Ераміі 28 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І сталася ў той год на пачатку валадараньня Сэдэкіі, валадара Юды, у чацьвёртым годзе, у пятым месяцы сказаў мне Хананія, сын Азура, прарок, які з Гібэону, у Доме ГОСПАДА перад вачыма сьвятароў і ўсяго народу, кажучы:
У той самы год, — на пачатку цараваньня Сэдэкіі, цара Юдэйскага, — у чацьвёрты год, у пяты месяц, Ананія, сын Азураў, прарок з Гаваона, казаў мне ў доме Гасподнім на вачах у сьвятароў і ўсяго народа і сказаў:
«Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Я зламлю ярмо валадара Бабілонскага.
так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў; паламаю ярмо цара Вавілонскага;
На працягу двух гадоў Я вярну на месца гэтае ўсё начыньне Дому ГОСПАДА, якое забраў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, з месца гэтага, і вывез у Бабілон.
праз два гады я вярну на месца гэтае ўвесь посуд дома Гасподняга, якія Навухаданосар, цар Вавілонскі, узяў з гэтага месца і перанёс іх у Вавілон;
І Ехонію, сына Егаякіма, валадара Юды, і ўсіх выгнанцаў з Юды, якія пайшлі ў Бабілон, Я прывяду на месца гэтае, кажа ГОСПАД, бо Я зламлю ярмо валадара Бабілонскага».
І Еханію, сына Ёакімавага, цара Юдэйскага, і ўсіх палонных Юдэяў, якія прыйшлі ў Вавілон, Я вярну на месца гэтае, кажа Гасподзь; бо паламаю ярмо цара Вавілонскага.
І сказаў прарок Ярэмія прароку Хананіі перад вачыма сьвятароў і перад вачыма ўсяго народу, які стаяў у Доме ГОСПАДА.
І сказаў Ерамія прарок прароку Ананіі на вачах у сьвятароў і на вачах ва ўсяго народа, што стаялі ў доме Гасподнім, —
І сказаў прарок Ярэмія: «Амэн! Няхай так зробіць ГОСПАД! Няхай ГОСПАД споўніць слова тваё, якое ты прарочыў, вяртаючы начыньне з Дому ГОСПАДА і ўсіх выгнаных у няволю з Бабілону на месца гэтае!
і сказаў Ерамія прарок: хай будзе так, як учыніць гэта Гасподзь! хай спраўдзіць Гасподзь словы твае, якія ты сказаў пра вяртаньне з Вавілона посуду дома Гасподняга і ўсіх палонных на месца гэта!
Паслухай, аднак, слова гэтае, якое я прамаўляю ў вушы твае і ў вушы ўсяго народу.
Толькі выслухай слова гэтае, якое я скажу ўголас табе і ў голас усяму народу:
Прарокі, якія былі перада мной і перад табой ад вякоў прарочылі супраць земляў шматлікіх і супраць валадарстваў вялікіх, [кажучы] пра вайну, гора і заразу.
прарокі, якія здавён былі да мяне і да цябе, прадказвалі многім землям і вялікім царствам вайну і бедства і паморак.
Прарок, які прарочыць пра супакой, калі споўніцца слова прарочае, будзе прызнаны за прарока праўдзівага, якога паслаў ГОСПАД».
Калі які прарок прадказваў мір, дык тады толькі ён прызнаваны быў за прарока, якога сапраўды паслаў Гасподзь, калі збывалася слова таго прарока.
І ўзяў прарок Хананія ярмо з шыі Ярэміі прарока, і паламаў яго.
Тады прарок Ананія ўзяў ярмо з шыі Ераміі прарока і паламаў яго.
І сказаў Хананія перад вачыма ўсяго народу, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД. Гэтаксама Я зламлю ярмо Навухаданосара, валадара Бабілонскага, [якое] на шыі ўсіх народаў, на працягу двух гадоў». І пайшоў Ярэмія прарок сваёй дарогай.
І сказаў Ананія на вачах усяго народа гэтыя словы: «так паламаю ярмо Навухаданосара, цара Вавілонскага, праз два гады, зьняўшы яго з шыі ўсіх народаў». І пайшоў Ерамія сваёй дарогай.
І было слова ГОСПАДА да Ярэміі пасьля таго, як паламаў прарок Хананія ярмо з шыі Ярэміі прарока, кажучы:
І было слова Гасподняе Ераміі пасьля таго, як прарок Ананія паламаў ярмо на шыі прарока Ераміі:
«Ідзі і скажы Хананіі, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД. Ты паламаў ярмо драўлянае, але Я падрыхтаваў замест яго ярмо жалезнае.
ідзі і скажы Ананію: так кажа Гасподзь: ты паламаў ярмо драўлянае — і зробіш замест яго ярмо жалезнае.
Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Я ўскладу ярмо жалезнае на шыі ўсіх народаў гэтых, каб яны, служачы, служылі Навухаданосару, валадару Бабілонскаму, і таксама зьвяроў палявых падпарадкую яму”».
Бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: жалезнае ярмо накладу на шыю ўсіх гэтых народаў, каб яны працавалі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і яны будуць служыць яму, і нават зьвяроў польных Я аддам яму.
І сказаў прарок Ярэмія прароку Хананіі: «Слухай, Хананія! Не паслаў цябе ГОСПАД, але ты дазволіў народу гэтаму мець надзею на хлусьню.
І сказаў прарок Ерамія прароку Ананію: паслухай, Ананія: Гасподзь цябе не пасылаў, і ты абнадзейваеш народ гэты фальшыва.
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: “Вось, Я выкіну цябе з аблічча зямлі. Ты памрэш у гэтым годзе, бо ты абвясьціў бунт супраць ГОСПАДА”».
Пасьля гэтага так кажа Гасподзь: вось, Я скіну цябе з улоньня зямлі; у гэтым самым годзе ты памрэш, бо ты гаворыш насуперак Госпаду.
І памёр Хананія прарок у гэтым годзе, у сёмым месяцы.
І памёр прарок Ананія ў тым самым годзе, на сёмым месяцы.