Ераміі 21 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА, калі валадар Сэдэкія паслаў да яго Пашхура, сына Малькія, і сьвятара Сафонію, сына Маасэі, кажучы:
Слова, якое было Ерамію ад Госпада, калі цар Сэдэкія прыслаў да яго Пасхора, сына Малхіінага і Сафонію, сына Маасэі сьвятара, сказаць:
«Парайся, просім, у імя нашае ў ГОСПАДА, бо Навухаданосар, валадар Бабілону, ваюе супраць нас. Можа, ГОСПАД учыніць для нас цуды Свае, і ён адступіць ад нас».
«Спытайся пра нас у Госпада, бо Навухаданосар, цар Вавілонскі, ваюе супроць нас; магчыма, Гасподзь учыніць з намі што-небудзь такое, як усе цуды Яго, каб той адступіўся ад нас».
І сказаў ім Ярэмія: «Так адкажыце Сэдэкіі:
І сказаў ім Ерамія: так скажэце Сэдэкію:
“Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Вось, Я адвярну назад прылады ваенныя, якія ў руках вашых і якімі вы ваюеце з валадаром Бабілонскім і з Халдэйцамі, што аблягаюць вас звонку муроў, і зьбяру іх у сярэдзіне гораду гэтага.
так кажа Гасподзь, Бог Ізраілеў: вось, Я павярну назад вайсковую зброю, якая ў руках вашых, якою вы змагаецеся з царом Вавілонскім і з Халдэямі, якія асуджаюць вас па-за сьценамі, і зьбяру іх сярод горада гэтага;
І Я буду ваяваць супраць вас рукою ўзьнятаю і рамяном дужым, з гневам, ярасьцю і абурэньнем вялікім.
і Сам буду ваяваць супроць вас рукою прасьцёртаю і мышцаю моцнаю ў гневе і ў лютасьці і ў вялікім абурэньні;
І Я ўдару жыхароў гораду гэтага, і чалавека, і жывёлу; паўміраюць яны ад пошасьці вялікай.
і паб’ю жыхароў гэтага горада — і людзей і быдла; ад вялікай пошасьці памруць яны.
А пасьля гэтага, кажа ГОСПАД, Я выдам Сэдэкію, валадара Юды, слугаў ягоных і народ, і тых, хто застанецца ў горадзе гэтым пасьля заразы, мяча і голаду, у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ў рукі ворагаў іхніх, і ў рукі тых, якія шукаюць душы іхняй, і ён заб’е іх вострывам мяча, і не памілуе іх, і ня будзе шкадаваць іх, і ня будзе мець літасьці”.
А пасьля таго, кажа Гасподзь, Сэдэкію, цара Юдэйскага, слуг ягоных і народ і тых, хто застаўся ў горадзе гэтым ад пошасьці і паморку, меча і голаду, перадам у рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ў рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікам душы іхняй; і ён паб’е іх вастрыём меча і ня зьлітуецца зь іх, і не пашкадуе і не памілуе.
А народу гэтаму скажы: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я стаўлю перад абліччам вашым шлях жыцьця і шлях сьмерці.
І народу гэтаму скажы: так кажа Гасподзь: вось, Я прапаную вам шлях жыцьця і шлях сьмерці:
Хто застанецца ў горадзе гэтым, памрэ ад мяча, голаду і пошасьці. А хто выйдзе і патрапіць да Халдэйцаў, якія аблягаюць вас, будзе жыць і атрымае, як здабычу, душу сваю.
Хто застанецца ў гэтым горадзе, той памрэ ад меча і голаду, пошасьці і згубнага паморку; а хто выйдзе і аддасца Халдэям, якія аблажылі вас, той будзе жывы, і душа ягоная будзе яму замест здабычы;
Бо Я зьвярнуў аблічча Маё на горад гэты на злое, а не на добрае, кажа ГОСПАД. Ён будзе выдадзены ў рукі валадара Бабілонскага, і той спаліць яго агнём”.
бо Я павярнуў аблічча Маё супроць горада гэтага, кажа Гасподзь, на зло, а не на дабро; ён будзе выдадзены ў рукі цара Вавілонскага, і той спаліць яго агнём.
Адносна дому валадара Юды слухайце слова ГОСПАДА:
І дому цара Юдэйскага скажы: слухайце слова Гасподняе:
“Доме Давіда, гэта кажа ГОСПАД. Судзіце справядліва ад раніцы і вызваляйце прыгнечанага з рукі крыўдзіцеля! Бо іначай гнеў Мой разгарыцца як агонь, і будзе гарэць, і ніхто ня зможа патушыць яго з прычыны ліхіх учынкаў вашых.
Доме Давідаў! так кажа Гасподзь: з самае раніцы чынеце суд і ратуйце скрыўджанага ад рукі крыўдніка, каб лютасьць Мая ня выйшла, як агонь, і не разгарэлася з прычыны благіх дзеяў вашых да таго, што ніхто не патушыць.
Вось, Я супраць цябе, жыхарка даліны, скала на раўніне, кажа ГОСПАД. Вы гаворыце: “Хто прыйдзе на нас, і хто ўвойдзе ў памяшканьні нашыя?”
Вось, Я — супроць цябе, жыхара даліны, скала раўніны, кажа Гасподзь, — супроць вас, што кажаце: «хто выступіць супроць нас і хто ўвойдзе ў селішчы нашыя?»
Я пакараю вас паводле пладоў учынкаў вашых, кажа ГОСПАД, і запалю агонь у лесе ягоным, і ён праглыне ўсё вакол яго”».
Але Я наведаю вас паводле плёну дзеяў вашых, кажа Гасподзь, і запалю агонь у лесе вашым, і зжарэ ўсё вакол яго.