Ераміі 42 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І наблізіліся ўсе князі, і Ёханан, сын Карэаха, і Езанія, сын Гешаі, і ўвесь народ ад малога да вялікага,
І падступіліся ўсе ваенныя начальнікі, і Ёанан, сын Карэеў, і Езанія, сын Гашаі і ўвесь люд ад малога да старога,
і сказалі Ярэміі прароку: «Няхай прыйдзе перад аблічча тваё просьба нашая! Маліся за нас да ГОСПАДА, Бога твайго, за ўсю рэшту гэтую, бо засталося нас нямнога з вялікае лічбы, як бачаць вочы твае.
і сказалі Ерамію прароку: «хай прыпадзе перад аблічча тваё прашэньне наша, памаліся за нас Госпаду Богу твайму за ўсю гэтую рэшту, бо з многага засталося нас мала, як вочы твае бачаць нас,
І няхай ГОСПАД, Бог твой, пакажа нам шлях, якім маем ісьці, і тыя рэчы, якія мы маем рабіць».
каб Гасподзь Бог твой паказаў нам дарогу, якою нам ісьці, і тое, што нам рабіць».
І сказаў ім Ярэмія прарок: «Я чую. Вось, я памалюся да ГОСПАДА, Бога вашага, паводле словаў вашых, і кожнае слова, якое ГОСПАД адкажа вам, я паведамлю вам, і не схаваю перад вамі [ніякага] слова».
І сказаў ім Ерамія прарок: «чую, памалюся Госпаду Богу вашаму, паводле слоў вашых, і ўсё, што адкажа вам Гасподзь, абвяшчу вам, ня ўтою ад вас ні слова».
А яны сказалі Ярэміі: «Няхай ГОСПАД будзе супраць нас сьведкам верным і праўдзівым, калі мы ня будзем рабіць паводле ўсіх словаў, якія ГОСПАД, Бог твой, пашле табе для нас.
Яны сказалі Ерамію: «Гасподзь хай будзе паміж намі сьведкам слушным і праўдзівым у тым, што мы дакладна выканаем усё тое, з чым прышле цябе да нас Гасподзь Бог твой:
Ці будзе гэта добра, ці кепска, мы будзем слухацца голасу ГОСПАДА, Бога нашага, да Якога мы пасылаем цябе, каб нам было добра, бо мы паслухаліся голасу ГОСПАДА, Бога нашага».
ці добра, ці блага тое будзе, але голасу Госпада Бога нашага, да Якога пасылаем цябе, паслухаемся, каб нам было добра, калі будзем паслухмяныя голасу Госпада Бога нашага».
І сталася, калі скончыліся дзесяць дзён, было слова ГОСПАДА да Ярэміі.
Як прайшло дзесяць дзён, было слова Гасподняе Ерамію.
І ён паклікаў Ёханана, сына Карэаха, і ўсіх князёў войска, якія былі з ім, і ўвесь народ ад малога да вялікага,
Ён паклікаў да сябе Ёанана, сына Карэевага, і ўсіх ваенных начальнікаў, што былі зь ім, і ўвесь люд, ад малога да старога
і сказаў ім: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, да Якога вы паслалі мяне, каб я прынёс перад аблічча Ягонае просьбу вашую.
і сказаў ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў, да Якога вы пасылалі мяне, каб пакласьці перад Ім маленьне ваша:
Калі, жывучы, будзеце жыць далей у зямлі гэтай, Я адбудую вас, а ня зьнішчу, і насаджу вас, а ня вырву, бо Я шкадую адносна ліха, якое Я зрабіў вам.
калі застанецеся на зямлі гэтай, дык Я ўладжу вас і ня спустошу, пасаджу вас і ня выкараню, бо Я шкадую за тое бедства, якое навёў на вас.
Ня бойцеся аблічча валадара Бабілонскага, аблічча якога вы баіцёся, не палохайцеся яго, кажа ГОСПАД, бо Я з вамі, каб збавіць вас і вызваліць вас з рукі ягонай.
Ня бойцеся цара Вавілонскага, якога вы баіцеся; ня бойцеся яго, кажа Гасподзь, бо Я з вамі, каб уратаваць вас і выбаўляць вас ад рукі ягонай.
І Я дам вам літасьць, і ён зьлітуецца над вамі і верне вас у зямлю вашую.
І пакажу вам літасьць, і ён зьлітасьцівіцца з вас і верне вас у зямлю вашу.
