Ераміі 13 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Гэта сказаў мне ГОСПАД: «Ідзі і купі сабе пояс ільняны, і падперажы ім сьцёгны свае, але не кладзі яго ў ваду».
 
Так сказаў мне Гасподзь: ідзі, купі сабе льняны пояс і пакладзі яго на сьцёгны твае, але ў ваду не кладзі яго.

І я купіў пояс паводле слова ГОСПАДА, і падперазаў сьцёгны мае.
 
І я купіў пояс, паводле слова Гасподняга, і паклаў яго на сьцёгны мае.

І другі раз было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 
І было мне слова Гасподняе другі раз, і сказана:

«Вазьмі пояс, які ты купіў і які на сьцёгнах тваіх, устань і ідзі да Эўфрату, і схавай там яго ў шчыліне скалы».
 
вазьмі пояс, які ты купіў, які на сьцёгнах тваіх, і ўстань, ідзі да Еўфрата і схавай яго там, у расколіне скалы.

І я пайшоў, і схаваў яго каля Эўфрату, як загадаў мне ГОСПАД.
 
Я пайшоў і схаваў яго каля Еўфрата, як загадаў мне Гасподзь.

І сталася, калі скончылася шмат дзён, сказаў мне ГОСПАД: «Устань і ідзі да Эўфрату, і забяры адтуль пояс, які Я загадаў табе схаваць».
 
Як прайшло многа дзён, сказаў мне Гасподзь: устань, ідзі да Еўфрата і вазьмі адтуль пояс, які Я загадаў табе схаваць там.

І я пайшоў да Эўфрату, адшукаў і выцягнуў пояс з месца, у якім я схаваў яго, і вось, пояс збутвеў і не надаваўся да нічога.
 
І я прыйшоў да Еўфрата, выкапаў і ўзяў пояс з таго месца, дзе схаваў яго, і вось — пояс быў сапсаваны, стаў ні на што не прыдатны

І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:
 
І было мне слова Гасподняе:

«Гэта кажа ГОСПАД. У такі спосаб Я зьнішчу пыхлівасьць Юды і пыхлівасьць вялікую Ерусаліму.
 
так кажа Гасподзь: так паламаю я гардунства Юды і вялікае гардунства Ерусаліма

Народ гэты ліхі ня хоча слухаць словаў Маіх і ходзіць у зацьвярдзеласьці сэрца свайго. Яны пайшлі за багамі чужымі, каб служыць ім і пакланяцца ім. І станецца [з імі], як з гэтым поясам, які ні на што не надаецца.
 
Гэты нягодны народ, які ня хоча слухаць слоў Маіх, жыве паводле ўпартасьці сэрца свайго і ходзіць па сьледзе іншых багоў, каб служыць ім і пакланяцца ім, будзе як гэты пояс, які ні на што не прыдатны.

Бо як прылягае пояс да сьцёгнаў мужчыны, так Я прытуліў да Сябе ўвесь дом Ізраіля і ўвесь дом Юды, кажа ГОСПАД, каб яны былі для Мяне народам, і імем, і хвалой, і аздобай, але яны не паслухаліся.
 
Бо, як пояс блізка ляжыць да сьцёгнаў чалавека, так Я наблізіў да сябе ўвесь дом Ізраілеў і ўвесь дом Юдаў, кажа Гасподзь, каб яны былі Маім народам і Маёю славаю, хвалою і акрасаю; але яны не паслухаліся.

І ты скажаш ім слова гэта: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Кожны збан напаўняецца віном”. А яны скажуць табе: “Ці ж мы ведаючы, ня ведаем, што кожны збан напаўняецца віном?”
 
Таму скажы ім слова гэтае: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: кожны вінны мех напаўняецца віном. Яны скажуць табе: хіба мы ня ведаем, што кожны вінны мех напаўняецца віном?

І скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я напоўню п’янствам усіх жыхароў зямлі гэтай, валадароў, якія сядзяць на пасадзе Давіда, сьвятароў, прарокаў і ўсіх жыхароў Ерусаліму,
 
А ты скажы ім: так кажа Гасподзь: вось, Я напоўню віном да ап’яненьня ўсіх жыхароў гэтай зямлі і цароў, якія сядзяць на троне Давідавым, і сьвятароў і прарокаў і ўсіх жыхароў Ерусаліма,

і паразьбіваю іх адзін аб другога, бацькоў разам з сынамі, кажа ГОСПАД, не пашкадую і ня зьлітуюся, аж пакуль ня зьнішчу іх”.
 
І паламаю іх адзін аб аднаго, і бацькоў і сыноў разам, кажа Гасподзь; ня літую і не памілую і не пашкадую вынішчыць іх.

