Ераміі 4 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Калі вернешся, Ізраіль, кажа ГОСПАД, вернешся да Мяне, і калі адкінеш ідалаў сваіх ад аблічча Майго, ня будзеш бадзяцца.
І калі хочаш навярнуцца, Ізраіле, кажа Гасподзь, да Мяне навярніся; а калі адвядзеш гідоты твае ад аблічча Майго, ты ня будзеш бадзяцца.
І калі будзеш прысягаць: “Як жывы ГОСПАД!” у праўдзе, судзе і праведнасьці, народы будуць дабраслаўляцца і будуць хваліцца ў Ім.
І будзеш бажыцца: жывы Гасподзь! у ісьціне, судзе і праўдзе; і народы будуць Ім дабраслаўляцца і Ім хваліцца.
Бо гэта кажа ГОСПАД да людзей Юды і Ерусаліму: “Разорвайце разоры вашыя, і ня кідайце насеньня ў церні.
Бо так кажа Гасподзь мужам Юды і Ерусаліма: узарэце сабе новыя палеткі і ня сейце сярод церня.
Абрэжцеся дзеля ГОСПАДА і адкіньце скуравінкі сэрцаў вашых, мужы Юды і жыхары Ерусаліму, бо выйдзе гнеў Мой, як агонь, і будзе гарэць, і не затухне з прычыны ліхіх учынкаў вашых”.
Абрэжце сябе дзеля Госпада, і здымеце крайнюю плоць з сэрца вашага, мужы Юды і жыхары Ерусаліма, каб гнеў Мой не адкрыўся, як агонь, і не запалаў непагасна ад ліхіх нахільнасьцяў вашых.
Абвяшчайце ў Юдзе, і агаласіце ў Ерусаліме, і скажыце: “Трубіце ў трубы па ўсёй зямлі, крычыце моцна і кажыце: 'Зьбіраймася і хадземце ў гарады ўмацаваныя!'”
Абвясьцеце ў Юдэі і агаласеце ў Ерусаліме, і гаварэце і трубеце трубою па зямлі; заклікайце голасна і кажэце: «зьбярэцеся і пойдзем ва ўмацаваныя гарады».
Падыміце знак у напрамку Сыёну! Уцякайце! Не затрымлівайцеся! Бо Я прыводжу гора з поўначы і няшчасьце вялікае.
Выставіце сьцяг да Сіёна, — бяжэце, ня спыняйцеся; бо Я прывяду з поўначы бедства і вялікую пагібель.
Выйшаў леў з гушчара свайго і нішчыцель народаў вырушыў. Пакінуў ён сваё месца паселішча, каб зрабіць зямлю тваю пусткаю; гарады твае будуць разбураны і без жыхароў.
Выходзіць леў са сваёй нетры, і выступае зьнішчальнік народаў: ён выходзіць са свайго месца, каб зямлю тваю зрабіць пусткаю; гарады твае будуць спустошаны, застануцца без жыхароў.
Дзеля гэтага апраніце зрэбніцу, лямантуйце і галасіце, бо не адвярнулася ад вас ярасьць гневу ГОСПАДА.
Таму аперажэцеся вярэтаю, плачце і галасеце, бо лютасьць гневу Гасподняга не адвернецца ад нас.
І станецца ў тыя дні, кажа ГОСПАД, спыніцца сэрца валадара і сэрца князёў, і аслупянеюць сьвятары, і прарокі зьнямеюць.
І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь, замрэ сэрца ў цара і сэрца ў князёў; і жахнуцца сьвятары, і дзіву дадуцца прарокі.
І скажуць: “Госпадзе ГОСПАДЗЕ! Падманваючы, падмануў Ты народ гэты і Ерусалім, калі казаў: "Супакой будзе вам", а вось меч дакрануўся да душы”.
І сказаў я: о, Госпадзе Божа! няўжо Ты зводзіў толькі народ гэты і Ерусалім, кажучы «мір будзе ў вас»; а тым часам меч даходзіць да душы?
У той час будуць казаць народу гэтаму і Ерусаліму: “Вецер гарачы з гораў, што ў пустыні, [прыходзіць] на шлях дачкі народу Майго не для прасяваньня і не для ачышчэньня.
У той час сказана будзе народу гэтаму і Ерусаліму: пякучы вецер ляціць з вышыняў пустэльных на дарогу дачкі народа Майго, ня дзеля веяньня і ня дзеля ачышчэньня:
Вецер, мацнейшы за яго, прыйдзе ад Мяне. Цяпер Я праслаўлю суд над імі”.
і прыйдзе да Мяне адтуль вецер мацнейшы за гэты, і Я агалашу прысуд над імі.
Вось, ён падымаецца, нібы хмары, і як бура калясьніцы ягоныя, хутчэйшыя, чым арлы, коні ягоныя. “Гора нам, бо мы будзем зьнішчаны!”
Вось, падымаецца ён, быццам воблакі, і калясьніцы яго — як віхура, коні ганчэйшыя за арлоў; гора нам! бо мы будзем спустошаны.
Абмый ад ліхоты сэрца тваё, Ерусалім, каб ты быў уратаваны! Дакуль жа будуць у табе думкі твае нягодныя?
Змый ліхое з сэрца твайго, Ерусаліме, каб выратавацца табе: дакуль будуць гнездавацца ў табе ліхамысныя думкі?
Бо голас абвяшчае з Дана і агалашаюць загубу з гор Эфраіма.
