Ераміі 37 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І заваладарыў Сэдэкія, сын Ёсіі, замест Коніі, сына Егаякіма. Яго паставіў як валадара ў Юдзе Навухаданосар, валадар Бабілонскі.
 
Замест Еханіі, сына Ёакімавага, цараваў Сэдэкія, сын Ёсіі, якога Навухаданосар, цар Вавілонскі, паставіў царом у зямлі Юдэйскай.

Але ані ён, ані слугі ягоныя, ані народ зямлі гэтай ня слухалі словаў ГОСПАДА, якія Ён прамаўляў да іх праз рукі Ярэміі прарока.
 
Ні ён, ні слугі ягоныя, ні народ краіны ня слухалі словаў Госпада, якія казаў Ён празь Ерамію прарока.

І паслаў валадар Сэдэкія Егухаля, сына Шэлеміі, і Сафонію, сына Маасэі, сьвятара, да Ярэміі прарока, кажучы:
 
Цар Сэдэкія паслаў Егухала, сына Сэлэміі, і Сафонію, сына Маасэевага, сьвятара, да Ераміі прарока сказаць: «памаліся за нас Госпаду Богу нашаму».

«Памаліся, прашу, за нас да ГОСПАДА, Бога нашага!» А Ярэмія [тады] хадзіў і выходзіў сярод народу і ня быў яшчэ ўкінуты ў вязьніцу.
 
Ерамія тады яшчэ свабодна ўваходзіў і выходзіў сярод народа, бо ня ўвязьнілі яго ў цямніцу.

І войска фараона выйшла з Эгіпту, і пачулі вестку пра гэта Халдэйцы, якія аблягалі Ерусалім, і адступілі ад Ерусаліму.
 
Тым часам войска фараонава выступіла зь Егіпта, і Халдэі, якія аблягалі Ерусалім, пачуўшы вестку пра тое, адступілі ад Ерусаліма.

І было слова ад ГОСПАДА да Ярэміі прарока, кажучы:
 
І было слова Гасподняе Ерамію прароку:

«Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Так скажаце валадару Юды, які паслаў вас да Мяне шукаць [параду]: “Вось, войска фараона сьпяшаецца вам на дапамогу. Яно вернецца ў зямлю сваю, у Эгіпет.
 
так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: так скажэце цару Юдэйскаму, які паслаў вас да Мяне спытацца ў Мяне: вось, войска фараонавае, якое ішло да вас з дапамогаю, вернецца ў зямлю сваю, у Егіпет;

І вернуцца Халдэйцы, і будуць ваяваць супраць гораду гэтага, і здабудуць яго, і спаляць яго агнём”.
 
а Халдэі зноў прыйдуць і будуць ваяваць супроць горада гэтага, і возьмуць яго і спаляць яго агнём.

Гэта кажа ГОСПАД. Не ашуквайце душаў вашых, кажучы: “Адыходзячы, адыйдуць Халдэйцы!”, бо яны не адыйдуць [ад вас].
 
Так кажа Гасподзь: не ашуквайце сябе, кажучы: «мусова адыдуць ад нас Халдэі», бо яны не адыдуць;

Нават калі б вы пабілі ўсё войска Халдэйцаў, якія ваююць з вамі, і засталіся б з іх [толькі] параненыя, і тады кожны з іх падымецца з намёту свайго, і яны спаляць горад гэты агнём».
 
калі б вы нават разьбілі ўсё войска Халдэяў, якія ваююць супроць вас, і засталіся б у іх толькі параненыя, дык і тыя ўсталі б, кожны з намёту свайго, і спалілі б горад гэты агнём.

І сталася, калі адступіла войска Халдэйцаў ад Ерусаліму ад аблічча войска фараона,
 
У той час, калі войска Халдэйскае адступіла ад Ерусаліма, з прычыны войска фараонавага,

выйшаў Ярэмія з Ерусаліму, каб ісьці ў зямлю Бэн’яміна і там падзяліць [спадчыну] сярод народу.
 
