэтых возьме ў палон, і апранецца ў зямлю Егіпецкую, як пастух апранаецца ў вопратку сваю, і выйдзе адтуль спакойна;
І паломіць ён слупы Бэт-Шэмэшу, які ў зямлі Эгіпецкай, і дамы багоў Эгіпецкіх спаліць агнём”».
і паб’е статуі ў Бэтсамісе, што ў зямлі Егіпецкай, і капішчы божышчаў Егіпецкіх спаліць агнём.