Бо ўжо ляціць голас ад Дана і пагібельная вестка з гары Яфрэмавай:
Паведамце народам: “Вось яны!” Абвясьціце гэта ў Ерусаліме: “Прыходзяць з зямлі далёкай, каб аблягаць яго, супраць гарадоў Юды ўзносяць голас свой!
агаласеце народам, абвясьцеце Ерусаліму, што ідуць з далёкай краіны абложнікі і крыкамі сваімі агалашаюць гарады Юдэі.
Як вартаўнікі палёў, яны атачаюць яго навокал, бо ён збунтаваўся супраць Мяне, кажа ГОСПАД.
Як вартавыя палёў, яны абступаюць яго навокал, бо ён узбунтаваўся супроць Мяне, кажа Гасподзь.
Шляхі твае і ўчынкі твае зрабілі гэта табе. Беззаконьне тваё такое горкае, што сягае нават сэрца твайго!”
Шляхі твае і дзеі твае прычынілі табе гэта; ад тваёй бязбожнасьці табе так горка, што даходзіць да сэрца твайго.
“Улоньне маё, улоньне маё! Я качаюся ад болю! Сьцены сэрца майго! Трапеча ў-ва мне сэрца маё! Не магу маўчаць, бо гук трубы чуе душа мая, гармідар ваенны”.
Нутроба мая! нутроба мая! смуткую ў глыбіні сэрца майго, хвалюецца ўва мне сэрца маё, не магу маўчаць; бо ты чуеш, душа мая, гук трубы, трывогу бітвы.
“Бяда за бядою абвяшчаюцца, бо зруйнаваная ўся зямля, зьнянацку зьнішчаны намёты Мае, у момант — заслона Мая.
Бяда за бядою: уся зямля спусташаецца, зьнянацку разбураны намёты мае, імгненна — палаткі мае.
Дакуль Я буду глядзець на знакі і слухаць голас трубы?
Ці доўга мне бачыць сьцяг, слухаць гук трубы?
Бо неразумны народ Мой, ня ведае Мяне; сыны дурныя і бязглуздыя; мудрыя, каб чыніць зло, але добрага рабіць ня ўмеюць.
Гэта таму, што народ Мой дурны — ня ведае Мяне: неразумныя яны дзеці, і няма ў іх глузду; яны разумныя на благое, а дабра рабіць ня ўмеюць.
Я зірнуў на зямлю, і вось, яна бязладная і пустая; [зірнуў] на неба — і няма сьвятла ягонага.
Гляджу на зямлю — і вось, яна разбураная і пустая, — на нябёсы — і няма на іх сьвятла.
Зірнуў на горы, і вось, яны трасуцца, і ўсе ўзгоркі хістаюцца.
Гляджу на горы — і вось, яны дрыжаць, і ўсе пагоркі хістаюцца.
Зірнуў, і вось, няма чалавека, і зьніклі ўсе птушкі нябесныя.
Гляджу — і вось, няма чалавека, і ўсе птушкі нябесныя разьляцеліся.
Зірнуў, і вось, зямля ўрадлівая [сталася] пустыняй, і ўсе гарады зьнішчаныя перад абліччам ГОСПАДА, перад абліччам полымя гневу Ягонага”.
Гляджу — і вось, Карміл — пустыня, а ўсе гарады ягоныя разбураныя ад аблічча Гасподняга, ад лютасьці гневу Яго.
Бо гэта кажа ГОСПАД: “Спустошана будзе ўся зямля, але загубы поўнай Я не зраблю.
Бо так сказаў Гасподзь: уся зямля будзе спустошана, але поўнага зьнішчэньня не дапушчу.
Дзеля гэтага будзе галасіць зямля і зацемрыцца неба ўгары. Бо Я прамовіў гэтак, і так вырашыў, і ня буду шкадаваць, і ад гэтага не адступлюся”.
Заплача па гэтым зямля, і нябёсы запамрочацца ўгары, бо Я сказаў, Я вызначыў, і не раскаюся ў тым і не адступлюся ад таго.
Ад голасу вершніка і страляньня з луку ўцякуць усе гарады. Кінуцца ў гушчары, ушчэпяцца на скалы, усе гарады будуць пакінутыя, ніводзін чалавек ня будзе жыць у іх.
Ад шуму верхаўцоў і стралкоў разьбягуцца ўсе гарады: яны пойдуць у густыя лясы і залезуць на скалы; усе гарады будуць пакінуты, і ня будзе ў іх ніводнага жыхара.
А ты, зруйнаваная, што будзеш рабіць? Хоць апранешся ў кармазын, хоць начэпіш аздобы залатыя і падмалюеш фарбай вочы твае, надарма ўпрыгожваешся, бо пагарджаюць табою палюбоўнікі твае, цікуюць яны на жыццё тваё.
А ты, спустошаная, што пачнеш рабіць? Хоць ты апранаешся ў пурпуру, хоць ты ахарошваеш сябе залатымі ўборамі, абмалёўваеш вочы твае фарбамі, але дарэмна ахарошваеш сябе; пагрэбавалі табою палюбоўнікі — яны шукаюць душы тваёй.
Чую голас быццам парадзіхі, нібы стогн жанчыны, якая першы раз нараджае, голас дачкі Сыёну, якая памірае і выцягвае рукі свае: “Гора мне, бо млее душа мая між забойцаў!”
Бо Я чую голас як бы жанчыны-парадзіхі, стогн як бы тае, што нараджае першы раз, голас дачкі Сіёна; яна стогне, працягваючы рукі свае: «о, гора мне! душа мая зьнемагае перад забойцамі».