Ераміі 22 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

«Гэта кажа ГОСПАД. Зыйдзі ў дом валадара Юды і прамоў там слова гэтае.
 
Так сказаў Гасподзь: сыдзі ў дом цара Юдэйскага і вымаві слова гэта

І скажаш: “Слухай слова ГОСПАДА, ты, валадар Юды, які сядзіш на пасадзе Давіда, ты, і слугі твае, і народ твой, які ўваходзіць у брамы гэтыя.
 
і скажы: выслухай слова Гасподняе, цару Юдэйскі, што сядзіш на троне Давідавым, — ты і слугі твае і народ твой, якія ўваходзяць праз гэтую браму.

Гэта кажа ГОСПАД. Чыніце суд і праведнасьць, вызваляйце прыгнечанага з рукі крыўдзіцеля, і чужынца, сірату і ўдаву не прыгнятайце. Не рабіце гвалту і крыві нявіннай не пралівайце ў месцы гэтым.
 
Так кажа Гасподзь: чынеце суд і праўду і ратуйце скрыўджанага ад рук уціскальніка, ня крыўдзеце і ня ўціскайце прыхадня, сіраты і ўдавы, і нявіннай крыві не пралівайце на месцы гэтым.

Бо калі вы, выконваючы, выканаеце слова гэтае, будуць уваходзіць у брамы дому гэтага валадары, якія сядзяць на пасадзе Давіда і ўяжджаюць на калясьніцах і конях, яны, слугі іхнія і народ іхні.
 
Бо калі вы будзеце выконваць слова гэтае, дык будзеце ўваходзіць брамаю дома гэтага, цары, што сядзіце замест Давіда на троне ягоным, езьдзіце на калясьніцы і на конях, — самі і слугі іх і народ іхні.

А калі ня будзеце слухаць словаў гэтых, прысягаю на Сябе Самога, кажа ГОСПАД, дом гэты станецца руінай.
 
А калі не паслухаецеся слоў гэтых, дык Мною прысягаю, кажа Гасподзь, што дом гэты апусьцее.

Бо гэта кажа ГОСПАД пра дом валадара Юды: "Ты для Мяне як Гілеад, вяршыня Лібану. Але Я зраблю з цябе пустыню, горад бязьлюдны.
 
Бо так кажа Гасподзь дому цара Юдэйскага: Галаад ты ў Мяне, вяршыня Лівана; але Я зраблю цябе пустыняю і гарады — няжытлымі.

Я падрыхтую супраць цябе нішчыцеляў, кожнага са зброяй ягонай, і яны зрэжуць найлепшыя кедры твае і кінуць у агонь".
 
І падрыхтую супроць цябе зьнішчальнікаў, кожнага са сваёй зброяй, — і сьсякуць найлепшыя кедры твае і кінуць у агонь.

І будуць праходзіць шмат народаў праз горад гэты, і скажа кожны бліжняму свайму: "Чаму зрабіў так ГОСПАД гораду гэтаму вялікаму?"
 
І многія народы будуць праходзіць праз горад гэты і казаць адзін аднаму: «за што Гасподзь так зрабіў з гэтым вялікім горадам?»

І адкажуць: "За тое, што яны пакінулі запавет ГОСПАДА, Бога свайго, і пакланяліся іншым багам, і служылі ім".
 
І скажуць у адказ: за тое, што яны пакінулі запавет Госпада Бога свайго і пакланяліся іншым божышчам і служылі ім.

Ня плачце дзеля памёршага і не галасіце дзеля яго. Плачце, плачучы, дзеля таго, хто адыходзіць, бо ён ня вернецца ўжо і ня ўбачыць родную зямлю сваю.
 
Ня плачце па памерлым і не шкадуйце яго; а горка плачце па тым, хто ідзе ў палон, бо ён ужо ня вернецца і ня ўбачыць роднай краіны сваёй.

Бо гэта кажа ГОСПАД пра Шальлюма, сына Ёсіі, валадара Юды, які заваладарыў пасьля Ёсіі, бацькі свайго і які выйшаў з месца гэтага: "Ён ня вернецца больш сюды.
 
Бо так кажа Гасподзь пра Салума, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, які цараваў пасьля бацькі свайго, Ёсіі, і які выйшаў з гэтага месца: ён ужо ня вернецца сюды,

Бо ў месцы, у якое завялі яго, там ён памрэ, і зямлі гэтай больш ня ўбачыць"”.
 
а памрэ ў тым месцы, куды завялі яго палоннага, і больш не пабачыць зямлі гэтай.

Гора таму, хто будуе дом свой на няправеднасьці, і сьвятліцы свае — на судзе несправядлівым, бліжняму свайму кажа працаваць задарма, і заробку ягонага не аддае яму.
 
Гора таму, хто будуе дом свой няпраўдаю і сьвяцёлкі свае — беззаконьнем, хто прымушае блізкага свайго працаваць задарма і не аддае яму платы ягонай,

Ён кажа: “Пабудую сабе дом прасторны і сьвятліцы шырокія”, і высякае вокны сабе, і ашалёўвае [дрэвам] кедровым, і малюе [фарбай] чырвонай.
 
хто кажа: збудую сабе дом прасторны і сьвяцёлкі прасторныя, — і прарубае сабе вокны і шалюе кедрам і фарбуе чырвонаю фарбаю.

Ці ты будзеш валадарыць, таму што жывеш у [доме] кедровым? Ці ж бацька твой ня еў і ня піў? Але ён чыніў суд і праведнасьць, і добра было яму.
 