А калі вы скажаце: “Ня будзем жыць у зямлі гэтай”, і ня будзеце слухацца голасу ГОСПАДА, Бога вашага,
Калі ж вы скажаце: «ня хочам жыць у гэтай зямлі», і не паслухаецеся голасу Госпада Бога вашага, кажучы:
кажучы: “Не! Мы пойдзем у зямлю Эгіпецкую, дзе ня будзем бачыць вайны, і ня будзем чуць голас рогу, і ня будзем прагнуць хлеба, і там будзем жыць”,
«не, мы пойдзем у зямлю Егіпецкую, дзе вайны ня ўбачым і трубнага голасу не пачуем, і галадаць ня будзем, і там жыцьмем»,
дык цяпер слухайце слова ГОСПАДА, рэшта Юды. Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Калі вы, зьвярнуўшы, зьвернеце абліччы вашыя, каб ісьці ў Эгіпет, і пойдзеце, каб там пасяліцца,
дык выслухайце сёньня слова Гасподняе, вы, рэшта Юды: так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: калі вы рашуча павернеце твары вашыя, каб ісьці ў Егіпет, і пойдзеце, каб жыць там,
станецца, што меч, якога вы баіцёся, дасягне вас там, у зямлі Эгіпецкай, і голад, якога вы палохаецеся, будзе спадарожнічаць вам у Эгіпце, і там вы паўміраеце.
дык меч, якога вы баіцеся, дагоніць вас там, у зямлі Егіпецкай, і голад, якога вы страшыцеся, будзе заўсёды сьледаваць за вамі там у Егіпце, і там памраце.
І станецца, што ўсе людзі, якія зьвярнулі абліччы свае, каб ісьці ў Эгіпет, каб там пасяліцца, памруць ад мяча, голаду і заразы, і ніводзін з іх ня выратуецца і не ўцячэ ад ліха, якое Я спашлю на іх”.
І вось, каторыя павернуць твар свой, каб ісьці ў Егіпет і там жыць, памруць ад меча, голаду, паморку і згубнай пошасьці, і ніводзін зь іх не застанецца і не пазьбегне таго бедства, якое я навяду на іх.
Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Як выліўся гнеў Мой і абурэньне Маё на жыхароў Ерусаліму, так будзе выліты гнеў Мой на вас, калі вы прыйдзеце ў Эгіпет. І станецеся вы праклёнам, страхоцьцем, зьнявагаю і ганьбаю, і больш ня ўбачыце месца гэтага”.
Бо так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: як выліўся гнеў Мой і лютасьць Мая на жыхароў Ерусаліма, так выльецца лютасьць Мая на вас, калі ўвойдзеце ў Егіпет, і вы будзеце пракляцьцем і жудасьцю, і паганьбеньнем і кляцьбою, і ня ўбачыце болей месца гэтага.
Прамовіў да вас ГОСПАД, рэшта Юды: “Не ідзіце ў Эгіпет”. Ведаючы, ведайце, што я перасьцярог вас сёньня.
Да вас, рэшта Юдава, прамовіў Гасподзь: не хадзеце ў Егіпет; цьвёрда ведайце, што я сёньня перасьцярог вас;
Бо блукаючы, вы заблукалі ў душах вашых, бо вы паслалі мяне да ГОСПАДА, Бога вашага, кажучы: “Маліся за нас да ГОСПАДА, Бога нашага, і паведамі нам усё, што скажа ГОСПАД, Бог наш, і мы зробім [гэта]”.
бо вы зграшылі супроць саміх сябе: вы паслалі мяне да Госпада Бога нашага, сказаўшы: «памаліся за нас Госпаду Богу нашаму, і ўсё, што скажа Гасподзь Бог наш, абвясьці нам, — і мы зробім»,
І я паведаміў вам сёньня, але вы ня слухаеце голасу ГОСПАДА, Бога вашага, у-ва ўсім тым, з чым Ён паслаў мяне да вас.
Я абвясьціў вам сёньня; але вы не паслухаліся голасу Госпада Бога нашага і ўсяго таго, з чым Ён паслаў мяне да вас.
І цяпер, ведаючы, ведайце, што вы паўміраеце ад мяча, голаду і заразы ў месцы, куды хочаце ісьці, каб там пасяліцца».
Дык вось ведайце, што вы памраце ад меча, голаду, паморку і згубнай пошасьці ў тым месцы, куды хочаце ісьці, каб жыць там.