Ераміі 3 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І [было] сказана: «Калі муж адпусьціць жонку сваю, і яна адыйдзе ад яго і пойдзе замуж за іншага мужа, ці можа ён вярнуцца да яе? Ці ж, апаганіўшыся, не апаганена зямля тая? А ты чужаложыла з многімі каханкамі. І ты вернешся да Мяне? — кажа ГОСПАД.
Кажуць: калі муж адпусьціць жонку сваю, і яна адыдзе ад яго і зробіцца жонкаю другога мужа, дык ці можа яна вярнуцца да яго? Ці не апаганілася б гэтым краіна тая? А ты з многімі палюбоўнікамі блудадзейнічала, — і аднак жа вярніся да Мяне, кажа Гасподзь.
Падымі вочы твае на ўзгоркі і паглядзі, дзе [месца], на якім бы ты не лажылася для распусты? Пры шляхах сядзела ты, [чакаючы] на іх, як Араб у пустыні, і апаганіла зямлю распустаю тваёй і ліхотаю тваёй.
Узьвядзі вочы твае ўгору і паглядзі, дзе не блудадзеялі з табою? Пры дарозе сядзела ты дзеля іх, як Аравіцянін у пустыні, і апаганіла зямлю блудам тваім і хітрынай тваёю.
І спыніліся залевы, і дажджу вясновага не было, але было ў цябе чало жанчыны чужаложнай і ты страціла сорам.
За тое былі затрыманы дажджы, і ня было дажджу позьняга; але ў цябе быў лоб блудніцы, — ты адкінула сорам.
Ці ж цяпер, клічучы, ты будзеш клікаць Мяне: “Ойча мой! Ты — сябра маладосьці маёй!
Ці ня будзеш ты з гэтага часу заклікаць да Мяне: Войча мой! Ты быў правадніком маладосьці маёй!
Ці будзеш гневацца вечна або захоўваць крыўду?” Вось, ты, кажучы, казала, а [сама] рабіла ліхоту, калі была магчымасьць».
Няўжо заўсёды Ён будзе ў гневе? і няўжо вечна будзе ўтрымліваць яго ў Сабе? Вось, што кажаш ты, а робіш ліхое і посьпех маеш у ім.
І сказаў мне ГОСПАД у дні валадара Ёсіі: «Ці ты бачыў, што зрабіла [дачка] Ізраіля, адступніца? Яна хадзіла на кожную гару высокую і пад кожнае дрэва зялёнае, і чыжаложыла там.
Гасподзь сказаў мне ў дні Ёсіі цара: ці бачыў ты, што рабіла адступніца, дачка Ізраіля? Яна хадзіла на кожную высокую гару і пад кожнае галінастае дрэва, і там распусьнічала.
І Я падумаў: “Калі яна ўсё гэта зробіць, тады вернецца да Мяне”. Але яна не вярнулася. І гледзячы, угледзела гэта здрадлівая сястра ейная Юда.
І пасьля таго, як яна ўсё гэта рабіла, Я казаў: вярніся да Мяне; але яна не вярнулася; і бачыла гэта вераломная сястра яе Юдэя.
І ўгледзела яна, што за ўсе ўчынкі, якімі чужаложыла [дачка] Ізраіля, адступніца, Я адпусьціў яе і даў ёй ліст разводны. І не ўстрывожылася здрадлівая Юда, сястра ейная, і пайшла, і таксама чужаложыла.
І Я бачыў, што, калі за ўсе пералюбныя ўчынкі адступніцы, дачкі Ізраіля, Я адпусьціў яе і даў ёй разводны ліст, вераломная сястра яе, Юдэя, не збаялася, а пайшла і сама распусьнічала.
І сталася, праз розгалас пра распусту сваю яна апаганіла зямлю гэтую і чужаложыла з камянём і дрэвам.
І адкрытым блудадзействам яна апаганіла зямлю, і пералюбнічала з каменем і дрэвам.
І таксама пасьля ўсяго гэтага здрадлівая сястра ейная, Юда, не навярнулася да Мяне ўсім сэрцам, але толькі фальшыва, кажа ГОСПАД».
Але пры ўсім гэтым вераломная сястра яе Юдэя не навярнулася да Мяне ўсім сэрцам сваім, а толькі на блізір, кажа Гасподзь.
І ГОСПАД сказаў мне: «Больш праведная душа адступніцы, [дачкі] Ізраіля, чым у здрадлівай Юды.
І сказаў мне Гасподзь: адступніца, дачка Ізраілева, аказалася з большаю праўдаю, чым вераломная Юдэя.
Ідзі, і абвяшчай словы гэтыя на поўнач, і кажы: “Вярніся, адступніца, [дачка] Ізраіля, кажа ГОСПАД. Я не адвярну аблічча Маё ад вас, бо Я міласэрны, кажа ГОСПАД, ня буду гневацца на вякі.
Ідзі і абвясьці словы гэтыя на поўнач, і скажы: вярніся, адступніца, дачка Ізраілева, кажа Гасподзь. Я ня вылью на вас гневу Майго; бо Я мілажальны, кажа Гасподзь, — ня вечна буду гневацца.
Толькі зьведай беззаконьне тваё, што ты бунтавалася супраць ГОСПАДА, Бога твайго, і што бадзялася па ўсіх шляхах з чужынцамі пад кожным дрэвам зялёным, а голасу Майго ня слухала, кажа ГОСПАД.
