Ераміі 3 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І [было] сказана: «Калі муж адпусьціць жонку сваю, і яна адыйдзе ад яго і пойдзе замуж за іншага мужа, ці можа ён вярнуцца да яе? Ці ж, апаганіўшыся, не апаганена зямля тая? А ты чужаложыла з многімі каханкамі. І ты вернешся да Мяне? — кажа ГОСПАД.
«Калі муж кіне жонку сваю, а яна адыдзе ад яго і пойдзе замуж за іншага мужа, ці ж вернецца ён яшчэ да яе? Ці ж не спаганена жанчына тая? А ты з многімі каханкамі чужаложыла — і вярнешся да Мяне? — кажа Госпад. —
Падымі вочы твае на ўзгоркі і паглядзі, дзе [месца], на якім бы ты не лажылася для распусты? Пры шляхах сядзела ты, [чакаючы] на іх, як Араб у пустыні, і апаганіла зямлю распустаю тваёй і ліхотаю тваёй.
Падымі вочы свае на ўзгоркі і паглядзі: дзе месца, на якім бы ты не ляжала ў распусце? Пры дарогах сядзела ты, чакаючы іх, як араб на пустыні, і спаганіла зямлю сваю распустаю сваёй і ліхотай сваёй.
І спыніліся залевы, і дажджу вясновага не было, але было ў цябе чало жанчыны чужаложнай і ты страціла сорам.
Дзеля таго спыніліся дажды зімовыя і вясновыя дажджы перасталі; засталося ў цябе чало жанчыны чужаложніцы, і не мела ты сораму.
Ці ж цяпер, клічучы, ты будзеш клікаць Мяне: “Ойча мой! Ты — сябра маладосьці маёй!
Але і тады, ці не прызывала ты Мяне: “Айцец мой, Ты — правадыр маладосці маёй!
Ці будзеш гневацца вечна або захоўваць крыўду?” Вось, ты, кажучы, казала, а [сама] рабіла ліхоту, калі была магчымасьць».
Ці будзе Ён гневацца вечна або крыўдаваць заўсёды?” Так ты казала, а сама дапускалася ліха, і ў гэтым мела поспех».
І сказаў мне ГОСПАД у дні валадара Ёсіі: «Ці ты бачыў, што зрабіла [дачка] Ізраіля, адступніца? Яна хадзіла на кожную гару высокую і пад кожнае дрэва зялёнае, і чыжаложыла там.
І сказаў мне Госпад у дні цара Осіі: «Ці бачыў ты, што зрабіла ізраэльская адступніца? Аддалялася сабе на кожную высокую гару і пад кожнае зялёнае дрэва і распуснічала там.
І Я падумаў: “Калі яна ўсё гэта зробіць, тады вернецца да Мяне”. Але яна не вярнулася. І гледзячы, угледзела гэта здрадлівая сястра ейная Юда.
І сказаў Я: “Калі ўсё гэта зрабіла Ізраэль адступніца, то вернецца да Мяне”. Але яна не вярнулася. І ўгледзела гэта здрадлівая сястра яе, Юда;
І ўгледзела яна, што за ўсе ўчынкі, якімі чужаложыла [дачка] Ізраіля, адступніца, Я адпусьціў яе і даў ёй ліст разводны. І не ўстрывожылася здрадлівая Юда, сястра ейная, і пайшла, і таксама чужаложыла.
І ўбачыла, што за ўсе ўчынкі распусныя, якіх дапусцілася Ізраэль адступніца, Я прагнаў яе і даў ёй пасведчанне аб разводзе. Але не спалохалася здрадніца Юда, сястра яе; але сама таксама пайшла чужаложыць.
І сталася, праз розгалас пра распусту сваю яна апаганіла зямлю гэтую і чужаложыла з камянём і дрэвам.
Праз легкадумнасць чужаложніцтва свайго зняславіла яна зямлю і дапусцілася распусты з каменем і дрэвам.
І таксама пасьля ўсяго гэтага здрадлівая сястра ейная, Юда, не навярнулася да Мяне ўсім сэрцам, але толькі фальшыва, кажа ГОСПАД».
“Але і пасля ўсяго гэтага не навярнулася да Мяне здрадлівая сястра яе, Юда, усім сэрцам сваім, але толькі падманна”», — кажа Госпад.
І ГОСПАД сказаў мне: «Больш праведная душа адступніцы, [дачкі] Ізраіля, чым у здрадлівай Юды.
Тады Госпад сказаў мне: «Ізраэль адступніца аказалася больш справядлівай, чым здрадлівая Юда.
Ідзі, і абвяшчай словы гэтыя на поўнач, і кажы: “Вярніся, адступніца, [дачка] Ізраіля, кажа ГОСПАД. Я не адвярну аблічча Маё ад вас, бо Я міласэрны, кажа ГОСПАД, ня буду гневацца на вякі.
Ідзі і абвяшчай наступныя словы на поўнач, і кажы: “Вярніся, адступніца Ізраэль, — кажа Госпад, — Не адвярну аблічча Свайго ад вас, бо Я міласэрны, — кажа Госпад, — і не буду гневацца вечна”.
Толькі зьведай беззаконьне тваё, што ты бунтавалася супраць ГОСПАДА, Бога твайго, і што бадзялася па ўсіх шляхах з чужынцамі пад кожным дрэвам зялёным, а голасу Майго ня слухала, кажа ГОСПАД.