Ерамія пайшоў зь Ерусаліма, каб сысьці ў зямлю Веньямінавую, хаваючыся адтуль сярод народа.

І калі ён быў пры браме Бэн’яміна, быў там начальнік варты на імя Ірыя, сын Шэлеміі, сына Хананіі, і ён схапіў Ярэмію прарока, кажучы: «Ты пераходзіш да Халдэйцаў».
 
Але калі ён быў у браме Веньямінавай, начальнік варты, які там быў, на імя Ірэія, сын Сэлэміі, сына Ананіі, затрымаў Ерамію прарока, сказаўшы: «ты хочаш перабегчы да Халдэяў?».

І сказаў Ярэмія: «Хлусьня! Я не пераходжу да Халдэйцаў!» Але той ня слухаў яго. І схапіў Ірыя Ярэмію, і завёў яго да князёў.
 
Ерамія сказаў: гэта — хлусьня; я не хачу перабегчы да Халдэяў. Але ён не паслухаў яго, і ўзяў Ірэія Ерамію і прывёў яго да князёў.

І разгневаліся князі на Ярэмію, і білі яго, і ўкінулі ў вязьніцу ў доме Ёнатана пісара, бо з яго зрабілі вязьніцу.
 
Князі раззлаваліся на Ерамію і білі яго, і ўвязьнілі яго ў цямніцу, у дом Ёнатана пісца, бо зрабілі яго цямніцаю.

І зыйшоў Ярэмія ў лёх, у сутарэньні, і быў там шмат дзён.
 
Калі Ерамія ўвайшоў у цямніцу і ў склеп, і прабыў там Ерамія шмат дзён,

І паслаў валадар Сэдэкія, і прывялі яго, і пытаўся ў яго валадар таемна ў доме сваім, і сказаў: «Ці ты маеш слова ад ГОСПАДА?» І сказаў Ярэмія: «Маю». І сказаў [далей]: «Ты будзеш выдадзены ў руку валадара Бабілонскага».
 
цар Сэдэкія паслаў і ўзяў яго. І пытаўся ў яго цар у доме сваім таемна і сказаў: «ці няма слова ад Госпада?», Ерамія сказаў: «ёсьць», і сказаў: «ты будзеш аддадзены ў рукі цара Вавілонскага».

І сказаў Ярэмія валадару Сэдэкіі: «Чым саграшыў я перад табою, і перад слугамі тваімі, і перад народам гэтым, што ўкінулі мяне ў вязьніцу?
 
І сказаў Ерамія цару Сэдэкіі: «чым я зграшыў перад табою і перад слугамі тваімі, і перад народам гэтым, што вы пасадзілі мяне ў цямніцу?

Дзе прарокі вашыя, якія прарочылі вам, кажучы: “Ня прыйдзе валадар Бабілонскі супраць вас і супраць зямлі гэтай”?
 
і дзе вашыя прарокі, якія прарочылі вам, кажучы: «цар Вавілонскі ня пойдзе супроць вас і супроць зямлі гэтай»?

І цяпер паслухай, прашу, гаспадару мой, валадар! Няхай маленьне маё прыйдзе, прашу, перад аблічча тваё! Не вяртай мяне ў дом Ёнатана пісара, і я не памру там».
 
І сёньня паслухай, спадару мой цар, хай упадзе дараваньне маё перад аблічча тваё; не вяртай мяне ў дом Ёнатана пісца, каб мне не памерці там».

І загадаў валадар Сэдэкія, і трымалі Ярэмію на панадворку вартоўні, і давалі яму штодзень па кавалку хлеба з вуліцы пекараў, пакуль ня скончыўся ўвесь хлеб у горадзе. І заставаўся Ярэмія на панадворку вартоўні.
 
І даў загад цар Сэдэкія, каб увязьнілі Ерамію ў двары варты і давалі яму па кавалку хлеба на дзень з вуліцы пекараў, пакуль ня кончыўся ўвесь хлеб у горадзе. І так заставаўся Ерамія ў двары варты.