Ераміі 34 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі, калі Навухаданосар, валадар Бабілонскі, і ўсё войска ягонае, і ўсе валадарствы зямлі, падуладныя руцэ ягонай, і ўсе народы ваявалі супраць Ерусаліму і ўсіх гарадоў ягоных, кажучы:
Слова, якое было Ерамію ад Госпада, калі Навухаданосар, цар Вавілонскі, і ўсё войска ягонае і ўсе царствы зямлі, падуладныя руцэ ягонай, і ўсе народы ваявалі супроць Ерусаліма і супроць усіх гарадоў ягоных:
«Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Ідзі і скажы Сэдэкіі, валадару Юды, і скажы яму: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я аддам горад гэты ў рукі валадара Бабілонскага, і ён спаліць яго агнём.
так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: ідзі і скажы Сэдэкію, цару Юдэйскаму, і скажы яму: так кажа Гасподзь: вось, я аддаю горад гэты ў рукі цару Вавілонскаму, — і ён спаліць яго агнём;
І ты не ўцячэш ад рукі ягонай, будзеш схоплены і выдадзены ў рукі ягоныя, і вочы твае ўбачаць вочы валадара Бабілонскага, і вусны твае будуць прамаўляць да вуснаў ягоных, і ты пойдзеш у Бабілон.
і ты не ўцячэш ад рукі ягонай, а непазьбежна будзеш узяты і перададзены ў рукі яго, і вочы твае ўбачаць цара Вавілонскага, і вусны яго будуць гаварыць тваімі вуснамі, і пойдзеш у Вавілон.
Аднак паслухай слова ГОСПАДА, Сэдэкія, валадар Юды. Гэта кажа ГОСПАД пра цябе. Ты не памрэш ад мяча.
Зрэшты, слухай слова Гасподняе, Сэдэкія, цару Юдэйскі! так кажа Гасподзь пра цябе: ты не памрэш ад меча;
Ты памрэш у супакоі, і падобна, як палілі пахошчы для бацькоў тваіх, валадароў даўнейшых, якія былі перад табою, так будуць паліць і для цябе. І будуць галасіць па табе: "Аёй! Аёй!", бо Я прамовіў слова, кажа ГОСПАД”».
ты памрэш у міры, і як бацькам тваім, — ранейшым царам, якія былі да цябе, — палілі пры пахаваньні пахошчы, так спаляць і табе і аплачуць цябе: «на жаль, спадару», бо Я вымавіў гэтае слова, кажа Гасподзь.
І прамовіў прарок Ярэмія Сэдэкіі, валадару Юды, усе словы гэтыя ў Ерусаліме.
Ерамія прарок усе гэтыя словы пераказаў Сэдэкію, цару Юдэйскаму, у Ерусаліме.
А войска валадара Бабілонскага ваявала супраць Ерусаліму і супраць усіх пазасталых гарадоў Юды, супраць Ляхішу і Азэкі, бо толькі гэтыя гарады ўмацаваныя трымаліся спаміж усіх гарадоў Юды.
Тым часам войска цара Вавілонскага ваявала супроць Ерусаліма і супроць усіх гарадоў Юдэйскіх, якія яшчэ заставаліся, супроць Лахіса і Азэкі; бо з гарадоў Юдэйскіх толькі гэтыя заставаліся, як гарады ўмацаваныя.
Слова, якое было да Ярэміі ад ГОСПАДА пасьля заключэньня валадаром Сэдэкіем запавету з усім народам Ерусаліму, каб абвясьціць для іх свабоду,
Слова, якое было Ерамію ад Госпада пасьля таго як цар Сэдэкія заключыў запавет з усім народам, што быў у Ерусаліме, каб абвясьціць свабоду,
каб кожны адпусьціў на свабоду нявольніка свайго і нявольніцу сваю, Гебрая і Гебрайку, каб ніхто не трымаў у нявольніцтве брата свайго Юдэя.
каб кожны адпусьціў на волю свайго раба і сваю рабыню, Габрэя і Габрэйку, каб ніхто зь іх ня трымаў у рабстве Юдэя, брата свайго.
І згадзіліся ўсе князі і ўсе людзі, якія заключылі запавет, выпусьціць на свабоду кожны нявольніка свайго і кожны нявольніцу сваю і не трымаць іх у нявольніцтве. І яны згадзіліся, і адпусьцілі [іх].
І паслухаліся ўсе князі і ўвесь народ, якія ўступілі ў запавет, каб адпусьціць кожнаму раба свайго і кожнаму рабыню сваю на волю, каб ня трымаць іх наперад у рабах, — і паслухаліся і адпусьцілі:
Але потым яны, вяртаючы, вярнулі нявольнікаў і нявольніцаў, якіх адпусьцілі на свабоду, і прымусам прымусілі, [каб яны былі] нявольнікамі і нявольніцамі.