“Толькі прызнай ты віну сваю, што адступілася ты ад Госпада, Бога свайго, і што псавала ты шляхі свае для чужых пад кожным зялёным дрэвам, а голасу Майго не слухала”, — кажа Госпад.
Вярніцеся, сыны адступнікі, кажа ГОСПАД, бо Я — Гаспадар ваш; і Я вазьму вас, аднаго з кожнага гораду, і двух з кожнай сям’і, і завяду вас на Сыён.
“Навярніцеся, сыны, якія адвярнуліся ад Мяне, — кажа Госпад, — бо Я — Госпад ваш; і Я вазьму вас, аднаго з горада і двух з роду, і завяду вас на Сіён.
І дам вам пастыраў паводле сэрца Майго і яны будуць пасьвіць вас разумна і разважна.
І дам вам пастыраў паводле сэрца Майго, і будуць яны пасвіць вас разумна і разважліва.
І будзе, што вы памножыцеся і будзеце пладзіцца на зямлі ў тыя дні, кажа ГОСПАД. Ніхто ня будзе больш казаць: “Каўчэг запавету ГОСПАДА”, і ня прыйдзе ён на сэрца ягонае, і ня будуць памятаць пра яго, ані адчуваць яго нястачы, і больш ня будзе зроблены.
А калі вы размножыцеся і разрасцецеся на зямлі, у тыя дні, — кажа Госпад, — ніхто не скажа больш “каўчэг запавету Госпадавага” і ніхто ўжо яго не прыгадае, ніхто не ўспомніць, не стане ў ім патрэбы, і больш яго не будзе.
У той час Ерусалім назавуць Пасадам ГОСПАДА. І зьбяруцца ў ім, у Ерусаліме, усе народы ў імя ГОСПАДА, і ня будуць ужо хадзіць паводле закамянеласьці сэрца ліхога свайго.
У той час Ерузалім назавуць Пасадам Госпада. І збяруцца да яго ўсе народы ў імя Госпада ў Ерузалім; ды не будуць ужо ісці следам за сапсаванасцю сэрца свайго ліхотнага.
У тыя дні пойдзе дом Юды ў дом Ізраіля, і выйдуць разам з зямлі паўночнай у зямлю, якую Я даў у спадчыну бацькам вашым.
У тыя дні пойдзе дом Юды да дому Ізраэля, і выйдуць разам з зямлі паўночнай у зямлю, якую Я аддаў ва ўласнасць бацькам вашым”.
І Я сказаў: “Як Я залічу цябе як сына і дам табе найкаштоўнейшую зямлю, найпрыгажэйшую спадчыну сярод народаў!” Я сказаў: “Вы будзеце клікаць Мяне 'Ойча мой!' і ад Мяне не адвернецеся”.
Я ж сказаў: “Як прыняць Мне цябе ў сыны і даць табе пажаданую зямлю, найпрыгажэйшую спадчыну сярод народаў?” І казаў Я: “Айцом будзеце называць Мяне і не адвернецеся ад Мяне.
Але як жонка здраджвае каханаму свайму, так вы здрадзілі Мне, дом Ізраіля, кажа ГОСПАД.
Але як жанчына здраджвае каханаму свайму, так вы здрадзілі Мне, дом Ізраэля”», — кажа Госпад.
Чутны голас на ўзгорках, плач і лямант сыноў Ізраіля, бо яны апаганілі шлях свой, забыліся пра ГОСПАДА, Бога свайго.
Пачуўся голас на ўзгорках, плач і маленне сыноў Ізраэля, бо спаганілі яны дарогу сваю, забыліся пра Госпада, Бога свайго.
Вярніцеся, сыны адступнікі, Я вылечу адступніцтва вашае. “Вось, мы прыйшлі да Цябе, бо Ты — ГОСПАД, Бог наш.
«Навярніцеся, сыны, якія адвярнуліся ад Мяне, і Я вылечу адступніцтва ваша». — «Вось жа, мы прыходзім да Цябе, бо Ты — Госпад, Бог наш».
Сапраўды, узгоркі і гоман на гарах — падман. Сапраўды, у ГОСПАДЗЕ, Богу нашым, збаўленьне Ізраіля.
Сапраўды, падманныя тыя ўзгоркі і гоман на гарах. Сапраўды, у Госпадзе, Богу нашым, збаўленне Ізраэля.
Сорам зьядаў працу бацькоў нашых ад маладосьці нашай, авечак іхніх і валоў іхніх, сыноў іхніх і дочак іхніх.
Баал ад юнацтва нашага з’ядаў працу бацькоў нашых, дробную жывёлу іх і буйную, сыноў іх і дачок іх.
Мы ляжым у сораме нашым, і ганьба нашая нас пакрывае, бо мы зграшылі супраць ГОСПАДА, Бога нашага, мы і бацькі нашыя, ад маладосьці нашай аж да дня гэтага, і ня слухалі мы голасу ГОСПАДА, Бога нашага”.
Будзем спаць у ганьбе нашай і пакрые нас сорам наш, бо зграшылі мы супраць Госпада, Бога нашага, мы і бацькі нашы, ад юнацтва нашага аж да гэтага дня, і не слухалі мы голасу Госпада, Бога нашага.