Ераміі 25 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Слова, якое было Ярэміі пра ўвесь народ Юды ў чацьвёртым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, гэта значыць, у першым годзе Навухаданосара, валадара Бабілону,
 
І слова, якое было Ераміі пра ўвесь народ Юдэйскі, у чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, — гэта быў першы год Навухаданосара, цара Вавілонскага, —

якое Ярэмія прамовіў пра ўвесь народ Юды і пра ўсіх жыхароў Ерусаліму, кажучы:
 
і якое прарок Ерамія прамовіў да ўсяго народа Юдэйскага і да ўсіх жыхароў Ерусаліма і сказаў:

«Ад трынаццатага году Ёсіі, сына Амона, валадара Юды, аж да дня гэтага, гэта значыць дваццаць тры гады, было слова ГОСПАДА да мяне, і я прамаўляў да вас, устаючы ноччу, прамаўляў, а вы ня слухалі.
 
ад трынаццатага года Ёсіі сына Амонавага, цара Юдэйскага, да гэтага дня, — вось ужо дваццаць тры гады, — было мне слова Гасподняе, і я з самае раніцы прамаўляў вам, — і вы ня слухалі.

І паслаў ГОСПАД да вас усіх слугаў Сваіх, прарокаў, устаючы ноччу і пасылаючы, але вы ня слухалі, і не прыхілялі вушэй вашых, каб пачуць.
 
Гасподзь пасылаў да вас усіх рабоў Сваіх прарокаў, з самае раніцы пасылаў, — і вы ня слухалі і ня прыхілялі вуха свайго, каб слухаць.

І яны казалі: “Адвярніцеся кожны ад шляху свайго ліхога і ад ліхоты ўчынкаў вашых, і жывіце ў зямлі, якую даў ГОСПАД вам і бацькам вашым адвеку і на вякі.
 
Вам казалі: «адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і ад благіх дзеяў сваіх і жывеце на зямлі, якую Гасподзь даў вам і бацькам вашым адвеку навечна;

І не хадзіце за багамі чужымі, каб служыць ім і пакланяцца ім, і не гнявіце Мяне справамі рук вашых, і Я не прывяду на вас няшчасьце.
 
І не хадзеце сьледам за іншымі божышчамі, каб служыць ім і пакланяцца ім, і не гнявеце Мяне дзеямі рук сваіх, і не зраблю вам благога».

Але вы не паслухалі Мяне, кажа ГОСПАД, каб не гнявіць Мяне справамі рук вашых на ліха для вас.
 
Але вы ня слухаліся Мяне, кажа Гасподзь, гневячы Мяне дзеямі рук сваіх, на злосьць сабе.

Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “За тое, што вы не паслухалі словаў Маіх,
 
Таму так кажа Гасподзь Саваоф: за тое, што вы ня слухалі словаў Маіх,

вось, Я пашлю і зьбяру ўсе плямёны поўначы, кажа ГОСПАД, і Навухаданосара, валадара Бабілону, слугу Майго. І Я прывяду іх на зямлю гэтую, і на жыхароў ейных, і на ўсе народы навокал, і зраблю іх закляцьцем, і ўчыню іх страхоцьцем, і пасьмешышчам, і руінай вечнай.
 
вось Я пашлю і вазьму ўсе плямёны паўночныя, кажа Гасподзь, і пашлю да Навухаданосара, цара Вавілонскага, раба Майго, і прывяду іх на зямлю гэтую і на жыхароў яе і на ўсе навакольныя народы; і цалкам вынішчу іх і зраблю іх жахам і пасьмешышчам і вечным запусьценьнем.

І Я зьнішчу ў іх голас вясёласьці і гоман радасьці, голас жаніха і голас нявесты, грукат жорнаў і сьвятло лямпы.
 
І спыню іх голас радасьці і голас весялосьці, голас жаніха і голас нявесты, гук жорнаў і сьвятло сьвяцільні.

І станецца ўся зямля гэтая руінаю і пусткаю, і будзе пакінутая, і будуць служыць народы гэтыя валадару Бабілонскаму семдзясят гадоў.
 
І ўся зямля гэтая будзе пустыняю і жахам; і народы гэтыя будуць служыць цару Вавілонскаму семдзесят гадоў.

І станецца, калі споўніцца семдзясят гадоў, Я пакараю валадара Бабілонскага і народ гэты, кажа ГОСПАД, за беззаконьні іхнія, і зямлю Халдэйцаў, і зраблю яе пустэчай вечнай.
 