але пасьля таго, перадумаўшы, пачалі браць назад рабоў і рабынь, якіх адпусьцілі на волю, і прымусілі іх быць рабамі і рабынямі.
І было слова ГОСПАДА да Ярэміі ад ГОСПАДА, кажучы:
І было слова Гасподняе Ерамію ад Госпада:
«Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Я заключыў запавет з бацькамі вашымі ў дзень, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі, кажучы:
Так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я заключыў запавет з бацькамі вашымі, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства, і сказаў:
“Як пройдзе сем гадоў, вызваліце кожны брата свайго, Гебрая, які запрадаўся табе ў няволю і служыў табе шэсьць гадоў, і пусьціце яго ад сябе вольным”. Але бацькі вашыя ня слухалі Мяне і не прыхілілі [да гэтага] вуха свайго.
«у канцы сёмага года адпускайце кожны брата свайго, Габрэя, які прадаў сябе табе; хай ён працуе табе шэсьць гадоў, а потым адпусьці яго ад сябе на волю»; але бацькі вашыя не паслухаліся Мяне і не прыхілілі вуха свайго.
Вы навярнуліся сёньня і зрабілі тое, што справядлівае ў вачах Маіх, абвяшчаючы свабоду кожны бліжняму свайму, і заключылі запавет перад абліччам Маім у Доме, у якім клічуць імя Маё.
Вы сёньня навярнуліся і зрабілі справядліва перад вачыма Маімі, даўшы кожны свабоду свайму блізкаму, і заключылі перад Мною запавет у доме, над якім названа імя Маё;
Але вы адступіліся і зьняважылі імя Маё, і вярнулі кожны нявольніка свайго і нявольніцу сваю, якіх адпусьцілі вольнымі, [каб ішлі] паводле жаданьня свайго, і прымусілі іх, каб былі для вас нявольнікамі і нявольніцамі.
але потым перадумалі — і зьняславілі імя Маё — і вярнулі да сябе кожны раба свайго і кожны рабыню сваю, якіх адпусьцілі на волю, куды іхняй душы заўгодна, і прымушаеце іх быць у вас рабамі і рабынямі.
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД. Вы не паслухалі Мяне, каб абвясьціць свабоду кожны брату свайму і кожны бліжняму свайму. Вось, Я абвяшчаю вас свабоднымі, кажа ГОСПАД, [ісьці] пад меч, заразу і голад, і Я аддам вас на страхоцьце для ўсіх валадарстваў зямлі.
Таму так кажа Гасподзь: вы не паслухаліся Мяне ў тым, каб кожны абвясьціў свабоду брату свайму і блізкаму свайму; за тое вось Я, кажа Гасподзь, абвяшчаю вам свабоду падупасьці мечу, згубнай пошасьці і голаду, і аддам вас на азлабеньне ва ўсе царствы зямлі;
І аддам тых людзей, якія парушылі запавет Мой, якія ня споўнілі словаў запавету, што заключылі перад абліччам Маім, якія расьсеклі на дзьве [часткі] бычка і прайшлі паміж імі,
і аддам адступнікаў ад запавету Майго і няўстойлівых у словах запавету, які яны заключылі перад абліччам Маім, калі расьсеклі цяля напалам і прайшлі паміж расьсечанымі часткамі яго,
князёў Юды і князёў Ерусаліму, эўнухаў, сьвятароў і ўвесь народ зямлі гэтай, які праходзіць паміж часткамі бычка [ахвярнага],
князёў Юдэйскіх і князёў Ерусалімскіх, еўнухаў і сьвятароў і ўвесь народ зямлі, які праходзіў паміж расьсечанымі часткамі цяляці, —
Я аддам у рукі ворагаў іхніх і ў рукі тых, якія шукаюць душу іхнюю. І стануцца трупы іхнія пажываю для птушак нябесных і зьвяроў зямных.
аддам іх у рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікаў душы іхняй, — і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным.
А Сэдэкію, валадара Юды, і князёў ягоных Я аддам у рукі ворагаў іхніх, у рукі тых, якія шукаюць душы іхняй, у рукі войска валадара Бабілонскага, якое [цяпер] адыйшло ад вас.
І Сэдэкію, цара Юдэйскага, і князёў ягоных аддам у рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікам душы іхняй і ў рукі войску цара Вавілонскага, якое адступіла ад вас.
Вось, Я загадаю, кажа ГОСПАД, і прывяду іх зноў супраць гораду гэтага, і будуць яны ваяваць супраць яго, і здабудуць яго, і спаляць агнём, і гарады Юды Я зраблю пусткаю, без жыхароў».
Вось, Я дам загад, кажа Гасподзь, і вярну іх да гэтага горада, і яны нападуць на яго і возьмуць яго і спаляць яго агнём, і гарады Юдэі зраблю пустыняю неабжытаю.