Ці думаеш ты быць царом, бо замкнуў сябе ў кедр? бацька твой еў і піў, але чыніў суд і праўду, і таму яму было добра.

Ён разьбіраў справу ўбогага і беднага, і добра было яму тады. Ці ж ня гэта [значыць] ведаць Мяне? — кажа ГОСПАД.
 
Ён разьбіраў справу беднага і ўбогага, і таму яму добра было. Ці ня гэта азначае ведаць Мяне? кажа Гасподзь.

А вочы твае і сэрца тваё [прагнуць] толькі карысьці тваёй, каб праліваць кроў нявінную, каб чыніць крыўды і гвалты.
 
Але твае вочы і тваё сэрца скіраваныя толькі на тваю карысьлівасьць і на праліваньне крыві, на тое, каб рабіць уціск і насільле.

Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды: “Ня будуць галасіць па ім: “Аёй, браце мой! Аёй, сястра мая!” Ня будуць галасіць па ім: “Аёй, пане! Аёй, яснавяльможны!”
 
Таму так кажа Гасподзь пра Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага: ня будуць аплакваць яго: «на жаль, браце мой!» і: «на жаль, сястра!». Ня будуць аплакваць яго: «на жаль, спадару!» і: «на жаль, вашэці!»

Будзе ён пахаваны, як хаваюць асла. Выцягнуць яго і кінуць па-за брамамі Ерусаліму”.
 
Асьліным пахаваньнем будзе ён пахаваны: выцягнуць яго і кінуць далёка за брамы Ерусаліма.

Узыйдзі на Лібан і крычы, і на Башане ўзьнімі голас твой, і гукай з Абарыму, бо зьнішчаны ўсе, якія любілі цябе.
 
Падыміся на Ліван і крычы, і на Васане ўзвысь голас твой і крычы з Аварыма, бо зламаныя ўсе сябры твае.

Я прамаўляў да цябе ў [час] бясьпекі тваёй, а ты адказаў: “Ня буду слухаць!” Гэта шлях твой ад юнацтва твайго, што ты ня слухаўся голасу Майго.
 
Я казаў табе ў час дабрадзенства твайго; але ты сказаў: не паслухаю. Такія былі паводзіны твае з самай тваёй маладосьці, што ты ня слухаў голасу Майго.

Усіх пастыраў тваіх будзе пасьвіць вецер, а тыя, што любілі цябе, пойдуць у няволю. Вось тады ты засаромішся і пачырванееш з прычыны ўсёй ліхоты тваёй.
 
Усіх пастыраў тваіх зьмяце вецер, і сябры твае пойдуць у палон; — і тады ты будзеш пасаромлены і паганьбаваны за ўсе ліхадзействы твае.

Ты, што жывеш на Лібане і маеш гняздо на кедрах, як ты будзеш стагнаць, калі прыйдуць на цябе болі, як болі той, якая нараджае.
 
Жыхар Лівана, агнездаваны на кедрах! Які нікчэмны будзеш ты, калі спасьцігнуць цябе мукі, як боль жанчыну пры родах!

Як жывы Я, кажа ГОСПАД, калі б Ехонія, сын Егаякіма, валадар Юды, быў пярсьцёнкам на правай руцэ Маёй, нават адтуль Я сарву яго!
 
Жыву Я, сказаў Гасподзь: калі б Еханія, сын Ёакімаў, цар Юдэйскі, быў пярсьцёнкам на правай руцэ Маёй, дык і адсюль я сарву цябе

Я аддам цябе ў рукі тых, якія шукаюць душы тваёй, і ў рукі тых, абліччаў якіх ты баішся, у рукі Навухаданосара, валадара Бабілонскага, і ў рукі Халдэйцаў.
 
і аддам цябе ў рукі шукальнікаў душы тваёй і ў рукі тым, каго ты баішся, у рукі Навухаданосара, цара Вавілонскага, і ў рукі Халдэям,

І Я выкіну цябе і маці тваю, якая нарадзіла цябе, у зямлю чужую, у якой вы не нарадзіліся, і там вы памрацё,
 
і выкіну цябе і тваю маці, якая нарадзіла цябе, у чужую краіну, дзе вы не радзіліся, і там памраце;

і ў зямлю, у якую прагнеце душою сваёй, каб вярнуцца, ня вернецеся.
 
а ў зямлю, куды душа іх будзе жадаць вярнуцца, туды ня вернуцца.

Ці ж чалавек той, Ехонія, — [гэта] пасудзіна пагарджаная і пабітая? Ці ж ён — рэч, у якой ня маюць упадабаньня? Чаму адкінуты ён і насеньне ягонае, і выкінутыя ў зямлю, якой яны ня ведаюць?
 
«Няўжо гэты чалавек, Еханія, ёсьць стварэньне пагарджанае, адкінутае? альбо ён — посуд непатрэбны? за што яны выкінуты — ён і племя ягонае — і кінуты ў краіну, якое ня ведалі?»

Зямля, зямля, зямля! Слухай слова ГОСПАДА!
 
О, зямля, зямля, зямля! слухай слова Гасподняе.

Гэта кажа ГОСПАД: “Запішыце чалавека гэтага як мужчыну, пазбаўленага патомства, якому няма шчасьця ў днях ягоных, бо ня будзе мець шчасьця ніхто з насеньня ягонага, каб сядзець на пасадзе Давіда і панаваць у Юдзе”».
 
Так кажа Гасподзь: запішэце чалавека гэтага пазбаўленым дзяцей, чалавекам злашчасным у дні свае, бо ніхто ўжо з племя ягонага ня будзе сядзець на троне Давідавым і валадарыць у Юдэі.