Слухайце і прыхіліце вуха, не вывышайцеся, бо ГОСПАД прамовіў.
 
Слухайце і ўважайце; ня будзьце ганарыстыя, бо Гасподзь прамаўляе.

Аддайце славу ГОСПАДУ, Богу вашаму, перш, чым прыйдзе цемра, і перш, чым спатыкнуцца ногі вашыя ў гарах цёмных. І вы будзеце чакаць сьвятла, а Ён заменіць яго ў цемру сьмерці і зробіць імглою.
 
Узьнясеце славу Госпаду Богу вашаму, пакуль Ён яшчэ не навёў цемры, і пакуль яшчэ ногі вашыя не спатыкаюцца на горах мораку: тады вы будзеце чакаць сьвятла, а Ён аберне яго ў цень сьмерці і зробіць цемраю.

А калі вы гэтага не паслухаеце, будзе плакаць таемна душа мая з прычыны пыхі вашай. І плачучы, буду плакаць, і зальюцца сьлязьмі вочы мае, бо чарада ГОСПАДА ідзе ў няволю.
 
Калі ж вы не паслухаеце гэтага, дык душа мая ў запаветных мясьцінах будзе аплакваць гардунства ваша, будзе плакаць горка, і вочы мае будуць вылівацца сьлязьмі; бо статак Гасподні заведзены будзе ў палон.

Скажыце валадару і [маці] валадара: “Сядаючы, сядзьце [нізка], бо ўпала з галавы вашай карона славы вашай!”
 
Скажы цару і царыцы: упакорцеся, сядзьце ніжэй, бо ўпаў з галавы вашай вянок славы вашай.

Гарады Нэгеву замкнутыя, і няма таго, хто адчыніць іх. Увесь Юда пайшоў у няволю, у няволю пайшоў цалкам.
 
Паўднёвыя гарады зачынены, і няма каму адчыняць іх; Юда ўвесь заводзіцца ў палон, заводзіцца ў палон увесь цалкам.

Узьнімі вочы свае і паглядзі на тых, якія прыходзяць з поўначы. Дзе тая чарада, якая даручана табе, авечкі славы тваёй?
 
Узьвядзеце вочы вашыя і паглядзеце на тых, што шукаюць з поўначы: дзе статак, які быў дадзены табе, прыгожы статак твой?

Што ты скажаш, калі яны наведаюць цябе? Бо ты сама прывучыла іх быць над табою, прыяцеляў на галаву [сваю]. Ці ж не ахопяць цябе болі, як жанчыну, што нараджае?
 
Што скажаш, дачка Сіёна, калі Ён наведае цябе? Ты сама прывучыла іх начальнічаць над табою, ці ня схопяць цябе болі, як парадзіху?

А калі ты скажаш у сэрцы тваім: “Чаму гэта ўсё напаткала мяне?” Дзеля мноства беззаконьняў тваіх былі адкрытыя прыполы адзеньня твайго і аголены ногі твае.
 
І калі скажаш у сэрцы тваім: «за што спасьцігла мяне гэта?» — За безьліч беззаконьняў тваіх адгорнены прыпол у цябе, аголены пяты твае.

Ці ж можа мурын зьмяніць скуру сваю, а леапард — плямы свае? Таксама і вы, ці можаце рабіць добрае, калі вы навучаныя рабіць зло?
 
Ці можа Эфіоп перамяніць скуру сваю і барс — плямы свае? так і вы ці ж можаце рабіць добрае, прызвычаіўшыся рабіць благое?

І Я рассыплю вас як мякіну, якую разносіць вецер пустыні.
 
Таму разьвею іх, як пыл, што разносіцца ветрам пустынным.

Гэта доля твая, частка, якую Я адмерыў табе, кажа ГОСПАД, за тое, што ты забылася пра Мяне і спадзявалася на хлусьню.
 
Вось доля твая, намераная табе Мною частка, кажа Гасподзь, бо ты забылася пра Мяне і паспадзявалася на няпраўду.

І Я ўзьніму прыполы адзеньня твайго аж на аблічча тваё, і будзе бачная ганьба твая,
 
За тое будзе падняты прыпол твой, каб агалілася сарамата твая.

чужалоствы твае і іржаньне тваё, бессаромнасьць распусты тваёй. На ўзгорках і на полі Я бачыў брыдоты твае. Гора табе, Ерусалім, ня хочаш быць ачышчаны! Як доўга яшчэ [чакаць]?»
 
Бачыў Я распусту тваю і шалёныя пахацінствы твае, твае непатрэбствы і твае гідоты на пагорках у полі. Гора табе, Ерусаліме! ты і пасьля гэтага не ачысьцішся. Дакуль жа?