І будзе: калі споўніцца семдзесят гадоў, пакараю цара Вавілонскага і той народ, кажа Гасподзь, за іх бязбожнасьць, і зямлю Халдэйскую, і зраблю яе вечнаю пустыняю.

І, выконваючы, выканаю на зямлі гэтай усе словы Мае, якія Я прамовіў супраць яе; усё, што напісана ў кнізе гэтай, што прарочыў Ярэмія адносна ўсіх народаў.
 
І спраўджу над тою зямлёю ўсе словы Мае, якія Я прамовіў на яе, усё напісанае ў гэтай кнізе, што Ерамія прароча вымавіў на ўсе народы,

Бо зьняволяць іх народы шматлікія і валадары вялікія, і Я аднагароджу ім паводле ўчынкаў іхніх, паводле справаў рук іхніх”.
 
бо і іх паняволяць шматлікія народы і цары вялікія; і Я дам ім паводле іх учынкаў, паводле дзеяў рук іхніх.

Бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля да мяне: “Вазьмі з рукі Маёй келіх віна гневу гэтага і дай яго піць усім народам, да якіх Я пасылаю цябе.
 
Бо так сказаў мне Гасподзь Бог Ізраілеў: вазьмі з рукі Маёй чару гэтую зь віном лютасьці і напаі зь яе ўсе народы, да якіх Я пасылаю цябе.

І яны будуць піць, і будуць хістацца, і ашалеюць перад абліччам мяча, які Я пашлю супраць іх”.
 
І яны вып’юць і будуць хістацца і звар’яцеюць, убачыўшы меч, які Я пашлю на іх.

І я ўзяў келіх з рукі ГОСПАДА, і напаіў усе народы, да якіх паслаў мяне ГОСПАД,
 
І ўзяў я чару з рукі Гасподняй і напаіў зь яе ўсе народы, да якіх паслаў мяне Гасподзь:

Ерусалім і гарады Юды, валадароў іхніх і князёў іхніх, каб зрабіць іх руінамі, на аслупяненьне, на пасьмешышча і на праклён, як гэта ёсьць сёньня;
 
Ерусалім і гарады Юдэйскія, і цароў яго і князёў яго, каб спустошыць іх і зрабіць жахам, пасьмешышчам і праклёнам, як і відно сёньня,

фараона, валадара Эгіпецкага, і слугаў ягоных, князёў ягоных і ўвесь народ ягоны,
 
фараона, цара Егіпецкага, і слуг ягоных, і князёў яго і ўвесь народ яго,

і ўсе разнастайныя [народы] і ўсіх валадароў зямлі Уц, усіх валадароў зямлі Філістынскай, Ашкелён, Газу, Экрон, і рэшту Ашдоду,
 
і ўвесь зьмешаны народ, і ўсіх цароў зямлі Уца і ўсіх цароў зямлі Філістымскай, і Аскалон і Газу, і Экрон, і рэшткі Азота,

Эдом, Мааў і сыноў Амона,
 
Эдома і Маава і сыноў Амонавых,

усіх валадароў Тыру і ўсіх валадароў Сідону, усіх валадароў астравоў, якія на тым баку мора,
 
і ўсіх цароў Тыра і ўсіх цароў Сідона і цароў астравоў, якія за морам,

Дэдана і Тэму, Буза і ўсіх, якія стрыгуць валасы на скронях;
 
Дэдана і Тэму, і Буза і ўсіх, што стрыгуць валасы на скронях,

усіх валадароў Арабіі, усіх валадароў разнастайных народаў, якія жывуць у пустыні;
 
і ўсіх цароў Аравіі і ўсіх цароў народаў рознапляменных, што жывуць у пустыні,

усіх валадароў Зімры, усіх валадароў Эляму і ўсіх валадароў Мадаю,
 
усіх цароў Зімврыі і ўсіх цароў Элама, і ўсіх цароў Мідыі

усіх валадароў поўначы, блізкіх і далёкіх, адных за другім; і ўсе валадарствы, якія на абліччы зямлі, а валадар Шэшаху будзе піць пасьля іх.
 
і ўсіх цароў поўначы, блізкіх адзін аднаму і далёкіх, і ўсе царствы зямныя, якія — на ўлоньні зямлі, а цар Сэсаха вып’е пасьля іх.

І ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Піце, і напівайцеся, і ванітуйце, і падайце, і не ўставайце перад абліччам мяча, які Я пашлю супраць вас”.
 
І скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: пеце і ўпецеся, вырыгніце і ўпадзеце, і не ўставайце, угледзеўшы меч, які Я пашлю на вас.

І станецца, калі яны ня будуць хацець узяць келіх з рукі тваёй, каб піць, ты скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. П’ючы, піць будзеце!
 
Калі ж яны будуць адмаўляцца браць чарку з рукі тваёй, каб піць, дык скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф: вы канечне піцьмеце.

Бо вось, у горадзе, над якім клікалі імя Маё, Я пачынаю чыніць зло, а вы мелі б застацца без пакараньня? Не застанецеся без пакараньня, бо Я клічу меч супраць усіх жыхароў зямлі, кажа ГОСПАД Магуцьцяў”.
 
Бо вось на горад гэты, на якім напісана Маё імя, я пачынаю наводзіць бедства; і ці вы застанецеся непакараныя? Не, не застанецеся непакараныя; бо Я наклікаю меч на ўсіх жыхароў зямлі, кажа Гасподзь Саваоф.

А ты будзеш прарочыць ім усе словы гэтыя і скажаш ім: “ГОСПАД грыміць з вышыняў, з Сялібы Сваёй сьвятой дае голас Свой, грымотамі грыміць супраць паселішчаў Сваіх, падымае крык, як выціскачы [віна], адказвае да ўсіх жыхароў зямлі.
 
Таму вымаві на іх усе словы гэтыя і скажы ім: Гасподзь загрыміць з вышыні і з жытлішча сьвятыні Сваёй падасьць голас Свой; страшна загрыміць на селішча Сваё; як тыя, што топчуць у чавільні, усклікне на ўсіх жыхароў зямлі.

Даходзіць гармідар аж да канцоў зямлі, бо ГОСПАД вядзе спрэчку з народамі, кліча на суд кожнае цела, злачынцаў аддае пад меч, кажа ГОСПАД”.
 
Шум дойдзе да канцоў зямлі; бо ў Госпада спаборства з народамі: Ён будзе судзіцца з кожнаю плоцьцю, бязбожных ён аддасьць мечу, кажа Гасподзь.

Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Вось, гора пераходзіць з народу да народу, і бура вялікая прачынаецца з канцоў зямлі.
 
Так кажа Гасподзь Саваоф: вось, бедства пойдзе ад народа да народа, і вялікая віхура падымецца ад краёў зямлі.

І будуць забітыя ГОСПАДАМ у дзень гэты ад канца зямлі да канца зямлі, ніхто ня будзе [па іх] плакаць, ані зьбіраць іх, ані хаваць іх; і стануцца яны, як гной на абліччы зямлі.
 
І будуць пабітыя Госпадам у той дзень — ад канца зямлі да канца зямлі, ня будуць аплаканыя і ня будуць прыбраныя і пахаваныя, гноем будуць на ўлоньні зямлі,

Лямантуйце, пастыры, і галасіце! Качайцеся ў пыле, пастухі авечак, бо надыйшлі дні зарэзу вашага і расьцярушаньня вашага, і вы ўпадзеце, як начыньне каштоўнае.
 
Галасеце, пастыры, і стагнеце, і пасыпайце сябе пылам, правадыры статку; бо споўніліся дні вашыя для заколу і расьсеяньня вашага, і паб’яцеся, як дарагі посуд.

І ня будзе схову для пастыраў, і ня будзе ратунку для пастухоў авечак.
 
І ня будзе прыстанішча пастырам і ратунку важакам статку.

[Чутны] голас крыку пастыраў і лямант пастухоў авечак, бо ГОСПАД пустошыць статак іхні.
 
Чуцен енк пастыраў і галашэньне важакоў статку, бо спустошыў Гасподзь пашу іхнюю.

І нішчацца пашы спакойныя перад абліччам полымя гневу ГОСПАДА.
 
Вынішчаюцца мірныя селішчы ад лютасьці гневу Гасподняга.

Ён пакінуў як леў сховішча сваё, бо зямля Ягоная сталася пусткаю з прычыны ярасьці прыгнятальніка, з прычыны полымя гневу [Госпада]”».
 
Ён пакінуў жытлішча Сваё, як леў; і зямля іхняя зрабілася пусткаю ад лютасьці спусташальніка і ад палымянага гневу Ягонага.