Прызнай толькі віну тваю, бо ты адступілася ад Госпада Бога твайго і распусьнічала з чужымі пад кожным галінастым дрэвам, а голасу Майго вы ня слухаліся, кажа Гасподзь.
Вярніцеся, сыны адступнікі, кажа ГОСПАД, бо Я — Гаспадар ваш; і Я вазьму вас, аднаго з кожнага гораду, і двух з кожнай сям’і, і завяду вас на Сыён.
Вярнецеся, дзеці-адступнікі, кажа Гасподзь, бо Я спалучыўся з вамі, і вазьму вас па адным з горада, па два зь племя, і прывяду вас на Сіён.
І дам вам пастыраў паводле сэрца Майго і яны будуць пасьвіць вас разумна і разважна.
І дам вам пастыраў паводле сэрца Майго, якія будуць пасьвіць вас зь веданьнем і добрым розумам.
І будзе, што вы памножыцеся і будзеце пладзіцца на зямлі ў тыя дні, кажа ГОСПАД. Ніхто ня будзе больш казаць: “Каўчэг запавету ГОСПАДА”, і ня прыйдзе ён на сэрца ягонае, і ня будуць памятаць пра яго, ані адчуваць яго нястачы, і больш ня будзе зроблены.
І будзе, калі вы размножыцеся і зробіцеся шматплоднымі на зямлі, у тыя дні, кажа Гасподзь, ня будуць казаць болей: «каўчэг запавету Гасподняга»; ён і не ўзгадаецца, і ня ўспомняць пра яго і ня будуць прыходзіць да яго, і яго ўжо ня будзе.
У той час Ерусалім назавуць Пасадам ГОСПАДА. І зьбяруцца ў ім, у Ерусаліме, усе народы ў імя ГОСПАДА, і ня будуць ужо хадзіць паводле закамянеласьці сэрца ліхога свайго.
У той час назавуць Ерусалім тронам Госпада; і ўсе народы дзеля імя Госпада зьбяруцца ў Ерусалім і ня будуць болей рабіць з упартасьці злога сэрца свайго.
У тыя дні пойдзе дом Юды ў дом Ізраіля, і выйдуць разам з зямлі паўночнай у зямлю, якую Я даў у спадчыну бацькам вашым.
У тыя дні прыйдзе дом Юдаў да дому Ізраілевага, і пойдуць разам зь зямлі паўночнай у зямлю, якую Я даў у спадчыну бацькам вашым.
І Я сказаў: “Як Я залічу цябе як сына і дам табе найкаштоўнейшую зямлю, найпрыгажэйшую спадчыну сярод народаў!” Я сказаў: “Вы будзеце клікаць Мяне 'Ойча мой!' і ад Мяне не адвернецеся”.
І казаў Я: як пастаўлю цябе ў лік дзяцей і дам табе жаданую зямлю, найпрыгажэйшую спадчыну мноства народаў? і сказаў: ты будзеш называць Мяне бацькам тваім і не адступішся ад Мяне.
Але як жонка здраджвае каханаму свайму, так вы здрадзілі Мне, дом Ізраіля, кажа ГОСПАД.
Але, сапраўды, як жонка вераломна здраджвае сябру свайму, так вераломна ўчынілі са Мною вы, доме Ізраілеў, кажа Гасподзь.
Чутны голас на ўзгорках, плач і лямант сыноў Ізраіля, бо яны апаганілі шлях свой, забыліся пра ГОСПАДА, Бога свайго.
Голас чуцен на вышынях, скрушлівы плач сыноў Ізраіля па тым, што яны скрывілі дарогу сваю, забылі Госпада Бога свайго.
Вярніцеся, сыны адступнікі, Я вылечу адступніцтва вашае. “Вось, мы прыйшлі да Цябе, бо Ты — ГОСПАД, Бог наш.
Вярнецеся, мяцежныя дзеці: Я вылечу вашую непакорлівасьць. — Вось, мы ідзём да Цябе, бо Ты — Гасподзь Бог наш.
Сапраўды, узгоркі і гоман на гарах — падман. Сапраўды, у ГОСПАДЗЕ, Богу нашым, збаўленьне Ізраіля.
Праўда, дарма спадзяваліся мы на пагоркі і на мноства гор; праўда, у Госпадзе Богу нашым — выратаваньне Ізраіля!
Сорам зьядаў працу бацькоў нашых ад маладосьці нашай, авечак іхніх і валоў іхніх, сыноў іхніх і дочак іхніх.
З маладосьці нашай гэта гідота пажырала набытак бацькоў нашых, авечак іхніх і валоў іхніх, сыноў іхніх і дачок іхніх.
Мы ляжым у сораме нашым, і ганьба нашая нас пакрывае, бо мы зграшылі супраць ГОСПАДА, Бога нашага, мы і бацькі нашыя, ад маладосьці нашай аж да дня гэтага, і ня слухалі мы голасу ГОСПАДА, Бога нашага”.
Мы ляжым у сораме сваім, і сорам наш пакрывае нас, бо мы грашылі перад Госпадам Богам нашым, — мы і бацькі нашыя, з маладосьці нашай і да гэтага дня, — і ня слухаліся голасу Госпада Бога нашага.